ШЧОРС Мікалай Аляксандравіч [6.6.1895, пас. Сноўск (цяпер г. Шчорс) Чарнігаўскай вобл., Украіна — 30.8.1919], герой грамадзянскай вайны на Украіне. З сям’і чыгуначніка ст. Стоўбцы Мінскай вобл. Скончыў Кіеўскую ваен.-фельчарскую школу (1914), Віленскае ваен. вучылішча (1916, з 1915 у г. Палтава). Удзельнік 1-й сусв. вайны. У лютым 1918 стварыў у пас. Сноўск і ўзначаліў чырвонагвардз. атрад, які змагаўся супраць герм. акупантаў на Украіне. З мая 1918 удзельнічаў у фарміраванні партыз. атрадаў у Самарскай і Сімбірскай губ. З вер. 1918 камандзір Багунскага палка, з кастр. 1918 — брыгады (Багунскі і Тарашчанскі палкі), якія змагаліся з пятлюраўцамі ў баях за Чарнігаў, Кіеў, Фастаў і інш. З сак. 1919 камандзір 10-й Укр.сав. дывізіі (са жн. 1919—44-я стралк. дывізія), якая ў складзе Укр. фронту вяла баі супраць пятлюраўцаў і польскіх войск. Загінуў у баі пад г. Корасцень. Пахаваны ў г. Самара. Яго імем названы г. Шчорс (да 1935 Сноўск) Чарнігаўскай вобл., г.п. Шчорск (да 1939 Бажадараўка) Днепрапятроўскай вобл., вуліцы ў многіх гарадах, у т. л. ў Мінску, Стоўбцах; партыз. атрады і брыгады, што змагаліся на Беларусі супраць фаш. акупантаў у Вял.Айч. вайну. Помнікі ў Кіеве, Шчорсе, Стоўбцах, Корасцені, Жытоміры, на месцы яго гібелі. У г. Шчорс мемарыяльны музей Ш.