«САЛІДА́РНАСЦЬ»

(Solidarność),

прафсаюзнае аб’яднанне ў Польшчы, якое сваёй грамадска-паліт. актыўнасцю моцна паўплывала на сістэмную трансфармацыю дзярж. ладу Польшчы ў 1980—90-я г. Узнікла 17.9.1980 у г. Гданьск на хвалі забастовачнага руху як Незалежны самакіравальны прафес. саюз «С.» (старшыня Л.​Валенса); афіц. зарэгістравана 10.11.1980. У канцы 1980 каля 10 млн. чл. Хутка палітызавалася, ператварылася ў масавы дэмакр. рух рабочых і інтэлігенцыі, скіраваны на процідзеянне камандна-адм. сістэме ў краіне (маральная падтрымка з боку польскай каталіцкай царквы, матэрыяльная — польскіх эмігранцкіх арг-цый, зах. прафсаюзаў і дабрачынных фондаў). У час ваен. становішча 1981—83 афіцыйна забаронена (8.10.1982), шэраг дзеячаў «С.» інтэрніраваны. Удзельнік «круглага стала» (люты — крас. 1989) паміж урадам і апазіцыяй. 17.4.1989 зноў легалізавана. Пасля перамогі на выбарах у сейм і сенат (4 і 18.6.1989), прызначэння Т.​Мазавецкага прэм’ер-міністрам (24.8.1989) і выбрання Валенсы прэзідэнтам Польшчы (9.12.1990) стала кіруючай паліт. сілай краіны. У лют. 1991 старшынёй «С.» выбраны М.​Кшаклеўскі (у 1995 перавыбраны). У 1996 каля 30 малых партый заснавалі Выбарчую акцыю «С.», што перамагла на парламенцкіх выбарах 21.9.1997, але на выбарах 25.9.2001 не здолела правесці ў сейм ніводнага дэпутата. Кіруючы орган — Усяпольская камісія. Уваходзіць у Міжнародную канфедэрацыю свабодных прафсаюзаў.

Літ.:

Лойко Л.В. Политическая борьба в Польше (70—80 гг.). Мн., 1995;

Часноўскі М.Э. Сістэмныя пераўтварэнні ў Рэспубліцы Польшча (1989—1999). Мн., 2000.

У.​Я.​Калаткоў.

т. 14, с. 110

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САПУНО́Ў Аляксей Парфенавіч (27.3.1851, г.п. Усвяты Пскоўскай вобл., Расія —2.10.1924),

бел. гісторык, археограф, краязнавец. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1873). У 1873—96 настаўнік лац. і грэч. моў у Віцебскай гімназіі. З 1896 архіварыус Віцебскага цэнтральнага архіва старажытных актаў, з 1897 выкладчык Маскоўскага ун-та. У 1901—07 і з 1913 сакратар Віцебскага губ. стат. к-та. У 1907 выбраны дэпутатам ад Віцебскай губ. ў Дзярж. думу 3-га склікання, дзе падтрымліваў акцябрыстаў. З 1918 заг. секцыі дэмаграфіі ў губ. стат. бюро, з 1919 — у Віцебскім губ. архіве. Удзельнік стварэння Віцебскага царкоўна-археалагічнага музея і Віцебскай вучонай архіўнай камісіі. Адзін з ініцыятараў адкрыцця Віцебскага аддзялення Маскоўскага археалагічнага інстытута, у якім выкладаў у 1911—22 (з 1913 праф.). Даследаваў гісторыю, л-ру, этнаграфію, археаграфію, архітэктуру, фальклор Беларусі, пераважна Падзвіння. Выявіў і зрабіў палеаграфічныя апісанні стараж. рукапісных помнікаў, апісаў Барысавы камяні, архівы Віцебшчыны, Магілёўшчыны, Мінска. Сярод твораў: «Полацкі Сафійскі сабор» (1888), «Дзвінскія або Барысавы камяні» (1890), «Рака Заходняя Дзвіна: Гісторыка-геаграфічны агляд» (1893), «Помнікі часоў старажытных і найноўшых у Віцебскай губерні» (1903), «Універсітэт у Полацку» (1908) і інш. Найб. буйная праца С. — зб. дакументаў «Віцебская даўніна» (т. 1, 4—5, 1883—88).

