ШТУРМАВІ́К,

баявы самалёт, прызначаны для паражэння малапамерных і рухомых наземных (марскіх) цэлей з малых і гранічна малых вышынь. Мае бамбардзіровачнае, ракетнае, артыл. ўзбраенне і бранявую засцярогу. У СССР першы серыйны Ш. — Іл-2 (1939); найб. пашыраны ў Вял. Айч. вайну (выраблена больш за 36 тыс.). Сучасны рас. Ш. Су-25 (1978) мае ўзлётную масу 14,5 т, макс. скорасць 970 км/гадз, практычны паталок 7 км, макс. далёкасць палёту 1250 км; узбраенне — 30-мм двухствольная пушка, ракеты «паветра-зямля» з лазерным навядзеннем, блокі некіруемых ракет і бомбы. З канца 20 ст. на ўзбраенні ВПС некат. інш. краін наступныя Ш.: у ЗША — «Тандэрбалт», у ФРГ і Францыі — «Альфа-Джэт», у Вялікабрытаніі — «Хок».

т. 17, с. 474

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)