Ту́жыць ‘туга нацягваць’ (Нас., Байк. і Некр.), ‘рабіць тужэйшым’ (Юрч. Вытв.), ту́жіць: ту́жʼіцʼ самаму́ ‘цягнуць павозку самому, без дапамогі цяглавай сілы’ (лоеў., Нікан., Трансп.), параўн. самату́гам ‘тс’ (ТСБМ), ту́жацца ‘цвярдзець’ (Мат. Гом.), тужэ́ць ‘станавіцца больш тугім, шчыльным, мацнець’ (Нас., Касп., Байк. і Некр., ТС), ‘дранцвець, дубець, пруцянець’ (Ласт.), тужа́ты ‘цвярдзець (пра зерне, зямлю)’ (стол., Выг.), ту́жыння ‘зацягванне з мэтай зрабіць тужэй’ (Юрч. СНЛ), тужы́ць ‘нацягваць аснову красён’ (уздз., Сл. ПЗБ), ту́жыцца ‘намагацца, напружвацца’ (ТСБМ; зэльв., Нар. словатв.). Укр.тужі́ти, ту́житися, тужа́віти ‘налівацца (пра колас), цвярдзець, шчыльнець, загусаць’, рус.ту́житься ‘напружвацца’, в.-луж.tužić ‘звужвацца’, ‘сціскаць, ушчыльняцца’; ‘прымацоўваць, нацягваць, напружваць’, ‘прыглушаць’, польск.tężeć ‘цвярдзець’, дыял.tużyć ‘цягнуцца, схіляцца’, чэш.tužit ‘рабіць цвёрдым’, ‘крухмаліць’, ‘умацоўваць (мускулы)’, tužit se ‘намагацца, напружвацца’, ‘націскаць’, славац.tužiť ‘тс’, tužieť sa ‘падсілкоўвацца’, tužieť ‘мацнець, дужэць’, ‘загартоўвацца’. Прасл.*tǫžiti (sę) < *tǫgъ ‘напружаны, нацягнуты’ (гл. тугі), чаргуецца з прасл.*tęgti ‘цягнуць, валачыць’, ‘быць цяжкім’, што да і.-е.*thengh‑ ‘тс’ (Покарны, 1067; Борысь, 631; Сной, 769), гл. туга́, ту́жба, укр.ту́га́ ‘натуга, напружанне’, якія семантычна звязваюць дзеясловы ту́жыць і тужы́ць (гл.), што падкрэслівае іх агульнае паходжанне.
Тужы́ць ‘сумаваць, маркоціцца, журыцца’ (ТСБМ, Гарэц., Байк. і Некр., Шат., ТС, Вушац. сл., Сл. ПЗБ), ‘пакутаваць з тугою’ (Юрч. Сін.), ‘нудзіцца, быць ахопленым сумам’, ‘гараваць, перажываць няшчасце’ (ТСБМ, ТС), ст.-бел.тужити, тужыти ‘знаходзіцца ў стане смутку’ (ГСБМ). Укр.тужи́ти, рус.тужи́ть ‘тс’, польск.дыял.tążyć ‘сумаваць (пра жывёл)’, ст.-польск.tążyć, tężyć, tużyć ‘сумаваць’ (XVI ст.), н.-луж.tužyś (se) ‘сумаваць, маркоціцца’, в.-луж.tužić ‘засмучаць’, ‘трывожыцца, непакоіць’, чэш.toužiti ‘тс’, славац.túžiť ‘сумаваць (па радзіме)’, ‘моцна хацець’, ‘марыць’, серб.ту́жити ‘скардзіцца’, ‘падаваць скаргу’, ‘аплакваць каго-небудзь’, макед.тужи ‘падаваць у суд’, тажи ‘сумаваць, журыцца’, балг.тъжа́ ‘тс’, ‘мець жалобу па кім-небудзь’. Прасл.*tǫžiti ўтворана ад *tǫga (гл. туга), што далей да tęgnǫti (гл. цягнуць). Паводле Шустар-Шэўца (1555), развіццё значэння ад ‘ціснуць, цягнуць уніз’ да ‘прыгнечанасць, маркота, сум’ прадстаўлена ў роднасных ст.-ірл.þung ‘цяжкі’, þungol ‘смутак, сум, клопат, гора’, літ.tingė́ti ‘ленавацца’, tìngiu ‘я вялы, неактыўны’. Фармальна блізкае літ.tũžyti(e)s ‘злавацца’ лічыцца (гл. Фрэнкель, 2, 1148) запазычаннем з беларускай мовы, а літ.tū́žti ‘набухаць, уздымацца’, į́tū́žti ‘раззлавацца’ Смачынскі (697) пакідае без этымалогіі. Памылковае сцвярджэнне аб запазычанні з рус.тужить у Сл. ПЗБ, 5, 144. Сюды ж тужлі́вы ‘смутны, журботны’ (Гарэц., Байк. і Некр.), ту́жыкі ‘памінальны абед’: ту́жыкі е́сці (Шат.), тужэ́й ‘цяжэй, горш’ (пух., капыл., Сл. ПЗБ), ту́жык ‘ныцік’ (Байк. і Некр.), параўн. рус.ту́жик ‘хто заўсёды плача, скардзіцца на свой лёс’, серб.тужа̀кало ‘тс’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Пяру́н ’удар маланкі з громам’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Шат.; Бяльк., Сцяшк.; ашм., Станк.; вільн., паст., брасл., смарг., шальч., Сл. ПЗБ), ’бог грому і маланкі’ (ТСБМ, Ласт.), перу́н ’гром з маланкай’ (беласт., Сл. ПЗБ), ’нячысцік’ (ТС), пе́рун ’гром з маланкай’ (чэрв., пух., ст.-дар., Сл. ПЗБ; Воўк-Лев., Татарк.), сюды ж пяру́нбо́жжая стрэ́лка ’белемніт, чортаў палец’ (барыс., Ляц.), сперуне́ць ’спрахнуць, згінуць’ (слонім., Жыв. НС). Укр.Перу́н ’бог грому, маланкі і дажджу’, пе́ру́н, пе́рім, пе́рум ’гром’, рус.Перу́н, перу́н ’бог грому; гром; маланка’, польск.Piorun, piorun ’тс’, каш.ṕören, ṕorun, paro̊n ’злы дух; пярун (лаянка)’, чэш.Perun, perun ’міфічная істота; гром’, славац.Perun, pierun, perún, paron ’тс’ (лаянка)’, палаб.Peräunedån ’чацвер’ (калькуе ням.Donnerstag). У паўднёваславянскіх мовах толькі ў вытворных і тапонімах: славен.perunovi kamni ’чортаў палец, белемніт’, харв.perùnika ’касач, Iris’, славен.perúnika ’тс’ (магчыма, запазычана з харвацкай; звязана з Perun ’бог грома і маланкі’, бо мае доўгія і вострыя лісты, што напамінаюць стрэлы, Сной₂, 508), балг.перуни́ка ’расліны ятрышнік, Orchis; касач, Iris’, макед.перунига ’касач, Iris’ (паводле БЕР, 5, 182, звязаны з імем бога грому, што дае падставы для рэканструкцыі прасл.дыял.*perunika); горы Pèrun у Харватыі (Глухак, 475), назвы вяршыняў гор у Македоніі і Балгарыі Перун, Перен, Пирин (Вражиновски, Народна митологија на Македонците, 1. Скопје–Прилеп, 1998, 22–23). Прасл.*Perunъ (тэонім) і *perunъ ’той, хто б’е, паражае’, апошняе матывуецца дзеясловам *perti, *pьrati (гл. перыць, праць) і выступае ў якасці канкрэтнага, рэчыўнага (з элементамі адушаўлёнасці, параўн. суфікс пошта agentis ‑unъ) абазначэння грому з маланкай (Трубачоў, Этногенез₂, 197), што, аднак, не выключае ўспрыняцця яго ў якасці бога, параўн. прыведзеную вышэй назву белемніта. Пра гэта сведчыць таксама табуізацыя назвы, параўн. каш.paro̊n, taro̊n, ṕornëk (SEK, 4, 168 і інш.). Бліжэйшымі роднаснымі лічацца літ.Perkū́nas, лат.Pḗrkūns, літ.perkū́nija ’навальніца з громам і бліскавіцамі’, прус.percunis ’пярун’, што дае падставы Іванову і Гамкрэлідзе (Индоевр., 615) дапусціць варыянтнасць асновы і.-е.*p(h)eru і *p(h)erk(h)u; акрамя названых параўн. яшчэ алб.Perëndi ’бог неба, якога просяць пра дождж’ і “яцвяжскае” Pjarkus ’пярун’ (гл. Зінкявічус, Балто-слав. исслед., 1983), ст.-інд.Parjánya‑ ’бог дажджу; дажджавое воблака’. Гл. Фасмер, 3, 246–247, з літ-рай (адмаўляе роднаснасць славянскіх і балтыйскіх форм); Бязлай, 3, 27; БЕР, 5, 182; Глухак, 475–476; Махэк₂, 445. Пра сувязі назваў бога грому з назвамі дуба (“перунова дрэва”) і скалы (“месцазнаходжанне бога грому”) гл. Іванаў-Тапароў, Иссл., 76, 123; Мартынаў, Этимология–1997–1999, 103; Марчэўска, Etnolingwistyka 9–10, 122; Шустар-Шэўц, SlW, 34; Іванаў, Зб. Бернштайну, 1991, 27. Да семантыкі тэонімаў у сувязі з назвамі бога грому параўн. Алінеі, Зб. Івічу, 87. Банькоўскі (2, 584) непераканаўча разглядае беларускія, украінскія і славацкія назвы як запазычанні з польскай, а літ.perkū́nas ’пярун’ лічыць роднасным прасл.*perkъ (гл. перак) з першасным значэннем ’той, хто валіць дрэвы папярок дарогі’ (там жа, 848).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ска́ба ‘рабро’ (ТСБМ, Ласт., Варл., Сцяшк.; навагр., Жыв. сл.; Сл. ПЗБ), ‘рабро кошыка’ (Сл. ПЗБ), ска́бы ‘рэбры, рэберная частка тушы’ (Нас., Касп., Гарэц., Др.-Падб., Байк. і Некр., Шн. 2), ска́бка ‘раберца’ (Шат.), ска́бкі ‘рэберныя кавалкі’ (Шн. 3), ска́біна ‘рабро’ (Нас., Бір. дыс., Янк. Мат.), ска́бʼя ‘тс’ (З нар. сл.), скабуры́на ‘рабро ў свіней, авечак’ (гродз., Жыв. сл.). Выключна беларускае. Мяркулава (Этимология–1983, 65) рэканструюе прасл.*skaba, *skaburina і ўзводзіць да кораня *skab‑ ‘драць, часаць, калоць’, параўн. літ.skõbti, skabiù ‘скрэсці, зрываць’. Сюды ж яна адносіць бел.шкаба (гл.), польск.chaby ‘косці, якія тырчаць з-пад скуры’ і рус.скабри́стый ‘моцна зхуднелы’. Польскае слова Слаўскі (SP, 1, 58), аднак, выводзіць ад прасл.*chabъ ‘благі, слабы’, а Брукнер (483), разглядаючы польск.chaby ‘свіное мяса пры рэбрах’ ставіць пытанне аб магчымасці запазычання. Аб запазычанні думаў і Насовіч (Нас., 580) і параўноўваў беларускае слова з літ.skabs ‘рабро’, але ў слоўніках гэта слова не адзначана. Карскі (Белорусы, 137) выводзіў з літоўскай мовы ска́ба ‘стрэмка, клін’, аднак слова са значэннем ‘рабро’ лічыў запазычаннем з польск.schab. Лаўчутэ (Балтизмы, 56) узводзіць слова да літ.skobà ‘рабро’, параўн. яшчэ літ.skabís ‘востры’, skabèti ‘сячы, рэзаць’, лат.skabrs ‘востры’. Анікін (Опыт, 278) прапануе адрозніваць ска́ба ‘рабро’, якое лічыць балтызмам, і ска́ба ‘стрэмка, трэска’ (гл. скабка), што несумненна роднаснае скабліць, скобля (гл.). Астрэйка (АКД, 5) хоча бачыць у ска́ба, ска́бка, ска́біна ‘рабро’ семантычны балтызм, які разглядаецца як занальная намінацыя.
