Сліж1 ‘галец’ (Сцяшк., Мат. Гом., Сл. ПЗБ), ‘невялікая сомападобная рыбка’ (Нар. лекс.), слі́жык ‘галец’ (Гіл.), ‘дробная рыбка’ (Бяльк.), ‘дробная рыбка, падобная на ўюна’ (Нар. лекс.), сліж, слі́з ‘галец’ (Сцяшк.), ‘уюн’ (Скарбы), ‘малюск’ (Сл. ПЗБ), ст.-бел. слижъ ‘галец’ (Ст.-бел. лексікон). Укр. сліж ‘галец, Cobitis barbatula’, рус. слиз ‘рыба Biennius, з пароды вугроў’, польск. śliz, śliż, śliżyk ‘галец, Nemalhilus barbatula’, в.-луж. sliž ‘уюн’, šliž ‘галец’, н.-луж. sliž ‘смоўж’, славац. slíž ‘рыба галец’, чэш. дыял. slíž, šlíž, šliž ‘тс’. Паўночнапраслав. *slizъ, *slizi̯o‑ (Фасмер, 3, 671). Звязана з слізкі (гл.), таму што гэтыя рыбы пакрытыя тоўстым слоем слізі (Міклашыч, 307; Праабражэнскі, 2, 322), паколькі большасці з названых рыб характэрна выдзяленне слізі (Каламіец, Рыбы, 40). Сумненні ў Махэка₂ (555) з прычыны таго, што назва адносіцца да розных рыб, але, відаць, яны неапраўданыя. Басай і Сяткоўскі (Słownik, 380–381) адводзяць меркаванне пра запазычанне польск. śliżek праз чэш. sližek з ням. Schleisse ‘рыба Nemachilus barbatulus’.

Сліж2 ‘праснак’ (Сцяшк.), ‘печыва з мукі’ (ЛА, 5), сліжы ‘праснакі, якія ядуць на калядную Куццю з цёртым макам’ (Сцяшк. Сл.), ‘клёцкі’ (смарг., Сл. ПЗБ), ‘піражкі’ (ашм., шальч., Сл. ПЗБ), слі́жыкі ‘тс’ (Нас.; гродз., Сл. ПЗБ), ‘піражкі’ (паст., іўеў., воран., Сл. ПЗБ), слі́зік ‘праснак’ (Сцяшк. Сл.), слі́зікі ‘кавалачкі пшанічнага цеста, адвараныя ў вадзе і залітыя макавай сумессю’ (Скарбы). Польск. śliż(yk), чэш. sliž ‘від ежы’, дыял. slíž(ek), славац. slíž, у тым ліку і ‘мучныя клёцкі, якімі кормяць гусей перад забоем’. Беларускае, лічачы па лакалізацыі, відаць, з польскай. Махэк₂ (555) этымалогію лічыць няяснай, але не выключае, што гэта дэрыват ад слізкі; да гэтага параўн. тлумачэнне Насовіча (Нас., 590): іх ядуць з сытой або макавым малаком, ад чаго яны робяцца слізкімі.

