бараба́н, ‑а, м.
1. Ударны музычны інструмент у выглядзе шырокага цыліндра або рамы, на якія з аднаго ці двух бакоў нацягнута скура. Бадзёрыя гукі труб і зычны стук барабана біліся ў шыбы вокан, вабячы Рыгора. Гартны. З вясны да восені кожнай раніцы чуюцца тут гукі горна, гулкія ўдары барабана, дзіцячыя галасы, смех, песні. Хомчанка.
2. Спец. У розных машынах і механізмах — рухомая дэталь, якая мае форму цыліндра. На версе стары Тодарчык ці сама Волька Янкава кідаюць снапы ў барабан — у чорную ляпу малатарні. Пташнікаў. Сцёпка паспеў расстраляць усе патроны і зноў зарадзіў барабан. Хомчанка.
3. Спец. Цыліндрычная або шматгранная частка будынка, якая падтрымлівае купал. На выступе густа раслі дрэвы, а між дрэў шарэла вузкая будыніна, падобная на царкву без барабанаў і купалаў. Караткевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
валачы́цца, ‑лачуся, ‑лочышся, ‑лочыцца; незак.
1. Цягнуцца па зямлі, падлозе і пад. За трактарамі валачыліся прывязаныя да іх счэпы з плугоў, баран, культыватараў, сеялак. Хадкевіч. Крывая тонкая шабля паручніка валачылася па зямлі. Скрыган. // Хадзіць услед за кім‑н. Я быў на сёмым небе і пачаў валачыцца за ім след у след, як абнаджаны шчанюк. Лужанін.
2. Разм. Вандраваць, блукаць; бадзяцца. Курачка валачыўся па вёсках і хутарах пад выглядам шаўца. Чарнышэвіч. [Мікола:] — Валачыцца тут [Капейка] хутка год. А хто, адкуль — так і не дойдзеш да ладу. Брыль. [Бацька:] — Дзе ты ноч у ноч валочышся? Навуменка.
3. за кім. Разм. пагард. Заляцацца. А што за.. [Варай] валочыцца і пры кожнай сустрэчы чэпіцца да яе гэты белабрысы брыгадзір Даніла Анішчык, Вара і не вінавата. Дуброўскі.
4. Зал. да валачыць (у 4 знач.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
крык, ‑у, м.
1. Вельмі моцны, рэзкі гук голасу. Бывала, ўлетку, ў час рабочы Не раз там чуўся крык вясёлы: — Го, тата! дзядзька! выйшлі пчолы! Колас. // Плач уголас (пра дзяцей). — Ма-ма! — даляцеў адчайны дзіцячы крык, перамешаны з плачам. Васілевіч. // Пра рэзкія гукі, якія ўтвараюцца птушкамі, жывёламі. Жураўліны крык. □ Луналі чайкі ў сінім паднябессі І крыкам нас віталі з вышыні. Аўрамчык.
2. перан.; чаго. Моцнае праяўленне якога‑н. пачуцця. — Страшна! — тут ужо Іван Васільевіч насцярожыўся, бо словы дачкі не здаліся жартам — крык душы. Шамякін.
3. Папрокі, нападкі рэзкім, павышаным тонам; сварка, лаянка. Падняць крык. □ — С-слухай... як цябе там... танцор... Ведаеш, не магу я глядзець на тваю работу... — І перайшоў на крык, прарэзлівы, хрыплы: — Брыгадзір! Дзе брыгадзір?! Вышынскі.
•••
(Апошні) крык моды — пра модную навінку [пераклад з фр. dernier cri (de la mode).]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
каляі́на, ‑ы, ж.
1. Паглыбленне, след на дарозе ад колаў або ад санных палазоў. Дарога тут была малаезджаная, бадай што без каляін. Карпаў. Фурманка выехала ў поле, колы ціха і мякка шаргацелі па пыльных каляінах. Мележ. Ногі коўзаюцца і пападаюць у каляіны ад палазоў. Галавач.
2. Разм. Чыгуначны пуць, каляя. Эшалон стаяў на апошняй каляіне. Чорны.
3. перан. Пра звычайны ход якіх‑н. спраў, прывычнае натуральнае працяканне чаго‑н. — Я вам кажу! — павысіў голас.. Сімон, трапляючы ў сваю звычайную каляіну. Самуйлёнак. А цэлы рад збаноў на плоце Казаў аб тым, што гаспадыня Была ўжо ў моцнай каляіне І што яе, таксама, справа Вялася добра і рухава. Колас.
•••
Выбіцца з каляіны гл. выбіцца.
Выбіць з каляіны гл. выбіць.
Увайсці ў каляіну гл. увайсці.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
дэманстрава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; незак.
1. Прымаць удзел у дэманстрацыі (у 1 знач.). Сымон Чуйка тады, калі была дэманстрацыя ў гарадку, таксама быў там. Ён дэманстраваў разам з усімі. Чорны.
2. што. Паказваць што‑н. публічна, наглядным спосабам. Дэманстраваць новы кінафільм. Дэманстраваць свае дасягненні на выстаўцы. □ Давялося з вобласці запрасіць лектараў, якія адразу ж перад людзьмі дэманстравалі працэс абнаўлення абразоў, растлумачвалі недарэчнасць боскіх пісьмаў. Сабаленка. // Знарок падкрэсліваць, выстаўляць напаказ што‑н. Калі паміж Васілём і Аўгінняю вынікалі нелады, Аўгіння на злосць Васілю, сумыслу дэманстравала сваю прывязанасць да Алесі. Колас. Міхал зразумеў, што тут яму не рады, баяцца яго і нават дэманструюць сваю непрыязнасць. Карпаў.
