ШУЛЁНАК, шулячок (Falco, або Erythropus, vespertinus),
птушка сям. сакаліных атр. сокалападобных, або дзённых драпежных птушак. Пашыраны ў Еўразіі. Жыве ў невял. гаях і на асобных дрэвах. На Беларусі рэдкі від, занесены ў Чырв. кнігу.
Даўж. цела 28—34 см, маса 130—200 г. Самкі буйнейшыя за самцоў. Апярэнне шчыльнае, цвёрдае. Афарбоўка самцоў шыза-бурая, галава чорная, задняя ч. бруха, падхвосце і апярэнне галёнак рыжыя, лапы чырвоныя. Самкі шэрыя з цёмнымі буравата-шэрымі папярочнымі палоскамі на спіне, ніз вохрысты, галава рыжая, уніз ад вока невял. бурыя «вусы», лапы аранжавыя. Дзюба моцная, кручкаватая, блакітнаватая. Нясе 3—4 яйцы. Корміцца насякомымі, зрэдку мышападобнымі грызунамі, птушкамі і інш.