Нашы́шкацца ’налезці, набіцца’ (Сл. ПЗБ, карэл., Нар. словатв.). Відаць, экспрэсіўны варыянт да нашыцца ’налезці, набіцца’ (ТС), ад шыцца ’лезці, тачыцца’ (гл.), утвораны шляхам рэдуплікацыі каранёвай часткі слова і /с‑суфіксацыі, параўн. чэш. šiškati і šišati ’стрыгчы’ (Махэк₂, 610), рус. нашишкаться і натикаться ’нагаварыцца, нашаптацца’, славен. našeškati ’пабіць, адлупцаваць’ і пад.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Крэ́йга ’канец страхі, які звісае над сцяною’ (Сцяшк. Сл.). Іншы варыянт крайка ’верх страхі’ (гл.). Польск. krejga ’вільчык, верх страхі’. Запазычанне з балтыйскіх дыялектаў. Параўн. літ. kraigas ’тс’ (Урбуціс, Baltistica, 5 (1), 64; Непакупны, Kalbotyra, 25 (2), 73–74; Грынавецкене і інш. LKK, 16, 179–180; Лаўчутэ, Балтизмы, 46–47).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Жмуро́ю ’разам, у сукупнасці’ (Віл., Сл. паўн.-зах.). Прыслоўе з тв. скл. паз *жмура. У прыкладах: пчолы (або мошкі) ляцяць жмурою. Магчыма суаднясенне з рознымі сэнсамі: жмура экспрэсіўны варыянт ад *хмура (гл. хмурынка, хмара); экспрэсіўнае ўтварэнне ад *чмура (параўн. чмурэць ’дурэць’); ад жмура (гл.) < жмурыць ’закрываць вочы’. Няясна. Гл. ашмурэць.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Пло́зы ў песні: Ой, пайду я каля лозы, аж mcm арэ мілы плазы… (навагр., Дзмітр.). Гэта варыянт песні “Ой, пайду я каля луга, там мой мілы арэ плугам”. Лексема плазы ўтварылася пры ад’ідэацыі плуг‑сім і польск. pląsy ’поласы’ (гл. пачассі ’кавалак ворнай зямлі’) і пад уплывам рыфмы: лозы — плазы.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Трані́ла (трані́ло) ’дэталь у возе ў выглядзе развілкі, якая прыдае ўстойлівасць задняй частцы воза’ (Скарбы, Сл. ПЗБ), трані́дло ’тс’ (свісл., Шатал.), трайні́ла ’тс’ (навагр., там жа), звязана з трайня ’тс’ (гл.); паланізаваны варыянт (‑дл‑ замест ‑л‑) лексемы сведчаць пра яе інавацыйны характар, канец слова, магчыма, пад уплывам правіла ’тс’ (Маслен.), гл.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Паве́ка ’рухомая складка скуры, якая прыкрывае вока’ (ТСБМ, Бяльк., Янк. 2, Яруш.), паве́йка ’тс’ (КЭС, лаг.). Укр. паві́ко, павіча́йка, польск. powieko ’тс’. З прэф. па‑ ад века (гл.). Улічваючы старажытнасць гэтага спосабу словаўтварэння, мабыць, магчыма рэканструяваць прасл. po‑věko (параўн. Краўчук, ЭСБМ, 2, 81), але як дыялектызм. Варыянт паве́йка пад уплывам вейкі (гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Сі́лькаць ‘шморгаць’, сілька́ць ‘біць’, ‘хутка есці’ (Ян.), экспр. ‘есці’ (Мат. Гом.), сількану́ць ‘сербануць’ (жлоб., Жыв. сл.). Сюды ж варыянт з азванчэннем сільгану́ць ‘сцебануць’ (рагач., Сл. ПЗБ), сільга́ць ‘сцябаць’ (стаўб., Сл. нар. фраз.). Відаць, ад гукапераймання *сіль!, што перадае ўдар гібкім дубцом ці сёрбанне са свістам. Сувязь з сіляць (гл.), хутчэй за ўсё, другасная.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Тарагане́ць ’тарахцець’ (ТС), тарагоне́ть ’барабаніць, стукаць’ (Альп.), тарагні́ць ’хутка гаварыць’ (Сл. Брэс.). Параўн. серб.