Сад ’участак зямлі, засаджаны дрэвамі, кустамі і кветкамі; дрэвы, кветкі, якія растуць на гэтым участку’, дыял. ’карма ў невадзе, мяшок пасярод яго, куды трапляе рыба’ (віц., Нар. лекс.), ’пасад у гумне’ (Нас.), ’верхні і ніжні млынарскія каменні’ (Некр.), ’грыбная калонія ў лесе’ (Яшк.). Да садзіць, сесці. У першым значэнні агульнаславянскае і праславянскае: рус., укр. сад, стараж.-рус. садъ ’дрэва, расліны, гай, сад’, ст.-слав. садъ ’сад’, польск. sad ’сад, парк’, в.-луж., н.-луж. sad ’садавіна; сад’, чэш., славац. sad ’сад, насаджэнне’, серб.-харв. са̑д ’новае насаджэнне’, славен. sȃd ’плод; плантацыя’, балг., макед. сад ’насаджэнне’. Праслав. *sadъ ’пасадка’, старая аснова на ‑ŭ (Мейе, RS 6, 131). Бліжэйшыя адпаведнікі ў ст.-інд. sadá ’язда вярхом, сядзенне’, ст.-ісл. sót ’сажа’, гл. Траўтман, 259 і наст.; Майргофер, 3, 473; Фасмер, 3, 543 і наст.; Брукнер, 478 і наст.; Махэк₂, 539, Сной₁, 550; Шустар-Шэўц, 2, 1263; Борысь, 537. Сад у значэнні ’дзіцячы сад’ з рус. сад ’тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Са́жань ’старая адзінка меры даўжыні, роўная 3 аршынам, або 2,134 м, якая ўжывалася ў Расіі і Беларусі да ўвядзення метрычнай сістэмы мер’, ’прылада да абмервання зямельных участкаў’ (ТСБМ, Др.-Падб., Сцяшк., Янк., Мат. Гом.), ’старая мера дроў’ (Скарбы, Колас), са́жэнь ’сажань’ (ТС). Ст.-бел. сажень ’адзінка вымярэння даўжыні’. Рус. са́жень ж. р., укр. са́жень м. р., ст.-рус. сажень, сѧжень, сербск.-ц.-слав. сѧжень, польск. sążeń, в.-луж. sažeń, н.-луж. sežań, sćežań, ст.-чэш. sažež, чэш. sáh, славац. siaha, серб.-харв. се̏жа̑њ, славен. sé̻ženj ’сажань’. Прасл. *sęženь утворана ад прасл. *sęgati (гл. сягаць), дыял. прасл. *sęžanь (*sęg‑ěnь), гл. SP, 1, 125, з першасным значэннем ’мера даўжыні ад пальцаў адной да пальцаў другой распрасцёртых рук’ (Міклашыч, 291; Брукнер, KZ, 46, 234; Праабражэнскі, 2, 244; Махэк₂, 535). Фасмер, 3, 545 адхіляе рэканструкцыю Міккалы (LF, 8, 302) прасл. *sogeni‑ і параўнанне з літ. síeksnis ’сажань’, улічваючы ст.-рус. і інш. слав. формы. Гл. яшчэ Шустар-Шэўц, 2, 1271; Борысь, 540.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Све́дка ‘той, хто непасрэдна прысутнічаў пры якім-небудзь здарэнні, падзеі’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Мал., Мядзв., Бяльк., Сл. ПЗБ, Сцяшк.; Нік. Очерки), сьве́дка (świedka) ‘тс’ (Касп., Пятк. 2), ст.-бел. съвѣдъка побач з свѣдокъ ‘тс’. Укр. сві́дка, сві́док, польск. świadek, в.-луж. swědk, чэш. svědek, славац. svedok, серб.-харв. свјѐдок, славен. svedok, балг. дыял. све́док, макед. сведок ‘тс’. Прасл. *sъvědokъ, *sъvědъkъ ‘сведка’ вытворнае ад прасл. *sъ‑věděti ‘даведацца, ведаць, ведаць добра’ < прасл. *věděti ‘ведаць’ (Карскі, 1, 388; Шустар-Шэўц, 1385–1386; Глухак, 600; ЕСУМ, 5, 194; Борысь, 620). Параўн. таксама рус. свиде́тель, балг. свиде́тел, ст.