Нія́кі ’ніякі, ні адзін, ніводны’ (Нас., Касп., Бяльк., Сл. ПЗБ, Ян., ТС), ’дрэнны, благі, нягодны’ (Ян., ТС; полац., Нар. лекс.; бешанк., Нар. сл.), ’худы, хваравіты’ (Мат. Гом.), ’хворы’ (ТС, Сл. ПЗБ), ’неразумны; слабы, кволы; невялікі’ (Сл. ПЗБ), сюды ж нія́ка ’дрэнна’ (Сл. ПЗБ), ’цяжка’ (Сцяшк. Сл.), нія́коваты ’слабаваты, нікуды не варты’ (ТС), ніякава́ты ’маларослы’ (Мат. Гом.), ніяку́сенькі ’ніякі’ (Сцяшк. Сл.), ніякаве́ць ’бянтэжыцца’ (там жа), укр. нія́кій ’ніякі’, рус. бранск. ния́кій ’тс’, польск. nijaki ’ніякі; няпэўны, невыразны, слабы, мізэрны’, чэш., славац. nijaký ’няпэўны, невыразны’. Вытворнае ад нія́к (гл.), адносна развіцця семантыкі да ’дрэнны, нікуды не варты’ параўн. нічогі (гл.), развіццё спецыфічнага значэння ’слабы, кволы’, магчыма, з’яўляецца паралельным да серб.-харв. не̏јāк ’слабы, кволы, слабасільны’ ад jȃk ’моцны, магутны’, агульнага па паходжанню з паўн.-слав. *jakъ ’які’ (ESSJ SG, 2, 237, 491; Скок, 1, 702).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Асца́ ’лішай’ (Бяльк., Нас., Гарэц., Др.-Падб.), ’выдзяленне сліны’ (Янк. I; Арашонкава і інш., Весці АН БССР, 1969, 4, 128); ісца́ (Нас., Бяльк.). Рус. дыял. восца́ ’моцнае імкненне да чаго-небудзь’, ’надта жвавы чалавек’, восса́, васся́, асса́, ’хвароба скуры’. Малаверагодная думка Арашонкавай і інш. пра сувязь з лац. ascit ’вадзянка’ (?); недаказана таксама іх думка пра сувязь з літ. aščiagaliai ’абсыпкі’. Фасмер (1, 358), Мяркулава (Этимология, 1970, 156–157) выказвалі думку пра этымон *osьca < *obsьca, утворанага ад дзеяслова *obsьcati. Ці сюды форма ст.-рус. вошьца ’апукліна’ (XVI ст.)? Этымалагічная сувязь з дзеясловам семантычна не беззаганная. Таму магчымы і іншыя тлумачэнні: з *ostьca (як рус. дверца, ленца) ад *ostь (гл. восці) (па свербу, выкліканаму, напрыклад, стрэмкай), ці з *osъpьca (параўн. воспа, vospica ў некаторых славянскіх мовах). Няясна. Гл. яшчэ ісца.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ба́йда 1 ’барка, лайба’ (Гарэц.), рус. ба́йда ’баржа’, укр. ба́йда (паўдн.) ’від пласкадоннай лодкі’. Паводле Фасмера, 1, 107, сюды ж рус. байда́к ’баржа; брус’, байда́ра ’рачное судна’. Усе гэтыя словы лічацца запазычаннямі з усх. моў. Паводле Шанскага, 1, Б, 12, усе гэтыя словы ўтвораны ад ба́йда рознымі суфіксамі, а ба́йда < бадья ’пасудзіна’ (цюрк., параўн. бадзе́йка, бадзя́га). Параўн. ба́йда 2 і байда́к.

Ба́йда 2 ’паля’ (Нас., Гарэц.). Параўн. ст.-укр. (XVII ст.) байда ’паля, вялікае завостранае бервяно’, якое Цімчанка (50) лічыць запазычаннем з ням. Beute ’карыта; вулей’ (> польск. bajda ’начоўкі’). Гл. таксама Клюге, 71–72 (дзе прыводзяцца роднасныя герм. формы; між іншым са значэннем ’дошка; край лодкі, чаўна’). Усё ж такі паходжанне слова застаецца няясным. Параўн. яшчэ рус. дыял. байда́к ’тоўстая дошка для падлогі або столі’, якое Фасмер, 1, 107, звязвае з байда́к ’лодка’ (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бас 1 ’бас; чацвёртая струна ў скрыпцы, самая тоўстая’ (БРС, Маш., Бяльк.). Рус. бас, укр. бас і г. д. Запазычанне з франц. basse або італ. basso (літаральна ’нізкі’). Праабражэнскі, 1, 19; Фасмер, 1, 129. Іначай Шанскі, 1, Б, 51, які на аснове гістарычных крыніц (рус. мовы) лічыць, што бас, прынамсі ў рус. мове, запазычана праз польск. bas (< італ.). Гл. яшчэ Клюге, 54 (тут і тлумачэнне слова як назвы інструмента); MESz, 1, 257. Сюды і бас (Браім, Весці АН БССР, 1973 (І), 128) ’кавалак дроту’. Параўн. бас 2.

