Калама́шка ’лаянка на няўклюднага, чараватага чалавека’ (Шат.). Фармальна суадносіцца з каламашка ’воз’, ’нязграбны воз’, ’воз для перавозу цяжкасцей’ і да т. п. — значэнні, якія тлумачаць, відаць, утварэнне каламашка ’лаянка’. З разглядаемым словам суадносіцца кылымашыцца ’таўчыся, збірацца ў адным месцы’ (Бяльк.) (паводле фанетычнага крытэрыю ўтворана ад асновы каламаш‑). Семантыка, відавочна, адрозніваецца, аднак яе можна зразумець як натуральнае развіццё ’капацца, вазіцца’ > ’таўчыся на адным месцы’, > ’збірацца ў адным месцы’. Такое развіццё значэння верагоднае, паколькі ажыццяўляецца ў яўна экспрэсіўных лексемах, дзе семантыка з’яўляецца дыфузорнай і лёгка можа субстывавацца. Параўн. яшчэ пск. колымажиться ’важнічаць, фанабэрыцца’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)