ЧАРАЎНІ́К (Platanthera),

род кветкавых раслін сям. архідных. Больш за 50 (паводле інш. звестак 200) відаў. Пашыраны ў Паўн. паўшар’і. На Беларусі 2 віды Ч.: двухлісты, або начная фіялка (P. bifolia), і зеленакветкавы (P. chlorantha), занесены ў Чырв. кнігу. Трапляюцца на ўзлесках, у лясах, хмызняках.

Шматгадовыя травяністыя расліны з 2 падоўжанымі каранёвымі клубнямі, выш. да 70 см. Лісце (1—2) пры аснове або пасярэдзіне сцябла буйное, эліпсападобнае, тупое, звужанае ў крылаты чаранок, вышэй па сцябле — 1—5 дробных ланцэтных лісцікаў. Кветкі дробныя, белыя або зеленавата-белыя, сабраныя ў рэдкую гронку, звычайна з прыемным пахам, які ўзмацняецца бліжэй да ночы і перад дажджом. Плод — каробачка. Высушаныя клубні выкарыстоўваюць у медыцыне (салеп). Лек., дэкар. расліны.

Чараўнік зеленакветкавы.

т. 17, с. 222

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)