але́шнік Абшар, які зарос альховымі кустамі; альховы лес (БРС). Тое ж але́шаннік, альшэ́віннік, альха́, лёшка, альхоўнівічышча, вольха, ле́хі, альхоўнік, альхаўня́к, альховіннік, але́хаўнік, але́шашча, але́хавінне, альхаві́шча, але́шанне, альхаўё, лешанні́к, альхоўе, альховічышча, альховічча, альховішча, альхоўнічча (Слаўг.), але́шняк (Слаўг., Гом. Грыг. 1851), альша́тнік (Дзяменцьеў. Геагр. БССР, 1952, 75), альшэвіна (Лаг.), аляшня́к, альшэ́ўнік (Мін. Станк. 1851, л. 396), альша́нік (Пянкрат. Ведрыцкія напевы, 1965, 97), альшэўнік (Дуброўскі. Зямля маладзее, 1952, 13).

□ в. Але́шавічы Шчуч., в. Альшоў Хоц., в. Алыпа́ны Шчуч. і Стол., ур. Але́шнік (лог) каля в. Чарсвяны Уш., в. Але́шня Рагач.

Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

Ба́гна 1 (ж.) ’топкае балоцістае месца’ (Нас., Касп., Бяльк.), ба́гна, бэ́гна (Шат.), багно́, баго́н, баго́нне. Укр. багно́, рус. дыял. (зах., паўд.) багно́, польск. bagno, чэш., славац. bahno, славац. bahurina ’лужына’, в.-луж. bahno, н.-луж. bagno ’багна’, bagan ’балота каля крыніцы’, bagi (мн.) ’балота, балотная зямля’. У паўд.-слав. мовах гэтага слова няма. Аб пашырэнні слова ў бел. і слав. мовах гл. Талстой, Геогр., 154–157; Яшкін. Прасл. bagno або bagъno (гл. Бернекер, 38; Лорэнц, Pomor., I, 13). Бясспрэчнай этымалогіі няма. Магчыма, роднаснае ст.-н.-ням. bah (ням. Bach) ’ручай’, ст.-ісл. bekkr, ірл. búal вада’ (*bhoglā). Бернекер, 38; Праабражэнскі, 1, 11; Фасмер, 1, 102 (супраць Цупіца, Gutturale, 160; Брукнер, KZ, 48, 207; іначай Фік-Торп, 3, 257; параўн. да гэтага Бернекер, 55). Ван–Вейк, IF, 24, 231–232 (таксама Бенвяніст, Индоевр., 36; Слаўскі, 1, 25), выстаўляе і.-е. гетэраклітычнае *bhaghro‑: *bhaghno‑, параўноўваючы з гал. bagger твань’. Трубачоў, Серболуж. сб., 159–160 (параўноўваючы з ст.-в.-ням. bah), зыходзіць з прасл. bagъ (параўн. н.-луж. bagi) з вытворнымі bagnъ, bagno і запярэчвае гетэраклітычную аснову ‑r/n‑ тыпу. Брукнер, 11; Младэнаў, РФВ, 68, 377 (да гэтага схіляецца і Фрэнкель, 689), знаходзяць сувязь з bagrъ («багровае балота»); параўн. і ўкр. багри́на ’багна, багатае крыніцамі месца’. Буга (РФВ, 70, 100) параўноўвае з літ. bojus ’багністае месца’. Машынскі (Uwagi) знаходзіць сувязь з назвай расліны багу́н (багно́, баго́н, гл.); Талстой (Геогр., 158) гаворыць аб сінкрэтычнасці значэння: *’багна, зарослая багуном’. Матл (гл. Махэк₂, 42) думае пра роднаснасць з грэч. σφάγνον ’мох’. Неверагодна Махэк₂, 42: роднаснасць з лац. stāgnum ’багна’ (з «вертыкальнай» заменай гукаў st‑b). Насуперак Голубу–Копечнаму, 63, няма сувязі з літ. bognas (гэта запазычанне з усх.-слав. моў, гл. Буга, Rinkt., III, 46). Этымалогія застаецца адкрытай. Неабгрунтована Львоў, ЭИРЯ, IV, 67–68; Агіенка, Иноз. элем. 71; Кюнэ, Poln., 42, аб запаз. бел., укр. ба́гна, багно́ з польск. мовы.

Ба́гна 2 ’вадаварот у рацэ’ (віцеб.), ба́гня ’глыбокае месца ў рацэ’ (Талстой, Геогр., 156). Семантычнае вытворнае ад ба́гна ’балота’ (гл.), што адлюстроўвае пераход тэрміна з сферы балотных тэрмінаў у сферу водных. Падрабязней гл. Талстой (там жа).

Ба́ґна ’бруд, гразь (на дарозе, на вуліцы)’ (Янк. Мат.; карэліц.). Мяркуючы па выбухному ґ, запазычанне з польск. bagno (параўн. спрадвечна бел. ба́гна, багно́).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

бы ​1 (пасля галосных — б), часціца.

Ужываецца пры дзеясловах пр. часу, інфінітывах і прэдыкатыўных прыслоўях са значэннем магчымасці або неабходнасці дзеяння, утвараючы ўмоўны лад або апісальную форму ўмоўнага ладу; ставіцца пасля дзеяслова або слоў, на якія падае сэнсавы націск.

