ШАЛФЕ́Й, сальвія (Salvia),

род кветкавых раслін сям. губакветных (ясноткавых). Каля 700 відаў. Пашыраны ўсюды. Шэраг відаў вырошчваецца як лек. (напр., Ш. лекавы — S. officinalis), эфіраалейныя (напр., Ш. мускатны — S. sclarea) або дэкар. (напр., Ш. цудоўны — S. splendens) культуры. На Беларусі 4 віды Ш.: адагнуты (S. reflexa); дуброўны (S. nemorosa); кальчаковы (S. verticillata); лугавы (S. pratensis), нар. назва жаўрэц, занесены ў Чырв. кнігу. Трапляюцца ў хваёвых лясах, па сухіх схілах, уздоўж дарог. Культывуецца 15 відаў.

Адна- і шматгадовыя травы, кусты і паўкусты выш. 20—130 см. Лісце простае або перыстае. Кветкі жоўтыя, фіялетавыя, бэзавыя, белыя, чырв. ў коласападобных суквеццях. Плод — арэшак. Лек., эфіраалейныя, меданосныя і дэкар. расліны.

Дз.​І.​Траццякоў.

Шалфей лекавы.

т. 17, с. 363

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)