Сы́каць ’утвараць свісцячыя гукі’, ’выказваць сваё незадавальненне, злоснічаць’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Ласт., Шат., Некр.; ашм., Стан.), ’шыпець (аб гусях)’, ’выказваць незадавальненне, пагражаць’ (Нас.), ’сіпець; наракаць’ (Сл. ПЗБ), ’пакрыкваць на старэйшых’ (Цых.), ’кідаць сярдзітыя рэплікі’ (Варл.), ’сіпець (пра гадзюку)’ (Некр., Варл., ЛА, 1), ’шыпець’, сы́кацца ’абараняцца пагрозлівым шыпеннем’ (ТС), сыча́ць ’сіпець, свісцець’ (Байк. і Некр.), сычэ́ць ’сыкаць’ (ТСБМ), сыча́ць, сыча́ті, сычэ́ты ’тс’ (вільн., беласт., драг., Сл. ПЗБ), сык ’сіпенне’ (Сцяшк. Сл.); сюды ж сы́кацень ’гад, змяя’ (ТС). Укр. сича́ти, си́кати ’шыпець, утвараць свісцячыя гукі’, рус. сы́кать, польск. sykać, syczeć, syknąti, в.-луж. sykać, н.-луж. sykaś, чэш. sykati, syčeti, славац. syčať, серб.-харв. сѝкати, славен. síkati, síčati. Прасл. *syčati і *sykati, гукапераймальнага паходжання; гл. Фасмер, 3, 817; Махэк₂, 548; Міклашыч, 335. Борысь (590) узводзіць да і.-е. гукапераймальнага элемента *sū‑, які адлюстроўвае сыканне; Шустар-Шэўц (2, 1384) параўноўвае яшчэ з *sik‑ (гл. сікаўка).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

НЕАТРАПІ́ЧНАЯ БІЯГЕАГРАФІ́ЧНАЯ ВО́БЛАСЦЬ,

уваходзіць у царства Неагею. Вылучаюць ад 3 да 6 фларыстычных падабласцей: Амазонскую, Амдыйскую, Арынокскую, Бразільскую, Карыбскую, Лаплацкую. Яны займаюць мацерыковую ч. Амерыкі, ад Ніжняй Каліфорніі і паўд. ч. Мексіканскага нагор’я на Пн да 40° паўд. ш. на Пд і прылеглыя да Цэнтр. Амерыкі астравы. Для раслін і жывёл межы Н.б.в. не супадаюць.

Флора багатая і разнастайная, з перавагай мезафільнай лясной расліннасці. Найб. пашыраны расліны сям. архідных, лаўравых, малачайных, марэнавых, меластомавых, міртавых, тутавых, пальмы і інш. Эндэмічных сям. 25 (біксавыя, брамеліевыя, кактусавыя, канавыя і інш.). У адносінах да фауны вылучаюць 3 або 4 падвобласці: Антыльскую, Гвіяна-Бразільскую, Патагона-Андыйскую, або Чылійска-Патагонскую, і Цэнтральнаамерыканскую. Яны займаюць Паўд. Амерыку, б. ч. Цэнтр. Амерыкі (на Пн да Мексіканскага нагор’я), а-вы: Антыльскія, Багамскія, Вогненная Зямля, Галапагас, Фалклендскія, Хуан-Фернандэс. Жывёльны свет вельмі багаты. Сярод млекакормячых шэраг эндэмічных груп (атр. непаўназубых — браняносцы, ляніўцы, мурашкаедавыя; з грызуноў — агуці, марскія свінкі, шыншылы, учэпістахвостыя дзікабразы і інш.; з няпарнакапытных — ламы, тапіры; з сумчатых — апосумы, цэналеставыя; з драпежнікаў — пума, ягуар, акулярны мядзведзь, ацэлот, некалькі відаў сабачых і янотавых і інш.). Характэрны кровасысучыя лятучыя мышы. У рэках жывуць ламанціны і рачныя дэльфіны. Усе малпы належаць да групы шыраканосых: ігрункі, равуны, сапажу і інш.). Сярод птушак больш за 20 эндэмічных сям. — гаацыны, калібры, нанду, гарпіі, кондары, папугаі, туканы, тынаму і інш. Сярод паўзуноў — кайманы, кракадзілы, змеі (удавы, грымучыя і інш.), яшчаркі (ігуанавыя і інш.), бакашыйныя чарапахі. Сярод земнаводных — бязногія, вял. колькасць бясхвостых, у т. л. квакшы, піпавыя і інш. З рыб — піраньі, гіганцкая арапайма, дваякадыхальны лепідасірэн і інш. Характэрны павукі-птушкаеды, сярод насякомых — лістарэзы, буйныя дзённыя матылі, гіганцкія жукі (геркулес, насарог-актэон, браз. даўганогі арлекін).