1. Са значэннем умоўнай магчымасці дзеяння. Які дзівосны сад квітнеў бы тут, каб рука чалавека адвяла воды горных рэк. Самуйлёнак. Я б смяяўся, жартаваў бы, Каб вас чуць развесяліць. Колас.

2. Са значэннем пажадання або пажаданай неабходнасці дзеяння. Цябе, зямля, ў адзенні новым, Хацеў бы к сэрцу прыгарнуць. Колас. — Чаго вы так спяшаецеся? Набылі б трохі, пагулялі. Пагасцілі б у новых сваякоў. Чорны. Шэрае пер’е аблокаў Вецер світальны нясе. Покуль пагодзіць і годзіць, Сена сабраць бы ў стагі. Танк. Хутчэй бы прайсці, праскочыць гэта страшнае месца. Лынькоў.

3. Са значэннем просьбы. — Ты схадзіў бы, Максімка, да іх, праведаў бы... Шамякін.

бы ​2, злучн.

Разм. Ужываецца пры дапушчальным параўнанні рэальнага характару ў значэнні «як», «усё роўна як». [Сава] як адляціць ды пачне выгукваць ды плакаць, бы малое дзіця, дык аж пошчак ідзе па лесе. Якімовіч. А дзеці прыціхнуць, бы тыя птушкі ў гняздзе, калі над імі каршун пралятае... Колас. // Ужываецца пры дапушчальным параўнанні ўмоўна-ўяўнага характару; адпавядае па свайму значэнню злучнікам «быццам», «нібы». З-за павароту дарогі перад Сцёпкам вынікнуў семафор, бы нейкі вартаўнік з працягнутаю рукою. Колас. Лодкі выплылі на Нарач, бы на сіне-мора. Танк. [Юстынь] прыхінуўся плячамі да сцірты, бы адчуваў — падагнуцца ногі, не ўстоіць. Чарнышэвіч. Як маці, яна [цётка Аксення] паглядзела мне ў вочы, Бы кажа: не будзь сёння, хлопчык, малым. Прыходзька.

•••

Быццам бы гл. быццам.

Калі б гл. калі.

Хоць бы гл. хоць.

Як бы гл. як.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падкі́нуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; заг. падкінь; зак., каго-што.

1. Кінуць уверх. Падкінуць мяч. □ Нехта падкінуў угару кіну лістовак. Гурскі. [Люба] хапіла на рукі сына, падкінула яго ўгару, паставіла назад на падлогу і ўзялася грэць ваду. Чорны. // Штуршком узняць уверх. Грымнулі ўзрывы. Зямля колькі разоў падкінула Смірына. Алешка. / у безас. ужыв. Машыну падкінула і нахіліла набок. Новікаў. Задрамаў ён ці не, дзед не памятаў. Раптам яго нібы спружынай падкінула. Курто. // Узняць уверх рэзкім рухам (рукі, ногі і інш.). Тут як падскочыць конь, як падкіне ўгору заднія ногі, не ўтрымаўся дзед і лёгкай птахай узвіўся ў паветра. Лынькоў.

2. Закінуць пад што‑н. Падкінуць сякеру пад лаву.

3. і чаго. Кідаючы, дадаць да чаго‑н. Падкінуць вугалю ў топку. Падкінуць гною ў глебу. □ Уладзік памаўчаў, падкінуў у агонь кавалак смаліны. Краўчанка. // перан. Разм. Даць, паслаць дадаткова. Падкінуць грошай. Падкінуць воз дроў. □ Нам няма як паветрам ці сушай Падмогу падкінуць. Куляшоў. [Лясніцкі:] — Дні праз два.. прадуктаў нам на лодках падкінуць. Шамякін. / безас. Падбавіць. — Цяпер [Андрэй] чакае, каб добра падмарозіла ды пабольш сняжку падкінула, каб вывезці калоды з лесу. Машара. // перан. Разм. Сказаць у дадатак. — Няхай курыць, .. [Валодзя] да панскага курыва прывычны, — падкінуў з’едлівае слаўцо Кастусь. Машара.

4. і чаго. Разм. Даць корму жывёле. Падкінуць карове канюшыны. □ На хаду [фурманшчык] скубянуў пярэбірак сена з чужых саней і падкінуў свайму каню. Чорны.

5. Кідаючы, наблізіць. Ахрэменка падкінуў .. [Карагу] бліжэй кісет з махоркаю. Колас.

6. Употай, тайком падлажыць. Падкінуць лістоўку. // Употай пакінуць (пра дзіця). І цёмнай восеньскай ноччу, баючыся, каб не загінуў Томі на яе руках галоднай смерцю, .. [Роза] падкінула яго на ганак аднаго прытулку для бяздомных дзяцей. Лынькоў.

7. Разм. Падвезці куды‑н. — Давай, брат, падкіну! — параўноўваючыся з салдатам, спыніў .. [шафёр] машыну. Васілевіч. «Падкінуць» на мове шафёра значыць падвезці. Шыловіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сушы́ць, сушу, сушыш, сушыць; незак., каго-што.

