Е́ЛЬСКІ (Канстанцін Міхайлавіч) (17.2.1837, в. Ляды Чэрвеньскага р-на Мінскай вобл. — 26.11.1896),
бел. вучоны-біёлаг, географ, геолаг і падарожнік. З роду Ельскіх. Скончыў Кіеўскі ун-т (1860). Адзін з першых у Расіі прыхільнікаў эвалюц. тэорыі Ч.Дарвіна. Ўдзельнічаў у падрыхтоўцы паўстання 1863—64 на Украіне, у 1863 эмігрыраваў за мяжу. З 1865 у Франц. Гвіяне, з 1869 у Перу, вывучаў фауну гэтых краін. Удзельнічаў у стварэнні (1875) і дзейнасці (да 1879 хавальнік) прыродазнаўчага музея ў Ліме. Адкрыў новы від жывёлы Dinonys. Удасканаліў спосаб захоўвання насякомых, дасылаў сабраныя калекцыі насякомых, раслін, чучалы птушак, у музеі Еўропы. Як заолаг і геолаг працаваў у Турцыі, Германіі, Францыі. З 1880 у Кракаве: хавальнік прыродазнаўчых калекцый АН. У гонар вучонага названы адзін від лаўра — Ocotea Jelscii і некат. віды птушак і звяроў. Аўтар даследавання «Аб узаемнай залежнасці геалагічных з’яў» і кнігі «Папулярна-прыродазнаўчыя апавяданні пра знаходжанне ў Французскай Гвіяне і часткова ў Перу» (1898).
Літ.:
Грицкевич В.П. Путешествия наших земляков. Мн., 1968;
Мальдзіс А. Падарожжа ў XIX ст. Мн., 1969.
М.К.Багадзяж.
т. 6, с. 388
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)