Пе́ста1 ’дзіцё, якое песціцца’ (ТСБМ, Мядзв., Касп., Мат. Гом.; пух., лаг., Сл. ПЗБ; зэльв., Жыв. сл.), ’свавольніца’ (Сцяшк. МГ), ’выпеставаны хлапчук, дзяўчынка’ (навагр., Нар. словатв.), пе́сты ’пяшчотныя, ласкавыя адносіны’ (ТСБМ), пе́стун ’пястун’ (Бяльк.), ’збалаванае дзіцё’ (Мядзв.), пе́стак ’малады воўк’ (глыб., Сл. ПЗБ); пе́стаць ’пеставаць’ (брасл., Сл. ПЗБ), чач. пе́стацца ’песціцца’ (Жыв. сл.), пе́ставаць, пе́стываць ’песціць’ (ТСБМ, Касп., Бяльк.), пе́стовацца ’няньчыцца’ (ТС), пе́сціць, пэсьтіті ’любоўна даглядаць, гадаваць; праяўляць ласку; пялегаваць’ (ТСБМ, Яруш., Бес., Бяльк.; парыц., Янк. Мат.), песціцца ’тс’ (Касп.), ’патакаць у прыхацях дзіцяці’ (Бір. Дзярж.). Укр. пести́ти, пе́стувати і пістовати (Фасмер, 3, 251), рус. пе́стать, пе́статься, польск. pieścić, piastować, в.-луж. pěsćić, чэш. pěstovati, pěstiti, славац. pestovať, славен. pẹ́stovati, старое харв. дуброўн. pjȅstovati, балг. пестя̀ ’ашчаджваць’, ц.-слав. пѣстовати. Прасл. *pěstati і *pěstiti, *pestovati. Шэраг этымолагаў (Міклашыч, 245; Мацэнаўэр, LF, 12, 344; Мее, MSL, 14, 353; Фасмер, 3, 251; БЕР, 5, 190) генетычна адносяць слова да *pitati ’карміць, выжываць’ (Бязлай, 3, 29) — гл. пітава́цца; Махэк₂ (446) разам з Міхалкам (LF, 84, 29) адмаўляе такую роднаснасць, мяркуючы, што трэба выходзіць з асновы *kep‑, якая ў выніку перастаноўкі дала *pek‑ (параўн. ст.-чэш. péči se čim ’клапаціцца аб кім’), і пасля далучыўся пашыральнік асновы суфікс ‑st‑ інтэнсіўнага характару.

