ЧАРНО́Ў Віктар Міхайлавіч (1.12.1873, г. Камышын, цяпер Валгаградскай вобл., Расія — 15.4.1952),
расійскі паліт. і дзярж. дзеяч. Вучыўся ў Маскоўскім ун-це (1892—94). З канца 1880-х г. у рэв. руху. У 1894 арыштаваны па справе «Народнага права» і сасланы ў Тамбоўскую губ. З 1899 у эміграцыі. Адзін з заснавальнікаў (1901—02) партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў, чл. яе ЦК і гал. тэарэтык (спалучаў ідэі народніцкага сацыялізму і махізму). У 1-ю сусв. вайну выступаў з антываен. пазіцый, удзельнік Цымервальдскай канферэнцыі 1915 і Кінтальскай канферэнцыі 1916. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 вярнуўся ў Расію, у маі—вер. 1917 міністр земляробства ў Часовым урадзе. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 змагаўся супраць улады бальшавікоў. 4—11(17—24).11.1917 знаходзіўся ў Магілёве ў Стаўцы Вярхоўнага галоўнакамандуючага, дзе вёў перагаворы з Б.В.Савінкавым, А.Р.Гоцам, М.Дз.Аўксенцьевым і інш. аб стварэнні на чале з сабою «агульнасацыялістычнага ўрада», які б адхіліў ад улады ўрад У.І.Леніна. Зняцце ген. М.М.Духоніна з пасады вярхоўнага галоўнакамандуючага сарвала планы Ч. 18.1.1918 Ч. абраны старшынёй Устаноўчага сходу, пазней чл. Камітэта членаў Устаноўчага сходу. З 1920 зноў у эміграцыі. У 1927 стварыў «Лігу народаў новага Усходу». Лічыў, што СССР у будучым распадзецца на шэраг суверэнных дзяржаў. У 2-ю сусв. вайну ўдзельнік руху Супраціўлення ў Францыі, потым жыў у ЗША. Аўтар мемуараў і шэрагу тэарэт. прац.
Тв.:
Перед бурей. М., 1993.
Э.А.Ліпецкі.
т. 17, с. 238
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)