Бага́тка ’адуванчык лячэбны, Taraxacum officinale Web.’ (да геаграфіі гл. Кіс., 128), назва расліны’ (Янк. Мат., 94: «Бага́ткамі на Купалля абразы́ аптыка́яць»). Мабыць, вытворнае ад багаты (кветка мае вялікую колькасць пялёсткаў). Аднак не выключаецца, што ў аснове назвы ляжыць уяўленне аб лячэбных або магічных (культавых) уласцівасцях расліны. Другая, «купальская», расліна, якую азначае бага́тка — гэта тое ж самае, што і рус. бога́тка, бога́тница ’Conyza; Erigeron’, укр. богатинка, богатниця, на якой гадаюць аб багацці (адсюль і назва, гл. СРНГ, 3, 44–45). Параўн. і польск. bogatka (XV ст., гл. Брукнер, 34). Паколькі бага́тка ’Erigeron’ мае і іншую назву: рус. пушки, бел. пушкі (Кіс., 50), то магчыма, што на адуванчык проста перанеслі назву багаткі (па падабенству).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Бадзыго́н 1 ’ежа з дранай бульбы, запечанай у чыгуне’ (Вешт.). Параўн. укр. (валын.) бадзьоні ’тс’ (Казачук, Бел.-укр. ізал., 32), бадзі ’від ежы з дранай бульбы, мукі, алею або сала, якая запякаецца і падаецца цёплай’ (Яварніцкі, Словник). Слова няяснае. Магчыма, запазычанне (адкуль?). Параўн. укр. бандз ’бульба’, будз ’высушаны тварог’, бундз ’авечы тварог; вялікі кусок авечага сыру’ (якое, відаць, мае рум. сувязі; да рум. слова bulz ’кусок мамалыгі з брынзай’, параўн. Губшмід, Schläuche, 25–27).
Бадзыго́н 2 ’штосьці грувасткае, вялізнае’ (Клім.). Можна меркаваць, што гэта метафарычнае ўжыванне бадзыго́н 1 (гл.): ’ежа, бабка, запечаная ў чыгуне (ежа няпэўнай формы, вялікая бабка)’ → ’штосьці няпэўнае, вялікае’ (параўн. розныя значэнні слоў ба́ба, ба́бка, якія азначаюць і ’ежу з бульбы’).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Байда́н ’зямля, пакінутая для пашы’ (Нас.), ’адкрытае месца’ (Касп.), ’месца на сенажаці, дзе расце толькі маленькі густы сівец, а іншая трава не расце’ (докш., Янк. Мат.), ’будан, выган’. Рус. дыял. байда́н ’пустэча, незабудаванае месца; узвышша; карагод, вясёлая гульня на паветры’. Ужо Даль лічыў, што гэта, магчыма, змена слова майдан. Гэта версія пераконвае. Гук б‑ на месцы м‑ можа быць вытлумачаны фанетыкай цюркскіх моў (у некаторых мовах пачатковае м‑ пераходзіць у б‑). Адносна значэння параўн. шырокую семантыку слова майда́н, якая амаль поўнасцю супадае ў гэтых словах. Параўн. і рус. дыял. буйда́н (тульск.), буя́н ’адкрытае з усіх бакоў, узвышанае месца, базарная плошча; амбар’, якое Трубачоў, Дополн., 1, 257 (пад буя́н), таксама лічыць цюрк. варыянтам слова майда́н. Параўн. буда́н.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ба́йкі (прым.) прыгожы, харошы’ (Інстр. лекс., Сцяшк. МГ). Дакладная адпаведнасць ва ўкр. (бойк.) ба́йки (ба́йка) ’нядрэнны’ і польск. bajki ’тс’. Цяжка сказаць, адкуль паходзіць гэта слова. Зыходзячы з геаграфіі (зах.), магчыма, запазычанне з польск. мовы, дзе гэты выраз вельмі пашыраны ў гаворках. Карловіч (1, 38) адносіць польск. bajki да bajka ’дробязь, глупства, лухта’ (параўн. ба́йка 1).