Пе́ста2 ’ступа’ (гродз., Нар. сл.; Скарбы), рус. пест ’палка з патаўшчэннем на канцы; калатоўка для замешвання цеста’, ст.-рус. пест ’стрыжань з патоўшчаным круглым канцом’ (XIII ст.), польск. piasta, piazda, piauzda ’калодка кола, якая ахоплівае вось’, н.- і в.-луж. pešta ’тс’, ’песцік’, ’трамбоўка’, чэш. píst, písta ’поршань’, славац. piest ’пранік’, ’поршань’, славен. pẹ́šta, pẹ́sto, pẹ́st ’калодка кола’, харв. кайк. pešča, pešče. Прасл. *pěstъ ’прыстасаванне, якім таўкліся розныя рэчы, зерне, крупы, выбіваўся бруд з бялізны’, роднаснае літ. piestà ’ступа’, piestas ’пест’, лат. pìesta ’ступа’ (< і.-е. *poi̯s‑t‑o‑s), а таксама з літ. paisýti ’ачышчаць зерне ад мякіны’ > бел. пойсаваць (гл.). Дэрыватамі з’яўляюцца словы са значэннем ’абнімаць вакол’ — *pěstovati, *pěstiti > пе́сціць (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Та́та ’бацька’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Ласт., Касп., Бяльк.), ’тата (памяншальна-ласкальнае)’ (Растарг.), ’бацька (дзіцячае слова)’ (Шымк. Собр.), та́туль ’бацька’ (Сцяшк.), та́тка ’бацька; ласкавы зварот не толькі да мужчын, але і жанчын’ (Ян.), та́то, та ’бацька’ (ТС), та́то ’тата, бацька’ (маст., пруж., кам., Сл. ПЗБ; Федар. 4; Горбач, Зах.-пол. гов.), тату́ля ’бацька’ (Ласт., Мат. Маг.), ’тата (памяншальна-ласкальнае)’ (Растарг.), тату́лё ’хросны бацька’ (Сцяц. Сл., Сцяц.), тату́ля, тату́ня ’ласкавы зварот да бацькі, святара і дзіцяці’ (Нас.), тату́лька ’тата’ (Касп.), ’хросны бацька’ (віл., Сл. ПЗБ), ’пачцівы зварот да святара’ (Нас.), тату́ленька ’бацюшка, святы айцец — зварот да святара; зварот да чужой асобы пры здзіўленні’ (Нас.), тату́лечка ’тс’ (Нас.), та́тусь ’бацька’ (Скарбы, Сцяц. Сл., Сцяшк.), ’тата (ласкальнае)’ (воран., шчуч., Сл. ПЗБ), ’хросны бацька’ (Мат. Маг.), ’тата (зневажальнае)’ (Сцяц.), та́тусь ’бацька’ (Ласт.), ’хросны бацька’ (Сл. Брэс., ТС, Касп.), ’бацюшка, святы айцец — пра святара’ (Нас.), та́туська ’хросны бацька’ (Мат. Маг.), та́тушко ’татка’ (Сцяц., Сцяц. Сл.), тату́лечка, тату́лька, тату́сечка, тату́ся, тату́хна ’тата (памяншальна-ласкальнае)’ (Растарг.), ’татуля (ужываецца ў песнях)’ (Бяльк.), та́ты ’тата’ (Сцяшк.), та́тычка ’памяншальнае да тата’ (Бяльк.), ст.-бел. тато ’тата’ (XVII ст., КГС). Укр. та́то ’тата’, дыял. та́та ’тс’, рус. дыял. та́та ’тс’, польск., н.-луж. tata, tato, в.-луж. tata, чэш. táta, славац. tata, tato, славен. táta, tátek, серб.-харв. та̏та, та́та, та́то, дыял. та̏тe, балг. та́те, тато, дыял. та́та ’мой бацька’, макед. тате ’татка, бацька (пры звароце)’, ст.-слав. тата. Прасл. *tata ’бацька, тата’ з першаснага дзіцячага падваення складоў, як і паралельныя ст.-інд. tatáḥ ’тата’, tātaḥ ’тата, сын, мілы’, хец.-лув. tati‑ ’бацька’, грэч. τέττα, τάτᾶ — клічная форма (пры звароце да бацькі), лац. tata ’тата’, карнуэлск. tat ’тс’, літ. tė̃tis, tė̃tė ’тс’, лат. tētis, tēte ’тс’, прус. thetis ’дзядуля’ (ЕСУМ, 5, 527; Фасмер, 4, 26; Брукнер, 567; Махэк₂, 637; Борысь, 629). Частка слоў адлюстроўвае клічныя ці ўсечаныя формы або ўскладнена памяншальна-ласкальнымі суфіксамі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

адарва́цца, ‑рвуся, ‑рвешся, ‑рвецца; ‑рвёмся, ‑рвяцеся; зак.

1. Аддзяліцца, адпасці. Каля берага [Макоўчык] нецярпліва пацягнуўся да галіны, але схапіў толькі кволы парастак з некалькімі клейкімі лісткамі. Парастак не вытрымаў і адарваўся. Мележ. Ноччу, калі ўціхамірылася і ўляглося ўсё на вуліцы, мы [палонныя] намацалі слабейшую ліштву, і яна лёгка адарвалася. Адамчык.

