По́- прыстаўка для абазначэння розных прасторавых, часавых і іншых адносінаў. Надае значэнні: назоўнікам — ’прадмет, падобны да таго, што названа ўтваральным словам, але не з’яўляецца ім у поўнай меры’: по́гуд ’невыразны гул’ (Сцяшк. Сл.), по́кут ’покуць’, по́кліть ’свіран, клець’ (Тарн.); прыметнікам і прыслоўям — ’некаторае ўзмацненне якасці’ ці ’прысутнасць яе ў малой меры’: по́даўна ’даволі даўно, даўнавата’ (ТСБМ, Нас., Шат., Сл. ПЗБ, ТС), по́дыўна ’тс’ (Бяльк.), по́даўка, по́цесна ’цеснавата’, по́вісокі ’высакаваты’, по́малы ’малаваты’, по́цемна ’цемнавата’, по́весел ’пад чаркай’ (Нас.), по́велікі ’велікаваты’ (ТС). Паводле Цвяткова, по‑ ў апошніх формах генетычна суадносіцца з паказчыкам вышэйшай ступені параўнання ў балгарскай мове: по‑висок ’вышэйшы’ (Цвяткоў, Запіскі, 51); а таксама ў македонскай мове: помлад ’маладзейшы’. У тым жа значэнні вядома большасць славянскіх моў: укр. по́широкий ’трохі шырэйшы’, по́твердний ’цвердаваты’, польск. pobielawy ’белаваты’, чэш. posilný ’даволі моцны, трохі мацнейшы’, в.-луж. počorni ’чарнаваты’, н.-луж. pocarny ’тс’, славен. počrn ’тс’, серб.-харв. подобар ’даволі добры’; гэта дазваляе рэканструяваць праслав. *po‑ з адпаведным значэннем, параўн. лат. padargs ’задарагі, дарагаваты’, што выводзіцца са значэння ’пасля, за’ адпаведнага прыназоўніка (ESSJ, 1, 189; БЕР, 5, 395; Скок, 2, 692–693; ESJSt, 11, 667), гл. па1, па2.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лыга́ць ’глытаць’ (Сцяшк.; свісл., Шатал.; Нар. Гом.), лыґа́ць ’тс’, лыгну́ць ’глынуць’ (свісл., беласт., Сл. ПЗБ), ’прагна выпіць’ (Ян.), лыґнуць, лыгену́ць ’грызнуць’, лыгам ’залпам’ (Сцяшк. Сл.), лы́гаць ’хутка, спяшаючыся есці’ (Бяльк.), ’есці (пра гусей)’ (Сцяц.), ’хлябтаць, лыкаць’ (ТС). Укр. лига́ти ’прагна піць, есці’, лигону́ти ’хлябтаць вялікімі глыткамі’, лигнути ’тс’, ’жэрці’; польск. łygać ’глытаць’ (паводле Слаўскага, 5, 392 — запазычанне з укр. мовы), чэш. мар. łygať, славац. ligac ’тс’. Прасл. паўн. lygati, якое з’яўляецца варыянтам прасл. lykati — ітэратыва да lъkati, lъknǫti > лкаць (гл.).

