бо,

1. злучн. прычынны. Падпарадкоўвае даданыя сказы з чыста прычынным значэннем; па значэнню супадае са злучнікам «таму што». Згіне ліха, бо на свеце Праўда ёсць, І развеецца, як смецце, Зайздрасць, злосць. Колас. [Пеця:] — Хочацца шмат што запісаць. Але ўсяго запісаць не ўдасца, бо ведаю, адчуваю, перадышка ненадоўга. Шамякін. Мы [Васіль Пятровіч і Лена] гаварылі, бо ўжо нам можна было гаварыць аб усім, і маўчалі, бо добра было і маўчаць, і спыняліся часта, бо нас тут, на ціхім аснежаным лузе, не бачыў ніхто... Брыль.

2. злучн. прычынна-супраціўны. Злучае сказы, якія паказваюць на прычыну неабходнасці дзеяння; па свайму значэнню набліжаецца да злучнікаў «а то», «іначай». [Юзік:] — Толькі не маніце, бо другі раз мы вам не падаруем. Чарот. — Ну, голубе, бывай здаровы і шчаслівы. Будзь асцярожны, бо цябе ўжо можа шукаюць. Колас. [Грамабой:] «Трэба, кажу, памагчы, бо ніхто ж чужы не паможа». Крапіва.

3. часціца. Разм. Ужываецца ў мове пасля слова з лагічным націскам і служыць для ўказання на дадзенае слова. — Чаго ж бо ты цягаўся па падворку? — з ціхай ласкаю і разам з нейкім дакорам сказала маці. Колас. Праўду бо кажуць: бярэ не сіла, а смеласць. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перавяза́ць, ‑вяжу, ‑вяжаш, ‑вяжа; зак., каго-што.

1. Абвязаць кругом, з усіх бакоў, крыж-накрыж. Перавязаць пасылку шпагатам. □ [Цярэшка] зняў папружку і, каб спыніць кроў, перавязаў Нініну нагу вышэй раны. Шчарбатаў.

2. Налажыць павязку на рану, хворае месца. На скорую руку мяне распранулі, перавязалі рану. Адамчык. Вера не разгубілася, сарвала з галавы касынку, пашматала яе і перавязала акрываўленую руку. Дуброўскі. // Разм. Налажыць каму‑н. павязку. Брыгадны доктар Кірыла Антонавіч, які з’явіўся па выкліку з лагера, агледзеў і перавязаў раненых. Ляўданскі.

3. Звязаць, павязаць усё, многае або ўсіх, многіх. Перавязаць усе рэчы. □ «Куркулёў» можна было перавязаць, як сонных куранят. А пакуль дабярэшся назад ды вернешся сюды з чырвонаармейцамі, ачухаюцца і паспрабуюць агрызацца. Грахоўскі.

4. Развязаўшы, завязаць зноў або завязаць, звязаць іначай. Старая на хвіліну змоўкла, перавязала хустку на галаве, сышла з воза, паправіла збрую на кані. Бядуля. [Васіль] перацёр закарэлыя анучы, перавязаў парваныя аборы на лапцях. Мележ. — Не разлічыў! Снапы можна было рабіць значна танчэйшыя. — Давай перавяжам, — прапанавала Таня. Шашкоў.

5. Прывязаць, навязаць на новым месцы. [Верка:] — Ідзі [карову] здаі... На новае месца перавяжы... Абабіла пад нагамі ўсё за ноч... Гразь адна чорная... Пташнікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перарэ́заць, ‑рэжу, ‑рэжаш, ‑рэжа; зак.

1. каго-што. Разрэзаць надвае. Перарэзаць вяроўкі. Перарэзаць тэлефонны провад. □ [Краб] перарэзаў [клюшнямі] рыбіну на дзве часткі, нібы нажніцамі для бляхі паперу. Караткевіч.

2. што. Перайсці, пераехаць што‑н. у якім‑н. напрамку; перасячы. Хацелася перарэзаць на чайцы возера па ўсёй яго даўжыні і шырыні, але ж трэба час. Сташэўскі.

3. што. Стаўшы ўпоперак чаго‑н., спыніць далейшы рух; перагарадзіць. Пасля кароткай парады афіцэраў у камандзіра батальёна .. рота атрымала заданне перарэзаць шлях адступлення немцам з суседняй вёскі. Васілевіч. Не паспеў я адбегчыся шагоў сотню, як раптам дарогу перарэзаў знаёмы рыбак. Якімовіч. Неўзабаве шлях перарэзалі стальныя дзверы. Шыцік. // перан. Парушыць сувязь, зносіны. Збіраўся [Алеська] прыехаць на пабыўку. Ды вайна перарэзала шляхі-дарогі. Б. Стральцоў.