Скаба́1 ‘выгнуты металічны прут для злучэння чаго-небудзь, клямар’, ‘скобля’ (ТСБМ, ТС), ‘прыстасаванне, з дапамогай якога прымацоўваюцца кроквы да сцяны’ (Шушк.), ска́ба ‘ручка ў дзвярах’ (Растарг.). Укр.ско́ба ‘крук у дзвярах, прабой’, рус.скоба́ ‘тс’, серб.-ц.-слав.скоба ‘засцежка’, чэш., славац.skoba ‘планка, засаўка’, серб.-харв.ско̏ба, славен.skọ́ba ‘тс’, балг.ско́ба ‘скобка’, макед.скобичка ‘падкоўка (на падэшве)’. Прасл.*skoba ‘загнуты крукам прут, скобка’ да і.-е.*(s)kāmb‑ ‘крывіць, гнуць’. Роднасныя літ.kabė́ti ‘вісець’, kabė̃ ‘крук’, kablỹs ‘тс’, kìbti ‘чапляцца, вешацца’, лат.kablis ‘кручок, засцежка’ (Траўтман, 112). Далей параўноўваюць з лац.scamnum ‘услон’, ст.-інд.skabhnaā́ti ‘умацоўвае, падпірае’, грэч.σκαμδός; ‘крывы, сагнуты, выгнуты’; гл. Вальдэ-Гофман, 2, 487; Майргофер, 3, 507; Міклашыч, 300–301; Фасмер, 3, 643; Махэк₂, 546. Гл. яшчэ Шустар-Шэўц, 1290–1292; Сной₁, 573 (параўноўвае яшчэ з літ.sùkaba ‘крук, скобка’).
Скаба́2 ‘скапа, тушка Pandion haliaetus L.’ (Касп.; мазыр., ЛП). Укр.скаба́ ‘тс’. Параўн. укр.скобе́ць ‘птушка Accipiter gentilis’, рус.ско́бчик ‘ястрабок; перапёлачнік’, славен.skobec ‘арол, Falco haliaetos’. Лічыцца роднасным рус.ко́бец, ко́бчик ‘шулятнік’, якія, магчыма, гукапераймальнага характару; агляд версій гл. Фасмер, 2, 267–268. Булахоўскі (ИАН ОЛЯ, VII, 2, 120) адносіць сюды ж і рус.скопа (гл.); але ‑п‑ лічыцца няясным. Гл. таксама ЕСУМ, 5, 260 (вынік дээтымалагізацыі скопа́, гл. скапа).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Слон1 ‘буйная траваядная млекакормячая жывёліна з доўгім хобатам і двума біўнямі’ (ТСБМ, Ласт.), слонь (Байк. і Некр.). Укр.слон, слонь, рус.слон, стараж.-рус.слонъ, рус.-ц.-слав.слонь, польск., в.-луж.słoń, н.-луж.słon, чэш., славац.slon, славен.slȍn, серб.-харв.сло̏н, балг., макед.слон. Форма слонь у беларускай, таксама як і ва ўкраінскай (аб апошняй гл. Фасмер, 3, 674), з польскай. Слова спрэчнага паходжання. Старое тлумачэнне *slonъ ад *(pri)sloniti sę ‘прысланіцца, прыхіліцца’ заснавана на сярэднявечных уяўленнях, што слон не можа згінаць каленяў, а таму спіць, прысланіўшыся да дрэва, параўн. рус.-ц.-слав.егда хощетъ спати дубѣ ся въслонивъ спитъ (гл. Праабражэнскі, 2, 324; Брандт, РФВ, 24, 180 і наст.; Брукнер, 500; Младэнаў, 591), адхіляецца Фасмерам (там жа) і Кіпарскім (ВЯ, 1956, 5, 137) як народная этымалогія, таму што ў славян, як заўважае Фасмер, не было магчымасцей назіраць за звычкамі гэтай жывёліны. Па фанетычных і гісторыка-культурных прычынах найбольш прымальная версія аб запазычанні з цюркскіх моў, параўн. тур., карай., азерб., крым.-тат.aslan ‘леў’; літаратуру гл. Фасмер (там жа); аналагічна Сной₁ (581), Борысь (558). Да пераходу значэння параўн. верблюд, які ў канчатковым выніку ўзыходзіць да грэч.έλεφας ‘слон’ (гл. Кіпарскі, там жа), асец.dombaj ‘зубр’, якое ў сучасным ужыванні стала абазначаць ільва (Абаеў, ВЯ, 1958, 1, 121), а таксама семантычнае новаўтварэнне рус.пск.слон ‘лось’. Якабсон (IJSLP, 1959, 1–2, 27) прапануе супастаўленне з тахар.kloŋ; Іванаў (Этимология–1975, 153 і наст.) лічыць гэтую форму прамежкавай паміж цэнтральнаеўразійскімі і сібірскімі формамі гэтага міграцыйнага тэрміна і параўноўвае славянскія словы з формамі тыпу кіт.*sẟaŋ, тыбец.-бірм. slaŋ ‘слон’, параўн. Глухак, 563. Гл. яшчэ Махэк₂ (556) — аб версіі Ошціра (Slavia, 6, 1 і наст.), што ўзнаўляе праформу *slop‑n‑ і роднасць з грэч.έλεφας, Р. скл. έλεφαντος. Да апошняй версіі параўн. Скок, 3, 286. Гл. яшчэ Шустар-Шэўц, 1304; ЕСУМ, 5, 307–308.
Слон2 ‘лаўка, услон’ (Нас., Касп., Бяльк., Сл. ПЗБ, ТС, Сцяшк., Шатал., Ян., Скарбы), слонь ‘вялікае крэсла’ (Сцяшк. Сл.); памянш. сло́нец (Нас., Касп., Бяльк.), сло́нчык (Нас., Бяльк., Шатал., Скарбы), сло́нак (Сл. ПЗБ, Жыв. сл.), слі́нчык, сло́нчык, слу́нчык (Сл. Брэс.). З аслон, услон (гл.) з адпадзеннем галоснага (пратэзы) або непасрэдна ад сланіць (гл.) як аддзеяслоўны назоўнік, параўн. слоніца ‘вялікая складаная рама на ўсю бакавую сценку хаты як аснова кроснаў’ (Серб.), рус.пск.слон ‘засланка ў печы’ і інш.
Слон3 ‘жэрдка, з якой робіцца ключні́к (тоўстая жардзіна з калочкам на канцы, якім яна вешалася на кладзь, выконваючы ролю кроквы ў страсе на сохах)’ (ельск., Нар. сл.). Да *sloniti (гл. восланкі, услон).