Лыга́ць2 ’нанізваць што-небудзь на шнурок, дрот’ (ТСБМ), ’браць на повад (карову, вала), начэпліваць вяроўку на шыю жывёле’ (ТСБМ, Сцяшк. Сл.; мазыр., З нар. сл.), лыгво ’налыгач на шыі вала’ (ельск., КЭС), ’вяроўка, на якую бяруць карову’ (мазыр., З нар. сл.). Укр. лига́ти ’накідваць вяроўку на рогі вала’, поли́гатися ’сыйсціся’, залига́ти ’завязваць, зблытваць’, рус. сарат. лигози́ть ’блытаць ніткі пры тканні’. Генетычна роднаснае да літ. laigõnas ’швагер’, ст.-грэч. λοιγωντίαν φρατρίαν (Гесіхій), а таксама з польск. liga ’вяроўка, шнур, якім абшываецца край ветразя (у плытагонаў)’, якое запазычана з н.-ням. līk (гальштынск. liek, гал. lijk ’тс’) — гл. Слаўскі, 4, 250. Да і.-е. *lieg‑//*leig̑‑, параўн. лац. ligāre ’звязваць, прывязваць’, алб. lith ’перавязваю’, с.-н.-ням. līk ’павязка’, ст.-ісл. lík ’ліна для ўмацоўвання грузаў’ (Бернекер, 1, 717; Фасмер, 2, 494; Трубачоў, Проспект, 59).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Калі́ прысл., злучн. у розных значэннях (ТСБМ, Бяльк., Грыг., Мал., Нас., Нік. Напаў., Нік., Оч., Сержп., Сержп. Прымхі, Радч., Шат., Сл. паўн.-зах., ТС (колі)). Укр. коли, рус. коли, коль, ст.-чэш. koli, славен. koli, балг. уст. коли, ст.-слав. коли. Прасл. koli/kole, падрабязна аб фіксацыях і формах у слав. мовах гл. ESSJ SG, 2, 356–360. Там жа мяркуецца, што слова ўтворана ад і.-е. займеннай асновы *ku̯o‑ (аб якой падрабязна гл. пад хто), пашыранай i‑ партыкулай. Пры гэтым, верагодна, структура была ўтворана яшчэ ў даславянскі перыяд, паколькі ў літ. мове адзначаюць як надзейныя паралелі kõl, kõlei (дыял. kõlaik) ’як доўга, пакуль’. Больш праблематычная сувязь з лац. quālis, ’які’, грэч. πηλίκος, якая прымалася шэрагам этымолагаў, нягледзячы на фармальную перашкоду. Калі дапусціць такую сувязь для і.-е. перыяду, неабходна аднавіць архетып *ku̯ā‑, што прымусіла Покарнага (1, 646) рэканструяваць праформу *ku̯o/ku̯a‑, аднак апрача фармальнай перашкоды ёсць яшчэ і семантычныя. Што датычыць іншых і.-е. паралелей, неабходна згадаць яшчэ прапанову Махэка₂, 269, які не сумняваўся ў тоеснасці слав. утварэння і ст.-інд. ‑khálu. Апошняе звычайна ўжываецца пасля займеннікаў, параўн. na khálu ’зусім не’ і ніколі, чэш. nikoli. Гэта прапанова патрабавала б раздзялення як генетычна розных функцыянальных варыянтаў слав. koli, што не здаецца правільным. Параўн. яшчэ іншыя меркаванні адносна архетыпу ў ESSJ S J, 2, 360.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Клуб1 ’культурна-асветная ўстанова’ (ТСБМ). Праз рус. клуб з англ. club (Шанскі, 2, 8, 165).

Клуб2 ’лятучая шарападобная маса пылу, дыму, пары, клубок’ (ТСБМ, ТС, Сл. паўн.-зах., Дуж-Душ., КЭС, лаг.). Укр. клуб, рус. клуб ’тс’, балг. кълбо, серб.-харв. клу̏пко, славен. klóbko ’тс’, польск. kłąb, чэш. kloub, славац. klbo, н.-луж. klub ’тс’. Прасл. klǫbъ параўноўваецца з лац. glomus, globus, на аснове якіх можна рэканструяваць *klombos як крыніцу праславянскай лексемы. Параўн. Трубачоў, Ремесл. терм., 108–109; Пізані, Paideia, 24, 3–6, 212; Мартынаў, Изоглоссы, 11. Апошні — прыхільнік італійскага паходжання прасл. klǫbъ, хаця абсалютныя сінонімы з балтыйскімі адпаведнікамі ў славянскіх мовах не выяўлены. Трэба ўзяць пад увагу тое, што нельга ў даным выпадку гаварыць аб генетычнай тоеснасці, паколькі італійскія і славянскія мовы не мелі агульнай прамовы. А калі ўлічыць, што славянскія пранікненні ў італійскую прамову адсутнічаюць, мы вымушаны дапусціць італійскую крыніцу для прасл. klǫbъ.

