сто́йка 1, ‑і, ДМ стойцы; Р мн. стоек; ж.
1. У гімнастыцы і ў страі — пастава цела чалавека, пры якой корпус нерухомы і прамы, рукі апушчаны і прыціснуты да бакоў, ногі выпрастаны і пастаўлены разам. // Наогул пра пэўную характэрную паставу. На явары трашчыць спрасонку бусел, Зрабіўшы стойку на адной назе. Прануза.
2. У гімнастыцы — пастава цела галавой уніз, пры якой апорай з’яўляюцца рукі або галава, а ногі падняты ўверх. Стойка на руках. Стойка па галаве.
3. Нерухомая поза паляўнічага сабакі, калі ён напаткаў дзічыну. Пачуўшы ў верасе дзічыну,.. [Мілька] зноў зрабіла стойку. Паляўнічы наблізіўся да сабакі. Гамолка.
•••
Стойка смірна (спец.) — тое, што і стойка (у 1 знач.). [Мужчына] зрабіў чоткі крок уперад, замёр у стойцы «смірна». «Звязда».
сто́йка 2, ‑і, ДМ стойцы; Р мн. стоек; ж.
1. Вертыкальны брус, які служыць апорай для чаго‑н. у якім‑н. збудаванні. Столь над нізкім вугальным забоем Падпірае стойка не адна. Аўрамчык. — Бачыце? — паказаў ён Люсі і Гошку свае валасатыя рукі. — Імі Амархан стойкі стаўляў у шахтах Караганды. Даніленка. // Спец. Вертыкальная частка машыннай станіны. Стойка такарнага станка. // Прыстасаванне для падтрымання і захавання якіх‑н. прадметаў. Стойка для прабірак.
2. Род вузкага прадаўгаватага стала для працы, расстаноўкі чаго‑н. За стойкай касы сядзела прыгожая чарнявая дзяўчына. Новікаў. Плакс з-за свае стойкі, якая падобна да прафесарскае кафедры, сустракае .. [Веру], як зазвычай, стэрэатыпным запытаннем: — Цытраваніліну ці пірамідону? Зарэцкі.
3. Прылавак у сталовых, рэстаранах, буфетах, дзе прадаецца віно, закуска. Толькі мы адплылі, як да буфетнай стойкі падышоў пахмурны, нечым нездаволены пасажыр. В. Вольскі.
4. Прыстасаванне ў выглядзе табурэткі з прарэзанай у верхняй дошцы круглай дзіркай, у якую ставяць дзіця, каб прывучыць яго стаяць на нагах. Адна пацеха — Любачка шчабятала .. [Жэні з мамай] свае «ня-ня-ня!» ды ўсміхалася, стоячы на лаве ў стойцы. Брыль. [Мачыха:] — Ты б, Васіль, стойку дзіцяці зрабіў, няхай падвучваецца стаяць і хадзіць. Не век жа яму седуном сядзець. Сабаленка.
5. Стаячы каўнерык у выглядзе палоскі, якая цесна аблягае шыю.