ЦЭТРА́РЫЯ (Cetraria),

род лішайнікаў сям. пармеліевых. 15 відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі 4 віды Ц.: верасовая (C.ericetorum), ісландская, або ісландскі мох (C.islandica), плотавая (C.sepincola), хларафілавая (C.chlorophylla). Трапляюцца на глебе, камянях, радзей на ствалах дрэў, сярод імхоў і інш. лішайнікаў.

Слаявіна ліставатая або кусцістая, выш. да 12 см, з выяўленым верхнім і ніжнім коравым слоем. Афарбоўка зверху белавата-шэрая, шаравата-зялёная, жоўтая да карычневай, ніжняя — ад светлай да цёмнай. Пладовыя целы (апатэцыі) сядзячыя або на кароткіх ножках, развіваюцца на канцах лопасцей. Споры аднаклетачныя, бясколерныя, па 8 у сумцы. З Ц. ісландскай атрымліваюць антыбіётыкі, яна ўваходзіць у склад ягелю (корм для паўн. аленяў). Лек., кармавыя расліны.

Н.​М.​Кобзар.

Цэтрарыя ісландская.

т. 17, с. 183

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)