Літ.:

Стукалич В.К. А.​П.​Сапунов: К 25-летию его ученой и лит. деятельности. Витебск, 1905;

Падліпскі А. Летапісец Віцебшчыны. Мн., 1993.

А.​М.​Філатава.

А.П.Сапуноў.

т. 14, с. 174

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЯЦЕ́РСКІ Фаўстын Іванавіч (1760, в. Валынцы ? Верхнядзвінскага р-на Віцебскай вобл. — 1832 або 1833),

бел. грамадскі дзеяч, мемуарыст. Скончыў Віленскі ун-т. Д-р філасофіі і тэалогіі. Настаўнічаў у кляштарных школах, прыёр Віленскага кляштара дамініканцаў. Удзельнік паўстання 1794 на Гродзеншчыне. Пасля яго паражэння стварыў «Віленскую асацыяцыю» для арганізацыі новага паўстання, падтрымліваў сувязі з аднадумцамі-эмігрантамі ў Зах. Еўропе. У 1797 сасланы на пажыццёвую катаргу ў Забайкалле. Амнісціраваны і ў 1801 вярнуўся на радзіму. З 1801 прыёр Забельскага кляштара дамініканцаў, да 1816 выкладчык Забельскага дамініканскага калегіума. Яго «Успаміны» — адно з першых этнагр. апісанняў Даурыі (апубл. на польск. мове ў 1865 у Львове А.​Бялеўскім, рукапіс захоўваецца ў б-цы АН Літвы). У іх паказаны побыт карэннага насельніцтва Сібіры, каларытныя партрэты катаржнікаў і ссыльных, выхадцаў з Беларусі, крытыкуецца царскае чыноўніцтва і правасл. духавенства. У 1821—32 візітатар школ у Беларусі і Літве. У «Дзённіку візітатара» (1904) апісаў свае паездкі, змясціў звесткі па гісторыі выяўл. мастацтва і архітэктуры, пра норавы феад. грамадства. Рукапіс яго «Дзённіка падарожжа» па кляштарах Беларусі захоўваецца ў б-цы Віленскага ун-та. Працы Ц. па гісторыі і філасофіі Беларусі і Літвы пад назвай «Літоўская хроніка» загінулі.

Тв.:

Znaczniejszych przypadków pewnego z Syberii powrotnego Polaka w 1801 roku. Warszawa;

Wrocław, 1998.

Літ.:

Мальдзіс А. Таямніцы старажытных сховішчаў. Мн., 1974;

Географы і падарожнікі Беларусі: [Альбом-атлас]. Мн., 1999.

А.​В.​Мальдзіс, В.​А.​Ярмоленка.

т. 17, с. 199

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧАРНО́Ў Віктар Міхайлавіч (1.12.1873, г. Камышын, цяпер Валгаградскай вобл., Расія — 15.4.1952),

