група моў, якія адносяцца да індаіранскай галіны індаеўрап, сям’і моў (гл.Індаеўрапейскія мовы). Пашыраны ў Іране, Афганістане, Сярэдняй Азіі, часткова на Каўказе, у Турцыі, Пакістане. Усталяваны падзел на ўсх. і зах. групы не зусім адпавядае іх сучаснаму геагр. пашырэнню. Усх. група ўключае асецінскую, афг., ягнобскую, памірскія, зах. — перс., тадж., курдскую, белуджскую і прыкаспійскія мовы.
Стараж. І.м. — стараж.-перс. (клінапісныя надпісы 6—4 ст. да н.э.); мова «Авесты» (1-е тыс. да н.э.), скіфская (сакская, зберагліся паасобныя словы і ўласныя імёны). Мёртвыя І.м. сярэдняга перыяду (1-е тыс. да н.э.) — сярэднеперс., парфянская, сагдыйская, харэзмійская і інш. Новымі літ. І.м. з’яўляюцца перс., тадж., курдская, афг., асецінская, белуджская (у Пакістане). Стараж. І.м. характэрны развіты сінтакс. лад, флектыўны тып марфалогіі з разгорнутай сістэмай імя і дзеяслова; гэтыя рысы ў сучасных І.м. спрасціліся: страчана катэгорыя роду, скарацілася колькасць склонаў, пашырыліся аналіт. рысы. Асаблівасць сінтаксісу — наяўнасць ізафетнай канструкцыі са спец.марфал. абазначэннем таго слова, да якога адносіцца атрыбут. Вывучае І.м. іраністыка.
Літ.:
Оранский И.М. Иранские языки. М., 1963;
Основы иранского языкознания. [Кн. 1—4.] М., 1979—87.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАДРЫ́ЛЯ (франц. quadrille ад ісп. cuadrilla літар. група з чатырох чалавек),
танец, пашыраны ў многіх еўрап. народаў. Муз. памер як правіла 74. Цотная колькасць пар становіцца па вуглах квадрата або ў 2 рады адзін супраць аднаго. У К. некалькі частак — кален, кожная мае сваю назву (якую звычайна аб’яўляе адзін з танцораў), мелодыю, пэўны парадак рухаў. У канцы 17—19 ст. К. — папулярны салонны танец. На Беларусі пашырана з сярэдзіны 19 ст. Зазнала моцны ўплыў нац. традыцый і стала часткай нар. харэаграфіі. Захаваўшы асн. кампазіцыйныя моманты (размяшчэнне пар па квадраце або радамі, абмен і пераходы партнёраў, пэўная паслядоўнасць фігур), бел. К. па сваім харэаграфічным змесце, колькасці і назвах фігур арыгінальныя і самабытныя. У некат. рэгіёнах ператварыліся ў сюіты з раней вядомых традыц. і новых танцаў.
Існуе шмат мясц. варыянтаў К., у назвах якіх адлюстраваны асаблівасці структуры («Прамая», «Касая», «Крутавая», «З пятага»), колькасць удзельнікаў («Тонкая», «Тоўстая»), мясцовасць бытавання («Лядкаўская», «Ланская», «Турэйская», «Смаргонская», «Воранаўская», «Сянкевіцкая»), сувязь з інш. танцамі («Лянсей», «Урубель»). Паводле нар. К. створана шмат яркіх сцэн. пастановак. Пашырана па ўсёй Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́ЛЬЦЫЙ (лац. Calcium),
Ca, хімічны элемент II групы перыяд. сістэмы, ат. н. 20, ат. м. 40,08, адносіцца да шчолачназямельных металаў. Прыродны складаецца з 6 стабільных ізатопаў, найб.пашыраны 40Ca (96,94%). У зямной кары 3,38% па масе. Трапляецца толькі ў выглядзе злучэнняў (каля 400 мінералаў); вапняк, мармур, мел, апатыт і інш. Метал атрыманы ў 1808 англ. хімікам Г.Дэві, назва ад лац. calx (calcix) — вапна.