-сл. съвѣдѣтедь, гэтую форму Махэк₂ (594) лічыць праславянскай, а формы з ‑к‑суфіксацыяй узніклымі пазней, шляхам механічнага скарачэння і замены суф. ‑teľ. Пераход слова да асноў на ‑а можна тлумачыць вынікам аналогіі з назвамі асоб тыпу суддзя, старшыня і інш.; параўн. Карскі 2-3, 15. Гл. яшчэ Фасмер, 3, 577; Брукнер, 535 і БЕР, 6, 537–538. Гл. таксама светка, свідзецель.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Свершч ‘цвыркун’ (Нас., Ласт.), свіршч ‘тс’ (гродз., ЛА, 1), свяршчо́к (Жд. 1, Сцяшк., Шатал.), све́ршчык (швянч., Сл. ПЗБ), свярчо́к (Скарбы) ‘тс’, ст.-бел. сверщокъ (Скарына). Укр. сверщ, рус. сверщ, сверчок, стараж.-рус. свьрчькъ, польск. świerszcz, в.-луж. šwjerč, н.-луж. šẃerc, чэш. svrček, cvrček, славац. svrčok ‘тс’, серб.-харв. цвр́чак ‘від насякомага’, славен. cvrček ‘конік’, балг. цвърче́к ‘цвыркун’, макед. свирец, ст.-слав. свръчь(къ) ‘тс’. Прасл. *svьrčъ, да гукапераймальнага свірчаць, цвірчэць (гл.); Фасмер, 3, 575; Брукнер, 536; Махэк₂, 91. Карскі (1, 387) лічыць спалучэнне ‑шч‑ другасным на месцы ‑ч‑; Борысь (623) тлумачыць канцавое спалучэнне ‑szcz у формах тыпу свершч аналогіяй з клешч, хрушч. Калі прыняць у якасці зыходнага прасл. *svirati (*svьrĕtí) (Брукнер, 536; ЕСУМ, 5, 189), параўн. свэрсту́н, свырсту́н, свэршч ‘цвыркун’ (брэсц., ЛА, 1), то ‑шч‑ можа быць на месцы ‑тс‑, як у сві́раст ‘рэзкі, прарэзлівы гук’, свіршчэ́ць ‘выдаваць такі гук’ (Ласт.), параўн. літ. svìrkšti ‘выдаваць гук, пішчаць, свістаць’, лат. svir̃kstêt ‘тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Свесь (сьвесь) ‘сястра жонкі’ (Ласт., Касп., Янк. 1, Сл. рэг. лекс.; мазыр., Шатал.; ТС), свесць (сьвесць) ‘тс’ (ТС, Шат., Маш., Ян., Кольб.), свісць (сьвісьць) ‘тс’ (Клім., Сл. Брэс.), сьве́сьця ‘тс’ (Касп.), сьве́стка ‘тс’ (Ласт.); укр. свість, рус. дыял. свесть, све́стка ‘швагерка’, стараж.-рус. свесть, свьсть, свѣсть, польск. świesć ‘сястра мужа або жонкі’, серб. сва̑ст, сва̏сти ‘швагерка’, славен. svȃst, svẹ̑st, балг. све́стка, макед. дыял. свеска ‘тс’. Прасл. *svьstь, svěstь мае адпаведнікі ў літ. sváinis ‘сваяк’ (паводле Атрэмбскага (Gramatyka, 171), літоўскай мове характэрна сінанімія суф. ‑nis‑/‑sis‑), лат. svaĩnis ‘брат жонкі’ побач з sìvystàs ‘цесць’, ст.-ісл. sveinn ‘хлопчык, хлопец, слуга’, ст.-в.-ням. geswîo ‘сваяк’ і інш. Гл. Фасмер, 3, 575; Міклашыч, 322; Младэнаў, 571, 573; Скок, 3, 226. Далей да свой (гл.). Трубачоў (История терм., 140) словаўтварэнне тлумачыць як далучэнне суф. ‑st‑ да асновы *svь‑, якая ўтварылася ў выніку рэдукцыі кораня: *svь‑ < sve‑, svo‑; першапачаткова гэта быў nomen abstractum са значэннем ‘прыналежнасць да сваіх, сваяцтва’. Аднаўленне сувязі ў рус. свояченица ‘швагерка’, параўн. Шаўр, Etymologie, 45.