ЦЯКУ́ЦЬЕЎ Іван Пятровіч, расійскі служылы чалавек, падарожнік і дыпламат бел. паходжання 17 ст. З «ліцвінаў», што трапілі ў рус. палон і прысягнулі на вернасць рас. цару. Каля 30 гадоў служыў у Сібіры, быў дзесятнікам у г. Цюмень. У 1615 пасланы з Томска на пошукі шляхоў у Кітай і па гандл. справах. Ц. і яго спадарожнікі першымі з рускіх і еўрапейцаў праехалі праз Хакасію, Кузнецкі Алатау і міма воз. Убсу-Нур у Манголію (1616) да яе правіцеля Алтан-хана, які ў адказ на візіт накіраваў з Ц. сваіх паслоў да рас. цара. Так быў пакладзены пачатак афіц. рас. манг. адносінам. За ўдалую місію Ц. у 1617 узведзены ў «дзеці баярскія» (служылыя дваране). У Томску, Табольску і Маскве са слоў Ц. і яго спадарожнікаў запісаны іх справаздачы («артыкульныя спісы») з каштоўнымі звесткамі пра фіз. геаграфію і насельніцтва мясцін па маршруце экспедыцыі (паўд. Сібір, паўн. Манголія), а таксама пра Кітай і Тыбет (з паведамленняў Алтан-хана). Падарожжа Ц. спрыяла паспяховасці першай рас. дыпламат. місіі на чале з дзякам І.Пяцеліным у Кітай (1618). Матэрыялы Ц. і Пяцеліна ў 17—18 ст. неаднаразова перакладаліся на еўрап. мовы і сталі набыткам еўрап. навукі.
В.А.Ярмоленка.
т. 17, с. 192
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)