расійскі паліт. і дзярж. дзеяч. Вучыўся ў Маскоўскім ун-це (1892—94). З канца 1880-х г. у рэв. руху. У 1894 арыштаваны па справе «Народнага права» і сасланы ў Тамбоўскую губ. З 1899 у эміграцыі. Адзін з заснавальнікаў (1901—02) партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў, чл. яе ЦК і гал. тэарэтык (спалучаў ідэі народніцкага сацыялізму і махізму). У 1-ю сусв. вайну выступаў з антываен. пазіцый, удзельнік Цымервальдскай канферэнцыі 1915 і Кінтальскай канферэнцыі 1916. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 вярнуўся ў Расію, у маі—вер. 1917 міністр земляробства ў Часовым урадзе. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 змагаўся супраць улады бальшавікоў. 4—11(17—24).11.1917 знаходзіўся ў Магілёве ў Стаўцы Вярхоўнага галоўнакамандуючага, дзе вёў перагаворы з Б.​В.​Савінкавым, А.​Р.​Гоцам, М.​Дз.​Аўксенцьевым і інш. аб стварэнні на чале з сабою «агульнасацыялістычнага ўрада», які б адхіліў ад улады ўрад У.​І.​Леніна. Зняцце ген. М.​М.​Духоніна з пасады вярхоўнага галоўнакамандуючага сарвала планы Ч. 18.1.1918 Ч. абраны старшынёй Устаноўчага сходу, пазней чл. Камітэта членаў Устаноўчага сходу. З 1920 зноў у эміграцыі. У 1927 стварыў «Лігу народаў новага Усходу». Лічыў, што СССР у будучым распадзецца на шэраг суверэнных дзяржаў. У 2-ю сусв. вайну ўдзельнік руху Супраціўлення ў Францыі, потым жыў у ЗША. Аўтар мемуараў і шэрагу тэарэт. прац.

Тв.:

Перед бурей. М., 1993.

Э.​А.​Ліпецкі.

т. 17, с. 238

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШУЛЬГІ́Н Васіль Віталевіч (13.1.1878, Кіеў — 15.2.1976),

расійскі паліт. дзеяч, публіцыст. Скончыў Кіеўскі ун-т (1900). З пач. 1900-х г. адзін з лідэраў рус. манархісцкага руху на Украіне, супрацоўнік яго газ. «Киевлянин». Дэп. 2—4-й Дзярж. дум (1907—17), дзе быў адным з кіраўнікоў фракцыі нацыяналістаў. Удзел Ш. (артыкулы, выступленні) у грамадскай кампаніі 1912—13 у абарону кіеўскага яўрэя М.​М.​Бейліса, які быў абвінавачаны ў рытуальным забойстве хлопчыка-хрысціяніна (Бейліс апраўданы судом прысяжных), прывёў яго да разрыву з манархістамі і каштаваў яму 3-месячнага арышту. У час Лют. рэвалюцыі 1917 чл. Часовага камітэта Дзяржаўнай думы; 15.3.1917 разам з А.І.Гучковым выставіў імператару Мікалаю II патрабаванне Думы аб адрачэнні ад прастола. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 удзельнік белага руху, адзін з арганізатараў Добраахвотніцкай арміі ген. А.І.Дзянікіна. З 1920 у эміграцыі. У 1925—26 нелегальна наведаў СССР. З 1930-х г. жыў у Югаславіі, у 1937 адышоў ад паліт. дзейнасці. У 1944 арыштаваны сав. органамі бяспекі, вывезены ў СССР і асуджаны на 25 гадоў зняволення. У 1956 вызвалены, жыў у г. Уладзімір. У пач. 1960-х г. звярнуўся з 2 адкрытымі лістамі да рус. эміграцыі з заклікам адмовіцца ад варожых адносін да СССР. Аўтар кніг «Дні» (1925), «1920-ы год», «Тры сталіцы» (абедзве 1927).

Тв.:

Письма к русским эмигрантам. М., 1961.

М.​Г.​Нікіцін.