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Се́рпень ‘жнівень’ (Нас.; ашм., гарад., Сл. ПЗБ, Бес., Шатал.), сюды ж се́рпец ‘тс’ (астр., Сл. ПЗБ), се́рпій ‘тс’, серпаві́ннік ‘канец ліпеня’ (Сцяшк. Сл.). Укр. се́рпень, рус. старое се́рпень, стараж.-рус. сьрпьнь, польск. sierpień, чэш. srpen ‘тс’, серб.-харв. ср̂пањ ‘ліпень’, серб.-ц.-слав. сръпьнь ‘ліпень’, славен. srpȁn ‘ліпень, жнівень’, балг. съ́рпен ‘ліпень’. Прасл. *sьrpьnь ад *sьrpъ, гл. серп, г. зн. месяц сярпа, жніва (Фасмер, 3, 610, Брукнер, 489; Борысь, 547; Сной₁, 603). Інакш Махэк₂ (572), які супастаўляе з літ. sirpsti ‘спець’, таму што збожжа спее ў гэты час, але гэта менш пераканаўча. Аб славянскіх назвах месяцаў гл. яшчэ Шаўр, Этимология–1971, 93 і наст. Беларускае слова з улікам лінгвагеаграфіі можа быць і другасным запазычаннем з польскай; прынамсі аўтары Сл. ПЗБ (4, 415) параўноўваюць з польск. sierpień, аднак сведчанні Насовіча (“простолюдины… употребляют древние названия месяцев… Серпень — Август”, Нас., 631) і архаічная семантыка іншых назваў, утвораных ад серп — ‘канец ліпеня’, сведчаць пра іх спрадвечнасць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ско́бля ‘цяслярская прылада ў выглядзе нажа з ручкамі на канцах (ТСБМ, Шат., Касп., Яшк. Мясц., Бяльк., Варл., Янк. Мат., Сл. ПЗБ), скабёлка ‘тс’ (Касп.), скабялёк ‘струг з адной ручкай’ (Нік. Очерки). Укр., рус. ско́бель, рус.-ц.-слав. скобль, польск. skobla, чэш. skoble ‘жалезная скобка ў хамуце’, славац. skobľa, славен. skȏblja, серб.-харв. ско̎бља дыял. ‘клямар’, балг. ско́бел. Прасл. *skobelь, *skobla. Ад страчанага яшчэ на праславянскім узроўні, як мяркуе Варбат (Этимология–1971, 3 і наст.), *skobiti, параўн. аднак скабіць (гл.), каш. skobić ‘здзіраць кару з дрэва’ (гл. SEK, 4, 281), з суф. ‑elʼ‑, ‑lʼa. Параўн. літ. skõbti, skobiù ‘скрэбці, зрываць’, skabýti, skabaũ ‘тс’, skabùs ‘востры’, лац. scabō, ‑ere ‘скабліць, скрэбці, часаць’, гоц. skában ‘скрэбці, стрыгчы’ і інш. Гл. Траўтман, 262; Мюленбах-Эндзелін, 3, 863; Вальдэ-Гофман, 2, 484; Фасмер, 3, 643. Младэнаў (584) выводзіць ад *skoba (гл. скаба́); Брукнер (494) таксама параўноўвае формы, што адпавядаюць скаба́ і скобля. Гл. яшчэ БЕР, 6, 761; Сной₁, 573.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скорб м. р. ‘смутак’ (ТС). Укр. скора́ ‘тс’, рус. скорбь, ст.-рус. скърбь, серб.-харв. скр̑б ‘клопат’, славен. skȓb ‘тс’, балг. скръб, ст.-слав. скръбь ‘му́ка, няшчасце, гора’. Прасл. *skъrbь ‘смутак, клопат’, *skъrběti ‘смуткаваць; тужыць’, якія роднасныя літ. дыял. skur̃bti ‘смуткаваць’, skurbė ‘смута, гора, нястача’, лат. skúrbt, skurbstu ‘хмялець, траціць прытомнасць’, skur̂ba ‘галавакружэнне; ап’яненне; цечка (у авечак)’. Паводле Ларына (История, 42), сучасныя значэнні пераносныя на базе першаснага ‘хвароба’. Мяркуюць, што славянскія словы маюць агульнае паходжанне з рус. вяц. ско́рблый ‘ссохлы, зморшчаны; заскарузлы, закарэлы’ (сюды ж адносяцца зафіксаваныя Ластоўскім ско́рбнуць ‘карэць; дубець’, ско́рблік ‘крухмал’, скарблі́ць ‘прыдаваць жорсткасць тканіне’), якое суадносіцца з ст.