Слон4 ‘сланечнік’ (Касп., Жд. 2, Шатал.; в.-дзв., Сл. ПЗБ), сло́нкі ‘семачкі сланечніку’ (чэрв., Жыв. сл.). Відаць, скарачэнне з сланечнік, сломачнік або з слонца2 ‘сланечнік’ (гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Кало́шы1 ’капялюхі, пласцінчатыя спажыўныя грыбы з шырокай светла-бураватай шапкай і на высокай ножцы з венчыкам’ (карэліц., Нар. словатв.). Відавочна, маецца на ўвазе грыб Lepiota procera, які, паводле даных Клімчука (Жыв. сл., 187), на Брэсцка-Пінскім Палессі і ў шэрагу гаворак Беларусі носіць назвы ворона, дрона, каня, ковпак, курка (адзначаны і шэраг варыянтаў). Звяртае на сябе ўвагу спецыфіка беларускіх назваў (суаднясенне з тэрмінамі для птушак), параўн., напрыклад, укр. у Макавецкага, 10: бабка, білянка, іванец, колпак, пражівка і інш. Відавочна, што семантыка капялюх або палес.ковпак, укр.колпак, рус.зонтик не дапамагае зразумець унутраную форму разглядаемай назвы, якая з’яўляецца як быццам спецыфічна беларускай. Фармальная сувязь з калоша ’калашына’ вымушае прааналізаваць магчымую сувязь названых лексем. Найбольш імаверна, як здаецца, лічыць істотнай асаблівасцю грыба полую высокую ножку, якая сама па сабе можа быць успрынята як калашына. Цікава прывесці зафіксаваную для шампіньёна назву калошкі (Сл. паўн.-зах.), паколькі гэта і роднасны (у плане сістэматыкі) да капялюха грыб і таксама мае і манжэтку, і полую ножку. Цікава, што назву можна было б разгледзець і ў плане спецыфічнай мадэлі «птушыных» назваў, разумець тэрмін для грыба як субстытут «птушынай» назвы, дзе калоша ’птушка з аброслымі пер’ем нагамі’, параўн. тураў.пеўні. Можна спаслацца на адзначаную Клімчуком, там жа, 198, палес. назву для пласцінчатых грыбоў грыбы с пірʼем. Што датычыць назвы грыбоў, спашлёмся на зафіксаваную намі ў Мінску чулочки ’нейкі грыб’ і ўкр.панчошка ’грыб Rozites caperata’, укр. тэрмін для якога ковпак і рус.колпак знаходзяць паралель у бел.колпак для Lepiota прыведзенай вышэй. Не вельмі ясна назіраецца тут субстытуцыя тэрмінаў або мясцовая назва грыба Lepiota — характарыстыка яго доўгай і стракатай ножкі. Той факт, што адзначана ўжыванне калошкі ’шампіньёны’, сведчыць, відаць, пра наяўнасць пераносу назвы, аднак няясна, які грыб мог першапачаткова быць так названы.
Кало́шы2 ’абутак з гумы, галёшы’ (Бяльк., Сцяц. Нар., Сцяшк.), калош (Сцяц. Нар., Сцяшк.). Паводле Сцяцко (Нар., 149), слова ведаюць у шэрагу раёнаў Гродзенскай і Брэсцкай абласцей. Тое ж і ў Сл. паўн.-зах. (калошы і калошкі). Фіксацыя ў Бялькевіча адлюстроўвае іншую крыніцу: формы калош, як і літар.галёш разам з формай у мн. ліку відавочныя запазычанні з польск.kalosz, kalosze (з XIX ст.), форма galosz засведчана ў Ліндэ. У слав. мовах прадстаўлены формы і з пачатковым k‑ і g‑. Лічыцца, што крыніцай польск. і іншых лексем з’яўляецца ням.Galosche, вядомае і ў больш архаічным напісанні Kalosche, што, магчыма, тлумачыць і розныя варыянты слова ў іншых мовах. Слаўскі (2, 31) звяртае ўвагу на тое, што форма galosz можа непасрэдна паходзіць з франц.galoche ’(скураны) галёш’. Ням. лексема запазычана з франц., паходжанне якой не вельмі яснае; былі прапанаваны розныя гіпотэзы. У прыватнасці, меркавалі аб пераробцы лац.calopus ’капыты’, calopodia ’драўляныя сандалі’. Была спроба суаднесці франц. слова з лац.gallica, gallicula ’гальскі абутак (абутак, які насілі галы)’, паколькі з пункту гледжання рэалій спецыяльны від абутку хутчэй мог быць запазычаны. Параўн. вышэй калодкі як відавочна незалежную реалію; не выключана, аднак, што яе неабходна разумець у больш шырокім кантэксце еўрапейскага драўлянага абутку. Аднак і ў такім выпадку ў плане генезісу больш імавернай з’яўляецца першая версія. Не выключана, што ў франц. назве адлюстраваны вандроўны тэрмін, з якім суадносіцца лац.calcea і інш., гл. падрабязней пад калоша.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Калі́ка1 ’старац, пераважна сляпы, які жабруе, спяваючы духоўныя вершы’ (БРС, ТСБМ). Выглядае як кніжнае слова, відаць, з рус.калика ’тс’. У рус. мове слова пэўнай этымалогіі не мае, хоць неаднаразова разглядалася. Многія аўтары лічаць этымалагічна роднасным калека (гл.), паводле іншых — слова суадносіцца з калига ’назва абутку’ (так, яшчэ ў Даля, 2, 190). Назва абутку узводзіцца да с.-грэч.καλίκια (аб этымалогіі гл. Фасмер, 2, 167). Фасмер (там жа) мяркуе аб магчымасці аднясення слова да ўсходняй лексікі і параўноўвае з адзначаным у шэрагу цюрк. моў kalyk ’народ, людзі’ (слова арабскага паходжання). Адносна гэтай версіі Севарцян (Лексикографический сборник. V, M., 1962, 28) адзначаў такую этымалогію як спрэчную, паколькі цяжка вытлумачыць і з боку семантыкі і па іншых прычынах рус.калика з цюркізаванай кыпчакскай формы арабск. xalq ’народ’. Вахрас (Наим. об., 98–99) звяртае ўвагу на тое, што ў ст.-рус. мове была вядома форма калиги ў значэнні ’багамольцы’ (звычайна калига, калиги ’від абутку’). Там жа ён прымае думку Фасмера аб запазычанні слова калика з цюрк. моў. Пры гэтым Вахрасам прыводзіцца матэрыял, які даказвае, што багамольцы звычайна вандравалі дружынамі, і па гэтай прычыне цюрк. слова са значэннем ’народ’, асабліва з пейаратыўным сэнсам ’зброд, шайка’ цалкам магло быць ужыта для наймення гэтай дружыны. З шэрагу цюрк. прыкладаў, прыведзеных Вахрасам (там жа, 100), звяртае на сябе ўвагу тат. (В) форма kali̊k ’народ’, кірг., казах. і інш. qalyq ’тс’. Наколькі такая версія дастаткова надзейна абгрунтавана лінгвагеаграфічна, вырашыць цяжка. Слаўскі (2, 27) сумняваецца ў мэтазгоднасці раздзялення форм калека і калика, аднак паводле значэння і фармальна гэтыя лексемы яўна розныя. Аб магчымых працэсах (пазнейшага) іх збліжэння пісаў Даль; гістарычна, аднак, яны разыходзяцца. Спроба этымалагізаваць слова на славянскай глебе не ўяўляецца перспектыўнай. Праўда, звяртае на сябе ўвагу рус. саран., пенз.калить ’жабраваць’, валаг. ’моўчкі прасіць міласціну’, аднак слова гэта няяснае, адзначана ў мове «калунов» — прафесійных жабракоў (у Пензенскай губ.) і, магчыма, з’яўляецца аргатычнай пераробкай больш шырока вядомага ў рус. гаворках каличить ’прасіць міласціну’ і да т. п. (< калика). Ёсць і пенз.калила ’жабрак’, цвяр.каліман ’манюка’.
