ЦЫКО́РЫЯ (Cichorium),

род кветкавых раслін сям. складанакветных. Каля 10 відаў. Пашыраны пераважна ў Еўразіі, Паўн. Афрыцы і як заносныя ва ўмераных паясах. На Беларусі 1 від — Ц. звычайная (C. intybus). Трапляецца на сухіх лугах, пустках, каля дарог. Інтрадукавана Ц. салатная, або эндывій (C. endivia).

Адна-, двух- і шматгадовыя травяністыя расліны. Сцёблы галінастыя. Лісце чаргаванае, ніжняе — ад перыстараздзельнага да зубчастага, верхняе — ланцэтнае. Кветкі блакітныя, радзей ружовыя ці белыя, сабраныя ў шматлікія кошыкі. Плод — сямянка. Ц. звычайная выкарыстоўваецца ў медыцыне, для атрымання сурагату кавы (патоўшчаныя карані), спірту, ужываецца ў ежу як салата. Харч., тэхн., лек., меданосныя расліны.

В.​М.​Прохараў.

Цыкорыя: 1 — звычайная; 2 — яе культурная форма; 3 — разнавіднасці цыкорнай салаты (а — эндывій; б — эскарыёл).

т. 17, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)