1. Рабіць сухім (што‑н. сырое, вільготнае, мокрае), трымаючы на паветры або ў цёплым месцы. Сушыць бялізну. □ Палажы сушыць валёнкі — Сам адпачывай. Астрэйка. Волька сядзела на печы — сушыла галаву пасля жыцця. Васілевіч. // і без дап. Рабіць празмерна сухім, пазбаўляючы неабходнай вільгаці. Сонца паліла няшчадпа, сушыла апошнія жнівеньскія травы. Шамякін. [Ліда] сама і не чула б, здаецца, таго, што ад рання сушыла смага. Брыль. / у безас. ужыв. А ў той год вельмі сушыла. Зямля, як жывая, енчыла, прасіла піць. Хомчанка. Ад смагі баляць патрэсканыя губы. Сушыць у роце. Сяргейчык. // Рабіць асушэнне, адводзячы ваду. А старыя і чуць не хацелі: — Не, не можна балота сушыць!.. Багун. // Выдаляць (ваду, вільгаць); асушаць. А як паднялося вышэй .. [сонца] і пачало сушыць расу на траве, тады павуціна доўгімі бліскучымі ніткамі пачала паўзці ў паветры. Нікановіч.

2. Нарыхтоўваць у запас, выдаляючы вільгаць з раслін, пладоў і пад.; высушваць, засушваць. Сушыць грыбы. □ Збіраў .. [Лявон] таксама розныя расліны і ягады, сушыў іх, потым даваў людзям ад розных хвароб. Кулакоўскі. Мяса .. [марскія людзі] не прывыклі запасіць надоўга, напрыклад, сушыць. Маўр.

3. перан. Разм. Падрываць здароўе, даводзячы да худзізны, знясілення. Гарачка сушыла сілы, як спякотлівы летні дзень высушвае расу. Асіпенка. Абхадзіў я за плугам палетак, Хоць яшчэ быў зусім малалетак. Працаваў аж да сёмага поту, Заядала, сушыла работа. Хведаровіч. // Мучыць, мардаваць. Твар [дзяўчынкі] быў учарнелы і завостраны. Вялікі неспакой сушыў яго. Чорны.

4. перан. Рабіць сухім, чэрствым, нячулым. У глыбокім маўчанні з прыроднаю сілай Зліваюцца душы, Збліжае нас час да [вячэрняга] схілу — А сэрцаў не сушыць! Буйло.

•••

Сушыць вёслы — трымаць вёслы над вадой, кінуўшы веславаць.

Сушыць галаву (мазгі) — клопатам, думкамі займаючы галаву, падрываць сабе здароўе.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

БАГУШЭ́ВІЧ (Францішак Бенядзікт Казіміравіч) (21.3.1840, б. фальварак Свіраны, Вільнюскі р-н, Літва — 28.4.1900),