Калі́ка2 ’бручка, расліна Brassica napus’ (Жд. 2; рас.Шатал.). Паводле матэрыялаў Смулковай, Лекс. балтызмы, 41, слова вядома на паўночным усходзе ад Полацка і літоўска-латвійскім паграніччы. Сл. паўн.-зах. гэтай лексемы не адзначае. У формах калега, калига, каля, каляга, колега ў розных рус. гаворках, а ў форме калика. паводле Бурнапюва: «В Санкт–Петербургской и… в ближайших к остзейским губерниям местах» (СРНГ, 12, 354–355), а таксама ленінгр., наўг., пск., калін., смал. і да т. п., як каликкапецярб. Геаграфія слова як быццам пацвярджае даўняе меркаванне, што яно з’яўляецца запазычаннем. Смулкова (там жа) указвае на крыніцу запазычання з некаторых гаворак паўн.-усх. Літвы kalis ■’бручка’, якое з літ.koli̯js, kolis, kolinys ’тс’. Відавочна, што ні па фармальнаму крытэрыю, ці паводле лінгвагеаграфіі меркаванне Смулковай не з’яўляецца бездакорным. Розныя фанетычныя варыянты сведчаць на карысць запазычання ўскладненай структуры (і па гэтай прычыне нельга бачыць у бел. лексеме дэрыват ад літ. слова), а рус. форма каликка сведчыць аб уплыве фін. моў. Разам з тым названы ў Фасмера ў якасці магчымых крыніц запазычання эст.kaalik ’бручка’ фін.kaali ’капуста’ могуць быць прыняты галоўным чынам як сведчанне таго, што слова сапраўды было запазычана з фін. моў, што, між іншым, даказваецца і наяўнасцю яго ў лат. арэале. Шэраг сінонімаў (бел.немка, рус.репа∼саксонка) указвае на зыходную ням. крыніцу (Kohl ’капуста’), якую меркавалі і для фін. лексем (гл. Фасмер, 2, 167), аднак паводле фармальнага крытэрыю мэтазгодным уяўляецца бачыць у рус. і бел. прыкладах культурнае запазычанне, якое рознымі шляхамі трапіла ў балт., фін. і слав. мовы. У такім выпадку правільным здаецца аддзяленне балт. лексем ад слав., а бел. разглядаць як экспансію запазычання ў рус. мову.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Калбу́н ’пячкур. Gobio’ (Жд. 2). Укр.дыял.колб ’пячкур’, кобл і інш., рус.дыял.колб, колба ’тс’ (паўдн., паводле розных крыніц), колбень ’тс’, польск.дыял.koubʼeń, koubla (паўдн.-усх.) і інш., падрабязней агляд лексікі ў Герда, Лекс. балтызмы, 10, дзе ён лічыць формы тыпу kolb трансфармацыяй, запазычанай з літар. мовы лексемы (якой адпавядае бел.келб, гл. падрабязней гэтае слова). Такое меркаванне лагічнае, аднак не выключае іншай версіі. Рус. лексему разглядаў яшчэ Міклашыч, 154, які параўнаў яе з алб.kulp‑bi ’прэснаводная рыба’; супраць Бернекер, 1, 659, Фасмер, 2, 286, які адзначыў, што алб. слова магло быць запазычана з слав. моў. Гэта неверагодна з пункту гледжання лінгвагеаграфіі, паколькі ў паўднёвых славян лексема не зафіксавана, аднак па гэтай жа прычыне албанская паралель не здаецца надзейнай. Брукнер (227) адзначаў, што апрача польск. і ўсх.-слав. моў іншыя слав. мовы гэтага слова не ведаюць, аднак лексема з’яўляецца старой, што даказваецца быццам бы яе роднасцю да kielbasa. Не вельмі зразумела, якую семантыку меў на ўвазе Брукнер (фармальнае падабенства тут сапраўды ёсць), апрача таго. слова каўбаса вельмі няяснае, таму версія Брукнера не была прынята як малапераканаўчая. Паводде Безлая, SR, 5–7, 1954, 136, пячкур суадносіцца з слав.*kъlb ’глыбокае месца ў рацэ’ (польск.kołban з’яўляецца ўкраінізмам, гл. Слаўскі, 2, 365, дзе спасылкі на літ-py), версія недастаткова абгрунтаваная, але цікавая і каштоўная, галоўным чынам, таму, што ўкр.ковбирь, якое прыводзіць Безлай, магчымы дэрыват ад усх.-слав.колб‑, вытворныя ад якога азначаюць розныя булавападобныя і шарападобныя прадметы. Семантыцы апошніх цалкам адпавядае і матывацыя назвы калбун, калі яны сапраўды адносяцца да вытворных ад колб‑. Трубачоў (Дополнения, 2, 286) лічыць, што рус.колбь, польск.kiełb, прасл.*kъlbь маглі быць запазычаны з гоц.*kalba‑ ’цяля’ і падмацоўвае такую версію сінонімам бычок для Gobio’. Тут ёсць недакладнасці, на галоўныя з якіх звярнуў увагу Мартынаў, Бел.-польск. ізал., 94–95. Мартынаў (там жа) адзначае складанасць адносін паміж гэтымі слав. назвамі, што выцякае з арэала іх пашырэння, і лічыць, што версія Герда датычыцца толькі некаторых вытворных, сапраўды балтыйскага паходжання (гл. падрабязней пад келб), а слав.*kъlbъ узыходзіць да гоц.*kulbo. Гоцкая лексема на засведчана. Аднак мяркуецца, што яна суадносіцца з ням.Kolbe — назвай некаторых булавападобных рыб, якая хутчэй за ўсё адпавядае Kolbe ’булава, паліца’ — дакладная семантычная паралель усх.-слав.колб‑, дэрываты ад якога азначаюць ’шарападобнае патаўшчэнне; абрубак дрэва і да т. п.’ Калі такая матывацыя натуральная для ням. назвы рыб, няма прычыны лічыць яе немагчымай для слав.колб; пры гэтым утварэнне слова на слав. глебе больш верагоднае ў параўнанні з версіяй аб запазычанні лексемы з неадзначанай гоцкай крыніцы. Семантыка слав. дэрыватаў ад колб‑ ’драўляная цурка’, ’патаўшчэнне на канцы падоўжаных прадметаў’, ’мясісты, тоўсты кончык носа’, ’абрубак дрэва’ і да т. п. як быццам пацвярджае наша меркаванне, аб геаграфіі гэтых дэрыватаў і паходжанні гл. пад каўбух. Аднак арэал пашырэння назваў пячкура ў слав. мовах не выключае магчымасці запазычання слова з германскай крыніцы, на што ўскосна ўказвае лінгвагеаграфія польск. слова, параўн. геаграфію ў Герда, там жа. Слаўскага, 2, 143, пашырэнне слоў на іншай тэрыторыі (поўдзень еўрапейскай часткі РСФСР), магчыма, што толькі ўкр. (у бел. формы з ‑е‑ запазычаныя, а статус разглядаемага слова не вельмі ясны па прычыне адзінай фіксацыі) гэтага не выключае. Менавіта гэта падазроная геаграфія (паўдн.-усх. польскія формы, аб якіх пісаў Герд, відавочна, украінскія; паўн. і паўн.-усх. польская лексіка, і кашубская ў тым ліку, магла б разумецца як балтыйская, аднак, паводле Фрэнкеля, 236, літ. слова з’яўляецца паланізмам) ставіць пад сумненне таксама думку Слаўскага, 2, 143, аб дыялектным прасл.паўн.-слав.*kl̥bjь, старажытнасць якога даводзіцца ўсё тым жа алб.kulp‑bi. Параўн. з літаратуры яшчэ Махэк, ZslPh. 19, 58–59 (дзе балтыйская і слав. сінаніміка і меркаванні аб роднаснасці слав. назваў і літ.kilbùkas ’пячкур’).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Каза́к1 ’На Русі ў XV–XVII стст. — вольны чалавек, з прыгонных сялян, халопаў, гарадской беднаты, якія ўцякалі на ўскраіны дзяржавы — Дон, Запарожжа, Яік; у дарэвалюцыйнай Русі: з XVIII ст. — прадстаўнік ваеннага саслоўя — ураджэнец вайсковых абласцей (Кубанкай, Арэнбургскай, войска Данскога і інш.), які быў абавязаны несці службу ў асобых вайсковых часцях за льготнае карыстанне зямлёй; радавы асобых (звычайна кавалерыйскіх) вайсковых часцей; ураджэнец некаторых (былых вайсковых) абласцей СССР’ (БРС, ТСБМ, Бяльк.), ’пра спрытнага маладога мужчыну’ (ТСБМ); сустракаецца і ў народных песнях (Радч. і інш.). Што датычыць слова казак у асноўных значэннях, то гэта ва ўсх.-слав. мовах запазычанне з Усходу: у тур., крым.-тат., казах., кірг., тат., чагай, мовах казак ’вольны, незалежны чалавек; шукальнік прыгод, бадзяга’, кумык.казак ’аружаносец пры феадале, ваенны слуга, дружыннік’. Шлях распаўсюджання слова ва ўсх.-слав. мовах няясны, у ст.-рус. адзначаецца ў грамаце 1395 г., аднак са значэннем ’парабак, батрак’ і ў форме з ‑о‑. Слаўскі (3, 26) мяркуе (пералічыўшы вядомыя ў большасці славянскіх моў формы), што слова трапіла ў гэтыя мовы з укр. Аднак звяртае на сябе ўвагу, што ў балг.казак (з ‑а‑), відавочна, з рус. мовы, а Ліндэ для польск. прыводзіў як неўжывальную форму kazak (таксама, як бачым, з ‑a‑). Аднак у большасці слав. і зах.-еўрап. мовах прадстаўлена менавіта ўкр. форма гэтага слова. Што датычыць бел., яго статус няясны: хоць у ст.-бел. мове і адзначана форма з ‑о, форма козакъ (і вытворныя), відавочна, з’яўляецца асноўнай. Значэнне ’спрытны, малады мужчына’ вядомае ўкр. мове. Так, Грынчэнка адзначае, што слова казак у народнай паэзіі дапасоўваецца да кожнага маладога чалавека, аднак не выключана, што такое значэнне магло быць не толькі вынікам экспансіі слова рознымі шляхамі, у тым ліку і пры пасрэдніцтве фальклору, але і магло ўзнікнуць самастойна на базе як новых значэнняў (’кавалерыст’ і інш.), так і магчымых старых ’бадзяга’. Параўн. у ст.-польск.kozak ’юнак, зух’, дыял. ’смяльчак, завадатар, хлопец’, рус.дыял.казак ’пра смелага, удалага чалавека’.
Каза́к2 ’народны танец з паступова нарастаючым тэмпам, а таксама музыка да гэтага танца’ (БРС, ТСБМ). Статус слова няясны, магчыма, другаснае ўтварэнне ад казачок, а магчыма, тое ж, што і ўкр.казак ’танец. Што датычыць этымалогіі, то нельга сцвярджаць упэўнена: паходзіць гэта слова ад казак1, ці мае нейкія адносіны да каза ’танец’ (рускія гаворкі, напрыклад, ведаюць слова казак у значэнні ’самец розных жывёл і птушак’, параўн. таксама рус.арханг.казак с казачихой). Паводле лінгвагеаграфіі і экстралінгвістычнай інфармацый, другая версія пакудь што менш надзейная.
Каза́к3 ’лён-даўгунец’ (БРС, Уладз.), ’сорт высокаўраджайнага аўса’ (Сцяц.). Як можна меркаваць па прыкладах, гэта параўнальна новае слова. Сінонім — вельколён: «Простый лʼон пэршы був, а вэлʼколʼун у воjну мыколаjивсʼку поjавывся» (Уладз., 198). Другое значэнне ’авёс’, магчыма, другаснае, перанос назвы паводле прыкметы ’вялікі, ураджайны’. Гаворкі рус. мовы ведаюць слова казак у дачыненні да розных раслін. Улічваючы, што размова ідзе пра яўна культурны тэрмін, ёсць вялікая верагоднасць таго, што ён запазычаны разам з рэаліяй. Тэарэтычна магчымы і іншы варыянт: самастойнае ўтварэнне ад казак ’малады, спрытны мужчына’ (параўн. характэрныя дыял. назвы лёну, аўса: скакун, скочень, ростун) або моўная трансфармацыя (муж. род) каза ’лісце, каліва цыбулі і інш.’ Структура такога тыпу (з суф. ‑ак) вядома як у бел., так і ў іншых слав. мовах, параўн. балг.козак ’расліна Tragopogon majus’, чэш.kozak ’назва грыба’ і інш.