Серабрыста-белы метал, tm 842 °C, шчыльн. 1540 кг/м³. Хімічна вельмі актыўны, аднаўляльнік. На паветры пакрываецца плёнкай з кальцыю аксіду і кальцыю гідраксіду. Узаемадзейнічае з вылучэннем вадароду з вадой і к-тамі (акрамя канцэнтраваных сернай і азотнай), 3 галагенамі, пры награванні — з вадародам, азотам, фосфарам, халькагенамі, вугляродам (гл.Кальцыю карбід). У прам-сці атрымліваюць электролізам расплаву сумесі хларыдаў CaCaCl2 (75—85%) і KCl ці алюматэрмічным аднаўленнем К. аксіду. Выкарыстоўваюць для аднаўлення урану, торыю, цэзію, рубідыю, тытану, цырконію і некат. лантаноідаў з іх злучэнняў, як кампанент антыфрыкцыйных сплаваў са свінцом для вытв-сці падшыпнікаў, кальцыю злучэнні — у буд-ве (вапна, цэмент), медыцыне і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМЕНЕАПРАЦО́ЎКА,
наданне прыроднаму каменю патрэбнай формы і пэўнага выгляду. Уключае распілоўку блокаў на загатоўкі, акантоўку іх па памерах, прафілёўку і фактурную апрацоўку вонкавай паверхні. Працэсы К. падзяляюцца на мех. (абразіўная і ўдарная апрацоўка каменю) і немех. (тэрмічная, ультрагукавая, гідраўл., электрагідраўл., апрацоўка токамі ВЧ, променем лазера). Вырабы К. (калоны, блокі, пліты, карнізы і інш.) пашыраны ў прамысл., трансп. і грамадз. буд-ве.
Распілоўку робяць на дыскавых, рамных або канатных станках. Дыскавыя (з дыяметрам дыска да 4 м) выкарыстоўваюць для надання каменю патрэбнай формы, рамныя — для распілоўвання каменю (могуць рабіць адначасова да 60 прапілаў) стальнымі стужкамі (з падачай у прапіл кварцавага пяску, карунду і інш.) або піламі, арміраванымі цвёрдымі сплавамі, канатныя — для выпілоўвання каменю з масіву і яго распілоўкі (гл.Каменярэзныя машыны).Абрэзка загатовак да зададзеных памераў (акантоўка) робіцца на універсальных станках з карбарундавымі дыскамі або з дыскамі, на якіх замацаваны алмазы. Прафілёўка надае вырабам патрэбную форму. Апрацоўку вонкавай паверхні робяць шліфаваннем (з выкарыстаннем розных шліфавальных станкоў, паточных шліфавальных ліній і інструментаў) і ўдарным спосабам (траянкай, бучардай і інш.). Пры К. выкарыстоўваюцца таксама пнеўматычныя і эл. малаткі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНГЛАМЕРА́Т (ад лац. conglomeratus сабраны, ушчыльнены),
механічнае, выпадковае спалучэнне якіх-н. разнародных кампанентаў. У геалогіі — сцэментаваная асадкавая абломкавая горная парода (гл.Абломкавыя горныя пароды), складзеная пераважна з галькі з прымессю пяску, жвіру і валуноў. Цэментам звычайна з’яўляюцца аксіды жалеза, карбанаты, гліністы матэрыял, радзей крэменязём. Вядомы розныя класіфікацыі К., заснаваныя на ўмовах іх утварэння, тыпе і колькасці цэменту, ступені адсартаванасці, прыродзе і складзе абломкаў. На Беларусі К. найб.пашыраны ў тоўшчах абломкавых парод рыфею і венду, пермскай і трыясавай сістэм. Глыбы валунова-галечнага К. ў антрапагенавых адкладах вядомы каля Гродна (гл. ў арт.Калодзежны роў). У эканоміцы — адна з форм аб’яднання прадпрыемстваў (фірм) рознага галіновага профілю. Адрозніваюць К. функцыянальныя, якія аб’ядноўваюць прадпрыемствы (фірмы), звязаныя у працэсе вытв-сці і інвестыцыйныя, якія аб’ядноўваюць фірмы, не звязаныя галіновай агульнасцю. Для К. характэрны; аб’яднанне шырокага кола прадпрыемстваў (фірм), якія выконваюць розныя функцыі; высокі ўзровень дэцэнтралізацыі кіравання; рост капіталу ў выніку зліцця і накіраванне яго на павелічэнне кантролю над існуючымі прадпрыемствамі (фірмамі); аб’яднанне ў рамках К. з удзелам банка або вакол яго.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНТО́, Такійская раўніна,