бел. паэт, празаік, публіцыст, перакладчык. Вучыўся ў Віленскай гімназіі. У 1861 паступіў на фіз.-матэм. ф-т Пецярб. ун-та; выключаны з 1-га курса за адмаўленне прыняць новыя універсітэцкія правілы. Працаваў настаўнікам у Доцішках (Воранаўскі р-н). Удзельнік паўстання 1863—64, у баях у Аўгустоўскіх лясах паранены. З-за пагрозы рэпрэсій тайна жыў пад Беластокам, у Вільні, пасля перабраўся на Украіну. Пры дапамозе Я.​Карловіча паступіў у Нежынскі юрыд. ліцэй, які скончыў у 1868. Працаваў судовым следчым на Украіне і ў Расіі. З 1884 у Вільні, адвакат судовай палаты; вёў пераважна справы сялян і гарадской беднаты. З 1898 жыў у Кушлянах (Смаргонскі р-н), пахаваны ў Жупранах (Ашмянскі р-н). Багушэвіч — рэв. дэмакрат, пачынальнік крытычнага рэалізму ў бел. л-ры. Вытокі яго творчасці ў грамадскім жыцці Беларусі, цесна звязаны з фальклорам, а таксама з лепшымі эстэт. традыцыямі слав. паэзіі. У зб-ках «Дудка беларуская» (пад псеўд. Мацей Бурачок; Кракаў, 1891) і «Смык беларускі» (пад псеўд. Сымон Рэўка з-пад Барысава; Познань?, 1894) паказаў селяніна, якога абдзялілі пры скасаванні прыгону, абдзірае казна, крыўдзяць суд і царскія чыноўнікі. У ім Багушэвіч бачыў не проста пагарджанага доляй, прыгнечанага мужыка, а чалавека, які крытычна ўспрымае свет, не баіцца «з’ехаць урадніку тройчы меж вушоў». Жывымі і яркімі паўсталі ў яго творах вобразы сялян Аліндаркі («Кепска будзе!»), Петрука Пантурка («У судзе»), Ануфрыя Скірдзеля («Балада»), Мацея («Хрэсьбіны Мацюка») і інш. Сац. пытанні востра ставяцца ў вершах «Бог не роўна дзеле», «Не цурайся», «Ахвяра». Цыкл «Песні» (зб. «Смык беларускі») — узор выкарыстання бел. нар. песні і насычэння яе сац. і філас. зместам. З болем чуючы, як «звякаюць ланцугі на людцах», са смуткам гледзячы «на зямельку, слязьмі залітую», паэт верыў у часіну, калі «перастанем плакаць мы над сваёй доляй». У яго творчасці на ўвесь голас загучалі і матывы нац. адраджэння. У прадмове да зб. «Дудка беларуская» ён абгрунтоўваў права бел. народа на развіццё сваёй мовы і заклікаў: «Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі». Шмат рабіў Багушэвіч для фарміравання бел. літ. мовы, узбагачэння і ўдасканалення бел. паэтыкі. Ён узнімаў некранутыя моўныя пласты, карыстаўся сілабікай, каб надаць вершу гутарковае гучанне, смела ўводзіў сілаба-танічны памер, народна-песенныя прыёмы. Багатая і разнастайная яго спадчына ў жанравых адносінах: паэма («Кепска будзе!»), вершаванае апавяданне, блізкае формай да гутарак («У астрозе», «Быў у чысцы», «Свая зямля»), публіцыст. маналог («Мая дудка», «Дурны мужык, як варона»), філас. роздум («Праўда», «Думка»), верш-прысвячэнне («Яснавяльможнай пані Арэшчысе»), байка («Воўк і авечка»), сатыра («Праўдзівая гісторыя аб замучаным дукаце»), апрацоўка нар. казкі («Хцівец і скарб на святога Яна») і інш. Багушэвічу належаць і першыя ў бел. л-ры празаічныя творы. Апавяданні «Сведка», «Палясоўшчык», «Дзядзіна» (усе апубл. 1907) зместам і формай цесна звязаны з нар. гумарэскай, быт. анекдотам. Апавяданне «Тралялёначка» (Кракаў, 1892) бліжэй да літ. традыцыі; у ім яскрава ўвасоблены расслаенне бел. вёскі, вясковыя багацеі, што прыйшлі на змену радавітым панам. У 1886—91 пад псеўд. Demos, B.Huszicz, Ten і інш. друкаваў у польскім пецярбургскім час. «Kraj» («Край») допісы і артыкулы, у якіх пісаў пра цяжкае жыццё працоўнага люду, крызіс сельскай гаспадаркі, нізкія ўраджаі, цемнату і непісьменнасць народа. Лісты Багушэвіча да Я.​Карловіча і Э.​Ажэшкі (датуюцца 1868—97) — важныя дакумент. сведчанні светапогляду паэта, гісторыі напісання паасобных твораў і выдання «Дудкі беларускай», матэрыяльных умоў і абставін яго жыцця. Не ўсе творы Багушэвіча дайшлі да нас. Няма пэўных звестак пра змест зб. «Скрыпка беларуская», які меўся выйсці пасля смерці аўтара, не знойдзены ў архівах зб. «Беларускія апавяданні Бурачка», падрыхтаваны ў 1899 і не прапушчаны цэнзурай, не збярогся слоўнік бел. мовы, які Багушэвіч складаў па прапанове Карловіча. Яму прыпісваецца пракламацыя без назвы (пачынаецца словамі «Гаспадары, для вас пішу гэта апавяданне»), выдадзеная па-беларуску ў Кракаве і прысвечаная падзеям у літоўскім мястэчку Крожы ў 1894. Імя Багушэвіча прысвоена Ашмянскаму краязнаўчаму музею, у Кушлянах створаны Багушэвіча Ф.К. літаратурна-мемарыяльны музей-сядзіба. Помнікі паэту ў в. Жупраны і на яго магіле.

Тв.:

Творы. Мн., 1967;

Вершы. Мн., 1976;

Творы. Мн., 1991.

Літ.:

Гарэцкі М. Гісторыя беларускае літаратуры. Мн., 1992;

Барысенка В. Францішак Багушэвіч і праблема рэалізму ў беларускай літаратуры XIX стагоддзя. Мн., 1957;

Александровіч С. Старонкі братняй дружбы. Мн., 1969;

Яго ж. Гісторыя і сучаснасць. Мн., 1968;

Кісялёў Г. Сейбіты вечнага. Мн., 1963;

Яго ж. З думай пра Беларусь. Мн., 1966;

Яго ж. Ад Чачота да Багушэвіча. Мн., 1993;

Навуменка І. Пісьменнікі-дэмакраты. Мн., 1967;

Дорошевич Э., Конон В. Очерк истории эстетической мысли Белоруссии. М., 1972;

Майхрович А. Белорусские революционные демократы. Мн., 1977;

Лойка А.А. Гісторыя беларускай літаратуры. Дакастрычніцкі перыяд. Ч. 1. 2 выд. Мн., 1989;

Янушкевіч Я. «Чалавек, які нарадзіўся не ў сваю эпоху...»: Новае з перапіскі Францішка Багушэвіча з Янам Карловічам // Шляхам гадоў. Мн., 1990.

С.​Х.​Александровіч.

Ф.К.Багушэвіч.

т. 2, с. 210

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕАЛО́ГІЯ (ад геа... + ...логія),

навука аб саставе, будове і гісторыі развіцця зямной кары і Зямлі, заканамернасцях утварэння і пашырэння горных парод, мінералаў, падземных вод і радовішчаў карысных выкапняў. Забяспечвае выяўленне і ацэнку мінер.-сыравінных рэсурсаў. Мае вял. гнасеалагічнае значэнне, паколькі аб’ект яе вывучэння — Зямля. Геалогія — адна з фундаментальных навук аб прыродзе Зямлі і Сусвету. Вылучаюць 3 кірункі геалогіі: апісальны (апісанне мінералаў, горных парод, геал. цел і інш.), дынамічны (вывучэнне геал. працэсаў і іх эвалюцыі), гістарычны (гісторыка-геал. рэканструкцыі). Геалогія падзяляецца на мінералогію, петраграфію, літалогію, стратыграфію, палеанталогію, палеагеаграфію, тэктоніку, гідрагеалогію, таксама геалогію антрапагену (гл. Чацвярцічная геалогія), інж., рэгіянальную, марскую, геалогію карысных выкапняў і інш.

