ЦЯЦЕ́РСКІ Фаўстын Іванавіч (1760, в. Валынцы ? Верхнядзвінскага р-на Віцебскай вобл. — 1832 або 1833),
бел. грамадскі дзеяч, мемуарыст. Скончыў Віленскі ун-т. Д-р філасофіі і тэалогіі. Настаўнічаў у кляштарных школах, прыёр Віленскага кляштара дамініканцаў. Удзельнік паўстання 1794 на Гродзеншчыне. Пасля яго паражэння стварыў «Віленскую асацыяцыю» для арганізацыі новага паўстання, падтрымліваў сувязі з аднадумцамі-эмігрантамі ў Зах. Еўропе. У 1797 сасланы на пажыццёвую катаргу ў Забайкалле. Амнісціраваны і ў 1801 вярнуўся на радзіму. З 1801 прыёр Забельскага кляштара дамініканцаў, да 1816 выкладчык Забельскага дамініканскага калегіума. Яго «Успаміны» — адно з першых этнагр. апісанняў Даурыі (апубл. на польск. мове ў 1865 у Львове А.Бялеўскім, рукапіс захоўваецца ў б-цы АН Літвы). У іх паказаны побыт карэннага насельніцтва Сібіры, каларытныя партрэты катаржнікаў і ссыльных, выхадцаў з Беларусі, крытыкуецца царскае чыноўніцтва і правасл. духавенства. У 1821—32 візітатар школ у Беларусі і Літве. У «Дзённіку візітатара» (1904) апісаў свае паездкі, змясціў звесткі па гісторыі выяўл. мастацтва і архітэктуры, пра норавы феад. грамадства. Рукапіс яго «Дзённіка падарожжа» па кляштарах Беларусі захоўваецца ў б-цы Віленскага ун-та. Працы Ц. па гісторыі і філасофіі Беларусі і Літвы пад назвай «Літоўская хроніка» загінулі.
Тв.:
Znaczniejszych przypadków pewnego z Syberii powrotnego Polaka w 1801 roku. Warszawa;
Wrocław, 1998.
Літ.:
Мальдзіс А. Таямніцы старажытных сховішчаў. Мн., 1974;
Географы і падарожнікі Беларусі: [Альбом-атлас]. Мн., 1999.
А.В.Мальдзіс, В.А.Ярмоленка.
т. 17, с. 199
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)