А.М.Петрыкаў.

Да арт. Неатрапічная біягеаграфічная вобласць Характэрныя прадстаўнікі фауны: 1 — калібры вымпелавая; 2 — геліконіус; 3 — вампір вялікі; 4 — тукан вялікі; 5 — грымучая змяя бушмайстар; 6 — апосум вадзяны; 7 — бакашыйная чарапаха матамата; 8 — вугор электрычны; 9 — дэльфін рачны; 10 — піранья.

т. 11, с. 261

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

зві́цца, саўюся, саўешся, саўецца; саўёмся, саўяцеся; зак.

1. Скруціцца ў клубок, у кальцо. Змяя звілася ў клубок. □ Лопнула струна, у абаранак звілася. Кандрусевіч.

2. Скурчыўшыся, легчы, паваліцца (ад удару, болю і пад.). — Максім як пальнуў, гэты афіцэрык так і звіўся. Грахоўскі. — Пайшоў ляж, каб ты здох! — прашыпеў [Ціток] і, падбегшы, выцяў сабаку нагою. Той яўкнуў і звіўся пад ложкам. Лобан. // Скруціўшыся, легчы, заснуць (ад стомы, ап’янення і пад.). Я пачаў аднеквацца: маўляў, хлопцы, вы піце, вы ж з холаду. Зноў жа такі арганізм мой знясілены, і калі я столькі вып’ю, дык і саўюся. Сабаленка. — А Лёнька ўжо звіўся, спіць? — вешаючы кажух і шапку на цвіку ў парозе, паглядзеў .. [бацька] у бок Лёнькавага ложка. Васілевіч.

3. Пераплесціся, сплесціся паміж сабой. Па баках дарогі.. стройна звіўся беразняк. Машара. Макар насупіўся, на лбе вяровачкамі збіліся складкі. Дуброўскі.

4. Сесці роем (пра пчол). Рой, як толькі даляцеў да першага дрэва калгаснага саду, так і звіўся на галінцы. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Се́паць ‘тузаць, пацягваць за што-небудзь’ (браг., З нар. сл., Пятк. 2), ‘тузаць, намагацца’, ‘хутка нешта рабіць ці падымаць не пад сілу (Нар. Гом.; браг., Нар. словатв.), ‘торгаць’, ‘цяжка дыхаць’, ‘зло, з крыкам размаўляць’ (Ян.), се́пацца ‘злавацца’, укр. сі́пати ‘тузаць’, рус. дан. си́пать ‘цягнуць рыўкамі’, польск. siepać ‘торгаць, рваць’, н.-луж. sepaś ‘біцца (пра пульс, сэрца)’, серб.-харв. сепати се, себати се ‘тузацца’, балг. се́пвам ‘палохаць, прымушаць здрыгануцца’, дыял. се́пам съ ‘уздрыгваць’, макед. сепнува се ‘асякацца, раптоўна замаўкаць; слупянець’. Прасл. *sěpati ‘тузаць, торгаць’, параўноўваюць з літ. šaipýtis ‘насміхацца, здзеквацца; крывіць вусны’, што дае падставы разглядаць праславянскі дзеяслоў як ітэратыў з першаснай матывацыяй, захаванай у літ. šiẽpti ‘рабіць грымасы, рухі тварам’, што да і.-е. ḱei̯p‑ ‘рабіць рухі, моршчыць твар’, з тым жа коранем авест. saef‑ ‘махаць’, ст.-інд. śipra‑ ‘вусы’ (Борысь, Etymologie, 378). Паводле чаргавання вакалізму кораня сюды адносяць польск. siąpić ‘імжэць’ (Брукнер, 489), чэш. sapat se ‘гвалтоўна нападаць’, славац. sápať ‘торгаць’, славен. sópsti ‘пыхцець, цяжка дыхаць’, на аснове якіх выводзіцца прасл. *sap(a)ti, суадноснае з *sěpati (Сной у Бязлай, 3, 218), гл. сапці. Магчыма, звязана з сіпець, гл. (так Якабсон, IJSLP, 1959, 1–2, 270), параўн. (змяя) mòcna sièpnuŭszy ŭskoczyła (Пятк. 2, 50) і сіпе́ць (сипѣць) ‘шыпець (пра змяю); злавацца’ (Нас.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ЗО́РКІ,