2. Аддзяліцца, адысці ад каго‑, чаго‑н. Постаць адарвалася ад крыжа і наблізілася да Колі. Пестрак. Таня кінулася насустрач. Прыпала да .. [Міколы], абхапіла рукамі за шыю і не магла адарвацца. Новікаў. // Аддзяліцца ад зямлі. Самалёт, падскокваючы, пабег па палянцы, а потым, нібы з вялікімі намаганнямі, адарваўся ад зямлі і павіс у паветры. Сабаленка.

3. Перастаць часова займацца чым‑н. па якой‑н. прычыне. Гуляючы з цацкамі на падлозе, .. [Міша] увесь час паглядаў на дарослых, — ці не адарвецца хто-небудзь з іх ад работы і ці не можна будзе з ім хоць трохі пагаварыць. Шахавец. Хлопцы разоў пяць прачыталі лістоўку і ўсё ніяк не маглі ад яе адарвацца. Якімовіч. [Міхал] адарваўся ад сваіх думак, падняўся, пайшоў.. [Мані] насустрач. Васілевіч.

4. перан. Страціць сувязь з кім‑, чым‑н., аддаліцца ад чаго‑н. [Гарнастай:] — Мне тут, хоць бы ты і хацеў, дык ніяк ад людзей не адарвешся. Навуменка. За гады вучобы.. [Лемяшэвіч] крыху адарваўся ад вёскі, не меў знаёмых старшынь калгасаў, а ў раманах, якіх ён перачытаў нямала, і ў кіно старшыні былі падобныя адзін на аднаго. Шамякін. Трымаліся.. [кветкі] пры самай зямлі, баючыся адарвацца ад яе цяпла. Вітка. Гэта была шчырая роспач маці, якая бачыць немінучую гібель свайго дзіцяці, калі яно адарвецца ад яе. Васілевіч. // Вызваліцца ад чаго‑н. Адарвацца ад уплыву старых традыцый.

•••

Сэрца адарвалася ў каго гл. сэрца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Малочнік1 ’мужчына, які прадае малако і малочныя прадукты’ (ТСБМ), укр. моло́шник, рус. наўг., варон. молочник, польск. mlecznik ’тс’. Відаць, наватвор. Больш старое малочніца, рус. і ст.-рус. моло́чница ’жанчына, якая прадае малако’. У гаворках лексема вядома з іншым значэннем: ахвотнік да малака’ (ТС), ’жанчына, якая любіць усё малочнае’. Параўн. ’тс’ у рус. варон. молочник. Да малако (гл.). Аб суфіксе гл. Сцяцко, Афікс. наз., 161, 162.

Малочнік2 ’збаночак, у якім малако падаецца на стол’ (ТСБМ), ігн. ’гарлач (без ручкі)’ (Сл. ПЗБ), польск. mlecznik, славац. mliečnik, чэш. mléčnice ’тс’; чэш. mléčník, серб.-харв. mlièčnica ’памяшканне, дзе знаходзіцца малако’. Да малако (гл.). Аб суфіксе гл. Сцяцко, Афікс. наз., 162.

Малочнік3 ’асот агародны, Sonchus oleraceus L.’ (усх.-маг., Кіс.; ушац., Жыв. сл.), асот малочны ’тс’ (гом., Кіс.). Рус. пск., цвяр., маск. молочник ’тс’. Бел.-рус. ізалекса. Да малочны (гл.). Аб суфіксе гл. Сцяцко, Афікс. наз., 163.

Малочнік4 ’малачай-сонцагляд, Euphorbia helioseopa L.’ (Касп., Бяльк., Сл. ПЗБ; маг., Кіс.; міёр., Жыв. сл.). Укр. молочник досонечний, рус. молочник, польск. mlecznik, славац. mliečnik. Паўночнаславянскае. Да малако (гл.). Аб суфіксе гл. Сцяцко, Афікс. наз., 163.

Малочнік5 ’адуванчык, Taraxacum officinalis Wigg.’ (Сл. ПЗБ). Укр. моло́чник, моло́шник, рус. моло́чник, чэш. mléčník ’тс’. Да малако (гл.). Аб суфіксе гл. Сцяцко, Афікс. наз., 163.