-харв. торо̀гоња ’крыклівая баба’. Апошняе, паводле Скока (3, 745), ад toròkati ’крычаць’ (гл. тарокаць) з няясным пераходам к > г. Гукапераймальнае, можна разглядаць як варыянт дзеяслова тыпу тарах(а)нець ’тарахцець, бразгатаць’ з азванчэннем зычнага ў інтэрвакальным становішчы, гл. тарах.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Тратава́ць ‘растоптваць, таптаць’ (Гарэц., Др.-Падб.), тратова́ті ‘тс’ (Вруб.). З польск. tratować (а таксама ст.-польск. tretować) ‘таптаць нагамі, капытамі’, якое з с.-в.-ням. trëten/trëtten ‘таптаць’, ням. treten ‘тс’ (Вінцэнц; Борысь, 640). Сюды ж, відаць, і мясцовае (з “пальшчызны крэсовай”) traty ‘дамбы’ (Брасл. сл.). Гл. таксама фанетычны варыянт дратаваць ‘вытоптваць’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
АЎТАМАТЫЗА́ЦЫЯ ПРАЕКТАВА́ННЯ,
выкарыстанне ЭВМ і інш. сродкаў аўтаматызацыі, аб’яднаных у сістэму класа «чалавек—машына» для праектавання машын, абсталявання, збудаванняў і інш. аб’ектаў.
Аўтаматызацыя праектавання дае магчымасць павялічыць дакладнасць разлікаў і канструктарскай дакументацыі, выбіраць варыянты для рэалізацыі на аснове матэм. аналізу ўсіх або большасці з іх, скараціць тэрміны праектавання і інш. Метады і сродкі аўтаматызацыі праектавання залежаць ад характару і прызначэння аб’екта праектавання. Найб. істотныя вынікі атрымліваюцца пры аўтаматызацыі праектавання складаных тэхн. сістэм і збудаванняў, пры падрыхтоўцы праграмна-кіравальнага выканаўчага абсталявання. З дапамогай графапабудавальнікаў, друкавальных прыстасаванняў і інш. сродкаў вываду інфармацыі вынікі аўтаматызацыі праектавання аўтаматычна выдаюцца ў выглядзе схем, чарцяжоў ці графікаў (табліц) на аркушах паперы чарцёжных фарматаў, магнітнай стужцы, мікрафільмах і інш. або на спец. экране. Пры аўтаматызацыі праектавання машын і механізмаў па зыходных даных вызначаюць найлепшы варыянт кампаноўкі вырабу, выбіраюць і разлічваюць канструкцыю і яе асобныя вузлы, аптымізуюць допускі і пасадкі, вызначаюць форму спалучаных паверхняў, чысціню іх апрацоўкі і інш.
Навукова-тэхн. распрацоўкі сістэм аўтаматызацыі праектавання вядуцца ў Ін-це тэхн. кібернетыкі АН Беларусі з 1960-х г.: сфармуляваны асновы аўтаматызацыі праектавання ў машынабудаванні; створаны першыя алгарытмы, праграмы і тэхн. сродкі канструявання і тэхнал. падрыхтоўкі вытв-сці машын і абсталявання; распрацаваны «аўтаматычны чарцёжнік» дае магчымасць з вял. дакладнасцю рабіць чарцяжы вырабаў складанай канфігурацыі (карабельных вінтоў, крыла самалёта, лапатак рабочых колаў турбін і інш.).
Літ.:
Системы автоматизированного проектирования технологических процессов, приспособлений и режущих инструментов. М., 1988;
Ракович А.Г. Основы автоматизации проектирования технологических приспособлений. Мн., 1985.
А.Г.Раковіч.
т. 2, с. 115
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)