3. што. Сведчыць пра што‑н., паказваць сабой на што‑н. Дзяржаўны бюджэт Савецкага Саюза наглядна дэманструе перавагі сацыялістычнай сістэмы гаспадаркі перад капіталістычнай.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
жы́ла, ‑ы, ж.
1. Разм. Крывяносны сасуд.
2. Разм. Тое, што і сухажылле. Стаяў Патапавіч на адным сваім пункце і цяпер стаіць: не хапайся адразу за многае, а то жылы трэснуць. Кулакоўскі.
3. Трэшчына ў зямной кары, запоўненая горнай пародай, а таксама сама горная парода ў такой трэшчыне. Залатаносная жыла.
4. Разм. Багністае месца з падземнай крыніцай. — Тут.. [фашысты] хутка не пройдуць Вунь каля таго куста такая жыла, што засмокча іх з галавой. Шамякін.
5. Асобны провад кабелю. Правады — сотні жыл — Неслі сілу ў сёлы. Бялевіч.
•••
Выцягнуць (усе) жылы гл. выцягнуць.
Залатая жыла — пра вельмі багатую крыніцу даходу.
Ірваць жылы гл. ірваць.
Кроў ледзянее (стыне) (у жылах) гл. кроў.
Напінаць жылы гл. напінаць.
На ўсе жылы; з усіх жыл — на поўную сілу.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
загі́нуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.
Паддацца знішчэнню, перастаць існаваць (звычайна пры якой‑н. катастрофе, няшчасці і пад.). У агні загінула ўся маёмасць. Пасевы загінулі ад засухі. □ Значная частка літаратурнай спадчыны Ф. Багушэвіча загінула. Шкраба. // Перастаць жыць, памерці насільнай смерцю. Загінуць смерцю героя. □ Дарогу чорны снег заносіць — Загінуць можа чалавек. Чарот. Не судзі, доля, у прымах жыць і на чужой зямлі загінуць. З нар. // перан. Знікнуць, знішчыцца, прапасці. — Э! Ёсць чаго смуткаваць! — адзываецца першы Раманчык і заліхвацка махае рукою: — Знойдуцца людзі, а мой тут і след загіне і памяць пра мяне памрэ. Колас. Сэрца чарсцвела, рабілася каменным, толькі адно кволае пачуццё і засталося ў ім — матчына каханне да сына, — усе іншыя радасці жыцця незваротна загінулі для яе. Мурашка.
•••
Загінуў, як рудая мыш — прапасці марна, нізашто.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
замахну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.
1. чым, на каго і без дап. Узмахам падняць, адвесці (руку або які‑н. прадмет) для ўдару. [Наезнік] выхапіў з гарачкі шаблю і замахнуўся на Рыля. Колас.
2. перан.; на каго-што і без дап. Намерыцца зрабіць што‑н. вялікае, цяжкае, значнае. Шарэйку толькі іншым разам шкода было, што некалі, будуючы хату, на вялікае замахнуўся, бо тая камора, што была на правы бок ад сенцаў, стаяла пустая. Чыгрынаў. Што замахнуўся, тут высока, хлапчына гэта разумеў. Ён зрок узняў на Саламею, ён пакахаць яе пасмеў!.. Машара. // Зрабіць спробу незаконна захапіць што‑н., пазбавіць каго‑н. чаго‑н. Замахнуцца на чужое дабро. □ [Акупанты] нават не дапускалі думкі, што ў горадзе, у глыбокім тыле нехта асмеліцца замахнуцца на іх жыццё. Новікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
вы́сунуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.
1. Паказацца адкуль‑н.; выставіцца. Высунуцца з вады. Высунуцца з акопа. □ Машына спынілася на скрыжаванні. Шафёр, малады хлопец, амаль юнак, высунуўся з кабіны. Шамякін. // Разм. неадабр. Недарэчы ўмяшацца ў што‑н., выступіць з чым‑н. Ніхто не прыдаваў тут сур’ёзнага значэння таму праекту, з якім .. [Лабановіч] так няўдала высунуўся. Колас.
2. Выйсці, выступіць наперад адкуль‑н. Калі наперад высунуўся Сцёпка, то ён стаў у баявую позу і прыняў вельмі грозны від. Колас. // Выдацца за мяжу чаго‑н. Губы былі да таго сціснуты, што падбародак высунуўся наперад. Бядуля. // Паказацца, з’явіцца. Уперадзе з-за гарызонта высунуўся даўжэзны горны хрыбет. Гамолка. // Разм. Павольна, не спяшаючыся выйсці адкуль‑н. [Маня:] — Куды вы, тата, сабраліся? — От куды-небудзь высунуся з хаты. Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
гру́дзі, ‑ей; адз. няма.
1. Пярэдняя частка тулава ад шыі да жывата. Зашпіліць вопратку на грудзях. □ І тут Марына не ўтрымала — Ды гэта ж ён! ды гэта ж брат! На грудзі брату тварам пала. — Ігнатка! брацік мой Ігнат... Колас. // Частка тулава, у якой змяшчаюцца сэрца, лёгкія і інш. органы грудной клеткі. Дыхаць на поўныя грудзі. □ І здавалася Міколку, што вылеціць яго сэрца з грудзей ад вялікай радасці. Лынькоў.
2. Малочныя залозы ў жанчыны. Малая адрывалася ад пустых грудзей і крычала, ёй хацелася есці. Шамякін.
3. Разм. Верхняя пярэдняя частка адзення. Кашуля з вышыванымі грудзьмі.
•••
Біць (сябе) у грудзі гл. біць.
Грудзьмі пралажыць (пракласці) сабе дарогу гл. пралажыць.
Дыхнуць на поўныя грудзі гл. дыхнуць.
Прыгрэць змяю (гадзюку) на (сваіх) грудзях гл. прыгрэць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)