4. перан.; што. Пралягаючы ў якім‑н. напрамку, раздзяліць на часткі што‑н. [Чыгунка] самаўладна перарэзала надвае векавечны лес. Шынклер. / Пра рубцы, маршчыны і пад. Круты смуглявы лоб ад скроні да скроні перарэзалі раўчакі маршчын. Мележ.

5. што. Разм. Размежаваць зямлю нанава, іначай. Большасць галасоў паказала, што ўсю прыбалотную зямлю трэба перамераць і перарэзаць. Чорны.

6. каго-што. Зарэзаць, парэзаць усіх, многіх або ўсё, многае. Перарэзаць усю жывёлу.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Асаве́ц1 ’асінавы лес’ (Прышч., Яшкін), асавок ’маладыя асіны на расчышчаным месцы, групкі дрэў сярод поля, каля дарогі’ (Жучкевіч, Топон., 108). Ад аса ’асіна’ (гл. асіна) праз прыметнік асобы ’асінавы’ з дапамогай суфіксаў ‑ец, ‑ок. Параўн. тапонім Асінец.

Асаве́ц2 ’ссунутая зямля па беразе, па касагоры’ (Яшкін), Грынблат (Весці АН БССР, 1965, 4) звязвае мясцовыя назвы тыпу Асавец і пад. з дзеясловам соваць (асоўвацца). Частка гэтых назваў звязваецца з аса ’асіна’, што датычыць іншых, то трэба ўлічыць яшчэ ўкр. осовн, осовня, осовна ’схіл гары, павернуты да сонца’ (Марусенка, Полесье, 239), якія, аднак, можна супаставіць з асоння ’тс’. Ст.-рус. осовьць азначае ’звычайная дарога’ (магчыма, але не абавязкова, па яру, па берагу, які асоўваецца, ці ўзгорку); балг. осое, серб.-харв. осој ’ценявы бок’, мак. осој ’вільготнае месца, дзе не грэе сонца’, славен. osoje, osovie ’ценявы бок, халадок’. Паўднёваславянскія словы адлюстроўваюць праслав. корань *soi̯‑, што захаваўся таксама ў выглядзе *sě‑ ў рус. сень, бел. засень. Так ці іначай наўрад ці тут можна выключыць шматразовыя народнаэтымалагічныя змены (параўн. укр. осоння пры сонце, сонечко), у тым ліку сувязі з сонцам, а потым з асоўваннем. Магчыма, што асавец першапачаткова азначала проста ’халадок’, а потым стала выкарыстоўвацца і як назва асінніку, і як назва дарогі, і як назва ценявога боку гары і наогул узгорка.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ба́чыць (з XVI ст.; Нас. гіст.), укр. ба́чити (з XVI ст.; Цімчанка), рус. дыял. ба́чить (рус. слова засведчана з пач. XVII ст. і запазычана з укр. мовы; Праабражэнскі, 1, 20; Шанскі, 1, Б, 61). Запазычанне з польск. baczyć ’тс’ (а гэта пераразлажэннем з *obačiti: *ob‑ačiti*o‑bačiti > bačiti, дзе ač‑, ak‑ да і.-е. кораня, што і ў слове *oko ’вока’). Гл. Ільінскі, PF, 11, 183; Бернекер, Зб. Ягічу, 598–599; Бернекер, 24; Траўтман, 4; Ваян, RÉS, 22, 7; Слаўскі, 1, 24; Фасмер, 1, 138. Іначай, але непераканаўча, Брукнер, 10 (ад польск. baka ’вока’). Неверагодна Мацэнаўэр, LF, 7, 4 (запазычанне з тур. bakmak ’бачыць’); Махэк, SP (Brno), 2, 1953; 135; SP (Brno), 4, 1955, 32 (сувязь з польскім opatrzyć, славац. páčiť). Таксама вельмі няпэўнай з’яўляецца этымалогія Лера–Сплавінскага, JP, 26, 166–170 (= Studia, 195–198) аб паходжанні польск. слова ад выклічніка ба! Памыляўся Лорэнц, Pomor., 1, 13, які лічыў bačiti прасл. словам. Факт усх.-слав. запазычання з польскай мовы на аснове дадзеных помнікаў добра асвятліў Лер-Сплавінскі (там жа). Гл. яшчэ Кюнэ, Poln., 42; Трубачоў, Этимология 1965, 44–47. Сюды, мабыць, адносіцца і бачыць ’не дагаджаць’ (Яўс.: Чым я табе бачу, што ты ны мяне так узьеўся?), але развіццё семантыкі растлумачыць цяжка. Да ба́чыць адносяцца і ба́чны, ба́члівы і г. д.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Заві́даваць ’зайздросціць’ (Сл. паўн.-зах.), за́відкі, заві́дна (ТСБМ), завіду́шчы, заві́днік (Нас.). Рус. зави́довать, укр. зави́дувати, н.-луж. zawidowaś, макед. завидува ’зайздросціць’; параўн. польск. zawidzieć, чэш. záviděti, славац. závidiet, в.-луж. zawidźeć, славен. zavídeti, серб.-харв. за́видети, балг. завѝждам, завидя, макед. завиди ’тс’. Ст.-слав., ст.-рус., ст.-бел. (у Скарыны) завидѣти ’зайздросціць’. Верагодна, прасл. zaviděti: za + viděti, адкуль бязафіксны наз. zavida. Паводле Шанскага (ЭИРЯ, 2, 130–132), ад завида і ўтворана завидовать, якое фіксуецца з 1675 г. Бел. дыял. дзеяслоў можа быць запазычаны з рус., але магчыма і ўласнае развіццё, на што ўказваюць іншыя прыведзеныя формы: завідкі, мн. л. формы з суф. ‑к‑а ад ст.-рус. завида, якое дало прыметнік завідны (Сл. паўн.-зах.), адкуль заві́дна, заві́днік, а таксама заві́длівы (Сл. паўн.-зах.). Форма завидѣти і падобныя тлумачацца ў Фасмера (2, 72), БЕР (1, 575), Скока (3, 567) з видѣти: іначай Махэк₂ (711–712), які бачыць тут кантамінацыю былога кораня *veid‑ (гл. від1) і *neid‑ (параўн. ням. neiden ’зайздросціць’), што пацвярджаецца недастаткова. Побач з тлумачэннем формы завидовать Шанскім (2, З, 17) магчымы і вывад яе з завидывать як мнагакратнай (параўн. видетьвидывать) ці імперфектыўнай (параўн. зачитатьзачитывать, гл. Вінаградаў, Русский язык, 1947, 502). Трэба ўлічваць пры гэтым замацаванне завидеть у значэнні ’ўбачыць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ино́й

