БАГДАНО́ВІЧ Карл Іванавіч (29.11.1864, г. Люцын Віцебскай губ., цяпер г. Лудза, Латвія — 5.6.1947),
расійскі і польскі геолаг і падарожнік. Акад. Польскай АН. З бел. шляхты. Скончыў Горны ін-т у Пецярбургу (1886). У 1886 у Горным дэпартаменце, у 1901—17 — Геалагічным к-це (з 1914 дырэктар), адначасова праф. геалогіі ў Горным ін-це. У сувязі з буд-вам чыгункі ў 1886—88 даследаваў Закаспійскі край. У 1889—91 у складзе экспедыцыі М.Пяўцова даследаваў геал. будову горных ланцугоў Тыбета, Цянь-Шаня, Паміра. У 1892 узначальваў навук. экспедыцыю ва Усх. Сібір, дзе вёў геал. даследаванні ўздоўж мяркуемай трасы Транссібірскай чыгункі. У 1896—1900 даследаваў геал. будову ўзбярэжжа Ахоцкага мора, Камчатку, Ляадунскі п-аў, Аляску, Чукоцкі п-аў, аўтар першай геал. карты гэтага рэгіёна (1901). У 1907—13 вывучаў нафтаносныя пляцоўкі Паўн. Каўказа і ўзбярэжжа Каспійскага мора. Займаўся праблемамі тэктонікі і вулканалогіі, гідрагеал. праблемамі, першы склаў класіфікацыю землетрасенняў. З 1920 у Польшчы, з 1921 у Кракаўскай горнай акадэміі. Вёў геал. даследаванні ў Францыі, Іспаніі, ЗША, Паўн. Афрыцы. З 1938 узначальваў Дзярж. геал. ін-т у Варшаве.
Літ.:
Резанов И.А. По горам и пустыням Азии. Путешествия К.И.Богдановича. М., 1976;
Ярмоленка В.А. Той, хто спазнаў таямніцы Зямлі // Родная прырода. 1998. № 4.
В.А.Ярмоленка.
т. 18, кн. 1, с. 340
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)