нябесныя целы, якія самі свецяцца; складаюцца з распаленых газаў (плазмы). Найб. распаўсюджаныя аб’екты ў Сусвеце — змяшчаюць больш за 98% масы ўсяго касм. рэчыва. Знаходзяцца ў стане цеплавой і гідрастатычнай раўнавагі, што забяспечваецца балансам паміж сілай гравітацыі і ціскам гарачага рэчыва і выпрамянення. Усе З., акрамя Сонца, відаць з Зямлі як святлівыя пункты. Яркасць З. характарызуюць зорнай велічынёй. Бачнае становішча на небасхіле вызначаюць дзвюма вуглавымі пераменнымі — схіленнем і прамым узыходжаннем (гл. Нябесныя каардынаты).

З. існуюць дзесяткі мільярдаў гадоў. У іх ядрах увесь час адбываюцца тэрмаядзерныя рэакцыіасн. крыніца энергіі і выпрамянення. Фіз. характарыстыкі і працягласць існавання З. вызначаюцца масай і хім. складам, якія З. мела ў момант утварэння. Адрозніваюць З.: гіганты, звышгіганты, карлікі, новыя зоркі, звышновыя зоркі, пераменныя зоркі, падвойныя зоркі. Хім. склад большасці З.: 75% вадароду, 23% гелію, 2% інш. элементаў. Дыяпазон магчымых мас — 10​−2—10​2 масы Сонца. Радыусы самых вял. З. — чырвоных звышгігантаў — у 10​2—10​3 разоў большыя, а самых малых — белых карлікаў і нейтронных З. — у 10​2—10​4 разоў меншыя за радыус Сонца. Сярэдняя шчыльнасць чырвоных звышгігантаў 10‘​3 кг/м³, нейтронных З. больш за 10​17 кг/мЗ. Свяцільнасць блакітных гігантаў і чырвоных звышгігантаў складае 8∙10​5, а чырвоных карлікаў 10​−4 свяцільнасці Сонца. З. ўтвараюць у прасторы вял. зорныя сістэмы — галактыкі. Вывучэнне будовы нашай Галактыкі паказвае, што многія З. групуюцца ў зорныя скопішчы, зорныя асацыяцыі і інш. З. вывучаюцца зорнай астраноміяй і астрафізікай.

Літ.:

Агекян Т.А. Звезды, галактики, Метагалактика. 3 изд. М., 1981;

Звезды и звездные системы. М., 1981;

Шкловский И.С. Звезды: их рождение, жизнь и смерть. 3 изд. М., 1984.

А.А.Шымбалёў.

Спіс сузор’яў
Беларуская назва Лацінская назва Становішча
на зорным небе
1 2 3
Авен Aries Пн
Аднарог Monoceros Э
Актант Ostans Пд
Андрамеда Andromeda Пн
Арол Aquila Э
Арыён Orion Э
Ахвярнік Ara Пд
Блізняты Gemini Пн
Вадаліў Aquarius Пд
Валапас Bootes Пн
Валасы Веранікі Coma Berenices Пн
Ветразі Vela Пд
Вознік Auriga Пн
Воран Corvus Пд
Воўк Lupus Пд
Вялікая Мядзведзіца
(нар. назва Вялікі Воз)
Ursa Major Пн
Вялікі Пёс Canis Major Пд
Гадзіннік Horologium Пд
Геркулес Hercules Пн
Гідра Hydra Э
Голуб Columba Пд
Гончыя Псы Canes Venatici Пн
Дзева Virgo Э
Дракон Draco Пн
Дэльфін Delphinus Пн
Журавель Crus Пд
Жывапісец Pictor Пд
Жырафа Camelopardalis Пн
Залатая Рыба Dorado Пд
Заяц Lepus Пд
Змеяносец Ophiuchus Э
Змяя Serpens Э
Індзеец Indus Пд
Казярог Capricornus Пд
Карма Puppis Пд
Касіяпея
(нар. назва Касцы)
Cassiopeia Пн
Кіль Carina Пд
Кіт Cetus Э
Компас Pyxis Пд
Крыж Crux Пд

т. 7, с. 109

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

długość

długoś|ć

ж.