Клуб3 ’косці таза, тазавыя косці, якія выступаюць ніжэй пояса’ (Шат., Сл. паўн.-зах., Сцяшк., Яруш., Клім., Мат. АС, Дразд., З нар. сл., КЭС, лаг.). Укр. клуб ’сцягно’, польск. kłąb, чэш. kloub ’сустаў’, славац. klb ’сустаў, сцягно’, н.-луж. klub ’сцягно’, в.-луж. kluba ’тс’, палаб. klob ’тс’. Геаграфія klǫbъ у гэтым значэнні сведчыць аб агульнапаўночнаславянскай інавацыі. Генетычна klǫbъ ’сцягно’ звязана з klǫbъ ’клубок’ (гл. клуб2).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Медзь, міедь, мідь ’вязкі і коўкі метал чырванаватага колеру’, ’выраб з медзі’, ’медныя грошы’ (ТСБМ; драг., КЭС; Бес.). Укр. мідь, рус. медь, польск. miedź ’медзь’, н.-луж. měź ’тс’, ’бронза’, ’латунь’, в.-луж. mjedź ’руда’, а значэнне ’медзь’ — з чэш. мовы (Шустар-Шэўц, 12, 920); чэш. měď, славац. meď ’медзь’, славен. mẹ̑d ’медзь’, ’латунь’, серб.-харв. mjȅd, макед., балг. мед, ст.-слав. мѣдь ’медзь’. Прасл. mědь не мае генетычна блізкіх і.-е. адпаведнікаў. Яе збліжаюць са ст.-ісл. smiðr, ст.-в.-ням. smid ’каваль’, з ірл. mēin(n) ’метал руды’, ст.-грэч. σμίλα ’нож для вырэзвання’ (Міклашыч, 194; Аткупшчыкоў, Из истории, 157). Бернекер (2, 46) параўноўваў яе з ц.-слав. смѣдь ’цёмны, шэры’. Больш падрабязна літаратуру гл. Фасмер (2, 591), Покарны (697). Абаеў (Зб. Младэнаву, 321) выводзіць лексему mědь з назвы краіны Мідзія са ст.-іран. Māda‑ праз ст.-грэч. іян. Μηδία, з якой медзь іянійцы прывозілі ў свае калоніі на Чорным моры (Ольвія і інш.). Аналагічна лац. cuprum ’медзь’ < ст.-грэч. Κύπρος ’Кіпр’. Сюды ж медзякі ’медныя грошы’ (Яруш., ТСБМ) (відаць, з разм. рус. медяки), ме́дны, медзя́ны, медзяні́сты ’які мае адносіны да медзі: зроблены з медзі, падобны колерам на медзь або да іншых каляровых металаў’ (ТСБМ, Нас., Бяльк., Сл. ПЗБ), ме́дзень ’медны кацёл’ (паўд.-усх., КЭС).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Круты́1 ’стромкі, высокі’ (ТСБМ, Бяльк., З нар. сл., Яруш., Касп., Сцяшк., Сержп. Ск., Мат. Гом., Сл. паўн.-зах.). Укр. крутий, рус. крутой ’тс’. Іншыя славянскія паралелі не ведаюць такога значэння. Але яно дакладна адпавядае літ. krañtas ’круты, стромкі бераг’, лат. krañts ’бераг’. Таму ёсць падставы аддзяліць ад аманімічнага прасл. krǫtъ (гл. круты2 і круты3). Можна таксама меркаваць аб тым, што прасл. bergъ ’круты бераг’ (магчыма, германскага паходжання) выцесніла прасл. krǫtъ у гэтым значэнні, *krǫtъ bergъ ’круты бераг’ рэалізавалася ў тых дыялектах, у якіх bergъ страціла значэнне ’круты’, а krǫtъ адпаведна яго зберагло. Параўн. Міклашыч, 138; Траўтман, 142; Брукнер, 267; Слаўскі, 18, 276–277.

Круты́2 ’спрытны, лоўкі’ (Сцяшк. Сл., Сл. паўн.-зах.). Гл. круты3.

Круты́3 ’моцна скручаны’ (ТСБМ, Бяльк., З нар. сл., ТС, Сл. паўн.-зах., Мат. Гом.). Укр. крутий, рус. крутой ’тс’, серб.-харв. кру̑т ’тлусты, цвёрды, тугі’, славен. krȏt ’люты, шалёны’, польск. kręty ’кручаны, сільны’, чэш. krutý, славац. krutý ’кручаны, сільны, шалёны’, н.-луж. kšuty ’моцна скручаны, тугі, моцны’, в.-луж. kruty ’цвёрды, моцны, шалёны’. Прасл. krǫtъ ’тугі, скручаны, сільны, шалёны’, відаць, усё ж такі генетычна звязана з krǫtъ ’круты, стромкі (бераг)’, але семантычна адышло ад яго (гл. круты1).

