Плюга́вы ’мізэрны, худы, нікчэмны’, ’мярзотны, агідны’ (ТСБМ, Нас., Шпіл., Сержп., Мік., Маш., Юрч. СНЛ; пух., Сл. ПЗБ), ’сыры (пра дровы)’, ’сапсаваны (пра кроў)’ (пух., Сл. ПЗБ), ’дрэнны, нязграбны’ (Касп.), ’дрэнны’, ’брудны’ (Сл. Брэс.), ’брудны, гразкі’ (пін., Шатал.), плюга́вец ’нягоднік’ (Бяльк.), плюгаўка ’агідная жанчына, неакуратная’, пух. плюгоўка ’шкодная жанчына’ (Сл. ПЗБ), плюга́нка ’агідная’ (Мал.), плюгаўка ’брыдкія, агідныя насякомыя і жывёлы: свярчок, мыш, павук’ (Нас.), плюгаўства ’машкара’ (паст., Сл. ПЗБ; ТС), ’нікчэмнасць’ (Юрч. СНЛ), плюга́віньня, плюга́ўліньня ’зневажанне, прыніжэнне’, плюгавіць ’апаганіць нечыстотамі, брудам’, плюга́віцца ’псавацца’, плюга́вінне ’бруд з ванітаў і харкавіння’ (Нас.). Укр. плюга́вий ’гадкі, нікчэмны’, рус. плюга́вый ’мярзотны, паскудны’, польск. plugawy ’брудны, агідны, гнюсны, мярзотны’, чэш. plihlý, plihý ’абвіслы’, plouhati ’цягнуць, валачы па гразі’, зах.-чэш. plíhati ’цягнуцца, валачыцца, ледзь ісці’, славац. pľuhavý ’мярзотны, гнюсны, паскудны’, ’брыдкі, агідны’, ’кепскі (пра надвор’е)’; pľuhať sa ’пэцкацца’, славен. plúhek ’нясмачны’, дыял. plígek ’несалёны’, ’пусты’. Прасл. plʼugъ ’мокры, рэдкі, брудны’ (Сной–Бязлай, 3, 62), роднаснае лат. blʼugt ’мякнуць’, ’станавіцца слізкім’ (Махэк₂, 462) < і.-е. pleu̯‑ ’цячы, ліць, плаваць’. Памылкова Фасмер (3, 289), Брукнер (419) выводзяць *pljugavъ з plʼujǫ > плюю > плява́ць (гл.). Атрэмбскі (JP, 61, 1961, 3, 182) выводзіць з plucha, якое з pluskać.