ШУЛЬГІ́Н Васіль Віталевіч (13.1.1878, Кіеў — 15.2.1976),
расійскі паліт. дзеяч, публіцыст. Скончыў Кіеўскі ун-т (1900). З пач. 1900-х г. адзін з лідэраў рус. манархісцкага руху на Украіне, супрацоўнік яго газ. «Киевлянин». Дэп. 2—4-й Дзярж. дум (1907—17), дзе быў адным з кіраўнікоў фракцыі нацыяналістаў. Удзел Ш. (артыкулы, выступленні) у грамадскай кампаніі 1912—13 у абарону кіеўскага яўрэя М.М.Бейліса, які быў абвінавачаны ў рытуальным забойстве хлопчыка-хрысціяніна (Бейліс апраўданы судом прысяжных), прывёў яго да разрыву з манархістамі і каштаваў яму 3-месячнага арышту. У час Лют. рэвалюцыі 1917 чл. Часовага камітэта Дзяржаўнай думы; 15.3.1917 разам з А.І.Гучковым выставіў імператару Мікалаю II патрабаванне Думы аб адрачэнні ад прастола. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 удзельнік белага руху, адзін з арганізатараў Добраахвотніцкай арміі ген. А.І.Дзянікіна. З 1920 у эміграцыі. У 1925—26 нелегальна наведаў СССР. З 1930-х г. жыў у Югаславіі, у 1937 адышоў ад паліт. дзейнасці. У 1944 арыштаваны сав. органамі бяспекі, вывезены ў СССР і асуджаны на 25 гадоў зняволення. У 1956 вызвалены, жыў у г. Уладзімір. У пач. 1960-х г. звярнуўся з 2 адкрытымі лістамі да рус. эміграцыі з заклікам адмовіцца ад варожых адносін да СССР. Аўтар кніг «Дні» (1925), «1920-ы год», «Тры сталіцы» (абедзве 1927).
Тв.:
Письма к русским эмигрантам. М., 1961.
М.Г.Нікіцін.
т. 17, с. 483
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)