ЧАРО́Т (Scirpus),

род кветкавых раслін сям. асаковых. Больш за 250 відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ў тропіках і субтропіках. На Беларусі 4 віды Ч.: азёрны (S. lacustris), лясны (S. sylvaticus), самаўкараняльны (S. radicans), Табернемантана (S. tabernaemontani). Трапляюцца па берагах вадаёмаў і лясных ручаёў, па балотах, часта ў вадзе.

Адна- і шматгадовыя травяністыя расліны. Сцябло выш. да 3 м, акруглае ці 3-граннае, з унутр. рыхлай паветраноснай тканкай — аэрэнхімай. Лісце лінейнае, 3-граннае або ніткападобнае ці рэдукаванае. Кветкі ў падоўжана-яйцападобных каласках, сабраных у складанае суквецце, радзей адзіночныя. Плод — арэшак. Сцёблы выкарыстоўваюць для пляцёных плеценых* вырабаў, як упаковачны, цеплаізаляцыйны і будаўнічы матэрыял. Часта Ч. няправільна наз. трыснёг.

Чарот: 1 — марскі; 2 — азёрны.

т. 17, с. 244

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)