АГРАГЛЕ́БАВЫ РАЁН,

таксанамічная адзінка глебава-геаграфічнага раянавання; састаўная частка глебава-кліматычнай акругі з пэўным комплексам прыродных і эканам. умоў. Вылучаецца паводле генетычна аднолькавага тыпу рэльефу, глебавага покрыва, мезаклімату, ступені забалочанасці, умоў для гасп. дзейнасці і інш. На тэр. Беларусі 20 аграглебавых раёнаў. Гл. карту пры арт. Глебава-геаграфічнае раянаванне.

т. 1, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛАБІ́Н,

бялковая частка гемаглабіну. Сувязь паміж гемам і глабінам устойлівая, разбураецца толькі ў кіслым асяроддзі. Пасля адшчаплення гема бялок траціць натыўныя якасці. Скорасць сінтэзу глабіну ў арганізме вельмі вялікая, што звязана з інтэнсіўным аднаўленнем эрытрацытаў. Генетычна абумоўленыя анамаліі ў сінтэзе глабіну вызначаюць некаторыя хваробы крыві (серпападобнаклетачную анемію і інш.).

т. 5, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕВАРУ́КАСЦЬ,

пераважнае карыстанне левай рукой пры выкананні розных дзеянняў. Абумоўлена генетычна дэтэрмінаваным дамінаваннем правага (а не левага, як у праўшы) паўшар’я галаўнога мозга. Выяўляецца ў канцы першага года жыцця. Назіраецца ў 1—7% людзей. Леварукія дзеці ў фіз. і псіхічным развіцці не адстаюць ад праварукіх, насільнае перавыхаванне не рэкамендуецца.

т. 9, с. 178

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯТЫ́П (ад бія... + тып),

1) сукупнасць асобін у складзе папуляцыі (унутрыпапуляцыйная групоўка) з падобным генатыпам. У 1920—30-я г. Біятып разглядаўся як самая дробная таксанамічная катэгорыя, з якой складаецца від (гл. Экатып). Зрэдку да біятыпу адносяць групу асобін, падобных фенатыпічна, але не абавязкова генетычна ідэнтычных.

2) Тое, што жыццёвая форма.

т. 3, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЯНЕ́ЎСКАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура мезаліту (8,5—7 тыс. г. назад) у міжрэччы р. Волга і Ака. Генетычна звязана з грэнскай культурай паўн. і цэнтр. часткі Верхняга Падняпроўя Насельніцтва займалася паляваннем, рыбалоўствам і збіральніцтвам. Жытлы наземныя або крыху заглыбленыя ў зямлю, акруглай ці авальнай формы. Характэрны крамянёвыя наканечнікі стрэл грэнскага тыпу, адшчэпы, скрабкі, вуглавыя разцы, вастрыі са скошаным краем, нуклеўсы.

У.​П.​Ксяндзоў.

т. 7, с. 371

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А,

першая літара бел. алфавіта і інш. алфавітаў на лац. і рус. аснове. Графічнае напісанне паходзіць ад кірыліцкага (аз), якое генетычна звязана з грэч. α (альфа), а праз яго з фінікійскім 𐤀 (алеф). У кірыліцы мела і лікавае значэнне 1, з дадатковымі значкамі — 1000, — 10 000, — 100 000, — 1 000 000. У сучаснай бел. мове літара «а» абазначае галосны гук «а» сярэдняга раду ніжняга пад’ёму.

т. 1, с. 7

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АФІЯЛІ́ТЫ [ад грэч. ophis змяя + ...літ(ы)],

асноўныя і ультраасноўныя інтрузіўныя (дуніты, перыдатыты, піраксеніты, габра), эфузіўныя (пераважна базальты і іх туфы) і асадкавыя (глыбакаводныя асадкі акіянскага тыпу) горныя пароды, якія трапляюцца разам. Афіяліты разглядаюць як рэлікты акіянскай кары геал. мінулага, перамешчаныя на ўскраіны мацерыкоў. Важна даследаваць афіяліты, каб выяўляць радовішчы рудаў, генетычна звязаныя з пародамі афіялітавага комплексу (хрому, нікелю, плаціны, золата, ртуці і інш.), а таксама вывучаць развіццё зямной кары.

т. 2, с. 135

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕТЭРАХРАМАЦІ́Н (ад гетэра... + храмацін),

участкі кандэнсаванага храмаціну, які захоўваецца на працягу клетачнага цыкла. Стан гетэрахрамаціну вызначаецца кампактызацыяй ДНК і яе трывалай сувяззю з бялкамі (гістонамі). Інтэнсіўна афарбоўваецца ядз. фарбавальнікамі, уранілацэтатам і ў інтэрфазных ядрах відзён пад светлавым і электронным мікраскопамі як сетка цёмнага рэчыва. Ёсць у цэнтрамеры, целамеры, ядзеркавым арганізатары. Генетычна інертны. Абагачаны сатэлітнай ДНК і ўздзейнічае на актыўнасць генаў у сумежным эўхрамаціне. Гетэрахрамацін лічаць адказным за адгезію (зліпанне) сястрынскіх храматыд, за сінапс храмасом і рэкамбінацыю генаў пры красінговеры.

т. 5, с. 210

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМЕННАБА́ЛКАЎСКАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура сярэдняй пары верхняга палеаліту (21—16 тыс. г. назад) на тэр. паўн.-ўсх. Прыазоўя. Назва ад стаянак ва ўрочышчы Каменная Балка каля хутара Нядвікаўка Растоўскай вобл. (Расія). Насельніцтва жыло на стаянках, займалася паляваннем на каня, зубра, паўн. аленя. Матэрыяльная культура прадстаўлена вырабамі з крэменю: нуклеусамі, мікрапласцінамі, адшчэпамі, разцамі, праколкамі; характэрныя мікраліты — т.зв. чатырохвугольнікі. Раскопкамі выяўлены рэшткі падоўжанага наземнага жытла з агнішчам у цэнтры. К.к. генетычна звязана з імерэцінскай культурай.

А.​В.​Іоў.

т. 7, с. 512

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎНОЧНАКАЎКА́ЗСКАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура эпохі бронзы (2-е тыс. да н.э.) у бас. рэк Кубань і Церак. Аснова гаспадаркі — пастухоўская жывёлагадоўля і земляробства. Пахаванні ў грунтавых ямах, каменных скрынях і скляпах. У стэпах і перадгор’ях могільнікі курганныя, у гарах — грунтавыя. Пахавальны інвентар: гліняны посуд акруглых форм з адбіткамі вяровачкі, штампаў і налепамі ў выглядзе шышак і валікаў, каменныя булавы і сякеры, бронзавыя лістападобныя нажы, цёслы, сякеры, упрыгожанні. З П.к. генетычна звязаны прыкубанская і кабанская культуры.

І.​М.​Язэпенка.

т. 12, с. 215

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)