Казаќ4 ’казакін’ (Мат. Гом.), ’жаночае верхняе адзенне, нажытае ў зборкі’ (рас., Сл. паўн.-зах.). Рус.валаг., наўг., казан.казак ’разнавіднасць паддзёўкі са зборкамі, накрытай сукном’ і вядомае на розн. тэрыторыі ’жаночая кофта ў талію, сукенка ў талію і інш.’, асташ., цвяр., ленінгр. і інш. ’верхняе жаночае адзенне’, польск.уст.казак ’кароткі плашч, куртка’, больш новае ’доўгая блузка, якая носіцца паверх спадніцы’, чэш.kazak, славац.kazak ’кафтан’. Бел. слова, зафіксаванае ў розных моўных арэалах, або сведчыць пра інфільтрацыі ў перыферыйныя зоны з гаворак суседніх моў, або ўказвае на запазычанне, якое станавілася архаізмам і, трапляючы ў пасіўны запас, гублялася ці магло выцясняцца іншым словам (казаціна і да т. п.). Не выключана магчымасць і адваротнай дэрывацыі (казак < казакін і пад.). Як культурны тэрмін, казак вядомы на шырокай тэрыторыі; слова лічыцца запазычаннем, аднак крыніца і шляхі распаўсюджання слова няясныя. Слаўскі (3, 27) прыводзіць папулярную версію аб тым, што гэта запазычанне з захаду: франц.casaque ’кафтан, апанча, плашч; упрыгожаная доўгая блузка’, слова вядома з 1413 г., у польск. мове форма kazak адзначаецца пазней. Іншыя аўтары (Гараеў, Дзмітрыеў) мяркуюць аб запазычанні з усходу; Дзмітрыеў (Тюрк. эл., 25) прыводзіць татар., бат. кэзэки ’нацыянальнае верхняе адзенне мужчын Татарыі і Башкірыі’. Супраць такой этымалогіі рэзка, аднак без аргументацыі выступіў Фасмер (2, 158). Можна звярнуць увагу на тое, што ў рус., бел., укр. гаворках сустракаюцца значэнні ’мужчынскае і жаночае адзенне, блузка’, што больш адпавядае версіі аб заходнім запазычанні. Арыстава (Контакты, 59–60) прапанавала ў якасці крыніцы англ.cassock ’туніка ў англійскіх свяшчэннікаў’, аднак па семантычных і інш. прычынах гэта версія не выглядае надзейнай. На жаль, лінгвагеаграфічны крытэрый адзначыць тут вельмі цяжка, паколькі матэрыял не дазваляе меркаваць, што бел. мова была пасрэднікам распаўсюджання слова. Семантыка прыведзеных слоў паказвае, што разглядаць польск. даныя асобна ад рус. (тут бел. факты былі б інфільтрацыямі з суседніх польск. і адпаведна рус. гаворак) нельга. Што ж датычыць уласна этымалагічнага боку, то думка аб зах.-еўрап. паходжанні слова найбольш абгрунтавана. Крыніцай франц.casaque лічаць звычайна італ.casacca ’кафтан, апанча’, аднак Слаўскі (3, 27–28) прыводзіць вядомыя с.-лац.casaca ’разнавіднасць убрання’, італ.casaca ’куртка’ і інш.
Каза́к5 ’калаўрот або лябёдка для пад’ёму вулляў і іншых важкіх прадметаў’ (Сержп. Борт.). Да каза1, перанос паводле зааморфных атрыбутаў рэаліі — наяўнасці ручак (рагоў), параўн. рус.пск.баран ’вертыкальны калаўрот’, таксама адзначанае Далем спец. (у мяснікоў) ’калаўрот паміж двух слупоў’; ніжагар. ’разнавіднасць санак з ручным калаўротам’.
Каза́к6 ’грыб масляк’ (Бяльк., Сцяшк.), козяк ’абабак, падбярозавік’ (кам., Жыв. сл.), ’грыб любы, ядомы, апрача баравіка’ (маст., Жыв. сл.; слон., Нар. лекс.), козяк ’тс’ (кобр., Жыв. сл.). Сцяцко (Дыял. сл.) дае дэфініцыю казякі ’грыбы (агульная назва)’. Паводле ўласных запісаў Сцяцко (Нар. лекс., 49) слова казякі ведаюць у Маст., Слон., Ваўк. раёнах. Аўтар лічыць, што паходзіць слова ад назвы казлякі (казля́к ’масляк’). Тут можна бачыць суфіксальнае ўтварэнне ад каза1, як аб гэтым думае Сцяцко, Афікс. наз., 146, а магчыма, перанос назвы ад казак ’казляня’, параўн. каза, казёл, казялок ’грыб масляк і інш.’. Што датычыцца значэння ’любы грыб (апрача баравіка)’, то тут праблема не вельмі ясная, ці гэта абагульненне назваў канкрэтных «чорных» грыбоў (маслякі, абабкі), ці незалежнае ўтварэнне, якое дэманструе ўжыванне заоніма для характарыстыкі зніжанасці, абазначэння другароднасці такіх грыбоў.
*Каза́к7, коза́к ’рухавы смелы чалавек’ (ТС). Дакладных адпаведнікаў няма, аднак з іншым значэннем аналагічныя структуры ёсць у некаторых мовах: рус.пячор., арханг.казак ’смелы ўдалы чалавек (пра жанчыну)’, анеж.казак ’пра жанчыну’, магчыма, сюды ж асташ., цвяр., пск., арл.казаки ’гульня ў гарэлкі’. Як паказваюць структурна адэкватныя лексемы (рус.казак ’грыб падбярозавік, Boletus scaber’, ’лекавая расліна’, казаки ’расліна Plantago’, польск., чэш., славац.kozak ’грыб Boletus scaber’, славен.kozák ’разнавіднасць грыба, жука’, польск.kozak ’пастух коз’, славін.kozak ’недарэка і інш.’, чэш.kozak ’пастух коз’). Параўн. таксама іншыя ўтварэнні ў бел. мове (гл. казак), тут дэрыват ад каза1, аб тыпе словаўтварэння гл. Сцяцко, Словаўтв., 146. Да семантыкі можна прывесці рус.мяшч., калуж.козёл ’пра жывога, рухавага чалавека’ і рус.казакаться ’важнічаць, наравіцца’, якое па семантыцы быццам бы не супадае, аднак параўн. рус.козокаться ’наравіцца, важнічаць, сварыцца, круціцца, не стаяць на адным месцы і інш.’, козохаться ’тс’, арханг.козой (з іншым суфіксам) ’упарты, лодыр’, козон ’пра жвавую, вяртлявую жанчыну’, козанок ’пра малое дзіця, якое дрэнна расце’, ’пра жвавага чалавека’, ’пра жвавую дзяўчынку’, ’пра жвавае, смелае дзіця’, козыкаться ’ўпарціцца’ і ’важнічаць’ (пск. і інш.); параўн. яшчэ рус.дыял.козлиться ’гарэзіць, скакаць’, ’упарціцца’, ’сердаваць, злавацца’, козлокать ’скакаць, гарэзіць’. Пры аналізе першай групы рус. прыкладаў неабходна мець на ўвазе магчымыя ўзаемаўплывы дэрыватаў ад коза і козырь, козыриться, а таксама і інш. слоў. Што датычыць бел. слова, уплыў лексемы казак ’вольны чалавек’ і інш. не выключаны, ім можна тлумачыць спарадычнасць утварэнняў з ‑ак‑ суфіксацыяй ва ўсх.-слав. мовах і паслядоўныя запісы рус. адпаведнікаў (казак) з ‑а‑.
*Каза́к8, коза́к ’укладка нарыхтаваных дроў у лесе’ (ТС). Магчыма (гл. казачок ’мера дроў’), суадносіцца з рус.арл., болхаўск. казак ’мера дроў, 1/16 кубічнага сажня’. Як і іншыя ўтварэнні (параўн. казак), мы лічым гэта слова вытворным ад каза1. Што датычыць семантыкі, параўн. рус. малаарханг., арл.складывать в козлы ’складваць адзін кусок торфу на другі, сценкай’, ’складваць цагліны: адны плазам, іншыя стаўма, каб паміж імі засталіся адтуліны для паветра’, укр.усх.-палес.козлік ’укладка торфу’, магчыма, сюды ж шматлікія дэрываты ад каза, казёл — найменні ўкладкі снапоў, як спецыяльных, ад дажджу, так і традыцыйных. Сувязь з назвай жывёлы становіцца яснай, калі параўнаць з утварэннямі, якія называюць Т‑падобныя прыстасаванні, дэталі (што разумеецца або як зааморфная адзнака непасрэдна або ўскосна), або з рознымі ўкладкамі (снапоў і інш.), як устойлівымі канструкцыямі.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
БЕЛАРУ́СКАЯ МО́ВА,
мова беларусаў, асноўнага насельніцтва Рэспублікі Беларусь; дзярж. мова Рэспублікі Беларусь. Паводле перапісу 1989 яе лічаць роднай 77,7% жыхароў Беларусі, у т. л. 80,2% беларусаў. Разам з рускай мовай і ўкраінскай мовай адносіцца да ўсх. групы славянскіх моў.
Сучасная бел. мова існуе ў літ. і дыялектнай формах. Дыялектная беларуская мова (гл. ў арт.Дыялект) захоўваецца пераважна сярод сельскага насельніцтва. Яна ўключае асн. масіў гаворак і т.зв. палескую (зах.-палескую) групу гаворак. Асн. масіў падзяляецца на 2 вял. дыялекты: паўн.-ўсходні і паўд.-заходні. Паміж імі знаходзіцца паласа пераходных, або сярэднебел., гаворак (з ПнЗ на ПнУ). Літаратурная мова генетычна грунтуецца на гаворках цэнтр. Беларусі, але ў працэсе свайго станаўлення сінтэзавала характэрныя для большасці бел. гаворак граматычныя і лексічныя рысы і ў сучасны момант не суадносіцца з пэўным тэр. дыялектам.