Малочнік6 ’грузд перцавы, Lactarius piperatus’ (ушац., Жыв. сл.; уздз., Нар. словатв.), ’грузд жоўты, Lactarius scrobiculatus’ (пруж., Нар. словатв.). Рус. пск., ленінгр., перм. моло́чник ’тс’. Бел.-рус. ізалекса. Да малако (гл.).

Малочнік7 ’самец рыбы ў перыяд нерасту’ (полац., З нар. сл.). Укр. зах. молочник ’рыба-самец’, рус. пск., свярдл. молочник ’рыба з малокамі’. Усходнеславянскае. Да малако (гл.).

Малочнік8 ’першы зуб у дзіцяці’ (круж., Мат. Маг.), малочнікі ’малочныя зубы’ (Ян.). Рус. бран., наўг., кастр. молочник, чэш. mléčník, макед. млечник ’малочны зуб’. Прасл. melčnikъ/ molčnikъ ’тс’. Да малако (гл.).

Малочнік9 малошнік ’эпілепсія, Eclampsia’ (Касп.). Да малако (гл.). Названа паводле колеру белай пены-сліны, якая вылучаецца ў час прыпадку.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Плод ’частка расліны з насеннем’, ’зародыш дзіцяці’, ’вынік, прадукт дзейнасці’ (ТСБМ, Яруш.; маг., Шн.); ’дзеці’, ’племя’ (Нас.); ’яйка’ (брагін., Мат. Гом.), ’прыплод’ (шчуч., Сл. ПЗБ), сюды ж плодна ’ўрадліва’ (Нас.), плодная ’паросная (свіння)’, плодны ’ўраддівы, пладавіты’ (Жд. 3; Сл. ПЗБ), ’хто шмат дае прыплоду’ (Варл.), пладны́ ’тс’ (паст., Сл. ПЗБ), пладзіцца ’расплоджвацца’ (Сл. ПЗБ), плод ’расплод’ (ТС), пло́цтво ’размнажэнне’ (свісл., Сл. ПЗБ). Укр. плід, рус. плод, польск. płód, н.-луж. płod, в.-луж. płód, чэш., славац. plod, славен. plǫ̑d, серб.-харв. пло̑д, макед. плод, балг. плод, плодът, ст.-слав. плодъ, плодьнъ, пдодовитъ; непдоды ’бясплодная жанчына’. Прасл. *plodъ, роднасныя якому ст.-англ. bloed ’плод дрэва’, ’палявыя плады’, ’збожжа’, с.-нідэр. blāt ’пасаджагая палявая культура’, франк. *blād > франц. blé, праванс., каталон. blat ’збожжа’ (Махэк₂, 461–462); Бязлай (3, 60) у якасці найбліжэйшых адпаведнікаў падае кімр. llwdn ’хлопчык, дзіцёнак’, ст.-ірл. loth, брэтонск. loen, с.-брэтонск. loen ’жарабё’. Міклашыч (251), Мее (RS, 6, 132), Фасмер (3, 283–4), Персан (Beitr., 668) гавораць пра старажытную аснову лексемы на ‑ŭ *p(h)łodŭ звязаную чаргаваннем галосных з *pled‑men (гл. пле́мя). Ісачанка (Зб. Гаўранку, 1, 124) у аснове *pled‑ бачыць і.-е. *pelə‑ ’напаўняць’, Варбат (Диал. исслед. по рус. яз., 1977, 262) вылучае корань і.-е. *pel‑ са значэннем ’папаўняць’, ’нараджаць’. Сюды ж пло́жаць ’пладзіцца’ (Ян.), якое можна, відаць, супаставіць са славен. plȍha, plȅh, харв. кайк. plȅšina ’племя, род, парода’, адносна якіх Скок (2, 683) зыходзіць з *plodъ і plemę і выводзіць іх з *pled‑s‑. Бязлай (Этимология–1973, 187) прымае да ўвагі (у сувязі са славен. і харв. лексемамі) і зах.-слав.: славац. upľahnuc se ’нарадзіцца (пра жывёл)’, чэш. валаш. pléhnúť sa, pléhnit sa ’пладзіцца, расплоджвацца, разводзіцца’, в.-луж. plahować, н.-луж. plagowaś, zblagnuś, польск. pląć się, plęgnąć się, plagować ’выхоўваць, прыводзіць да парадку’, якія нібыта сведчаць аб першапачатковым *plęg‑. Варбот (Этимология–1978, 23–25) дапускае, што plęgti — другаснае, што яму папярэднічала plegli (як слав. sękti ў адносінах да літ. sèkti) ’цячы, напаўняць’. Семантыка гнязда *pel‑ вельмі блізкая да кола значэнняў plęgti ’пладзіцца, вырастаць’ і *plex‑/*plox‑ ’род, парода’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