1. даўжыня;

wąż ~ci sześciu metrów — шасціметровая змяя;

~ć fali — даўжыня хвалі;

2. даўжыня; працягласць;

średnia ~ć życia człowieka — сярэдняя працягласць жыцця чалавека;

~ć geograficzna — геаграфічная даўгата;

~ć samogłoski лінгв. працягласць галоснага [гука];

na całą ~ć — на ўсю даўжыню; на ўвесь рост;

na całej ~ci — на ўсёй даўжыні;

wyprzedzić o ~ć спарт. апярэдзіць (абагнаць) на корпус

Польска-беларускі слоўнік (Я. Волкава, В. Авілава, 2004, правапіс да 2008 г.)

Асе́тр, асяцё́р ’від рыбы Acipenser’ (БРС), асё́тр (Жук., 99). Рус. осётр, осётер, осете́р, укр. осете́р, осе́тр, польск. jesiotr, паморск. i̯asotär, i̯esotär, в.-луж. jasotr, н.-луж. jesotr, чэш., славац. jesètr, балг., макед. есетра, серб.-харв. јѐсетра, славен. jesèter, ст.-рус. осетръ. Зважаючы на выкарыстанне ў дапаўненні да Смален. граматы 1150 г. (XVI ст.) слова осетръ, няма патрэбы лічыць бел. асетр запазычаным з рускай мовы, як Крукоўскі, Уплыў, 71–73. Ст.-прус. ešketras ’асетр’, ст.-літ. ešketras ’кіт’, літ. eršketas і пад. ’асетр’ пераўтворана пад уплывам erškẽtis ’цёран, калючка’ (Фрэнкель, 122–123), літ. asẽtras з беларускай (Скарджус, Slav., 34; Фрэнкель, 122). Этымалогія не зусім ясная. Найбольш верагодна, хаця, як лічыць Фасмер, не даказана сувязь з і.-е. коранем *ak̑‑, праслав. *ostrъ ’востры’ (Лёвенталь, BB, 55, 317; Гараеў, Доп., 1, 31; Развадоўскі, Wybór, 2, 338; Ільінскі, Slavia, 2, 256 і наст.; Машынскі, JP, 37, 299), з гэтым звязана і сцвярджэнне пра роднасць кораня слоў асетр і акунь (Буга, 1, 328; Брукнер, 26; Бернштэйн, Очерк, 153), якое выклікала засцярогі ў Ваяна, RÉS, 41, 168. Сувязь назвы асятра са словам востры праз тыпы, якімі пакрыта рыба. Недастаткова высветлена сувязь з нямецкай назвай асятра Stör, франц. esturgeon. Неверагодна супастаўленне Бецэнбергера (BB, 27, 163) з грэчаскай назвай дробнай рыбы ἴχταρ, а таксама супастаўленне Траўтмана (Altpreuß., 331) з лац. excetraзмяя’, на што ўказвалі ў першым выпадку Бернекер, 1, 265; Фасмер, 3, 158, у другім — Вальдэ-Гофман, 1, 426; Фасмер, там жа. Махэк₂ (223) адносіў слова да «праеўрапейскіх».

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

крывы́, ‑ая, ‑ое.

1. Выгнуты, з загібамі; не роўны, не прамы. Крывы сук. Крывая шабля. □ Між палёў шырокіх, Як змяя якая, Цягнецца дарога, Вузкая, крывая. Колас. У лесе ўсякія дрэвы бываюць. Тое крывое, тое аднабокае. Ермаловіч.

2. Ненармальны, пакалечаны (пра часткі цела). Крывы палец. Крывое плячо. □ Калі ўжо, бывае, няма ніякай работы, — дзед, кульгаючы на крывую левую нагу, абыдзе за дзень усю ваколіцу. Якімовіч.