Арфаграфія беларускай мовы грунтуецца на фанет. прынцыпе ў спалучэнні з марфалагічным. У цесным узаемадзеянні з ёю ішло фарміраванне бел.арфаэпіі. У бел. фанетычнай сістэме (гл.Гукі мовы, Фанетыка) 5 галосных гукаў і 32 зычныя гукі. Марфалогія беларускай мовы сінтэтычная з рысамі аналітызму. Усе словы размяркоўваюцца па 10 часцінах мовы, якія падзяляюцца на знамянальныя (апрача прыслоўя маюць формы словазмянення) і службовыя. Спецыфіку сінтаксісу надаюць гал. чынам адметнасці ў дзеяслоўным і прыназоўнікавым кіраванні. У аснове бел. графікі — рус.грамадзянскі шрыфт, утвораны ў выніку рэформы кірыліцы. Беларускі алфавіт налічвае 32 літары.
Параўнальна-гіст. мовазнаўствам устаноўлена, што ў перыяд ад 3—2-га тыс. да нашай эры да 7—8 ст. нашай эры ў слав. плямёнаў існавала агульная праславянская мова, якая напачатку складалася з блізкароднасных дыялектаў. Шырокае рассяленне слав. плямёнаў у 6—7 ст. абумовіла паслабленне ўнутраных сувязяў. У выніку прыкладна ў 8—9 ст. адбыўся працэс ператварэння ранейшых дыялектаў у самастойныя слав. мовы. У гэты час пачала складвацца і стараж.-рус. мова як адзіная для ўсходніх славян. Яе адноснае адзінства захоўвалася да 13 ст., у т. л. ў эпоху Кіеўскай Русі. Ад праслав. мовы яна атрымала ў спадчыну фанетычную сістэму, граматычны лад і асн. слоўнікавы фонд. У перыяд з 6—7 да 9—10 ст. у стараж.-рус. мове развіўся шэраг спецыфічных рысаў у галіне фанетыкі: поўнагалоссе (берегъ, голова), пачатковае «о» на месцы спалучэння «jе» (озеро, олень), шыпячыя «ж» і «ч» на месцы спалучэння гукаў d, t, kt з j (межа, ночь) і інш. На працягу 11—14 ст.найб. значным фанетычным працэсам стала падзенне рэдукаваных галосных «ъ» і «ь», у выніку чаго фанетычная сістэма наблізілася да фанетычнага ладу сучасных усх.-слав. моў. У граматычным ладзе ранейшая сістэма скланення назоўнікаў па асновах выцяснялася новымі тыпамі скланення па родах, што адбілася на характары канчаткаў. У сістэме дзеяслова аформілася катэгорыя трывання, у сувязі з чым змянілася сістэма прошлых часоў: аорыст, імперфект і часткова плюсквамперфект выцеснены перфектам, які стаў асноўнай формай прошлага часу ў жывой стараж.-рус. мове. Развіццё грамадскай, культ. і ваен. дзейнасці ўсх. славян садзейнічала ўзбагачэнню слоўнікавага складу. Большасць новых слоў узнікла праз словаўтварэнне ад агульнаслав. каранёў, змяненне значэння старых слоў і запазычанняў з грэч., скандынаўскіх, фінскіх і цюркскіх моў.
Пісьменства ва ўсх. славян (на аснове кірыліцы) пашыралася з канца 10 ст. ў сувязі з прыняццем хрысціянства і развіццём дзяржаўнасці. Для Кіеўскай Русі было характэрна літ.-пісьмовае двухмоўе. Яно ўключала царкоўнаславянскую мову богаслужэбнай л-ры, перакладзенай або створанай у Балгарыі і інш.слав. краінах і перапісанай на Русі (Евангелле, Псалтыр, Апостал), і славяна-рускую мову арыгінальных твораў, у якіх пераважала царк.-слав. стыхія, але прысутнічаў і ўсх.-слав. субстрат («Жыціе Феадосія Пячэрскага», «Сказанне пра Барыса і Глеба», «Слова аб законе і божай ласцы» мітрапаліта Іларыёна). Стараж.-руская літ. мова на нар. аснове выкарыстоўвалася ў дзярж. справаводстве, дзелавой пісьменнасці («Руская праўда», граматы), у творах апавядальнай л-ры («Аповесць мінулых гадоў», «Павучанне Уладзіміра Манамаха», «Слова аб палку Ігаравым»), шматлікіх дакументах, у прыватнай перапісцы на берасцяных граматах. Гэтыя віды пісьменства выкарыстоўваліся і на бел. землях эпохі Кіеўскай Русі. Вядучае месца тут належала царк.-слав. мове як мове правасл. набажэнства. Гэта пацвярджаюць выяўленыя на Беларусі помнікі пісьменства: Супрасльскі рукапіс і Тураўскае (11—12 ст.), Аршанскае, Друцкае, Мсціжскае, Полацкае (13—14 ст.) евангеллі. Арыгінальныя творы 12 ст. — «словы», казанні, павучанні і малітвы Кірылы Тураўскага, агіяграфічныя «Жыціе Ефрасінні Полацкай» і «Жыціе Аўраамія Смаленскага». Стараж.бел. пісьменства на нар. аснове прадстаўлена гал. чынам мясцовымі летапісамі і дагаворамі 13—14 ст. з Полацка, Віцебска і цесна звязанага з імі Смаленска.
Феадальнае драбленне і распад Кіеўскай Русі садзейнічалі актывізацыі на бел. землях мясц. дыялектаў. На працягу 14—16 ст. у беларускай мове развіліся фанетычныя асаблівасці: цвёрдае «р», дзеканне і цеканне і інш. Адначасова выпрацаваўся шэраг спецыфічных рысаў беларускай мовы ў галіне лексікі. Агульнаўжывальнымі сталі словы, вядомыя з глыбокай старажытнасці як дыялектызмы («багна», «вавёрка», «воўна», «вырай», «гай», «грэбля», «жыта», «збожжа», «крыніца», «смага», «брахаць», «жадаць», «лагодзіць», «лаяць»). Многія агульнаслав. і агульнаўсх.-слав. словы на бел. глебе змяніліся ў выніку прыстасавання да бел. фанетычнай сістэмы («аржаны», «іржа», «возера», «вока», «дрыжыць», «крывавы»). Асноўная ж колькасць новых слоў утваралася афіксальным спосабам шляхам выкарыстання пашыраных у беларускай мове сродкаў словаўтварэння — суфіксаў і прыставак («авечка», «сцежка», «частка», «выбавіць», «выбраць»). У папаўненні слоўніка беларускай мовы значную ролю адыгралі запазычанні з інш. моў — паланізмы, лацінізмы, германізмы, літуанізмы (гл.Балтызм), цюркізмы. Бел. пісьмовыя помнікі 16 ст. сведчаць, што да гэтага часу склаліся ўсе важнейшыя фанетычныя, граматычныя і лексічныя рысы, уласцівыя беларускай мове і цяпер.
З сярэдзіны 15 ст. пісьменства на Беларусі насычаецца спецыфічна бел. рысамі ў такой меры, што дае падставу сцвярджаць пра самастойную бел.літ. мову са сваімі арфаграфічнымі, граматычнымі і лексічнымі адзнакамі. Развіццю беларускай мовы спрыяла і тое, што ў ВКЛ яна выконвала функцыі дзяржаўнай мовы. Асабліва шырока беларуская мова выкарыстоўвалася ў канцылярска-юрыд. дакументацыі — актах, граматах, дагаворах і статутах (найб. важныя — Статуты ВКЛ 1529, 1566 і 1588). Буйны помнік канцылярска-юрыд. пісьменства — Метрыка Вялікага княства Літоўскага, дакументы якой да сярэдзіны 17 ст. афармляліся пераважна на беларускай мове. На ёй вялася таксама дакументацыя ў гар. управах, магістратах і магдэбургіях, у гар., земскіх і замкавых судах і інш. Да сярэдзіны 17 ст. беларуская мова выкарыстоўвалася таксама ў канцылярыях і судах на тэр. этнічнай Літвы, на ёй пісаліся дакументы ў каралеўскіх канцылярыях Кракава і Варшавы, што прызначаліся для ВКЛ. У канцы 14 — пач. 15 ст. на Беларусі вял. пашырэнне атрымала летапісанне, але ў летапісах, якія дайшлі да нашага часу ў больш позніх спісах [Нікіфараўскі, Слуцкі, Віленскі адносяцца да канца 15 — пач. 16 ст., астатнія (больш як 10) да 16—17 ст.], бел. мова адлюстравалася неаднолькава (раннія летапісы ў большай ступені захоўваюць архаічныя моўныя рысы, пазнейшыя — жывую нар. стыхію). Жывой нар. мовай напісаны Баркулабаўскі летапіс, мемуарныя творы («Дзённік» Ф.Еўлашоўскага, «Дыярыуш» А.Філіповіча), перакладныя аповесці («Александрыя», «Троя», «Аповесць пра Трышчана», «Аповесць пра Баву»), польск. гіст. хронікі канца 16 — пач. 17 ст. («Хроніка ўсяго свету» М.Бельскага, «Хроніка польская, літоўская, жамойцкая і ўсяе Русі» М.Стрыйкоўскага).