НАДМАГІ́ЛЛЕ,

твор скульптуры ці архітэктурнае збудаванне, якія прызначаюцца для ўвекавечвання памяці нябожчыка і ўстанаўліваюцца на яго магіле. Н. ствараюць у выглядзе бюстаў, статуй, рэльефаў, стэл, калон, абеліскаў і інш. Форма і характар Н. абумоўлены сац. і рэліг. патрабаваннямі, пануючым маст. стылем.

Вядомы з часоў неаліту ў выглядзе слупоў, менгіраў, у Стараж. Грэцыі — статуі, стэлы з выявай памерлага. З 11 ст. ў Зах. Еўропе асн. тыпам Н. была тумба (пустая каменная ці бронз. каробка). На сярэдневяковым Каўказе, у Румыніі, на Балканах пашыраны каменныя пліты з арнаментальнай разьбой. Кіт. Н. (верт. пліты) узводзіліся адна над адной і паступова пераўтвараліся ў мемар. сцены. У эпоху Адраджэння Н. выцеснены грабніцамі. У 17—18 ст. партрэтныя выявы часта спалучалі з сімваламі і алегарычнымі фігурамі; большую значнасць набылі надпісы 3 канца 18 — пач. 19 ст. Н. ўстанаўліваюцца на могілках. У Н. 2-й пал. 19—20 ст. рэліг.-дыдактычны пачатак паступова слабее, аздабленнем магілы часцей становіцца партрэт памерлага ці сімвалічна-мемар. эмблема.