Бас 2 ’пас, шнур у самапрадцы’ (Бяльк.). Слова не вельмі яснага паходжання. Можна меркаваць, што яно ўзнікла азванчэннем з пас (гл.). Але не выключаецца, што яно таго ж паходжання, што і бас ’чацвёртая струна ў скрыпцы, самая тоўстая’ (гл. бас 1).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ма́сла, ма́сло ’харчовы тлушч са смятанкі ці смятаны’, ’мінеральнае тлустае рэчыва’ (ТСБМ, Бес., Яруш., Вешт., Бяльк., Сл. ПЗБ, ТС). Укр., рус. ма́сло, ст.-рус. масло, польск. masło, н.-луж. masło, чэш. maslo, славац. maslo, славен. máslo, серб.-харв. ма̏сло, макед. масло, ст.-слав. масло ’масла’. Прасл. maslo < maz‑slo, утворанае ад mazati ’мазаць’ (гл.) (Бернекер, 2, 23; Фасмер, 2, 578). Масла, выкарыстоўвалася старажытнымі славянамі як мазь, якой націралі цела, валасы; некаторыя народы ім мазалі калёсы. Аналагічна ў германцаў: ст.-в.-ням. ancho ’масла’, роднаснае да лац. unguentum ’мазь’ (Махэк₂, 353). Сюды ж ма́слены ’які з масла, падобны на масла’ (ТСБМ, Кліх), ’ліслівы’, ма́сліцца ’блішчаць, ільсніцца’, ’лашчыцца’, ’валаводзіцца, няньчыцца, цацкацца’, ма́сліць ’задобрываць, схіляць ласкамі і падарункамі’ (Нас., ТСБМ; жлоб., Нар. словатв.) і ўтворанае ад якаснага прыметніка масленіцца (Васілеўскі, БЛ, 10, 17).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ма́чаха, ма́чыха, ма́ччыха, ма́чоха, ма́чэха, ма́чуха ’няродная маці’ (ТСБМ, Яруш., Шат., Касп., Бяльк., Сл. ПЗБ, ТС, Бес.; КЭС, лаг.; Мат. Гом.). Укр. мачоха, рус. ма́чеха, ма́чиха, ст.-рус. мачеха, мачиха, мащеха; польск., луж. macocha, каш. macecha, чэш. macecha, macocha, славац. macocha, славен. máčeha, серб.-харв. ма̏ћеха, ма̏ћаха, ма̏ћуха, макед. маштеа, маќеа, маќева, балг. ма́штеха, маштиха. Прасл. matjexa, якое з mati, утворана пры дапамозе экспрэсіўных суфіксаў ‑exa, ‑oxa, ‑uxa, ‑ixa (Фасмер, 2, 586; Бязлай, 2, 159). Аднак Зомер (IF, 11, 54) мяркуе, што зыходнай формай будзе параўнальная ступень лексемы māter‑ — *matrjesī. Бел. мачоха ’мачаха’ (Кліх, Маш.) мае націск на ‑о‑ пад уплывам польск. мовы. Сюды ж драг. ма́чоха ’трама’ (Нар. сл.), малар. ’самая тоўстая лёстка ў драбіне воза’ (Нар. словатв.) і ма́чоха, ма́чуха ’папярочны край берда’ (Уладз.), паўд.-гом. ма́тчыха, ма́чуха ’тс’ (ЛАПП).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ме́жды ’паміж’ (Жд. 1, Ян.; смарг., Сл. ПЗБ), ме́жду, мі̂е́жду, мі́жду ’тс’ (Бяльк., ТС, Сл. ПЗБ), мі́жды (кліч., Жыв. сл.; пух., Сл. ПЗБ; ушац., Нар. лекс.), мі́жда ’тс’ (Ян., Нар. Гом., Бяльк.). Укр. міждо, міжда ’тс’ рус. между, пск. межды, смал., арл., перм. ме́жда, межда́, ст.-рус. между (междю) і междо, межды, межди. Запазычаны з ц.-слав. междоу, якое са ст.-слав. междоу ’тс’ — старая форма меснага склону парнага ліку (medju) лексемы medja > мяжа́ (гл.). Параўн. таксама меж (Карскі 2–3, 431; Бернекер, 2, 31; Фасмер, 2, 592; ESSJ SG, 1, 108–110). Мена канчаткаў абумоўлена, відаць, рознымі прычынамі: пераразлажэннем прыназоўніка на меж і да, кантамінацыяй форм міжы і между ці ўспрыманнем канчаткаў ‑да, ‑ды як даўніх часціц прыслоўяў і прыназоўнікаў прасл. da/de/du/dy. Сюды ж мікратапонімы міждарожжа, (па)міждурэчча, паміждарэчча (слаўг., Яшк.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Морак 1 ’змрок, цемра’ (ТСБМ; Сцяшк.). Укр., рус. мо́рок, польск., н.-луж., в.-луж. mrok, чэш., славац. mrak, славен. mrȃk, серб.-харв. мра̑к, макед., балг. мрак, балг. мракът, ст.-слав. мракъ. Прасл. morkъ, да якога роднаснымі з’яўляюцца: літ. mérkti, лат. miȓgt ’міргаць, маргаць’, гоц. maúrgins, ст.-в.-ням. morgan ’ранак’ (Бернекер, 2, 78; Траўтман, 182; Фасмер, 2, 657; Бязлай, 2, 199). Да і.-е. *meig‑ (Мяркулава, Этимология–1973, 59). Сюды ж морак ’абмарачэнне’ (ТС), ’адурэнне’ (Рам. 8) — параўн. літ. mán ãkys apmar̃ko ’ў мяне пацямнела ў вачах’.