Паступовае збліжэнне з Польшчай у паліт. і культ. адносінах, насаджэнне на Беларусі каталіцызму паслабляла пазіцыі праваслаўя і царк.-слав. мовы. Гэтаму садзейнічала і распаўсюджанне рэфармацыйных плыняў, прыхільнікі якіх імкнуліся ўводзіць мясц. мовы ў набажэнства і богаслужэбную л-ру. Першапачаткова беларуская мова пранікла ў жыційную л-ру (напр., «Мінеі — Чэцці», 1489). У канцы 15 ст. пачалі з’яўляцца пераклады з польск. мовы агіяграфічных і апакрыфічных твораў («Страсці Хрыстовы», «Аповесць пра трох каралёў», «Жыціе Аляксея, чалавека божага»). З пач. 16 ст. беларуская мова пранікае і ў кананічныя рэліг. творы. Пачатак гэтаму працэсу паклаў Ф.Скарына, які ў 1517—19 выдаў у Празе большую частку кніг Старога запавету. Захаваўшы ў гэтых выданнях царк.-слав. аснову, ён наблізіў іх мову да народнай. У часы Скарыны зроблены пераклады на беларускую мову асобных кніг Бібліі непасрэдна са стараяўр. мовы. Каля сярэдзіны 16 ст. з’явіўся пераклад Псалтыра — самай папулярнай кнігі ў паслядоўнікаў хрысц. веравызнання. Першапачаткова такія пераклады распаўсюджваліся ў рукапісных спісах. З 2-й пал. 16 ст. на беларускай мове з’яўляюцца друкаваныя творы рэліг. прызначэння. У 1562 С.Будны выдаў у Нясвіжскай друкарні першыя на Беларусі друкаваныя кнігі на беларускай мове «Катэхізіс» і «Пра апраўданне грэшнага чалавека перад Богам» (не захавалася). Каля 1580 В.Цяпінскі выдаў Евангелле, у якім бел. тэкст змешчаны паралельна з царк.-славянскім — унікальная з’ява ў тагачасным слав. свеце. З канца 16 ст. беларуская мова стала прадметам абавязковага вывучэння ў правасл.брацкіх школах, што садзейнічала яе паспяховаму выкарыстанню ў розных галінах грамадскага і культ. жыцця. Канец 16 — 1-я пал. 17 ст. былі эпохай найб. выкарыстання беларускай мовы ў рэліг. сферы — пераважна ў т.зв. гамілетычнай л-ры, якая грунтавалася на павучальным тлумачэнні тэкстаў Свяшчэннага пісання. Захаваліся да нашага часу шматлікія рукапісныя зборнікі і друкаваныя кнігі: «Казанне Кірылы, патрыярха іерусалімскага, пра антыхрыста» С.Зізанія (Вільня, 1596), «Евангелле вучыцельнае» (Еўе, 1616), «Духоўныя гутаркі» Макарыя Егіпецкага (Вільня, 1627), «Гісторыя пра Варлаама і Іаасафа» (Куцейна, 1637) і інш. На беларускай мове былі надрукаваны і пахавальныя казанні, складзеныя паводле правілаў тагачаснай царк. рыторыкі. Беларуская мова выкарыстоўвалася ў разнастайных настаўленнях аб хрысц. рытуалах і ў царк. заканадаўстве.
Аднак у новых паліт. і культ. умовах жыцця бел. народа ў складзе Рэчы Паспалітай выкарыстанне бел.літ.-пісьмовай мовы паступова пайшло на спад. Пасля Люблінскай уніі 1569 бел.-літоўская шляхта з мэтай захавання свайго паліт. і эканам. становішча імкнулася да ўстанаўлення ў ВКЛ важнейшых дзярж. інстытутаў на польскі ўзор. У сярэдзіне 17 ст. беларуская мова практычна выйшла з ужытку ў дзярж. канцылярыях. Юрыдычна гэта было аформлена рашэннем усеагульнай канфедэрацыі саслоўяў 1696. Разам з заняпадам беларускай мовы ў справаводстве пачала звужацца і яе роля ў інш. галінах грамадскага і культ. жыцця. Бел. кнігі не друкаваліся, рэліг.л-ра выдавалася выключна на царк.-слав. мове. У 2-й пал. 17 і на працягу 18 ст. на Беларусі панавала польска-лац. кнігадрукаванне. Адукацыя знаходзілася пераважна ў руках шматлікіх рымска-каталіцкіх ордэнаў: езуітаў, дамініканцаў, кармелітаў, францысканцаў, бернардзінцаў і піяраў, якія мелі свае школы і вучылішчы амаль ва ўсіх бел. гарадах і буйных мястэчках. Навучанне ў іх вялося на польск. і лац. мовах. Беларуская мова вывучалася толькі ва уніяцкіх базыльянскіх школах і выкарыстоўвалася ў неафіц. частках набажэнства. Жывой беларускай мовай працягвалі карыстацца сяляне, дробная шляхта, гар. рамеснае насельніцтва. На нар. мове ствараліся разнастайныя фалькл. творы: песні, казкі, легенды, паданні, прыказкі, прымаўкі і інш. У 18 ст. беларуская мова атрымала пісьмовую фіксацыю толькі ў інтэрмедыях і інтэрлюдыях да драм. твораў, што ставіліся ў вучылішчах, гімназіях і калегіях (гл.Школьны тэатр). Панаванне польск. мовы ў важнейшых галінах грамадскага і культ. жыцця працягвалася да 1830-х г., пасля польск. мову ў гэтых сферах замяніла руская.
Новая бел.літ. мова на нар. аснове, без сувязі са стараж. пісьмовымі традыцыямі пачала складвацца на пач. 19 ст. Станаўленне яе праходзіла ў агульным кантэксце слав.адраджэння нацыянальнага. Але на Беларусі развіццё літ. мовы стрымлівалася адсутнасцю яе дзярж. самастойнасці, панаваннем у тагачасным грамадстве думкі, што бел. нар.-дыялектная мова з’яўляецца толькі дыялектам рус. ці польск. моў. Сведчаннем фарміравання новай бел.літ. мовы было з’яўленне ў 19 ст. ананімных паэм «Энеіда навыварат» і «Тарас на Парнасе», якія доўгі час бытавалі ў вуснай перадачы і ў рукапісах. Першая друкаваная кніга на новай беларускай мове «Кароткі збор хрысціянскай навукі» (Вільня, 1835). Аднак найперш беларуская мова прабівала сабе дарогу ў паэт. жанрах, якія былі вядучыя на працягу ўсяго 19 ст. Значны ўклад у развіццё новай бел.літ. мовы зрабілі Я.Баршчэўскі, А.Рыпінскі, Я.Чачот, В.Дунін-Марцінкевіч, Ф.Багушэвіч і інш. З канца 19 ст. на беларускай мове з’яўляюцца пераклады з рус., укр. і польск. моў.
Бел.літ. мова 19 ст. яшчэ не мела ўстойлівых графічных, арфаграфічных, граматычных і лексічных нормаў. На ёй не ствараліся падручнікі ці дапаможнікі, не вялося школьнае навучанне, яна не дапускалася ў дзярж. сферу. Пісьменнікі арыентаваліся на свае родныя гаворкі. Працэс нармалізацыі мовы стрымлівала выкарыстанне дзвюх графічных сістэм — лацінскага і кірылічнага шрыфтоў, што назіралася аж да 1917, а ў Зах. Беларусі — да 1939. Рэвалюцыя 1905—07 паскорыла разгортванне літ.-грамадскага руху на Беларусі, зняла абмежаванні з бел. друкаванага слова. З гэтага часу пачалі арганізоўвацца легальныя органы друку і бел. выд-вы. У развіцці бел.літ. мовы значную ролю адыграла «Наша ніва» (Вільня, 1906—15), на старонках якой выступала новая плеяда бел. пісьменнікаў: Я.Купала, Я.Колас, М.Багдановіч, Цётка, М.Гарэцкі, З.Бядуля, Ц.Гартны, К.Каганец, Ядвігін Ш. і інш. Газета садзейнічала выпрацоўцы навук. стылю, на яе правапісныя, грамат. і лексічныя нормы арыентаваліся інш. перыядычныя выданні. Аднак сфера выкарыстання беларускай мовы ў гэты час была звужаная, бо ў важнейшых галінах грамадскага і культ. жыцця панавала рус. мова. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917, абвяшчэння БНР (сак. 1918), а потым БССР (1.1.1919) беларуская мова атрымала статус дзяржаўнай. У выніку беларусізацыі беларуская мова стала мовай школьнага навучання, вышэйшых навуч. устаноў, дзярж. і грамадскіх арганізацый, перыяд. друку. Арфаграфія і граматычныя нормы яе былі кадыфікаваны «Беларускай граматыкай для школ» Б.Тарашкевіча (Вільня, 1918). Яе прынцыпы папулярызаваліся падручнікамі Я.Лёсіка. Беларуская мова набыла ўсе гал. прыкметы, уласцівыя кожнай нац.літ. мове: развітая стылістычная дыферэнцыяцыя, апрацаванасць, упарадкаванасць літ. мовы ў параўнанні з нар.-дыялектнай, узаконеная грамадствам нарматыўнасць, стабільнасць, неперарыўнасць традыцый, наяўнасць пісьмовай і вуснай разнавіднасцяў. Для нармалізацыі бел.літ. мовы важнае значэнне мела прынятая СНКБССР у жн. 1933 пастанова «Аб зменах і спрашчэнні беларускага правапісу» (гл. ў арт.Рэформы моўныя). Бел. дыяспара за межамі Беларусі не прызнала рэформу 1933 і працягвае карыстацца дарэформеннымі правапіснымі і граматычнымі нормамі. Так фактычна ўтварыліся два варыянты бел.літ. мовы, якія існуюць і ў наш час.