На Беларусі Н. вядомы з 16 ст. Уяўлялі сабой каменныя або жал. пліты з тэкстам пра жыццё памерлага, выявамі герба, евангельскіх сцэн, іх клалі на магілу або ў храмах (надмагільная пліта епіскапа Цярлецкага, захоўваецца ў Музеі стараж.-бел. культуры Ін-та мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац. АН Беларусі). Паяўленне скульпт. Н. звязана з уплывам традыцый Адраджэння і дзейнасцю італьян. мастакоў. Захаваліся Н. 16 ст.: А.​Гаштольда — рэльефная выява памерлага (1539—41, скульпт. З.​Бернардзін), П.​Гальшанскага (1550, скульпт. Падавана; абодва ў Віленскім кафедральным саборы), фрагмент мармуровага Н. з выявай спячага дзіцяці з замка ў г.п. Мір (Гродзенскі гісторыка-археал. музей), надмагільны рэльеф М.​К.​Радзівіла Сіроткі (пасля 1616) і Н. ў выглядзе бюста другога яго сына (1608, абодва ў Нясвіжскім касцёле езуітаў), шматфігурная кампазіцыя на пліце ў памяць пра тых, што загінулі пад Хоцімам (пасля 1643, Навагрудскі фарны касцёл), Мікалая і Барбары Вольскіх — укленчаныя адзін супраць аднаго перад крыжам (пасля 1623, Георгіеўскі касцёл у в. Крамяніца Зэльвенскага р-на Гродзенскай вобл.), Л.​Сапегі і яго жонак (пасля 1633, касцёл Міхаіла ў Вільні), П.​Сапегі і трох жонак (пасля 1635, в. Гальшаны Ашмянскага р-на Гродзенскай вобл., цяпер у Музеі стараж.-бел. культуры). Рысы класіцызму выяўляюцца ў маст. вырашэнні надмагілля Б.​Біспінка з мармуровай выявай жанчыны, якая сядзіць на саркафагу (1789, скульпт. І.​Прукнер, Троіцкі касцёл, г.п. Ружаны Пружанскага р-на Брэсцкай вобл.), К.​Радзівіл (1825, Нясвіжскі касцёл езуітаў), графа М.​П.​Румянцава (1834, скульпт. В.​Дэмут-Маліноўскі, Гомельскі краязнаўчы музей), брата А.​Міцкевіча Аляксандра (пасля 1873, г. Кобрын Брэсцкай вобл.), А.​Чахоўскага (пасля 1858, в. Лунна Мастоўскага р-на), С.​Пац (19 ст., Троіцкі касцёл, г.п. Рось Ваўкавыскага р-на Гродзенскай вобл.), А.​Тызенгаўза з бронзавай выявай сядзячай жанчыны і партрэтным медальёнам (1887, скульпт. Т.​Дукас, Гродзенскі касцёл езуітаў). У 2-й пал. 20 ст. створаны шэраг значных Н. дзярж. дзеячаў, вучоных, пісьменнікаў, артыстаў, мастакоў: Я.​Коласа (1970, скульпт. У.​Ананька, М.​Якавенка, арх. М.​Мызнікаў), Я.​Купалы (1971, скульпт. А.​Анікейчык і А.​Заспіцкі), І.​Жыновіча (1976, скульпт. З.​Азгур), І.​Мележа (1980, скульпт. С.​Вакар, арх. Ю.​Казакоў), П.​М.​Машэрава (1983, скульпт. Анікейчык, арх. Л.​Левін, Ю.​Градаў), Е.​Лось (1985, скульпт. Заспіцкі), І.​І.​Грамовіча (скульпт. М.​Рыжанкоў), А.​А.​Анікейчыка (абодва 1988, скульпт. А.​Фінскі), Ю.​А.​Карачуна (скульпт. У.​Лятун), В.​Ц.​Турава (абодва 1999, скульпт. Якавенка). У мемар. комплексе «Брэсцкая крэпасць-герой» створана агульнае Н. над некропалем герояў, што загінулі ў крэпасці (1967—71, арх. У.​Кароль, Казакоў, В.​Волчак, В.​Занковіч, Г.​Сысоеў і інш.). Н.-стэлы ўстаноўлены ахвярам фашызму каля в. Маціёва Талачынскага р-на (1967) і ў г. Докшыцы (1968), на брацкай магіле партызан, ахвяр фашызму і землякоў у в. Масевічы Маларыцкага р-на Брэсцкай вобл. (1975), гомельскім апалчэнцам і Ц.​С.​Барадзіну (1975, скульпт. Г.​Гарбанёў), на брацкай магіле чырвонагвардзейцаў у в. Калышкі Лёзненскага р-на Віцебскай вобл. (1983) і інш.

А.​К.​Лявонава.

Надмагілле Мікалая і Барбары Вольскіх у Георгіеўскім касцёле вёскі Крамяніца Зэльвенскага раёна Гродзенскай вобл.
Да арт. Надмагілле. Помнік на магіле Янкі Купалы. 1971. Скульптары А.​Анікейчык і А.​Заспіцкі.

т. 11, с. 122

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

dom, ~u

м. дом;

do ~u — дамоў, дадому, дахаты;

w ~u — дома;

czuć się jak u siebie w ~u — адчуваць сябе як дома;

dom dziecka — дзіцячы дом, дом дзіцяці;

dom akademicki — студэнтцкі інтэрнат;

powszechny dom towarowy — універмаг (універсальны магазін);

dom wczasowy — дом адпачынку;

dom poprawczy — папраўчая ўстанова;

dom publiczny — публічны дом; дом распусты; бардэль;

dom starców — прытулак для старых людзей;

dom wariatów — перан. разм. вар’яцкі дом; бедлам; дурдом; псіхушка;

zajmować się ~em — займацца гаспадаркай;

pan ~u — гаспадар;

pani ~u — гаспадыня;

z ~u — народжаная (з сям’і; з дому);

z ~u Kowalska — народжаная Кавальская (з сям’і, з дому Кавальскіх)

Польска-беларускі слоўнік (Я. Волкава, В. Авілава, 2004, правапіс да 2008 г.)