Працэсы геал. мінулага даследуюцца на падставе вывучэння сучасных працэсаў з улікам эвалюцыі Зямлі (прынцып актуалізму). Геалогія карыстаецца метадамі назірання, картаграфавання, свідравання, комплексам геафіз. метадаў, касмічнай і аэрафотаздымкі, аптычнымі, электронна-мікраскапічнымі, рэнтгенаўскімі, спектральнымі, хім., ізатопнымі і інш. Цесна звязана з геагр. навукамі — геамарфалогіяй, фіз. геаграфіяй, кліматалогіяй, гідралогіяй, геадэзіяй, а таксама з навукамі, што вылучыліся з яе — геафізікай і геахіміяй. Геалогія шырока выкарыстоўвае дасягненні фізікі, хіміі, біялогіі, матэматыкі і інш. Геалогія ўзнікла ў працэсе практычнай дзейнасці чалавека, які з глыбокай старажытнасці выкарыстоўваў у побыце каменне, ваду падземных крыніц, руды. Першыя звесткі пра мінералы, горныя пароды, падземныя воды і пошукі карысных выкапняў ёсць у пісьмовых помніках Стараж. Егіпта, стараж. рукапісах Кітая, працах ант. вучоных Грэцыі і Рыма: Піфагора, Герадота, Арыстоцеля, Плінія Старэйшага. Перыяд да 18 ст. адметны назапашваннем разнастайных фактаў аб саставе горных парод і мінералаў, падземных вод, геал. з’явах. У 18 — 1-й пал. ст. М.В.Ламаносаў (Расія), Ж.Кюўе, Л.​Элі дэ Бамон, А.​Браньяр (Францыя), Л.​Бух, А.Г.Вернер (Германія), У.Сміт, А.Седжвік, Р.І.Мурчысан, Ч.Лаель, Дж.​Гетан (Вялікабрытанія), А.​Грэслі (Швейцарыя) сістэматызавалі разрозненыя геал. звесткі, прапанавалі шэраг асноватворных уяўленняў геалогіі, заклалі фундамент геал. навукі, якая аформілася ў 2-й пал. 19 — пач. 20 ст.

Тэарэт. асновы сучаснай геалогіі складаюць вучэнні аб глабальнай тэктоніцы пліт (гл. Тэктанічныя гіпотэзы), платформах і геасінкліналях, фацыях і фармацыях, літагенезе, магматызме, рудаўтварэнні, падземных водах і інш. Уклад у развіццё геалогіі зрабілі А.​Дз.Архангельскі, М.Бертран, С.М.Бубнаў, А.Вегенер, У.І.Вярнадскі, І.М.Губкін, Дж.Дана, А.М.Заварыцкі, Э.Зюс, У.А.Кавалеўскі, А.П.Карпінскі, Ф.Ю.Левінсон-Лесінг, Г.Ф.Мірчынк, Дз.В.Наліўкін, У.А.Обручаў, Э.​Ог, А.​П.​Паўлаў, Ф.​Дж.​Петыджан, М.М.Страхаў, Я.С.Фёдараў, А.Я.Ферсман, В.Я.Хаін, Дж.Хол, М.С.Шацкі, Г.Штыле, А.Л.Яншын і інш.

На Беларусі геал. вывучэнне тэрыторыі вядзецца з пач. 19 ст.: рабіліся маршрутныя апісанні, даследаваліся асобныя радовішчы карысных выкапняў (А.​Э.​Гедройц, Р.П.Гельмерсен, М.І.Крыштафовіч, Г.Б.Місуна, В.М.Севяргін, П.А.Туткоўскі і інш.). Планамернае вывучэнне геал. будовы пачалося з 1927, калі быў арганізаваны геал. ін-т у складзе Інбелкульта. У 1937 створана Геал. ўпраўленне для кіравання геолага-здымачнымі і геолага-пошукавымі работамі. Пасля Вял. Айч. вайны праведзена сярэднемаштабная, часткова дэталёвая геал. і гідрагеал. здымка, выконваліся геафіз. даследаванні, пошукава-разведачныя работы, накіраваныя на выяўленне радовішчаў карысных выкапняў. Высветлена геал. будова і гісторыя геал. развіцця, тэктоніка тэр. Беларусі, дэталёва даследаваны петраграфія і мінералогія крышт. фундамента, літалогія і геахімія платформавага чахла. Разведаны запасы калійных і каменнай солей, прэсных і мінер. падземных вод і ёдабромных расолаў, сыравіны для вытв-сці буд. матэрыялаў. Выяўлены радовішчы нафты, бурага вугалю, гаручых сланцаў, жал. руд, фасфарытаў, даўсаніту, сіліцытаў, рэдкіх металаў і інш. Вядуцца значныя інж.-геал. і геаэкалагічныя даследаванні. Вялікі ўклад у вывучэнне нетраў зрабілі: арганізатар геал. службы на Беларусі М.Ф.Бліадухо, бел. навук. школы, заснаваныя Г.І.Гарэцкім (геалогія антрапагену), А.С.Махначом (літалогія і геахімія даантрапагенных адкладаў), К.І.Лукашовым (геахімія навакольнага асяроддзя), Р.Г.Гарэцкім (геатэктоніка), Г.В.Багамолавым (гідрагеалогія), А.В.Мацвеевым (вывучэнне сучасных геал. працэсаў і геамарфалогія), Э.А.Ляўковым (неагеадынаміка), а таксама У.​А.​Багіна, Г.​І.​Ількевіч, П.​А.​Леановіч, В.​І.​Пасюкевіч, П.​З.​Хоміч і інш. Вытворчыя і н.-д. геал. работы праводзяць ВА «Беларусьгеалогія» і «Беларусьнафта», Геолагаразведачны беларускі навукова-даследчы інстытут, Інстытут геалагічных навук (ІГН) Нац. АН Беларусі, Беларускае дзяржаўнае навукова-даследчае геалагічнае прадпрыемства (Белгеа), Бел. дзярж. ін-т інж. вышуканняў («Геасервіс») і інш. Кадры па геалогіі рыхтуюць БДУ і Гомельскі дзярж. ун-т. Геал. даследаванні і іх каардынацыю ажыццяўляюць таксама Геалагічны міжнародны кангрэс, Міжнар. саюз геал. навук, Беларускае геалагічнае таварыства, Бел. нац. камітэт геолагаў. Асн. перыяд. выданні: «Літасфера», «Даклады АН Беларусі», «Весці АН Беларусі» : інш.