т. 17, с. 483

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШЧОРС Мікалай Аляксандравіч [6.6.1895, пас. Сноўск (цяпер г. Шчорс) Чарнігаўскай вобл., Украіна — 30.8.1919], герой грамадзянскай вайны на Украіне. З сям’і чыгуначніка ст. Стоўбцы Мінскай вобл. Скончыў Кіеўскую ваен.-фельчарскую школу (1914), Віленскае ваен. вучылішча (1916, з 1915 у г. Палтава). Удзельнік 1-й сусв. вайны. У лютым 1918 стварыў у пас. Сноўск і ўзначаліў чырвонагвардз. атрад, які змагаўся супраць герм. акупантаў на Украіне. З мая 1918 удзельнічаў у фарміраванні партыз. атрадаў у Самарскай і Сімбірскай губ. З вер. 1918 камандзір Багунскага палка, з кастр. 1918 — брыгады (Багунскі і Тарашчанскі палкі), якія змагаліся з пятлюраўцамі ў баях за Чарнігаў, Кіеў, Фастаў і інш. З сак. 1919 камандзір 10-й Укр. сав. дывізіі (са жн. 1919—44-я стралк. дывізія), якая ў складзе Укр. фронту вяла баі супраць пятлюраўцаў і польскіх войск. Загінуў у баі пад г. Корасцень. Пахаваны ў г. Самара. Яго імем названы г. Шчорс (да 1935 Сноўск) Чарнігаўскай вобл., г.п. Шчорск (да 1939 Бажадараўка) Днепрапятроўскай вобл., вуліцы ў многіх гарадах, у т. л. ў Мінску, Стоўбцах; партыз. атрады і брыгады, што змагаліся на Беларусі супраць фаш. акупантаў у Вял. Айч. вайну. Помнікі ў Кіеве, Шчорсе, Стоўбцах, Корасцені, Жытоміры, на месцы яго гібелі. У г. Шчорс мемарыяльны музей Ш.

Літ.:

Исакович В.М. Микола Щорс. Київ, 1957;

Карпенко В.В. Щорс. М., 1974.

І.​П.​Хаўратовіч.

М.А.Шчорс.

т. 17, с. 500

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯКУБЕ́ЦКІ Андрэй Паўлавіч (1892, в. Сухмяні Гродзенскай вобл. — пасля 1944),

бел. грамадска-паліт. дзеяч, вайсковец. Скончыў Свіслацкую настаўніцкую семінарыю (1912), настаўнічаў. Скончыў Аляксандраўскае ваен. вучылішча. Удзельнік 1-й сусв. вайны, у лют. 1918 дэмабілізаваны ў чыне капітана. У ліст. 1918 увайшоў у Бел. партыю сацыялістаў-рэвалюцыянераў, адзін з ініцыятараў склікання Гродзенскага бел. сял. з’езда 1918, старшыня створанай з’ездам Гродзенскай павятовай рады. У ліп. 1919 абраны ў Цэнтральную беларускую раду Віленшчыны і Гродзеншчыны, кааптаваны ў Беларускую вайсковую камісію (БВК) і прызначаны нам. старшыні камісіі. Восенню 1920 у Лодзі аднавіў дзейнасць БВК і стаў яе старшынёй, у кастр. ў Гродне займаўся вярбоўкай жыхароў у склад бел. вайск. фарміраванняў. У ліст. 1920 з групай бел. афіцэраў выехаў у мяст. Семежава Слуцкага пав. для падтрымкі Слуцкага паўстання 1920. Найвышэйшай радай БНР прызначаны «галоўнакамандуючым узброенымі сіламі Рэспублікі». Пасля ліквідацыі паўстання — у Вільні. У лют. 1922 у ліку 33 бел. і літ. нац. дзеячаў высланы польскімі ўладамі з Вільні ў Літ. Рэспубліку. З мая 1922 у Латвіі, выкладаў у Дзвінскай бел. гімназіі, удзельнічаў у працы мясц. бел. грамадскіх арг-цый, супрацоўнічаў з бел. музеем імя І.​Луцкевіча ў Вільні. Быў абвінавачаны ў антыўрадавых дзеяннях у час суд. працэсаў над бел. нац. актывамі ў Латвіі, апраўданы судом. У час 2-й сусв. вайны кіраваў Дзвінскім аддзяленнем Бел. нац. аб’яднання ў Латвіі. Пасля 1944 лёс невядомы.

У.​В.​Ляхоўскі.