ганя́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; незак., каго-што.

1. Прымушаць рухацца, перамяшчацца шматразова або ў розных напрамках (звычайна пра жывёлу). Ганяць коней у прыводзе. □ У гэтым месцы Нёман мелкі і шырокі. І ездзяць, і ходзяць, і жывёлу ганяюць уброд. Колас. Па гэтым гасцінцы панскія паліцыянты ганялі скаваную моладзь — барацьбітоў за свабоду народа. Брыль.

2. Перакідваць, перакочваць з месца на месца. Па двары ганяць кола аказалася нязручна, яно падскоквала на няроўным бруку і трапляла ў ямкі. Самуйлёнак. Вецер ганяў па вуліцах ашмоцце абпаленай па краях паперы. Савіцкі. // Суправаджаць, вадзіць што‑н., правячы, накіроўваючы. Яшчэ падпаскам бацькаўскі парог Янук пакінуў. У паноў служыў, Рыбачыў, Нёманам ганяў плыты. Танк.

3. Разм. Вадзіць (аўтамашыну, поезд і пад.) на вялікай хуткасці; увогуле вадзіць машыну, ездзіць на машыне. Хлапчукі ганялі па .. [асфальце] траскучыя самаробныя самакаты. «Звязда». Цэлы дзень .. [Анатоль] завіхаўся на будоўлі, кіраваў брыгадай.., ганяў у раён прычэпы па цэглу і шыфер. Шашкоў.

4. Разм. Даваць частыя даручэнні, пасылаць куды‑н. пад прымусам. Стары ляснічы .. Цаніў Міхала, як служаку: Ганяў усюды небараку, Як бы скаціну тую нему. Колас.

5. Праследаваць звера, ісці па яго слядах. Сабака добра ганяе зайцаў. □ [Кастусь] ганяў па лесе вавёрак, спорваў птушыныя гнёзды. Ваданосаў.

6. Прымушаць пакінуць якое‑н. месца; выганяць, праганяць. Ганяць з месца на месца. □ Сёння ёсць вестак у птушак нямала, Спаць вецер не даў ім, ганяў іх з-пад стрэх. Танк.

7. перан.; па чым. Разм. Задаваць многа пытанняў па розных раздзелах вучэбнай праграмы. На другі дзень Багаяўленскі выклікаў Кастуся і пачаў ганяць па граматыцы. С. Александровіч.

8. звычайна без дап. (у злучэнні са словамі «у поле», «на пасьбу» і пад.). Быць пастухом. Цэлае лета ганяў у поле.

9. безас. Разм. Быць, знаходзіцца дзе‑н. Дзе цябе ганяла?

10. Разм. Акучваць, абганяць (прапашныя культуры). Ганяць бульбу.

•••

Сабак ганяць — гультаяваць, лодарнічаць.

Толькі ваўкоў ганяць; хоць ваўкоў ганяй — пра вялікае пустое або халоднае памяшканне. Ім адным, старым, хоць ваўкоў ганяй — зусім пустая без дзіцяці хата. Васілевіч. Сцены былі яшчэ не патынкаваны.., і, як казала мачаха, зімой у хаце было — хоць ваўкоў ганяй. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сто́йка 1, ‑і, ДМ стойцы; Р мн. стоек; ж.

1. У гімнастыцы і ў страі — пастава цела чалавека, пры якой корпус нерухомы і прамы, рукі апушчаны і прыціснуты да бакоў, ногі выпрастаны і пастаўлены разам. // Наогул пра пэўную характэрную паставу. На явары трашчыць спрасонку бусел, Зрабіўшы стойку на адной назе. Прануза.