Літ.:

Аллисон А., Палмер Д. Геология: Наука о вечно меняющейся Земле: Пер. с англ. М., 1984;

Уотсон Дж. Геология и человек: Введение в прикладную геологию: Пер. с англ. Л., 1986;

Махнач А.С., Вазнячук Л.М. Геалагічнае мінулае Беларусі. Мн., 1959;

Геология СССР. Т. 3. Белорусская ССР. М., 1971;

История геологических наук в Белорусской ССР. Мн., 1978;

Геология Белоруссии: Достижения и пробл.: Сб науч. тр. Мн., 1988;

Гарэцкі Р.Г. і інш. Праблемы вывучэння літасферы Беларусі // Літасфера. 1994. № 1;

Гарецкий Р.Г., Каратаев Г.И. Основные проблемы экологической геологии // Там жа. 1995. №2.

А.​А.​Махнач.

т. 5, с. 118

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПААЗЕ́Р’Е, Падзвінне,

гісторыка-этнаграфічны рэгіён Беларусі. Займае большую ч. Віцебскай вобл. На ПдУ па дняпроўска-дзвінскім водападзеле мяжуе з Падняпроўем, на Пд і ПдЗ па ўмоўнай лініі на Пн ад Барысава і Лагойска праз Паставы — з Цэнтральнай Беларуссю і Панямоннем. Як гіст.-этнагр. рэгіён адпавядае асн. масіву стараж. Полацкай зямлі (полацкія крывічы). У складзе Кіеўскай Русі Полацкая зямля была найб. самастойнай з уласцівымі ёй векавымі традыцыямі грамадска-паліт. ладу і арыгінальнай культурай. У 11 ст. тут было каля 10 буйных удзельна-валасных і эканам. цэнтраў (Полацк, Віцебск, Друцк, Лукомль, Браслаў і інш.; гл. Полацкае княства). Для П. разам з часткай Падняпроўя на працягу сярэднявечча і да 2-й пал. 19 ст. захавалася этнагр. назва Белая Русь, якая паступова пашырылася на ўсю сучасную тэр. Беларусі. З утварэннем Рэчы Паспалітай (1569) пашырылася каталіцтва, павялічыліся землеўладанні езуітаў. Ратуючыся ад рэліг. ганенняў і сац. ўціску, сюды перасялілася ч. рус. старавераў. У выніку Лівонскай вайны 1558—83, вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67, Паўночнай вайны 1700—21 мясц. эканоміка і культура панеслі вял. страты, адбыліся істотныя змены ў геагр. размяшчэнні і этнасац. структуры насельніцтва, якое скарацілася ў некалькі разоў. У выніку падзелаў Рэчы Паспалітай (1772 і 1793) П. далучана да Расіі і ўваходзіла ў склад Полацкай, з 1796 — Беларускай, з 1802 — Віцебскай губ.; зах. ч. ўваходзіла ў Віленскую губ. Пасля 1917 і ўтварэння БССР усх. П. ў складзе БССР; зах. (левабярэжная) ч. П. ўз’яднана з БССР у 1939.