3. Разм. З пашкоджанай нагой (нагамі); кульгавы. Назаўтра на імя Міхала крывы Пракоп прынёс тэлеграму. Васілевіч. / у знач. наз. крывы́, ‑ога, м.; крыва́я, ‑ой, ж. Крывы з прамога смяецца. З нар.

4. Перакошаны, пахілены набок. У маленькіх крывых акенцах не ў меру пышна ззяла яснае святло. Зарэцкі. Крывыя подпісы мужыкоў занялі ўвесь ліст паперы. Колас. // Які дае скажонае адлюстраванне. Крывое люстэрка.

5. перан. Іранічны, пагардлівы (пра позірк, ўсмешку і пад.). Гледзячы Кірылу проста ў вочы.., незнаёмы спытаў з крывой усмешкай: — Што ж гэта ты, друг сітны, сказаўшы «а», не сказаў «бэ». Не хапіла духу? Шамякін.

6. у знач. наз. крыва́я, ‑ой, ж. Спец. Непрамая лінія. Правесці крывую.

7. у знач. наз. крыва́я, ‑ой, ж.; чаго. Графічны паказ пры дапамозе крывой лініі суадноснасці колькасных паказчыкаў якога‑н. працэсу. Крывая ападкаў. Крывая тэмпературы.

•••

Глядзець крывым вокам гл. глядзець.

Крывая душа гл. душа.

Крывое кола гл. кола.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

По́лаз1 ’дэталь саней, полаз’ (ТСБМ, ТС), полозінец ’след ад палазоў’ (Сл. Брэс.), палазо́к ’дэталь плуга, якая слізгаюць па зямлі’ (Сл. ЦРБ). Укр. по́лоз ’полаз’, рус. по́лоз ’полаз’, ’санны след’, польск. płoza ’полаз’, płóz ’частка плуга, якая слізгаюць па зямлі’, чэш. plaz ’тс’, славен. plaz, серб.-харв. плаз ’частка плуга’, балг. плаз ’полаз; частка плуга’. Прасл. *polzъ, і.-е. корань *polgʼ‑ (Чарных, 2, 53). Фасмер (3, 314) прыводзіць роднаснае англа-сакс. fealg ’вобад, барана’, ст.-в.-ням. fëlga ’тс’. Анікін (Этимология–1980, 44, 48) выключае магчымасць сваяцтва з герм. *felgō ’вобад’, і, зыходзячы з семантыкі ’след’, якая развілася з першапачатковага значэння ’паўзці’, прапануе іншыя адпаведнікі: герм. *fulg‑ ’рухацца ўслед’, англ.-сакс. folgian, fylgan ’рухацца ўслед, ззаду’, follow ’ісці ўслед, суправаджаць’, ням. folgen ’тс’; рэканструяваныя і.-е. *pelgʼh‑/*polgʼh са значэннем ’паўзці, слізгаць’ з далейшым развіццём семантыкі ў асобных індаеўрапейскіх мовах (’паўзці, слізгаць’ > след’ > ’ісці па следзе’ > ’рухацца ўслед’), якія маюць надзейную паралель у сям’і слоў, што групуюцца вакол і.-е. кораня *(s)leigh‑/*(s)loidh‑/*(s)lidh‑ ’слізгаць’, параўн. прасл. *slědъ, *slěditi, *slědovati. Гл. яшчэ паўзці.

По́лаз2 ’крыло брадніка’ (КЭС), палазэ ’рыбалоўная крыга’ (ЛА, 1). Называецца так паводле падабенства: прылада складаецца з двух палазоў, за якія яе цягнуць па дне, параўн. іншую назву гэтай прылады — сані (ЛА, 1). Да полаз1 (гл.).

По́лаз3 ’неядавітая змяя сямейства вужоў’ (ТСБМ), ’капрызная асоба’ (Юрч. СНС). Укр. по́лоз, плазу́н, рус. по́лоз ’тс’; польск. płaz ’земнаводнае’. Банькоўскі (2, 621) лічыць біблейскім багемізмам са ст.-чэш. plaz, чэш., славац. plaz ’тс’. Прасл. *polzъ, ідэнтыфікуецца з полаз1 (гл.), Фасмер, 3, 314.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

паўзці́, ‑зу, ‑зеш, ‑зе; ‑зём, ‑зяце; пр. поўз, паўзла, ‑ло; незак.