2. У гімнастыцы — пастава цела галавой уніз, пры якой апорай з’яўляюцца рукі або галава, а ногі падняты ўверх. Стойка на руках. Стойка па галаве.

3. Нерухомая поза паляўнічага сабакі, калі ён напаткаў дзічыну. Пачуўшы ў верасе дзічыну,.. [Мілька] зноў зрабіла стойку. Паляўнічы наблізіўся да сабакі. Гамолка.

•••

Стойка смірна (спец.) — тое, што і стойка (у 1 знач.). [Мужчына] зрабіў чоткі крок уперад, замёр у стойцы «смірна». «Звязда».

сто́йка 2, ‑і, ДМ стойцы; Р мн. стоек; ж.

1. Вертыкальны брус, які служыць апорай для чаго‑н. у якім‑н. збудаванні. Столь над нізкім вугальным забоем Падпірае стойка не адна. Аўрамчык. — Бачыце? — паказаў ён Люсі і Гошку свае валасатыя рукі. — Імі Амархан стойкі стаўляў у шахтах Караганды. Даніленка. // Спец. Вертыкальная частка машыннай станіны. Стойка такарнага станка. // Прыстасаванне для падтрымання і захавання якіх‑н. прадметаў. Стойка для прабірак.

2. Род вузкага прадаўгаватага стала для працы, расстаноўкі чаго‑н. За стойкай касы сядзела прыгожая чарнявая дзяўчына. Новікаў. Плакс з-за свае стойкі, якая падобна да прафесарскае кафедры, сустракае .. [Веру], як зазвычай, стэрэатыпным запытаннем: — Цытраваніліну ці пірамідону? Зарэцкі.

3. Прылавак у сталовых, рэстаранах, буфетах, дзе прадаецца віно, закуска. Толькі мы адплылі, як да буфетнай стойкі падышоў пахмурны, нечым нездаволены пасажыр. В. Вольскі.

4. Прыстасаванне ў выглядзе табурэткі з прарэзанай у верхняй дошцы круглай дзіркай, у якую ставяць дзіця, каб прывучыць яго стаяць на нагах. Адна пацеха — Любачка шчабятала .. [Жэні з мамай] свае «ня-ня-ня!» ды ўсміхалася, стоячы на лаве ў стойцы. Брыль. [Мачыха:] — Ты б, Васіль, стойку дзіцяці зрабіў, няхай падвучваецца стаяць і хадзіць. Не век жа яму седуном сядзець. Сабаленка.

5. Стаячы каўнерык у выглядзе палоскі, якая цесна аблягае шыю.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

речь ж.

1. (способность говорить) маўле́нне, -ння ж., мо́ва, -вы ж., мн. нет;

о́рганы ре́чи о́рганы маўле́ння (мо́вы);

разви́тие ре́чи развіццё маўле́ння (мо́вы);

лиши́ться да́ра ре́чи переводится безл. формой адня́ць (адабра́ць) мо́ву;

он лиши́лся да́ра ре́чи у яго́ адняло́ (адабра́ла) мо́ву;

2. (язык) мо́ва, -вы ж., мн. нет;

речь ребёнка мо́ва дзіця́ці;

у́стная речь ву́сная мо́ва;

3. (выступление) прамо́ва, -вы ж.;

речь прокуро́ра прамо́ва пракуро́ра;

4. (беседа) гу́тарка, -кі ж.; (разговор) гаво́рка, -кі ж.; размо́ва, -вы ж.; (слово) сло́ва, -ва ср.;

дру́жеская речь сябро́ўская гу́тарка;

завести́ речь о чём-л. заве́сці гаво́рку (размо́ву) аб чым-не́будзь;

не мо́жет быть и ре́чи не мо́жа быць гаво́ркі, няма́ чаго́ і гавары́ць;

об э́том не́ было и ре́чи пра гэ́та і гаво́ркі не было́;

5. грам. мо́ва, -вы ж.;

ча́сти ре́чи часці́ны мо́вы;

пряма́я речь про́стая мо́ва;

ко́свенная речь уско́сная мо́ва.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)