БЯНЁЎСКІ (Beniowski) Маўрыцы Аўгуст (1746?, Вербаў, Славакія — 23.5.1786),
польскі падарожнік і мемуарыст. З венг. шляхецкай сям’і. Выхоўваўся ў Венскай ваен. акадэміі, вывучаў марскую справу ў Гамбургу. З 1768 у Польшчы, падтрымліваў сувязі з удзельнікамі Барскай канфедэрацыі. У 1770 трапіў у рас. палон, сасланы на Камчатку. У 1771 арганізаваў бунт ссыльных і на захопленым караблі дабраўся да Макао (Аамынь). З 1772 у Францыі, у 1773 адпраўлены на в-аў Мадагаскар з мэтай заснаваць там франц. калонію. Абраны жыхарамі ўладаром часткі вострава, але ў 1776 пакінуў яго. У 1778 на службе ў аўстр. арміі. Неаднаразова падарожнічаў у Амерыку, удзельнічаў у вайне за незалежнасць у Паўн. Амерыцы. У 1784 арганізаваў экспедыцыю на Мадагаскар, дзе збіраўся заснаваць уласную дзяржаву. Забіты ва ўзбр. сутычцы з французамі. Вёў дзённік, стылізаваны пад авантурны раман.
Літ.:
Давидсон А.Б., Макрушин В.А. Зов дальних морей. М., 1979. С. 143—202;
Orłowski L. Maurycy August Beniowski. Warszawa, 1961;
Sieroszewski A. Maurycy Beniowski w literackiej legendzie. Warszawa, 1970;
Kajdański E. Tajemnica Beniowskiego: Odkrycia, intrygi, fałszerstwa. Warszawa, 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Е́ЛЬСКІ Канстанцін Міхайлавіч (17.2.1837, в. Ляды Чэрвеньскага р-на Мінскай вобл. — 26.11.1896),
бел. вучоны-біёлаг, географ, геолаг і падарожнік. З роду Ельскіх. Скончыў Кіеўскі ун-т (1860). Адзін з першых у Расіі прыхільнікаў эвалюц. тэорыі Ч.Дарвіна. Ўдзельнічаў у падрыхтоўцы паўстання 1863—64 на Украіне, у 1863 эмігрыраваў за мяжу. З 1865 у Франц. Гвіяне, з 1869 у Перу, вывучаў фауну гэтых краін. Удзельнічаў у стварэнні (1875) і дзейнасці (да 1879 хавальнік) прыродазнаўчага музея ў Ліме. Адкрыў новы від жывёлы Dinonys. Удасканаліў спосаб захоўвання насякомых, дасылаў сабраныя калекцыі насякомых, раслін, чучалы птушак, у музеі Еўропы. Як заолаг і геолаг працаваў у Турцыі, Германіі, Францыі. З 1880 у Кракаве: хавальнік прыродазнаўчых калекцый АН. У гонар вучонага названы адзін від лаўра — Ocotea Jelscii і некат. віды птушак і звяроў. Аўтар даследавання «Аб узаемнай залежнасці геалагічных з’яў» і кнігі «Папулярна-прыродазнаўчыя апавяданні пра знаходжанне ў Французскай Гвіяне і часткова ў Перу» (1898).
Літ.:
Грицкевич В.П. Путешествия наших земляков. Мн., 1968;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЯНІ́ЦКІ (Siennicki) Людвік (2.2.1677—24.1.1757),
падарожнік і мемуарыст, даследчык Сібіры. З бел. шляхецкага роду герба «Бонча». Вучыўся ў Віленскай евангелісцкай школе. У пач. 18 ст. адміністратар Магілёўскай эканоміі, віцэ-губернатар Быхава, падстолі ВКЛ. У Паўночную вайну 1700—21 палкоўнік, камандзір Бел. дывізіі. У 1707 разам са стрыечным братам ген. К.Сяніцкім здрадзіў каралю Аўгусту II — саюзніку Расіі і перайшоў на бок прашвед. групоўкі кн. Сапегаў. Адзін з кіраўнікоў Быхава абароны 1707; узяты ў рас. палон і ў 1709 сасланы ў Сібір (Табольск, потым Якуцк), адкуль вярнуўся на радзіму ў 1722. У сваіх мемуарах «Дакумент асаблівай міласэрнасці божай...» (Вільня, 1754) даў заснаваныя на ўласных назіраннях каштоўныя этнагр. апісанні якутаў і інш. сібірскіх народаў — хантаў, чукчаў, эвенкаў, юкагіраў, звесткі пра Японію (са слоў яп. палонных, што пацярпелі караблекрушэнне ў Ахоцкім м.).