т. 18, кн. 1, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Пракулі́ка ’нешта незвычайнае, цуд (аб чалавеку)’ (слонім., Нар. лекс.). Дэрыват ад *пракулікаць з суф. ‑а або, паколькі няясна значэнне прыстаўкі, утварэнне з прыстаўкай пра- ад * кулі к (гл.). У такім выпадку, відаць, звязана з кулікушкі ’гульня ў жмуркі’, пры якой той, што жмурыць кугікае (пераймае крык куліка?), параўн. рус. кули кіі ’дзіцячая гульня ў хованкі’. Больш верагодна, аднак, непасрэдная сувязь з рус. кулік ’пераадзеты’, куликать ’п’янстваваць’, польск. kulik, kulig ’масленічная забава, калі пераапранутыя едуць на санях з музыкай і песнямі і адведваюць па дарозе суседзяў’, ст.-польск. kulig, kulik ’удзельнік масленічнай забавы’. Польскія і рускія словы параўноўваюцца з назвай птушкі кулік, паколькі гэтая забава ў Польшчы мае назву kiłliga gonić, na kuliga jeździć (m. Брукнер, 281; Фасмер, 2, 411). Паводле Банькоўскага (2, 851), завадзіла ў гэтай забаве быў у масцы з доўгім птушыным носам, удзельнікаў называлі ’начнымі кулікамі”, а сам звычай трапіў у Польшчу ’z Rusi”. Слаўскі (3, 350 і наст.) лічыць гэту версію народнай этымалогіяй і спасылаецца на параўнанні Мікпашыча (147) і Мацэнаўэра (LF, IX, 37) з лат. kulnas lėkt ’гуляць на масленіцу, браць удзел у маскарадзе’, якія, паводле Мюленбаха (2, 309), роднасныя лат. kuls ’грамада’, kula разам5, ст.-інд. kida‑ ’грамада’. На карысць гэтай версіі, магчыма, і акупіць ’адрынуць, адцурацца, аднесціся з пагардай’ (Нас.), што звязваюць з куляць (гл. акупяцца). Сувязь гэтай групы слоў з рус. о‑кула ’падманшчык’ і далей з лац. occulere ’ўкрываць, таіць’ < і.-е. *kel‑ ’зачыняць’, якую прапануе Патабня (РФВ, 3, 167 і наст.), Фасмер (2, 411) лічыць сумнеўнай.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ту́заць ‘торгаць, цягаць рыўкамі, рэзкімі рухамі’, ‘біць, калаціць, трэсці’, ‘рваць (пра вецер)’, ‘не даваць спакою, дакучаць патрабаваннямі’, ‘рытмічна торгаць (пра боль)’ (ТСБМ, Гарэц., Бяльк., Касп., Байк. і Некр., Шат., Яруш., Чач., Др.-Падб., Сержп. Прымхі, Скарбы₂, Сл. Брэс.), ‘мучыць, мардаваць’ (Ласт.), ‘ванітаваць, нудзіць’ (ТСБМ; лаг., Гіл.; пух., навагр., Сл. ПЗБ); ‘выпростваць мокрую аснову пасля апрацоўкі лугам’ (в.-дзв., Шатал.), ту́заты ‘расцягваць (воўну)’ (пін., Сл. Брэс.), ‘торгаць’ (Клім.), ‘торгаць, балець (пра рану, зуб)’ (Горбач, Зах.-пол. гов.), тузну́ты, тузыну́ты ‘таргануць, тузануць’ (драг, Нар. лекс.), ту́знуць ‘тузануць’ (ТС), тузну́ць ‘тс’ (мёрск., Нар. сл.), тузяну́ць ‘торгаць, асабліва пры бойцы’ (Шат.), ту́зацца ‘рабіць хуткія, рэзкія рухі, рыўкі’, ‘уздрыгваць’, ‘штурхаць адзін аднаго, піхацца, біцца, змагацца’, ‘дужацца’, ‘важдацца з кім-небудзь’ (ТСБМ, Гарэц., Чач., Касп., Байк. і Некр.; ашм., беласт., Сл. ПЗБ), ‘вырывацца’ (Варл.), туза́ць ‘мардаваць, лаяць’ (Нас.), туза́тыся ‘штурхацца’ (кам., ЛА, 2); сюды ж туза́ла, туза́н ‘удзельнік бойкі’ (Байк. і Некр.), ту́занне, тузаніна ‘валтузня, важданне’ (там жа), ‘клопат, неспакой’ (Варл.). Укр. ту́зати, туза́ти ‘штурхаць, біць’, ту́затися, тузи́ти ‘бароцца, спрачацца’, ‘штурхацца’, туса́ти ‘штурхаць, таўчы’, рус. тузи́ть ‘біць кулакамі’, н.-луж. tuskaś ‘штурхаць’, tusnuś, tłusnuś ‘тс’, ‘трэсці’, ‘ціснуць, мяць’, польск. tuzać, tuzować ‘біць’, ‘лаяць’, ‘разбіваць (ворага)’. Дапускаюць паходжанне лексемы з туз 1 — ‘біць казырным тузом, хадзіць з козыра’ (Фасмер, 4, 115; Брукнер, 585). Больш імаверна імітатыўнае паходжанне (Арол, 4, 114), параўн. тузгаць, турзаць (гл.), літ. tūzgénti ‘грукаць, лопаць з глухім гулам’. Сюды ж экспр. тузо́къць ‘тузаць’ (мёрск., Нар. сл.), тузь — пра шморганне (мсцісл., Нар. лекс.), тузе́ль ‘цоп’ (Варл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ГРАМЫ́КА Міхайла (Міхаіл Аляксандравіч; 12.11.1885, в. Чорнае Рэчыцкага р-на Гомельскай вобл. — 30.6.1969),