Ба́йкі (прысл.) ’многа’ (Сцяшк. МГ), ’надта многа, вельмі’ (Інстр. лекс.), нішто сабе’ (Бесар.). Гэтаму прыслоўю, бясспрэчна, звязанаму з ба́йкі (прым.), ёсць дакладная адпаведнасць ва ўкр. (бойк.) ба́йки, ба́йка (прысл.) ’нядрэнна, нічога сабе, не бяда’ і ў польск. мове (bajki). Зыходзячы з геаграфіі слова ва ўсх.-слав. мовах (толькі зах. гаворкі) і з пашырэння яго ў польск. мове, можна думаць пра запазычанне (з польск.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Балабо́с 1 яўрэй — гаспадар дома’ (Нас.). Укр. дыял. (зах.) балабо́с, балабу́с, балабу́ц ’тс’. Запазычанне з ідыш balabos ’тс’. Гл. Вярхрацкі, ЗНТШ, 12, 42; Рудніцкі, 60; Вінер, ЖСт, 1895, № 1, 59. Гл. таксама Локач, 13.
Балабо́с 2 ’гаварун, балбатун’ (Касп.). Бясспрэчна, да групы гукапераймальных слоў з асновай балаб‑ (гл. балаба́йка, балабо́йка, балабо́лка, балабо́ніць і да т. п.). Дзеяслоўны суфікс ‑os‑; дакладная адпаведнасць у рус. дыял. балабо́сить ’балабоніць, балбатаць’, славац. blabosiť (аб ‑os‑ гл. Махэк₂, 250, пад klábositi). Параўн. яшчэ серб.-харв. (Бернекер, 69) бла̀босити заікацца’. Магчыма трэба рэканструяваць прасл. *bolb‑os‑iti ’балбатаць і г. д.’ Параўн. яшчэ Буга, Rinkt., I, 434 і Траўтман, 24 (апошні прымае балта-слав. праформу). Параўн. яшчэ балабо́ст.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Бон, бом ’выгаралая глыбокая яма ў тарфяным балоце, якая запоўнена вадой, глыбокая яма ў рацэ’ (усх.-палес.; Талстой, Геогр., 202). Талстой (там жа) параўноўвае з укр. (закарп.) бо́ня, бо́нище ’глыбокая яма ў балоце, запоўненая вадой’, укр. (бойк.) бо́ня ’стаячая вада’, кашуб. bonawa, bonawka ’дзёран, трава’, н.-луж. bon, bonk ’вільготны, мокры дзёран; луг, паляна’. Усё гэта, быццам, старое запазычанне з герм. (ням. Bonn ’мокрая лугавая трава’). Але зыходзячы з таго, што бон — гэта і ’месца, дзе рыбакі выцягваюць з вады сетку’ (Яшкін), магчыма, лепш лічыць, што бон, бом як тэрмін рэльефу звязаны з такімі словамі, як рус. бом, бон ’плавучы насціл у гавані’ < герм. (аб гэтых словах гл. Фасмер, 1, 191, 192).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Валасажа́р ’сузор’е Вялікай Мядзведзіцы, Плеяды’ (Бяльк.). Іншыя назвы вісыжар, валоскі, валосны, стажары (гл.). Рус. волосожары, стожары, висожары, тул. сожар, сажар ’тс’, укр. волосожар, ц.-слав. власожельць, власожелишти, власожилишти, власожалицѧ ’тс’ (Сразн., 1, 270), серб.-харв. вла̏шићи ’тс’. Апошняе Міклашыч (394) звязвае з волох, влах, старой назвай раманскіх народаў. Наяўнасць назваў тыпу валоскі, валосны, рус. волосыни, ст.-рус. волосыни ’тс’ дало падставу звязаць назву сузор’я з волас (Праабражэнскі, 1, 93; Фасмер, 1, 343; Рудніцкі, 1, 469; Скок, 3, 609). Такім чынам, існавалі, відаць, дзве назвы Плеяды — ад волас і ад стажара (Фасмер, 3, 764), якія былі збліжаны і кантамінаваны. Вісыжар, магчыма, з’яўляецца другасным утварэннем, узнікшым у выніку змешвання валасы і вісы, віскі ’валасы на скронях’ (версія В. У. Мартынава).