нізінная раўніна на в-ве Хонсю, у Японіі, каля ўзбярэжжа Ціхага ак.Пл. 13 тыс.км², шыр. 15—65 км. Тэктанічная ўпадзіна, запоўненая антрапагенавымі марскімі і рачнымі наносамі з праслоямі вулканічнага попелу. Частыя землетрасенні. Самае катастрафічнае разбурыла г. Токіо (1923), у выніку чаго загінула 143 тыс.чал. Густая сетка рэк і каналаў. Найб. рэкі Тоне і Суміда. Рэльеф тэрасаваны на выш. 20, 40, 60, 100 м. Ніжняя дэльтавая нізінная тэраса («та») пад рысавымі палямі. Найвыш. тэраса («хата») на выш. 200—300 м — нахіленае плато з узгоркамі, моцна расчлянёнае, пад цытрусавымі плантацыямі. Клімат умераны мусонны. Т-растудз. 2,9 °C, ліп. 25,4 °C; ападкаў 1600—2000 мм за год. Субтрапічныя лясы і хмызнякі з вечназялёнага дуба, японскай хвоі (акамацу і курамацу), бамбуку, камфорнага дрэва, дрэвападобнага самшыту займаюць 50% тэрыторыі, лугі — 3%, астатняя тэрыторыя інтэнсіўна распрацоўваецца пад с.-г. культуры (рыс, ячмень, пшаніца). Пашыраны тутавыя насаджэнні. Развіта агародніцтва, кветкаводства, садаводства, жывёлагадоўля, рыбалоўства, марскі промысел. Гал.эканам. раён Японіі. Марскія парты: Токіо, Іакагама, Кодзіма.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАВА́ЙНЫЯ ПЕ́СНІ,
вясельныя песні, прысвечаныя вясельнаму рытуальнаму хлебу—караваю. Найб.пашыраны ў беларусаў і ўкраінцаў. На Беларусі вядомы ўсюды, але значна пераважаюць на Палессі. Тут яны адлюстроўваюць усе моманты каравайнага абраду: «як матка маладой (маладога) запрашае каравайніц гатаваць каравай», «як каравай расчыняюць», «як яго месяць», «як саджаюць у печ», «як каравай пячэцца», «як яго з печы вынімаюць», «як пільнуюць каравай, каб хлопцы не ўхапілі», «як ставяць каравай на стол», «як упрыгожваюць яго», «як нясуць каравай з дому маладога ў дом маладой», «як аб’ядноўваюць абодва караваі (маладога і маладой)», «як крояць каравай», «як яго дзеляць», а таксама шмат песень, якія ўхваляюць сам каравай, урачыстых і жартаўлівых песень-зваротаў да каравайніц. Напевы К.п. прыўзнята «буйнага» характару са звонкімі воклічамі; пераважаюць тыпавыя, агульныя для многіх вясельных песень, але ёсць і спецыфічныя (напр., «Да рана-рана нешта ў лесе звінела»).
Публ.:
Шырма Р.Р. Беларускія народныя песні. Т. 4. Мн., 1976;
Вяселле: Песні. Кн. 2. Мн.,1981;
Вяселле: Мелодыі. Мн., 1990;
Можейко З.Я. Песни белорусского Полесья. Вып. 1. М., 1983.
Літ.:
Никольский Н.М. Происхождение и история белорусской свадебной обрядности. Мн., 1956.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРТЭ́ЛЬ (франц. cartel ад італьян. cartello ад carta папера, дакумент),
форма аб’яднання вытворцаў і спажыўцоў на аснове пагаднення аб кватаванні аб’ёмаў вытв-сці, умовах збыту прадукцыі, размежаванні рынкаў, найме рабочай сілы, узроўні аплаты працы, выкарыстанні патэнтаў і інш. Прадпрыемствы, якія ўваходзяць у К., юрыдычна самастойныя. Збыт прадукцыі ажыццяўляюць на аснове дагавораў паміж прадпрыемствамі. Часцей К. ўтвараюцца ў рамках адной галіны (нафтавы, с.-г. К.). Адрозніваюць К. ўнутраныя (у межах адной краіны), экспартныя (складаюцца з нац. прадпрыемстваў-экспарцёраў, часам з уключэннем філіялаў замежных фірм), міжнародныя (інтэгрыруюць фірмы-экспарцёры і фірмы-імпарцёры некалькіх краін).