Традыц.-быт. культура складвалася на працягу стагоддзяў, адлюстроўваючы як агульнабел. рысы, так і спецыфіку мясц. гіст. і прыродных умоў. Нар. вытв. практыка выпрацавала свой гадавы каляндар, своеасаблівыя спосабы апрацоўкі глебы, догляду пасеваў, уборкі ўраджаю і інш. з улікам мясц. прыродных умоў. Палі апрацоўвалі з дапамогай мясц. варыянта сахі з перакладной паліцай, архаічнай бараны-сукаваткі (смыка); на сугліністых глебах выкарыстоўвалі круглую калоду з зубамі, матыку ці чакуху для здрабнення камякоў. Выбраны на палях лён вымочвалі на дне вадаёмаў, а потым апрацоўвалі на тыповых для П. 2-рэбравых нахільных мялках. Сакавітыя лугі і выпасы спрыялі развіццю жывёлагадоўлі. Асн. і найчасцей адзінай рабочай жывёлай у сял. гаспадарцы быў конь. З канца 19 ст. жывёлагадоўля мела выразны мяса-малочны кірунак (вядомы цэнтр маслабойнай вытв-сці ў Віленскай губ. — Дзісенскі пав.). З развіццём капіталіст. адносін пашырыліся лясныя і адыходныя промыслы — нарыхтоўка лесу, выраб брусоў, абадоў, бандарнай клёпкі і вываз іх у прыбалт. парты. Мноства сялян ішло на буд. і земляныя работы: мясц. каменячосаў (жарнаклёваў), муляраў, цесляроў можна было сустрэць у адыходзе ў губернях Расіі. Найб. густа населеным здаўна было левабярэжжа Зах. Дзвіны. На П. пераважалі маладворныя сельскія пасяленні (3—5 сядзіб), раскіданыя сярод лясных пагоркаў паблізу рэк і азёр, у баку ад вял. дарог. Наяўнасць блізка ад вёсак і хутароў выгану і свабодных зямель, суседства з вадаёмам і лесам надавала пасяленцам азёрнага краю патрыярхальна-экзатычныя рысы. Невял. вёскі, хутары і асобныя двары звязвалі вузкія прасёлкі і сцяжынкі; сельскія дарогі вызначаліся слабай набітасцю грунту і невыразнымі абрысамі. Узімку ўзнікалі часовыя дарогі, т.зв. зімнікі. Найб. пашыраны тып сядзібнай забудовы — вянковы. Побач з размяшчэннем пабудоў па перыметры двара сустракалася і кампактная забудова, калі гасп. памяшканні цесна прымыкалі да жылля, утвараючы адзіны жыццёва-быт. комплекс з крытым дваром (вядомы толькі ў рэгіёне). На адлегласці 50—60 м у глыбіні сядзібы будавалі гумно і лазню. Гумно ў мясц. вызначэнні — комплекс гасп. пабудоў з уласна гумном (ток, такаўня), сушылкай (асець, ёўня), пуняй для саломы і сена, азяродамі. На адкрытай мясцовасці нярэдка ставілі невял. млын-вятрак, што задавальняў патрэбы сял. гаспадаркі. Тыповая планіроўка жылля: хата + сенцы + стопка (варыўня). Зруб хаты рабілі з круглых бярвён хвоі ці елкі, звязаных паміж сабой у просты вугал «з астаткам» («у чашку»), Стрэхі звычайна 2-схільныя закотам, з 2-й пал. 19 ст. — каркасныя («на кроквах»); крылі іх саломай «пад колас», радзей — дранкай.

Для традыц. адзення жыхароў уласцівы прамы, свабодны крой. Найб. пашыраныя колеры адзення белы і светла-шэры. З верхняга адзення апрача агульнабел. світ і кажухоў у шырокім ужытку быў палатняны насоў, які насілі ў любое надвор’е. Паясное жаночае адзенне вызначалася значнай тыпалагічнай разнастайнасцю: льняныя спадніцы, разнаколерныя набіванкі, саяны, андаракі, узорныя дрыліхі (гл. Лепельскі строй). Ва ўзорнай тэхніцы ўпрыгожвання пераважалі вышыўка і набіванка, якія ў жан. адзенні (сарочках, фартухах) гарманічна спалучаліся з карункамі і мярэжкай. У вышыўцы дамінаваў чырв. колер, у набіванцы — сіні ці блакітны. Кераміка вызначалася масіўнасцю формы (да апошняга часу тут захаваўся налеп) і грунтоўнасцю апрацоўкі. Рэгіянальнай асаблівасцю вызначаюцца мясц. вусна-паэт. творчасць і традыц. абраднасць. Побач з агульнабел. каляндарна-земляробчымі і сямейна-абрадавымі песнямі пашыраны тыя жанры, якія ў інш. рэгіёнах маюць абмежаваны арэал або зусім невядомы, — валачобныя, масленічныя, талочныя, ільнаробчыя, ярынныя песні. Для песеннага фальклору П. ўласціва сольнае (манадыйнае) выкананне: мелодыя песень роўная, з плаўнымі пераходамі, напевы нетаропкія і свабодныя. Мясц. гаворкі П. складаюць групу паўн.-ўсх. дыялекту (гл. Дыялект).

В.​С.​Цітоў.

т. 11, с. 460

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

год, ‑а, М ‑дзе; мн. гады, ‑оў і год; м.

1. Прамежак часу з 1 студзеня, за які Зямля робіць адзін паварот вакол Сонца (уключае ў сябе 365 ці 366 сутак, або 12 каляндарных месяцаў). Адыходзілі вёсны і зімы, І гады за гадамі плылі. Колас.

2. Адрэзак часу ў 12 месяцаў, які адлічваецца з якога‑н. дня. Аб усім утрая Клапаціцца гатоў, Быццам думаю я Жыць яшчэ сто гадоў. Гілевіч.