1. (другой) і́ншы, другі́;

не что иное, как… не што і́ншае, як…;

2. (некоторый) некато́ры; і́ншы; (какой-л.) які́е́будзь;

в ины́х слу́чаях у некато́рых вы́падках;

3. (при противоположении или перечислении) адзі́н; другі́; і́ншы; той;

ино́му челове́ку жа́рко, ино́му хо́лодно аднаму́ (і́ншаму) чалаве́ку го́рача, а друго́му (а і́ншаму) хо́ладна;

4. сущ. і́ншы, -шага м.; некато́ры, -рага м.; адзі́н, род. аднаго́ м., другі́, -го́га м.; той род. таго́ м.;

тот и́ли ино́й той ці і́ншы;

ино́й раз і́ншы раз;

ины́ми слова́ми іна́кш (іна́чай) ка́жучы.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

Асе́ць, осець, восець, сець. Геаграфічнае пашырэнне слова і яго фанетычных варыянтаў гл. у ДАБМ, к. 233. Пра пабудову асеці гл. Малчанава, Мат. культ., 38–40. Рус. осеть, асеть адзначаецца, паводле Даля, на захадзе, дакладней: смал., пск., бранск., укр. чарніг. о́сить, польск. усх. osieć. У беларускіх помніках з 1579 (Карскі, 1, 293). Геаграфія слова быццам бы ўказвае на латышскую мову як крыніцу гэтага слова. Таму трэба ўказаць лат. sẽrt ’класці зерне ў сушню’, sęrt ’класці зерне ў сушню’, sęrs зерне, пакладзенае для сушкі’, а таксама sę̃ta ’мужыцкі дом’, ’дом наогул’, двор’, sę̃tas māja ’будынак у двары’, sẽtiena ’частка двара’ (Мюленбах-Эндзелін, 3, 820, 931, 833). Спробы этымалагічнага тлумачэння слова пакуль што не далі выніку. Нельга прыняць тлумачэнне Брукнера, 383, які параўноўваў слова з ц.-слав. сетьн‑ ’апошні ці посѣтити ’наведаць’; Фасмер (3, 159) слушна адкідвае спробы этымалогій Петарсана, 64–65, які імкнуўся звязаць асець з лац. sitis ’прага’, siccus сухі’ (Вальца–Гофман, 2, 548, іначай), ст.-інд. kṣā́yati спальвае, абжытае’, грэч. ξηρός ’сухі’. Той факт, што, паводле Мацкевіч, Працы IM, 2, 149, асець ’частка току, дзе сушаць снапы’ (магчыма, гэта значэнне пазней не пацверджана, бо ў ДАБМ адсутнічае), не дазваляе цалкам адкінуць магчымасць сувязі з рус. осек (зафіксаваным яшчэ Сразнеўскім) ’загароджанае месца, выган, агарод, агароджа’. Аднак найбольш верагодна сувязь беларускага слова з латышскімі, што патрабуе далейшага ўдакладнення. Гл. Коген, Запіскі, 2, 9, 91.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Зык1 ’рэзкі гук’ (ТСБМ). Рус. зык, укр. зик ’тс’. Серб.-луж. zyk, zuk ’гук’, чэш. zuk ’кароткі гук здзіўлення’, серб.-харв. зи̑к ’піск’. Ст.-рус. зыкъ (XVII ст.). Верагодна, прасл. дыял. zy‑kъ уключае суфікс ‑k‑ъ (як znakъ), а аснову трэба рэканструяваць, як *zy‑ < і.-е. gʼhū‑ (гл. Покарны, 1, 413), варыянт *gʼhau‑, gʼhau̯ǝ‑ ’крычаць, зваць’, да якой узыходзіць zъvati (параўн. рык і раўці): авест. zuta‑ ’пазваны’, арм. n‑zovkʼ ’пракляцце’. Фасмер, 2, 109. Іначай, як гукапераймальны, тлумачаць корань Праабражэнскі (1, 259) і Шанскі (2, З, 115) (пад зыкать, але пад зычный дапускае сувязь з звук, звать, зуд, зуёк). Міклашыч (404) звязваў са звінець. Тэрміналагічнае (лінгв.) ужыванне зык ’гук’ адносіцца да пачатку XX ст. Красней, Лекс. і грам., 19. Лоеў. зык ’нагавор’ (Янк.) — развіццё значэння ад ’гук’.