бел. пісьменнік і вучоны. Скончыў Маскоўскі ун-т (1911). Удзельнік рэв. падзей 1905—07. Настаўнічаў у Адэсе, з 1917 удзельнічаў у рабоце культ.-асв. арг-цыі бел. бежанцаў «Беларускі гай», з 1920 загадваў бел. школай-інтэрнатам. З 1921 у Мінску. Выкладаў геалогію і мінералогію ў Бел. педтэхнікуме і БДУ, працаваў у Інбелкульце і Акадэміі навук. Апрацаваў бел. навук. тэрміналогію ў галіне геаграфіі, геалогіі, грунтоў і хіміі (з М.Азбукіным). Удзельнічаў у пошуках нафты на Палессі. 13.7.1930 беспадстаўна арыштаваны і сасланы. Рэабілітаваны ў 1957. Апошнія гады жыў у г. Хімкі. Спачатку пісаў на рус., з 1914 — на бел. мове. Аўтар драмы «Змітрок з Высокай Буды» (1918) пра рэв. падзеі на Беларусі, п’ес «Скарынін сын з Полацка» (паст. 1926, рукапіс не знойдзены), гіст.-рэв. драмы «Каля тэрасы» (паст. 1927, выд. 1929), камедыі «Віно бушуе» (1929). У героіка-рамант. драме «Над Нёманам» (паст. 1927) адлюстраваў рэв. выступленні працоўных Зах. Беларусі. Аўтар эксперым. паэмы «Гвалт над формай» (1922), зб. вершаў «Плынь» і «Дзве паэмы» (абодва 1927). Аўтар успамінаў пра Я.​Купалу, Я.​Коласа, А.​Грыневіча, пра свой удзел у рэв. падзеях («Нас натхняў подых рэвалюцыі», 1965, апубл. 1987), «Старонак сямейнай хронікі» (1962—69, не законч., апубл. 1987).

Тв.:

Выбранае. Мн., 1967;

Родная пушча: П’есы, вершы, паэмы, успаміны, лісты. Мн., 1987.

Літ.:

Бярозкін Р. Лірыка Міхайлы Грамыкі // Бярозкін Р. Постаці. Мн., 1971;

Казека Я. Міхайла Грамыка // Казека Я. Голас часу. Мн., 1975.

І.​У.​Саламевіч.

М.Грамыка.

т. 5, с. 403

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)