Самыя раннія спробы вывучэння беларускай мовы зроблены на пач. 19 ст., аднак яно не мела арганізаванага і сістэматычнага характару (гл. ў арт.Беларусазнаўства). Найбагацейшы збор бел. лексічнага матэрыялу дарэв. пары — «Слоўнік беларускай мовы» І.І.Насовіча (1870). Пачатак грунтоўнаму навук. даследаванню беларускай мовы далі працы заснавальніка бел.мовазнаўства Я.Ф.Карскага, асабліва яго манаграфіі «Беларусы» (т. 1—3, 1903—22). У сав. час апублікаваны фундаментальныя даследаванні беларускай мовы, падрыхтаваныя Інстытутам мовазнаўства імя Я.КоласаАН Беларусі, разнастайныя дапаможнікі для ВНУ па гісторыі мовы, дыялекталогіі сучаснай беларускай мовы, спец. кнігі па асобных праблемах фанет. сістэмы, грамат. ладу мовы беларусаў. Выдадзены вялікія перакладныя, тлумачальныя, гіст. і інш. слоўнікі (гл. ў арт.Лексікаграфія), аналізуюцца кантакты беларускай мовы з мовамі інш.слав. і неслав. народаў на розных этапах іх гіст. развіцця. У 1990 прыняты Закон «Аб мовах у Беларускай ССР», які надаў беларускай мове статус дзяржаўнай мовы.
Літ.:
Карский Е.Ф. Белорусы. Вып. 1—3. М., 1955—56;
Филин Ф.П. Происхождение русского, украинского и белорусского языков: Ист.-диалектол. очерк. Л., 1972;
Булахов М.Г., Жовтобрюх М.А., Кодухов В.И. Восточнославянские языки. М., 1987;
Супрун А.Е. Введение в славянскую филологию. 2 изд. Мн., 1989;
Воўк-Левановіч О.В. Лекцыі па гісторыі беларускай мовы. Мн., 1994;
Нарысы па гісторыі беларускай мовы. Мн., 1957;
Гістарычная лексікалогія беларускай мовы. Мн., 1970;
Булыка А.М., Жураўскі А.І., Крамко І.І. Гістарычная марфалогія беларускай мовы. Мн., 1979;
Жураўскі А.І. Гісторыя беларускай літаратурнай мовы. Т. 1. Мн., 1967;
Крамко І.І., Юрэвіч А.К., Яновіч А.І. Гісторыя беларускай літаратурнай мовы. Т. 2. Мн., 1968;
Шакун Л.М. Гісторыя беларускай літаратурнай мовы. 2 выд.Мн., 1984;
Мова беларускай пісьменнасці XIV—XVIII стст. Мн., 1988;
Граматыка беларускай мовы. Т. 1—2. Мн., 1962—66;
Беларуская граматыка. Ч. 1—2. Мн, 1985—86;
Беларуская мова: Энцыкл.Мн., 1994.
А.І.Жураўскі.
Да арт.Беларуская мова. Тытульны ліст «Беларускай граматыкі для школ» Б.Тарашкевіча. 1918.Да арт.Беларуская мова. Старонка з Баркулабаўскага летапісу. 17 ст.Да арт.Беларуская мова. Надпіс на Рагвалодавым камені. 1171.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Калодзеж1 ’вузкая, глыбокая яма, звычайна ўмацаваная ад абвалаў зрубам, трубамі для здабывання вады з ваданосных слаёў зямлі’, ’студня з калаўротам або асверам для чэрпання пітной вады’ (БРС, ТСБМ; рэч., Маш.; Нас.), калодзезь ’тс’ (БРС, ТСБМ, Бір., Шушк., Яруш.), калодзейзь ’тс’ (ДАБМ), калодзезь ’тс’ (Касп., Сержп., Сцяшк.), калодзец ’тс’ (Нік., Оч.?; лаг., тур., Яшк.), калодзёдзь ’тс’ (жытк., Яшк.), калодзіж ’тс’ (Бяльк.; сак., Федар.; Шат.; гор., Яруш.), калодзісь ’тс’ (Бяльк., Сержп. Прымхі, Сцяц.), калодзядзь ’тс’ (малар., Нар. лекс.), колодзяж ’тс’ (Маш.), калодзясь ’тс’ (чырв., ваўк., Бір.Працы ІМ, 6, Сцяшк.), далей, магчыма, колодзезь ’крыніца’, параўн. у Радчанкі, 111: «A в лузе, в лузе, красна калина, Под тою калинкою колодезь тече», таксама калодзеж ’крыніца на ўзвышшы ў выглядзе азярыны з мноствам пульсуючых струменяў, паверхня вады ў якой мае блакітны колер’, ’вельмі глыбокае прыроднае возера з цёмнай паверхняй вады’ (слаўг., Яшк.), ’невялікая мінеральная крыніца на высокім месцы’ (жытк., Яшк.), сюды ж і празрысты перанос колодзязь ’зруб хаты’ (жытк., Нар. сл.), калодзезь, калодзясь, колодэзь ’студня’ (Сл. паўн.-зах.), калодзісь ’укладка дроў квадратнай формы’ (кар.); калодзезь і колодзедзь ’студня’ і ’зруб’ (ТС). Аб размеркаванні лексем гл. яшчэ ДАБМ, к. 241, а таксама Камент., 806–807, дзе агляд канкрэтных форм. Укр.колодзязь ’студня’, бойк.колодʼац ’крыніца’, рус.колодец ’студня’, алан.колодез, курск.колодезь, смал., кур., разан., тамб.колодесь, калодезь ’зліццё многіх крыніц у адзін ручай, які ўпадае ў раку’, сарат., тульск., вяц., паўдн.-уральск.колодец ’крыніца’, арханг.колодцы ’крыніцы, якія зліваюцца разам і даюць пачатак рацэ’, арханг., маск., ’незарослы травой правал у балоце’, разан. ’зруб’. Дакладны адпаведнік таксама ст.-слав.кладѧзь, у слоўніках звычайна прыводзяць серб.-харв.кла̏денац ’калодзеж’ і ’крыніца’, макед.кладенец, балг.кладенец ’крыніца, студня’ а таксама славен.kladénec. Апошняе, паводле Безлая, 2, 35, новакніжнае з серб.-харв., а форма kladez, якая таксама згадваецца ў некаторых слоўніках, узнікла пад уплывам ст.-слав. лексемы. У серб.-харв. адзначана яшчэ форма хладенац ’студня’, а ў балг.гладенец і гладнец. Звяртае на сябе ўвагу адсутнасць слова ў заходніх славян (і фактычна ў славенцаў), што хутчэй за ўсё сведчыць аб даўняй дыялектнай асаблівасці (яшчэ праславянскага перыяду). Гэта назва студні ў слав. мовах аналізавалася ў шматлікай літаратуры. Гіпотэза аб запазычанні слова з герм. моў (з гоцкай) падтрымлівалася і падтрымліваецца шэрагам этымолагаў. Аргументацыя пабудавана галоўным чынам на словаўтваральным крытэрыі (суфікс у прасл.koldęzъ не з’яўляецца тыповым) і пашыранай у герм. мове і іншых мадэлі, паводле якой суадносяцца семемы ’калодзеж’ і ’холад’. Параўн. агляд літ-ры ў Фасмера, 2, 293. Аднак і «германская» крыніца не з’яўляецца бездакорнай. Так, Кіпарскі (Gemeinslav. 38) адзначаў, што ў германскай мове не знойдзена ніякіх слядоў мяркуемай праформы *kaldingaz, kaldingiz, параўн. Мартынаў, Лекс. взаим., 65–68. Па сутнасці, рэальныя факты (дац.kilde ’крыніца’ і нек. інш.) хутчэй з’яўляюцца магчымымі семантычнымі адпаведнікамі, а не словаўтваральнымі. Словаўтваральную варыятыўнасць слова (параўн. нашы прыклады) нельга вытлумачыць, зыходзячы толькі з адзначанай герм. праформы. Славянская этымалогія будуецца на празрыстай сувязі з kolda ’бервяно і да т. п.’ Пры гэтым, напрыклад, Буга (1, 582) спасылаецца на такую семантычную паралель, як літ.šulinỹs ’студня з жураўлём’ пры šùlas ’стоўп і да т. п.’ Аб сувязі з kolda меркавалі таксама Брукнер (ZfslPh, 6, 65), Кіпарскі (ВЯ, 1956, 5, 134 і ў іншых працах), Скок (2, 87). Разам з тым нельга не адзначыць, што ў любым выпадку неабходна лічыцца з існаваннем іншай семантычнай мадэлі для назвы студні. Тут і верагодныя герм. назвы з семантыкай «холаду», літ.šaltìnis ’крыніца’ пры šàltas ’халодны’, магчыма, серб.-харв.хладенац (паводле Скока, 2, 87), балг.студенец, польск.studnia, в.-луж.studnja, н.-луж.studńa, чэш.studně, славац.studňa. Адносна апошніх можна дабавіць яшчэ і рус.студенец, укр.студениця. Ёсць усе падставы лічыць іх, па-першае, праславянскімі, а па-другое, больш даўнімі ў параўнанні з koldęzь.
Калодзеж2, калодзеш ’ямачка каля пупавіны, па якой вызначаюць малочнасць каровы’ (рас., Шатал.). Рус.дыял.колодези ’ямка над рэбрамі, па якой вызначаюць малочнасць каровы’ (у Бурнашова без геаграфіі), паўдн.-урал.колодцы ’малочныя пратокі ў вымі каровы’: «Как‑то выбирают её по колодцам. Как палец‑то лезет в этот колодец, то молоко хорошее» (СРНГ, 14, 156). Фармальная сувязь з калодзеж1 і матывацыя назвы празрыстая. Што датычыць геаграфічнага і храналагічнага статусу лексемы, вызначыць яго не вельмі лёгка. Нельга выключыць таго, што адзначаныя факты — толькі рэшткі ўсх.-слав. (а магчыма, паводле геаграфіі рускага?) даўняга ўяўлення і адпаведнай лексемы. Іншы варыянт — лакальная інавацыя, пры гэтым, улічваючы відавочную розніцу ў словаўтварэнні і семантыку прыведзеных лексем, нельга выключыць і такую думку, што гэта наогул незалежныя ўтварэнні, прычым як на базе калодзеж ’студня’ (параўн. асабліва калодзеж у тэхнічных значэннях), так і на базе ’яма з вадой, паглыбленне і да т. п.’ Параўн. рус.дыял.колодезь, колодесь ’ямка для масла ў кашы’.