Круты́4 ’посны’ (Мат. Гом.). Да круты3. Семантычнае развіццё: ’моцна звараны без тлушчу (аб кашы)’ > ’посны’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кудзе́ля ’валакно льну, канапель, апрацаванае для прыгатавання пражы’ (ТСБМ, Нас., Касп., Шат., ТС, Сл. паўн.-зах., Нік. Очерки, Серб., Шпіл., Бяльк., Мат., Янк. 1, Чуд.). Укр. куделя, рус. кудель ’тс’, балг. къделя, серб.-харв. ку́деља, славен. kodȇlja ’тс’, польск. kądziel, чэш. koudel, в.-луж. kudźel, н.-луж. kuzel ’тс’. Параўн. кужаль (гл.), кужэль (гл.). Частка форм, якія ўзыходзяць да kǫžel, мае значэнне ’кудзеля’ (бел. кужаль ’ачэсаны і ачышчаны лён’, укр. кужіль ’ачэсаны лён, прыгатаваны для прадзення’, параўн. рус. кудель у тых жа значэннях). Такім чынам, kǫdelь і kǫželь могуць мець тоесную семантыку. Спробы даць прасл. kǫdelь этымалагічнае тлумачэнне былі няўдалымі. Такім з’яўляецца супастаўленне kǫdelь з літ. kedénti ’скубеш воўну’, якое генетычна суадносіцца з kedė́ti ’трэскацца, лопацца’, kėdóti рваць у розныя бакі’, kẽdaras ’лахманы’, а далей са ст.-грэч. σκεαννύναι ’расшчапляю’, літ. skedervà ’асколак’ (параўн. Фрэнкель, 233). Таксама няўдалай з’яўляецца спроба звязаць kǫdelь з kǫdьrь (гл. кудзер) з выдзяленнем у іх агульнага прэфікса (kǫdelьc і.-е. *del‑/*dol‑ ’расколваць’ з рэканструкцыяй першаснага значэння плесці’, якое не збераглося ў жывых дыялектах) (параўн. Трубачоў, Ремесл. терм., 99). Зыходзячы з факта спарадычнага змяшэння і у карысць у праславянскай мове, мяркуем, што kǫdelь < *kǫgelь (якое дало таксама kǫželь) (Мартынаў, Слав. акком., 64–65).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пе́шы, пе́шый ’які ідзе пехатой; пяхотны, не конны’ (ТСБМ, Бяльк.). Укр. пі́ший, рус. пе́ший, сімб. пѣхій (Даль, 3, 551), разан. пѣсью ’пешшу’, польск. pieszy, н.-луж. pěšy, в.-луж. pěši, чэш. pěší, pěchý, славац. peší ’тс’, славен. ki gre pẹ̑š, старое pẹ̑š ’пешы’, серб.-харв. пје̏шице, старое пје̏ше ’пяшком’, макед. пеш, пешки, пеша, балг. пеш, пе́ши, ст.-слав. пѣшь ’пешы’. Прасл. pěšь < pěs‑jь, якое (праз форму pěsъ) узыходзіць да і.-е. *pēd‑su ’на нагах (ісці)’ у процівагу ’ехаць на кані, на лодцы’ < і.-е. pēds ’нага’ (’ступня’) (Мее, MSL, 14, 314; Махэк₂, 446; Бязлай, 3, 29). Фасмер (3, 257) сумняваецца ў гэтым, даводзячы, што ў такім выпадку слав. форма была б pěsъ. Зыходнай формай для прасл. pěšь ён падае *pēdsios, вытворнага ад pēd‑ ’ступня’, лац. pēs, pedis ’нага’, літ. pèdè ’след нагі’, лат. pę̂ds ’тс’, pę̂da ’падэшва’, ст.-грэч. πούς, Р. скл. ποδός, дарычн. πώς ’ступня’, ст.-інд. padám ’след нагі, ступня’, гоц. fōtus, літ. pésčias ’пешы’ (і.-е. скланенне было атэматычным, з аблаўтам: Н. скл. pēd‑s, Р. скл. pod‑ós). Першапачатковая і.-е. лексема pēd‑s пазней у слав. прамове замянілася на noga, у балт. (літ.) — на kojà ’нага’. Аб прасл. *pěšь(jь) ’слабы, стомлены’, звязаным генетычна з *pьxati, гл. Варбот, Этимология–1971, 18–19.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пі́сар1 ’ніжэйшая службовая асоба, якая займалася перапіскай’, канцылярскі служачы’, ’сакратар’ (ТСБМ, Нас., Др.-Падб., Гарэц., Сл. ПЗБ); ст.-бел. писаръ ’пісар’; стараж.-рус. писарь ’мастак, жывапісец’ (1045 г.), укр. писарь ’пісар’, польск. pisarz, н.-луж. pisaŕ ’пісьменнік’, в.-луж. pisar ’перапісчык’, чэш. písař ’пісец’, ’пісар-перапісчык’, славац. pisár ’тс’, славен. pisár той, хто піша’, ’пісец’, ’пісар’, ’пісьмавод’, серб.-харв. пи̏сар ’пісар’, ’перапісчык’, макед. писар ’пісар’, балг. пѝсар ’тс’, ’пісец’. Новае слова, утворанае ў Сярэднявеччы ад пісаць са значэннем ’пісаць’. Суфікс ‑ар узыходзіць да познепрасл. *‑arʼь, які ўтвараў назвы выканаўцаў і быў запазычаны з германскіх ці (у меншай ступені) раманскіх моў, з носьбітамі якіх суседнічалі славяне. Апошняй крыніцай з’яўляецца лац. ‑ārius (Слаўскі, SP, 2, 21–23).