3. толькі мн. Ужываецца ў спалучэнні з парадкавым лічэбнікам для абазначэння дзесяцігоддзя. Саракавыя гады дваццатага стагоддзя. Камсамольцы дваццатых гадоў.

4. толькі мн. Адрэзак часу ў некалькі год. Пасляваенныя гады. Гады росквіту культуры і народнай гаспадаркі.

5. толькі мн. Узрост; перыяд, пара ў жыцці чалавека. Спадарожны Пятра быў Захар Палянскі, чалавек сярэдніх гадоў, досыць заможны гаспадар. Колас.

6. Адрэзак часу, на працягу якога планета робіць абарот вакол Сонца. Год Марса.

•••

Высакосны год — кожны чацвёрты год, які мае ў лютым не 28, а 29 дзён.

Зорны год — прамежак часу, за які Сонца робіць свой бачны шлях па нябеснай сферы адносна зорак.

Навучальны год — час вучэбных заняткаў ад канца адных і да пачатку наступных летніх канікул.

Новы год — дзень 1 студзеня.

Светлавы год — адзінка адлегласці, роўная шляху, які праходзіць прамень святла за трапічны год.

Трапічны год — прамежак часу паміж двума праходжаннямі Сонца цераз пункт веснавога раўнадзенства.

Адны гады; у адных гадах — аднолькавы ўзрост; аднагодкі, равеснікі.

Без году тыдзень гл. тыдзень.

Гады падышлі — настаў ўзрост, калі патрэбна зрабіць што‑н.

Гады ў рады — вельмі рэдка (бываць дзе‑н., сустракаць з кім‑н. і інш.).

Год ад году — з кожным годам.

З году ў год — пастаянна, на працягу некалькіх гадоў.

З малых гадоў (год) — з дзяцінства.

На схіле гадоў (год) гл. схіл.

Не па гадах — неадпаведна ўзросту, не падыходзіць па ўзросту.

Па маладосці гадоў гл. маладосць.

У гадах — пажылога ўзросту.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адпусці́ць, ‑пушчу, ‑пусціш, ‑пусціць; зак., каго-што.

1. Дазволіць каму‑н. пайсці, паехаць ці адлучыцца. Капітан адпусціў паставога, а сам пачаў пісаць пратакол. Якімовіч. У пачатку вёскі Салаўёў адпусціў машыну.. і пайшоў далей пехатою. Шахавец. // Абслужыўшы, задаволіўшы чые‑н. патрэбы, даць магчымасць пайсці. Доўга давялося чакаць, пакуль Нічыпар адпусціць пакупнікоў. Б. Стральцоў. // Даць мажлівасць пайсці на новую працу, вучобу і пад. [Сазон:] — Конюхам пастанавілі прызначыць Карэньку, а.. [Кліма] адпусцілі ў леснікі. Ермаловіч.

2. каго. Даць каму‑н. свабоду, выпусціць з няволі. Адпусціць затрыманага. □ [Таццяна:] Дайце слова, Што вы адпусціце мяне на волю, І скажу вам праўду. Глебка. // За паншчынай — вызваліць ад прыгоннай залежнасці, даць адпускную, вольную. Адпусціць прыгоннага на волю.

3. Перастаць стрымліваць, сціскаць; выпусціць з рук. Міцька неахвотна адпусціў пальцы, вызваліў .. [Храпкевічаў] каўнер. Шамякін. Галінка, якую адпусціў.. Казак, спружыніла і балюча сцебанула мяне па твары. Карпюк. — Ага, папаўся! — дзед схапіў Язэпа за вуха. Язэп адпусціў падол, і соль пасыпалася на зямлю. Асіпенка. // што. Зрабіць менш нацягнутым, паслабіць. Адпусціць папружку. Адпусціць тармазы. □ Вайтовіч адпусціў трошкі вальней сырамятныя лейцы. Пальчэўскі. // Разм. Зменшыцца, сціхнуць, перастаць мучыць каго‑н. (пра хваробу, болі, пачуцці). [Кірдун:] — Божа ж мой. А як жа я чакаў! Кожную раніцу. Калі гэта, думаю, тая хвароба адпусціць?! Не пускалі мяне. Нікога не пускалі. Караткевіч. // Аслабець, памякчэць, паменшыцца (пра надвор’е). Мароз адпусціў. / у безас. ужыв. З раніцы трохі адпусціла. Памякчэла зямля, раставаў першы кволы сняжок. Грахоўскі.

4. што. Выдаць пэўную колькасць чаго‑н., прадаць. Адпусціць тавары са склада. // Назначыць, выдзеліць пэўныя сродкі для якой‑н. мэты, асігнаваць. Адпусціць сродкі на капітальнае будаўніцтва. // Вызначыць пэўны тэрмін. Адпусціць тры дні на вяселле.

5. што. Адгадаваць (валасы, ногці і пад.). Адпусціць бараду.

6. Уст. Дараваць (віну, грахі, доўг і пад.).

7. што. Сказаць што‑н. вострае, нечаканае або недарэчнае. Бабініч адпусціў такія словы аб іх спяванні, што і прывычныя жанкі [паўскоквалі] з месца. Колас.

8. Спец. Зрабіць мякчэйшым, зменшыць гарт.

•••

Адпусціць душу на пакаянне (жарт.) — адпусціць, не чапаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)