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Вурга́н ’бугор’ (Грыг., Гарэц.); ’пухір’ (Яруш.); ’цвёрды грузачок, пухір на скуры’ (мсцісл. З нар. сл.), варга́н ’вярзіла, боўдзіла’ (віл., Грынблат, вусн. паведамл.), рус. бранск. вурга́н ’сіняк’, маск. ворга́н ’вір, яма ў рацэ’. Хутчэй за ўсё аддзеяслоўнае ўтварэнне ад вурга́ніць ’кідаць, перакульваць’ (гл.), якое, відаць, нельга разглядаць асобна ад варга́ніць ’тс’ (гл.); балгарская паралель въ́рга ’гуз на целе’, якую Бернар (Балк. ез., 3, 1961, 83) выводзіць з върга́лям ’куляць, пераварочваць’ (< і.-е. *wer‑gh‑ ’круціць’; параўн. лат. sa‑vergt ’моршчыцца, сціскацца’ (БЕР, 1, 210)) і въ́ргам ’куляць, перакідаць’, а таксама серб.-харв. варгањ ’грыб баравік’ (Мяркулава, Очерки, 164), магчыма, даюць падставы для рэканструкцыі прасл. vъrganъ ’нарост, грыб’; адносна фанетыкі і семантыкі параўн. таксама вурдыль, вургуль (гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ву́сялка ’шнур для дзіцячай калыскі’ (брэсц., Нар. лекс.), ву́селкы ’почапкі’ (брэсц., З нар. сл.), гу́сялка ’адна з вяровачак, на якую падвешваецца калыска; вяроўка, якая прывязваецца абодвума канцамі да калыскі, служыць для калыхання нагою’ (драг., З нар. сл.), усялка ’тс’ (кобр., Нар. лекс.). Няясна; калі прыняць у якасці зыходнай форму з пачатковым в, то хутчэй за ўсё да во́сілка ’почапка, дужка (напр., у вядры)’, аднак пры гэтым узнікаюць пэўныя фармальныя цяжкасці ў адносінах вакалізму (пры тлумачэнні пераходу і або е ў я); пры зыходнай форме з г, магчыма, ад гу́сяць — «спешчанай» дзеяслоўнай формы да гу́шкаць ’калыхаць’; ’падкідаць’, тады формы з в у выніку змены ўспрынятага ў якасці пратэзы пачатковага г, параўн. вузы́р ’ніжняя частка снапа’ < гузы́р ’тс’ і інш.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Галайстра́ ’галота’ (БРС). Бліжэйшыя адпаведнасці ва ўкр. мове. Параўн. укр. гала́йстра ’натоўп, гурт народу, дзяцей’, хала́йстра, хала́стра ’зброд’ (прыклады са слоўніка Жэляхоўскага), галайстра́ ’натоўп дзяцей’ (паўночнанадднястроўскае). Паколькі ва ўкр. мове гэтыя словы ў заходніх дыялектах, то можна меркаваць, што яны запазычаны з польск. мовы. Параўн. польск. chałastra, hałastra, hałajstra ’тс’. Гэта слова ёсць і ў чэш. мове (halastra, chalastra ’тс’, у ляшскіх гаворках) і ў славац. (hajstra, hajštra, hojštra ’грубая жанчына’). Лічыцца словам няяснага паходжання (Махэк₂, 157; Брукнер, 175, 676; апошні дае вельмі няпэўную этымалогію: магчыма, звязана з chátra, chasa, чэш. словамі для «зброду»). Адносна бел. слова можна толькі меркаваць, што яно, як і ўкр. слова, запазычана з польск. мовы. Падрабязны агляд этымалагічных версій гл. у Слаўскага, 1, 398.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)