Пі́сар2 ’госць на вяселлі, які дзеліць каравай’ (Сцяшк. Сл.). Відаць, з польск. pisarz weselny ’вясельнік, які камічна важна танцуе з маладой, частуе пры расплятанні касы’. Генетычна узыходзіць да пі́сар1 (гл.).

Пі́сар3 ’шрам на скуры жывёлы’ (чач., ЛА, 1). Таго ж паходжання, што і пісаг (гл.), суф. ‑ар, як у шнар ’шрам’.

Пі́сар4 пісарка ’рыба быстранка. Alburnus bipunctatus L.’ (Інстр. 2). Відаць, запазычана з рус. писарь, писарка ’тс’ або ўкр. писар, писарка ’тс’, што звязаны з *pьsati ’маляваць’ (з-за стракатай афарбоўкі), гл. пісаць (Каламіец, Рыбы, 29).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ту́лаб (ту́лоб), то́луб, ту́луб ‘тулава чалавека’ (Дразд., ТС), ту́луб ‘цела мерцвяка без вантробаў’ (драг., З нар. сл.), ‘туша’ (Пятк. 3), ту́лоб ‘аснова лапця’, ‘аснова жака (венцера)’ (ТС), тулу́б ‘корпус жака’ (ПСл), ту́лап ‘тулава’ (Кал.), тулу́бішча ‘тс’ (асіп., Буз.), та́луб ‘вонкавая частка чаго-н.’: з гарбуза адзін талуб застаўся (Зайка Кос.), тулу́п ‘асноўная частка кашулі, без рукавоў’ (Лекс. Бел. Палесся), ту́луб ‘кажух’ (зах.-палес., ЛА, 4), ст.-бел. тулобъ ‘фігура, выява, балван’: тꙋлобъ его былъ з дерева мистерны​s рѣзаны​s (ГСБМ). Укр. ту́луб ‘цела чалавека або жывёлы’, а таксама ‘ствол, дрэва’; рус. дыял. тулубить ‘рашэціць сцены будынка дранкай і абмазваць іх глінай’; польск. tułub, tułup ‘тулава, корпус’, ‘цела чалавека без галавы і канечнасцей’ (запазычаны з усх.-слав. моў). Лексема, хутчэй за ўсё, паходзіць з прасл. *tulo/*tulъ ‘тулава, корпус’, параўн. стараж.-рус. туло ‘тс’, ст.-харв. (XVIII ст.) tulo ‘цела, тулава чалавека ці жывёлы’, чак. tûl, tulo ‘тс’, якое з першаснага *tou̯‑lo і ўзыходзіць да і.-е. асновы *teu̯(ə)‑/*tēu̯‑/*tū‑ ‘набрыняць, пухнуць’ (Покарны, 1, 1080; Борысь, 654). Гараеў (379) суадносіць лексему з тыл, гл. Праблему складае рэдкая суфіксацыя, параўн. кузуб і кузаў (гл.), што, згодна з Сабалеўскім (Лекцыі, 120) і Фасмерам (4, 118), дазваляе генетычна звязаць тулуб і тулаў, гл. наступнае слова.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)