ГРАБА́РКА

(Grabarka),

гара ў Беластоцкім ваяв. Польшчы, праваслаўная святыня. За 11 км на У ад г. Семятычы, 3 км ад чыг. ст. Сычы. Набыла вядомасць святога месца пасля перанясення сюды абраза Спаса Збавіцеля з суседняга г. Мельнік (паводле падання, паміж 13 і 17 ст. ў час вял. небяспекі). Абраз не захаваўся. У 1947 на Грабарцы заснаваны жаночы манастыр святых Марфы і Марыі. З таго часу тут адбываюцца масавыя набажэнствы, найб. урачыстыя ў маі (Маладзёжнае агульнапольскае паломніцтва) і ў свята Праабражэння Гасподняга (19 жн. н. ст.), калі тут збіраецца 50—70 тыс. паломнікаў з Польшчы, Беларусі, Украіны і інш. краін. Паломнікі прыносяць і ставяць на Грабарцы ахвяравальныя крыжы (іх тут некалькі тысяч).

Літ.:

Święta Góra Grabarka. Białystok, 1995.

М.Р.Гайдук.

т. 5, с. 378

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́ДЗЕНСКІ ГІСТО́РЫКА-АРХЕАЛАГІ́ЧНЫ ЗАПАВЕ́ДНІК.

Створаны ў 1967 у Гродне на тэр. Замкавай Гары, якая займае трохвугольны пагорак на мысе, утвораным пры ўпадзенні р. Гараднічанка ў Нёман. У 12—17 ст. тут існаваў Гродзенскі Стары замак, на паўн. рагу яго размяшчаўся Гродзенскі княжацкі церам, у цэнтр. частцы — Гродзенская Ніжняя царква, на месцы якой пазней пабудавана Гродзенская Верхняя царква. У 1580 тут пабудаваны палац Стафана Баторыя, у будынку якога цяпер размяшчаецца Гродзенскі гісторыка-археалагічны музей.

т. 5, с. 431

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕРКУЛЕ́САВЫ СЛУПЫ́,

старажытная назва масіваў Гібралтарская скала і Муса па баках Гібралтарскага праліва. Паводле міфа пра Геракла, ён на шляху да велікана Герыёна паставіў тут 2 скалы. У пераносным сэнсе выраз «дайсці да Геркулесавых слупоў» азначае дайсці да мяжы.

т. 5, с. 175

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЛАЯ ГАРА́

(Bilá Hora),

гара ў Чэхіі, побач з Прагай. Тут 8.11.1620 у час Трыццацігадовай вайны 1618—48 імперска-баварскія войскі (Каталіцкая ліга) разбілі чэшскія войскі (Пратэстанцкая унія). З гэтага часу Чэхія страціла сваю самастойнасць і на 300 гадоў трапіла пад уладу аўстрыйскіх Габсбургаў.

т. 3, с. 72

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕРХНЕАНГА́РСКАЯ КАТЛАВІ́НА,

у Прыбайкаллі, паміж Верхнеангарскім і Паўночна-Муйскім хрыбтамі, у Расіі. Працягласць больш як 100 км, шыр. 40 км, выш. ад 470 да 800 м. Дрэніруецца р. Верхняя Ангара, рэчышча якой тут падзяляецца на рукавы і пратокі. Лугава-балотная расліннасць, участкі лістоўнічных, хваёвых і бярозавых лясоў.

т. 4, с. 109

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАГЕ́МІЯ

(лац. Bohemia),

1) першапачаткова назва тэр., на якой утварылася Чэхія. Ужывалася ант. гісторыкамі Тацытам, Пталамеем і інш. На пач. 1 ст. край заваяваны герм. плямёнамі маркаманаў. У 6 ст. тут пасяліліся слав. плямёны (продкі чэхаў).

2) У 1526—1918 афіц. назва Чэхіі, якая ўваходзіла ў склад Габсбургскай імперыі.

т. 2, с. 207

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУ́РЫЯ,

гістарычная вобласць на З Грузіі (сучасныя Махарадзеўскі, Чахатаурскі і Ланчхуцкі р-ны Грузіі). У 14 — пач. 19 ст. тут існавала Гурыйскае княства. У 1811—1917 у складзе Расіі. На яе тэр. адбыліся 2 сял. паўстанні супраць рас. адміністрацыі і мясц. памешчыкаў (у 1841 і 1905), ліквідаваныя рас. войскамі. З 1918 у складзе Грузіі.

т. 5, с. 540

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«АБРА́МЦАВА»,

гісторыка-мастацкі і літ. музей-запаведнік у Расіі. Створаны ў 1977 на тэр. б. сядзіб Абрамцава каля г. Загорск Маскоўскай вобл. (з 1843 належала Аксакавым, з 1870 — Мамантавым, з 1918 тут створаны музей) і Ахтырка.

У 19 ст. адзін э буйных цэнтраў культ. жыцця Расіі. У сядзібе ў С.Аксакава гасцявалі М.Гогаль, І.Тургенеў, М.Шчэпкін і інш. У 1870—90-я г. тут жылі і працавалі В.Васняцоў, І.Рэпін, В. і А.Паленавы, В.Сяроў, К.Каровін, М.Несцераў, М.Урубель і інш. Пры ўдзеле арх. В.Гартмана і І.Ропета ў парку пабудаваны ў «рус. стылі» студыя, «Хатка на курыных ножках», царква, дача для мастакоў; створаны майстэрні разьбы па дрэве (гл. Абрамцава-кудрынская разьба) і маёлікі; пісаліся дэкарацыі для Мамантаўскага гуртка (паслужыў асновай Маскоўскай прыватнай оперы); у аматарскіх спектаклях удзельнічалі К.Станіслаўскі, Ф.Шаляпін.

Літ.:

Поленова Н.В. Абрамцево: Воспоминания. М., 1922.

т. 1, с. 38

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЭРЭНХІ́МА

(ад аэра... + грэч. enchyma налітае, тут — тканка),

паветраносная тканка, тканка розных органаў раслін, якая выконвае вентыляцыйную і часткова дыхальную функцыі. Аэрэнхіма — рыхлая мадыфікаваная парэнхіма з клетак рознай формы і міжклетнікаў, запоўненых паветрам. Характэрна для многіх балотных і водных раслін (гарлачыкаў, рдзестаў, чароту і інш.), памяншае іх удз. вагу, памагае трымацца на вадзе, назапашвае кісларод і вуглякіслы газ.

т. 2, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЭНСК,

археалагічная стаянка ранняга мезаліту (10—8 тыс. г. назад) ва ўрочышчы Грэнск, каля в. Ворнаўка Кармянскага р-на Гомельскай вобл. Выяўлены рэшткі агнішчаў, вял. колькасць крамянёвага інвентару, у т. л. тронкавыя наканечнікі стрэл (грэнскі тып), вастрыі, праколкі, разцы, скрабкі і інш. Знаходка вял. колькасці нуклеусаў сведчыць пра існаванне тут крэменеапрацоўчай майстэрні. Ад стаянкі атрымала назву грэнская культура.

т. 5, с. 495

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)