К. ўзніклі ў выніку канцэнтрацыі вытв-сці і цэнтралізацыі капіталу ў 19 ст. як адна з форм манапалістычных аб’яднанняў. Найб.пашыраны былі ў Германіі (у 1940-я г. больш за 2 тыс.). Цяпер існуюць у выглядае саюза канцэрнаў і трэстаў, патэнтных пулаў, кансорцыумаў па правядзенні навук. даследаванняў, сумесным буд-ве або фінансаванні буйных праектаў, канвенцый, корнераў, рынгаў, джэнтльменскіх пагадненняў. На Беларусі К. дзейнічаюць у выглядзе кансорцыумаў (часовых аб’яднанняў), створаных на паявой аснове для сумеснай рэалізацыі праектаў, дзярж. заказаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІТА́ЙСКА-ТЫБЕ́ЦКІЯ МО́ВЫ,
сіна-тыбецкія мовы, сям’я моў, адна з самых вял. у свеце. Пашыраны ў Цэнтр. і Паўд.-Усх. Азіі. Уключаюць больш за 100 (паводле інш. звестак — некалькі сотняў) моў. Падзяляюць на 2 асн. галіны: кіт. (кітайская мова, дунганская, магчыма, мова бай, або мінцзя) і тыбецка-бірманскую (бірманская мова, тыбецкая мова, мовы карэнскія, хані, маніпуры, або мейтхей, бадо, або качары, гаро, цзінпо, або качын, лісу, таманг, неварская, гурунг). Існуюць 2 асн. тыпы іх пісьменнасцей: пікта-ідэаграфічныя (кіт. іерогліфіка, тангуцкае пісьмо, пісьмо насі і пісьмо i) і фанетычныя пісьменнасці інд. паходжання — тыбецкія і бірманскія алфавіты, пісьмо невары, ронг, або ленча, маніпуры, мёртвай мовы п’ю, і пісьменнасці, створаныя на аснове лац. ці рус. алфавіта — мовы падгрупы лоло. К.-т. м. коранескладовыя, ізалюючыя з тэндэнцыяй да аглюцінацыі. Марфема, як правіла, адпавядае складу; корань звычайна не змяняецца. Часціны мовы вылучаюцца па значэнні слоў, па іх здольнасці ўжывацца ў складзе пэўных сінтакс. канструкцый і па спалучальнасці са службовымі марфемамі.
Літ.:
Яхонтов С.Е. Глоттохронология и китайско-тибетская семья языков. М., 1964.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЁН (Linum),
род кветкавых раслін сям. лёнавых. Каля 230 відаў. Пашыраны ў субтрапічным і ўмераным паясах Паўн. паўшар’я. На ўсіх кантынентах культывуюць Л. культурны (L. usitatissimum) — стараж. прадзільную і алейную расліну. Вылучаюць 5 груп: Л. буйнанасенны, Л.-даўгунец, Л.-кудраш, Л. прамежкавы, Л. сцелісты. На Беларусі 4 віды. Найб. вядомыя дзікарослыя Л. слабільны (L. catharticum) і жоўты (L. flavum). Трапляюцца на сырых лугах, сярод хмызнякоў. У культуры вырошчваецца пераважна Л.-даўгунец.
Л.-даўгунец — аднагадовая самаапыляльная расліна выш. 70—130 см. Сцябло ў густых пасевах прамое, у разрэджаных — моцна разгаліноўваецца, што зніжае якасць валакна. Лісце вузкае, чаргаванае, сядзячае. Кветкі правільныя, 5-членныя ў парасонападобных суквеццях. Плод — каробачка. У насенні 35—38% алею, які выкарыстоўваецца ў вытв-сці пакосту, лакаў, фарбаў і інш.; ільняная макуха — корм для жывёл. З валакна вырабляюць бытавую, тэхн. і тарную тканіну, з кастрыцы — паперу, тэрмаізаляцыйныя матэрыялы, буд. пліты.
Літ.:
Льноводство. М., 1967;
Руководство по освоению интенсивной технологии возделывания льна-долгунца. Мн., 1987.