Зык2 ’від авадня’, ’перыяд і стан узбуджэння кароў ад укусаў насякомых’ (Сл. паўн.-зах.; гарадоў, Нар. лекс.), зыкі́ ’беганне кароў ад укусу аваднёў’. Рус. зах. бранск., дан., краснадар. ’авадзень’, варонеж., кур., калуж., кубан., смал. ’непакой жывёлы ад укусаў аваднёў’, смал. зыки́ ’перыяд узбуджэння жывёлы ад свербу, выкліканага аваднямі’, кур., смал. зык ’гудзенне насякомых’, укр. дзиз ’авадзень’. Параўн. рус. дыял. бзык ’дзіўныя паводзіны; непакой ад укусу аваднёў; авадзень’, бзык, зик ’тс’. Гукапераймальнае (на што ўказвае, між іншым, варыянтнасць зык, бзык, зик, дзиз, бзык), верагодна, аформленае суфіксам ‑к (параўн. бык); развіццё значэння, відаць, ’гудзенне’ > ’суб’ект гудзення’ > ’стан жывёлы’ (праз выраз тыпу напаў зык) > ’час такога стану’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

адвярну́ць, ‑вярну, ‑вернеш, ‑верне; зак., каго-што.

1. Павярнуць у другі бок. Стары Казімір спыніўся перад сынам, які сядзеў ў канцы .. стала, і так доўга глядзеў на яго, што сын аж адвярнуў галаву да акна. Пестрак. Калі аднаго разу .. [Зося] ішла па вуліцы і дала «дзень добры» Грамабоісе.., дык тая толькі нос у другі бок адвярнула, плюнула і моцна скляла Зосю. Крапіва. // перан. Адцягнуць (увагу, думку і пад.). Цяпер іншыя справы адвярнулі ўвагу ад дому, ад сям’і, што, здавалася, іначай і не павінна быць. Пестрак.

2. Варочаючы, адсунуць. Адвярнулі [браты], камень, а там нара, ды такая глыбокая — дна не відаць. Якімовіч. Кузьма падбег к барознам і рукамі адвярнуў скібы раллі, каб паказаць старую мяжу. Нікановіч. // Паставіць на месца што‑н. перавернутае, абернутае. Мужчыны дружна падхапілі каляску і адвярнулі, але, адварочваючы, выкінулі панскае сядзенне. Колас.

3. Адагнаць, накіраваць у другі бок (жывёлу). [Міхалка:] — Пачакайце, дзядзечка, я збегаю карову адвярну ад грэчкі. Чорны.

4. Адагнуць край чаго‑н. Чудзін жахнуўся, умомант адвярнуў халявы і азірнуўся навокал. Карпюк. Васіль адвярнуў каўнер кажушка. Колас.

5. безас. Разм. Аб пачуцці непрыязні, агіды, да каго‑, чаго‑н. З таго часу і адвярнула.. [Яўхіма] ад пчол. Кулакоўскі.

•••

Нос адвярнуць — выказаць сваё незадавальненне чым‑н., паставіцца да чаго‑н. з пагардай, выявіць незадавальненне чым‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)