Морак 2 ’мор, пошасць’ (ТСБМ). З польск. po‑morek ’заразная хвароба на жывёлы’.

*Морак 3, мо́рок ’недабітая цурка пры гульні ў цурку’ (ТС). Няясна.

Морак 4 ’прымурак’ (маст., Сцяшк. Сл.). З польск. murek ’тс’, у якім адбыўся гіперправільны пераход польск. ó [y] ў бел. о [o].

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мякі́на, мекі́на ’адходы пасля абмалоту і ачысткі зерневых, бабовых культур і льну’ (ТСБМ, Яруш., Грыг., Маш., Бяльк., Бір. Дзярж., Сл. ПЗБ, ТС; бабр., Воўк-Лев.; КЭС, лаг.), ’бесхарактарны чалавек’ (ТС); мякі́нка, мякінны хлеб’, ’хлеб з сумесі жыта, аўса і ячменю’ (Нік. Очерки; ТСБМ), мсцісл. мякі́ніць ’забруджваць мякінай’ (Юрч., Полымя, 7, 1987). Укр. мʼяки́на, рус. мяки́на, польск. miękiny, славен. mekíną ’мякіна’, серб.-харв. мѐкиње ’вотруб’е’, балг. мекина ’мяккая салома’, мʼъки́на, мики́на, мекенице (паўн.-усх.) ’мякіна’. Прасл. mękyna, якое з прыметніка mękъ‑kъ ’мяккі’ (Бернекер, 2, 43; Фасмер, 3, 29; Бязлай, 2, 176). Аб суфіксе ‑ina (< ‑ynʼi) гл. Слаўскі, SP, 1, 140. Сюды ж мякі́ннік (мякы́ннык, мнякэ́ннік); мякі́нніца ’адгароджанае месца на таку, засек у застаронку гумна, куды ссыпаюць мякіну’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ, ТС; КЭС, лаг.; драг., КЭС; бяроз., Шатал.; ашм., Бел. хр. дыял.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Між 1, мі́жы, між‑ ’паміж, сярод’ (ТСБМ, Нас., Яруш., Касп., Бяльк., Растарг., Янк. 2, ТС, Сл. ПЗБ; мядз., Жыв. сл.), ст.-бел. мижъ. Да меж, межы (гл.). Карскі (1, 187) разглядае пераход е > і як несапраўдны, які ўзнік таму, што прыназоўнік між, з’яўляючыся праклітыкай, страціў свой націск, у выніку чаго ‑е‑ звузілася і перайшло ў ‑і‑. Сюды ж шматлікія ўтварэнні з першай часткай між‑: міжсобі, міссобку, міжсобку ’паміж сабой’ (КЭС, Бяльк.; іўеў., Сцяшк. Сл.), міжакры́лы ’частка цела паміж лапаткамі’ (Касп.), міжсошша ’адлегласць паміж сохамі ў гумне’ (Бяльк.), міжывоч ’між вачэй’ (ТС), міжы́калядзь ’святы ад каляд да шчадрухі’ (Шат.), або з яго варыянтам міз‑: мізо́градак ’разора’ (жлоб., Мат. Гом.).

Між 2 ’мяжа паміж сялянскімі палямі’ (малар., Выг. дыс.). Генетычна да мяж́а (гл.). Адсутнасць канчатка: уплыў прыназоўніка між 1 ці працэс адваротны, як укр. миш > ми́ша ’мыш’?

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)