Літ.:
Кучинский А. Описание Сибири XVIII в.: (Материалы Л.Сеницкого о сибирских аборигенах и их культуре) // Сов. этнография. 1972. № 1;
Могилевская хроника Т.Р.Сурты и Ю.Трубницкого // Полн. собр. рус. летописей. М., 1980. Т. 35.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІНІ́ЦКІ Іван Францавіч (1856 або 1861, Смаргоншчына, Гродзенская вобл. — 2.5.1939),
бел. мемуарыст, падарожнік. Юнацтва правёў на Украіне. У 1893 вярнуўся ў г. Смаргонь, уключыўся ў рэв. барацьбу, арганізаваў б-ку, прапагандаваў творы Л.Талстога і М.Горкага, пісаў карэспандэнцыі ў віленскія газеты. З 1901 падарожнічаў за мяжою, напісаў кнігу «Новая Зеландыя — Еўропа» — першае на рус. мове апісанне Новай Зеландыі (забаронена цэнзурай, карэктурны адбітак зберагаецца ў Гродзенскім гіст.-археал. музеі). Перад рэвалюцыяй 1905—07 вярнуўся на радзіму. За актыўны ўдзел у рэв. падзеях арыштаваны і сасланы ў Валагодскую губ. У турме і ссылцы напісаў па просьбе М.Рубакіна ўспаміны «З майго жыцця ў вёсцы», прысвечаныя рэв. падзеям у Смаргоні ў канцы 19 — пач. 20 ст. (рукапіс зберагаецца ў Дзярж. б-цы Расіі, Масква). З ссылкі ўцёк у Фінляндыю. Вярнуўшыся на радзіму, устанавіў сувязі з газ. «Наша ніва», пісаў у яе карэспандэнцыі (магчыма, пад псеўданімам Смаргонец). У 1920—30-я г. падтрымліваў сувязь з Т-вам бел. школы.
Літ.:
Дридзо А. Путешественник из Сморгони // Нёман. 1984. №4;
Каранеўскі А. Па слядах рэвалюцыянера і публіцыста // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1985. № 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЯКУ́ЦЬЕЎ Іван Пятровіч, расійскі служылы чалавек, падарожнік і дыпламат бел. паходжання 17 ст. З «ліцвінаў», што трапілі ў рус. палон і прысягнулі на вернасць рас. цару. Каля 30 гадоў служыў у Сібіры, быў дзесятнікам у г. Цюмень. У 1615 пасланы з Томска на пошукі шляхоў у Кітай і па гандл. справах. Ц. і яго спадарожнікі першымі з рускіх і еўрапейцаў праехалі праз Хакасію, Кузнецкі Алатау і міма воз. Убсу-Нур у Манголію (1616) да яе правіцеля Алтан-хана, які ў адказ на візіт накіраваў з Ц. сваіх паслоў да рас. цара. Так быў пакладзены пачатак афіц.рас.манг. адносінам. За ўдалую місію Ц. у 1617 узведзены ў «дзеці баярскія» (служылыя дваране). У Томску, Табольску і Маскве са слоў Ц. і яго спадарожнікаў запісаны іх справаздачы («артыкульныя спісы») з каштоўнымі звесткамі пра фіз. геаграфію і насельніцтва мясцін па маршруце экспедыцыі (паўд. Сібір, паўн. Манголія), а таксама пра Кітай і Тыбет (з паведамленняў Алтан-хана). Падарожжа Ц. спрыяла паспяховасці першай рас.дыпламат. місіі на чале з дзякам І.Пяцеліным у Кітай (1618). Матэрыялы Ц. і Пяцеліна ў 17—18 ст. неаднаразова перакладаліся на еўрап. мовы і сталі набыткам еўрап. навукі.
3.сущ. прахо́жы, -жага м.; міна́к, -ка́м.; (путник) падаро́жны, -нага м., падаро́жнік, -ка м.; (пешеход) пешахо́д, -да м.
Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)
ХЕ́ЕРДАЛ (Heyerdahl) Тур (6.10.1914, г. Ларвік, Нарвегія — 18.4.2002),
нарвежскі вучоны, падарожнік, пісьменнік. Чл.Нарв.АН (з 1958). Ганаровы д-р ун-та Осла (1961). Вучыўся ва ун-це Осла (1933—38). Вывучаў пераемнасць культуры і магчымасць трансакіянскіх міграцый народаў паміж Старым і Новым Светам. Каб пацвердзіць сваю тэорыю пра засяленне а-воў Палінезіі з Амерыкі, у 1947 праплыў з экіпажам на плыце «Кон-Цікі» ад Перу да архіпелага Туамоту, у 1969 і 1970 — на папірусных лодках «Ра» і «Ра-2» ад Афрыкі да а-воў Цэнтр. Амерыкі, у 1977—78 — на трысняговай лодцы «Тыгрыс» па маршруце Эль-Курна (Ірак) — вусце р. Інд—Джыбуці. Уражанні ад падарожжаў у кнігах «Падарожжа на «Кон-Цікі» (1949), «Аку-Аку» (1957), «Ра» (1970), «Фату-Хіва» (1975), «Тыгрыс» (1979) і інш. Займаўся археал. пошукамі ў Перу, Балівіі, Эквадоры, на Галапагоскіх а-вах і в-ве Рапануі (Вялікадня). Аўтар прац па антрапалогіі, стараж. гісторыі Акіяніі і Амерыкі. На бел. мову асобныя яго творы пераклаў С.Міхальчук.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАГДАНО́ВІЧ Карл Іванавіч (29.11.1864, г. Люцын Віцебскай губ., цяпер г. Лудза, Латвія — 5.6.1947),
расійскі і польскі геолаг і падарожнік. Акад. Польскай АН. З бел. шляхты. Скончыў Горны ін-т у Пецярбургу (1886). У 1886 у Горным дэпартаменце, у 1901—17 — Геалагічным к-це (з 1914 дырэктар), адначасова праф. геалогіі ў Горным ін-це. У сувязі з буд-вам чыгункі ў 1886—88 даследаваў Закаспійскі край. У 1889—91 у складзе экспедыцыі М.Пяўцова даследаваў геал. будову горных ланцугоў Тыбета, Цянь-Шаня, Паміра. У 1892 узначальваў навук. экспедыцыю ва Усх. Сібір, дзе вёў геал. даследаванні ўздоўж мяркуемай трасы Транссібірскай чыгункі. У 1896—1900 даследаваў геал. будову ўзбярэжжа Ахоцкага мора, Камчатку, Ляадунскі п-аў, Аляску, Чукоцкі п-аў, аўтар першай геал. карты гэтага рэгіёна (1901). У 1907—13 вывучаў нафтаносныя пляцоўкі Паўн. Каўказа і ўзбярэжжа Каспійскага мора. Займаўся праблемамі тэктонікі і вулканалогіі, гідрагеал. праблемамі, першы склаў класіфікацыю землетрасенняў. З 1920 у Польшчы, з 1921 у Кракаўскай горнай акадэміі. Вёў геал. даследаванні ў Францыі, Іспаніі, ЗША, Паўн. Афрыцы. З 1938 узначальваў Дзярж.геал.ін-т у Варшаве.
Літ.:
Резанов И.А. По горам и пустыням Азии. Путешествия К.И.Богдановича. М., 1976;
Ярмоленка В.А. Той, хто спазнаў таямніцы Зямлі // Родная прырода. 1998. № 4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУЛАТО́ВІЧ Аляксандр Ксавер’евіч (8.10.1870, г. Арол? — 6.12.1919),
падарожнік, дыпламат, рэліг. публіцыст. Правадз.чл.Рус.геагр.т-ва. З патомных дваран Гродзенскай губ. Скончыў Аляксандраўскі ліцэй у Пецярбургу (1891), паскораны курс 1-га ваен. Паўлаўскага вучылішча (1902). У 1896—1900 тройчы пабываў у Эфіопіі. Рабіў здымку недаследаваных паўд.-зах. і зах. раёнаў, прасачыў цячэнне р. Ома, першы з еўрапейцаў перасек вобласць Кафа. Па просьбе эфіопскага імператара Мэнеліка II даследаваў стан зах. мяжы краіны, прапанаваў праграму мерапрыемстваў па рэарганізацыі арміі і дзярж. апарату Эфіопіі. Зрабіў важныя адкрыцці ў гідраграфіі і араграфіі краіны, сабраў значны матэрыял па этнаграфіі, праблемах рабства і сац. структуры эфіопскага грамадства. За падарожжа да воз. Рудольф з ваен. экспедыцыяй (1897—98) адзначаны вышэйшай эфіопскай узнагародай — залатым шчытом з шабляй (1898), рас. ордэнам Станіслава 2-й ступені (1898), малым сярэбраным медалём імя П.П.Сямёнава Рус.геагр.т-ва (1901). У 1900—01 у Порт-Артуры. У 1906 прыняў манаства, пад імем Антоній жыў на гары Афон (Грэцыя). У 1911 зноў пабываў у Эфіопіі. У 1-ю сусв. вайну ў 1914—17 іераманах атрада Чырв. Крыжа ў дзеючай арміі. Забіты рабаўнікамі.
Тв.:
Моя борьба с имяборцами на Святой горе Иеросхим. Пг., 1917;
С войсками Менелика II. М., 1971;
Третье путешествие по Эфиопии. М., 1987.
Літ.:
Кацнельсон И., Терехова Г. По неизведанным землям Эфиопии. М., 1975.