-ісл. skarf ‘зморшчаны, худы, востры’, ст.-в.-ням. skar(p)f, с.-в.-ням. scharpf ‘востры’, што ўрэшце ўзыходзяць да пашыранай формы і.-е. *(s)ker‑ ‘рэзаць’: *(s)kerb(h)‑/*(s)kreb(h)‑, параўн. серб.-харв. oskŕbiti ‘параніць’ і ‘задаць смутку’, а таксама ‘клапаціцца’. Паводле Мартынава (Язык, 44), апошняе — вынік перабудовы семантыкі ў паўднёвых славян пад уплывам іншамоўных пранікненняў.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ско́ры ‘які адбываецца з вялікай хуткасцю; хуткі’ (ТСБМ, Некр. і Байк., ТС), ‘хуткі (у рабоце)’ (ЛА, 3), ‘хуткі, нецярплівы’ (Сл. ПЗБ), ско́ра ‘хутка, жвава’ (Варл.). Укр. ско́рий, рус. ско́рый, стараж.-рус. скоръ, польск. skory ‘скоры’, skoro ‘як толькі, амаль’, в.-луж. skerje, н.-луж. skóro ‘скора; амаль’, чэш. skorý ‘скоры’, skoro ‘амаль’, славац. skorý, серб.-харв. ско́ро ‘нядаўна’, славен. skóro, skȏraj ‘скора; амаль’, балг. ско́ра ‘скора, хутка’, макед. скоро ‘хутка; нядаўна; у хуткім часе; амаль’, ст.-слав. скоръ ‘хуткі, раптоўны; лёгкі’. Прасл. *skorъ, *skoro. Роднасныя літ. skėrỹs ‘саранча’, лат. šķir̃gata, šķirgālis ‘яшчарыца’, грэч. σκιρτάω ‘скачу’, ст.-ісл. skári ‘маладая чайка’, с.-н.-ням. scheren ‘спяшацца’. Гл. Покарны, 934; Фасмер, 3, 654 (там жа і літ-pa); Младэнаў, 585. Ад і.-е. кораня *sker‑ ‘рэзаць’ > ‘хуткі рух’; гл. БЕР, 6, 781–782. Сной₁ (574) выводзіць ад і.-е. *skoro‑ < *sker‑ і параўноўвае з ст.-ням. scerōn ‘разбэшчаны, нахабны’ і роднаснымі. Роднасць з ст.-в.-ням. rasc, ням. rasch, мяркуемая Махэкам₂ (547), па фанетычных прычынах адмаўляецца Шустарам-Шэўцам, 1295.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скупы́ ‘празмерна ашчадны (пра чалавека)’, ‘няпоўны (пра памер)’ (ТСБМ, Ласт., Байк. і Некр., Варл., Сл. ПЗБ), скупу́ ‘тс’ (ТС), скупэ́й ‘тс’ (кам., Сл. ПЗБ), скупы́й ‘тс’ (Бяльк.). Укр. скупи́й, рус. скупо́й, ст.-рус. скупъ, польск. skąpy, в.-луж. skupje ‘скупа, недастаткова’, н.-луж. skupé ‘тс’, чэш. skoupý, славац. skúpy, серб.-харв. ску̑п ‘дарагі; скупы’, славен. skọ̑p ‘скупы’, балг. скъп ‘дарагі, скупы’, макед. скап, ст.-слав. скѫпъ. Прасл. *skǫpъ не мае агульнапрынятай этымалогіі. Пашыраная гіпотэза — ад і.-е. *skom‑, якое ў аскома, шчымець (гл.) з фармантам ‑p; гл. Брукнер, 493; Голуб-Копечны, 334; Скок, 3, 273; Шустар-Шэўц, 1299. Ад і.-е. каранёў са значэннем ‘рэзаць’ утвараюць Младэнаў (588) (< *sek‑) і Сной₁ (574) (< *skap‑ < *skep‑). Іншыя супастаўленні, напрыклад, з літ. kum̃pas ‘крывы’, kum̃pti, kumpstú ‘выгінацца’, грэч. καμπή ‘выгін’ (Цупіца, Gutturale, 108), або Махэка₂ (548) з рус. гоно́бить, гоноши́ть ‘капіць, збіраць’ лічацца сумніўнымі; гл. Фасмер, 3, 662. Агляд этымалагічных версій гл. яшчэ БЕР, 6, 817–818.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)