1. Перамяшчацца па паверхні, рухаючыся ўсім целам (пра паўзуноў, якія не маюць ног). Негр падхопліваў змяю на палачку, што трымаў у руках, і змяя, выкручваючыся, нібы яе прыпякалі гарачым жалезам, паўзла па палачцы да старога. Арабей. // Перамяшчацца наперад на нізкіх нагах, амаль датыкаючыся тулавам да паверхні (пра паўзуноў, насякомых і пад.). Позірк .. [Рымы] падае на бальшак. Па ім паўзуць шэрыя чарапахі. Васілеўская. Чырвоныя мурашкі паўзлі па сухім моху. Бядуля. // перан. Распаўсюджвацца, перадавацца (пра чуткі, гукі і пад.). Непрыемная млявасць паўзла па цел[е]. Савіцкі. Але паўзлі патайна чуткі З сырых падвалаў і муроў. Колас. Гэта дапамагала мала — па класе ўсё роўна поўз ціхенька, смех. Васілевіч.

2. Перамяшчацца лежачы, на жываце, на карачках і пад. (пра людзей і жывёл). Сёмка спачатку пачаў паўзці, а потым прыстаў, падышоў да Петруся і прылёг. Брыль. Сакольны некалькі разоў прыпыняўся, каб прыслухацца, ці паўзуць за ім людзі, ці не парушаецца кім цішыня. Кулакоўскі.

3. перан. Разм. Павольна рухацца, перамяшчацца. Ды дзядзька страх перамагае, Ён шапку загадзя знімае, Па ўсходах чыстых, як мурашка, Паўзе ўгару, ступае цяжка. Колас. На двор паўзлі падводы, людзі. Асіпенка. Цягнік поўз паволі, нібы краўся цішком у цемры праз тую граніцу. С. Александровіч. // Павольна распаўсюджвацца, перамяшчацца; слацца (пра туман, дым і пад.). [Туман] поўз, распаўзаўся па дрыгвяністых нетрах. Лынькоў. Шэрыя дажджавыя хмары нізка паўзлі над счарнелым, мокрым горадам. Грамовіч. З ляснога гушчару асцярожна выпаўзаў змрок, поўз па кустах, паміж стагамі. Шамякін.

4. Слацца па паверхні, чапляючыся за што‑н. (пра расліны). І жоўты хмель віецца на плятні. І дзерава расце, паўзе пад шула. Кірэенка. Доўгія галіны вінаграду.. паўзуць па высокіх драўляных рэйках, утвараючы цяністы калідор, у якім добра хавацца ад летняй спякоты. Бяганская. / Пра агонь, пажар. І зноў то выцягваюцца, то абрываюцца.. жоўтыя языкі [полымя], паўзуць, пераскакваюць, асыпаюцца дымнымі іскрамі. Лынькоў. Агонь вырываўся ўжо з вокнаў друкарні, хапаўся за сцены, поўз па іх на дах. Паслядовіч.

5. Павольна сунуцца ўніз. Гліна і пясок паўзуць па кручах З гор у Алазанскую даліну. Хведаровіч. Спяваў жаўрук, у яр паўзлі снягі, як звозілі ў адну мы клець мяхі. Русецкі. // Павольна сцякаць, ліцца (пра вадкасці). Па разгарачаным счырванелым твары паўзуць мутныя пісягі поту. Быкаў. І паўзе раса слязой у дуба, Па ствалу з тугіх лістоў паўзе... Кірэенка.

6. Марудна праходзіць, цягнуцца (пра час). Неахвотна, марудна паўзуць доўгія зімовыя месяцы. Мурашка. І вужакамі хцівыя рукі Лезуць, лезуць у шафу, ў камод — І хвіліна паўзе, нібы год. Агняцвет.

7. перан. Пралягаць, віцца ў якім‑н. напрамку (пра дарогу, сцежку і пад.). То цераз алешнік, то праз дубнякі, То борам, нібыта жалезная змейка, Паўзе, выгінаецца вузкакалейка. Зарыцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)