Сліж3 ‘доўгае бервяно, якое кладзецца па баках маста для ўмацавання насцілу’ (Сцяшк., ПСл; віл., лід., Сл. ПЗБ; ЛА, 5), ‘бервяно, па якім спускаюць на ваду лодку’ (ТС), ‘бервяно, па якім усцягваюць наверх цяжкія калоды’ (ПСл, ЛА, 5), сліжакі́, сліжы́ ‘лагі’ (воран., віл., Сл. ПЗБ), слеж ‘падваліна’ (брэсц., кобр., Нар. сл.), сле́жык ‘аснова печы’ (іван., Нар. сл.), слі́жка ‘шасток у хаце для адзежы’ (Касп.), сліз ‘падоўжная бэлька ў гаспадарчых будынках на сохах’ (ЛА, 4), сліс, сліш ‘тс’ (Сл. ПЗБ). Укр. слиж ‘папярочны брус у столі з прутоў’, сляж ‘тс’, сле́жык ‘адзін з слупоў, на якіх пастаўлена печ’; сюды ж ст.-польск. śleżej ‘бервяно пры будове моста’, польск. дыял. śleżyna ‘доўгая жэрдка, да якой прыбіваюцца штакеціны’, чэш. slizej ‘ледарэз; бервяно, што ахоўвае млын ад ільдзін’, sluzuj, sluzej ‘бервяно ў аснове моста’, славац. дыял. šlezaj ‘бервяно, перакінутае праз раку; бервяно паверх насцілу моста’. Махэк₂ (559) меркаваў, што заходнеславянскія тэхнічныя тэрміны грунтуюцца ў рэшце рэшт на ням. Schleuse ‘шлюз’ (гл. шлюз, слюз), а зыходнымі трэба лічыць формы з ‑u‑ (< ням. ‑eu‑), параўн. слюга (гл.). Борысь (Etymologie, 599–601) атаясамлівае паходжанне заходнеславянскіх і ўсходнеславянскіх форм, што ўзыходзяць да *sъlěga/*sъlęgti, прыставачных дэрыватаў *legti, *ležati, *lěgati ‘лажыць, лажыцца’, гл. ляжаць, слега. Усё гэта не выключае ўзаемнага ўплыву на форму і семантыку народнага і запазычанага тэрмінаў.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кабы́ла1 ’самка каня’ (БРС, ТСБМ, Бяльк., Касп., Мат. Гом., Нік. Напаў., Нік., Оч., Сержп. Грам., Юрч., Яруш.). Укр. кобила, рус. кобыла, польск. kobyła, н.-луж. kobyła, в.-луж. kobyła, kobła, палаб. ťübälə, чэш. kobyla, славац. kobyla, серб.-харв. kòbila, славен. kobìla, мак. кобила, балг. кобила, кобыла. Прасл. kobyla ’тс’, магчыма, з і.-е. сувязямі, параўн. грэч. καβάλλης ’рабочы конь’, лац. caballus ’конь і інш.’, ням. дыял. kōb ’конь, кляча’, або, паводле Слаўскага, 2, 306, магчыма, і запазычанне «вандроўнага» тэрміна, які мог прыйсці з усходу (з Малой Азіі, напрыклад). Агляд літ-ры і асноўных версій Фасмер, 2, 269; Слаўскі, 2, 306–307; БЕР, 501–503. Гл. яшчэ Трубачоў, Происх., 52–53; Мартынаў, Язык., 71.

Кабы́ла2 ’скляпенне ў печы’ (Бяльк., Мат. Гом., Мат. Маг., Юрч.). У сумежных з беларускімі рускіх гаворках адзначаны блізкія па значэнню словы: смал. кобыла ’паўкруглы падмурак печы’, бран. ’паўкруглае скляпенне печы і падпечча’. Бел. усходні рэгіяналізм, паходзіць ад кабыла ’драўляная форма ў выглядзе паўкружжа для ўтварэння скляпення ў печы’ (Рам.; карм., мсцісл., слаўг., Яшк. Пас.). Кабыла ў апошнім значэнні — перанос паводле падабенства ад кабыла1, шырока вядомая славянская з’ява. Параўн. іншыя назвы прыстасаванняў і дэталей, на якія перанесены назвы жывёл: казёл, кабан, кошка, сабака, бык і да т. п. Больш падрабязна гл. пад кабылка. Параўн., аднак, кебка (гл.).

Кабыла3 ’выструганая палка, да канцоў якой прывязваюцца цяцівы заезніка, і выезд (служыць таксама для выпрамлення палатна сеткі пры выцягванні яе па бераг)’ (З нар. сл.; рыбалоўны тэрмін). Да кабыла1 (гл.), утворана як і іншыя назвы дэталей і прыстасаванняў (параўн. каза́ — назва рыбалоўнай спасці), матывацыя не зусім ясная (магчыма, універсальны перанос слова кабыла як тэрміна тэхнічных прыстасаванняў, які першапачаткова захоўваў празрыстыя сувязі з кабыла ў выніку пераносу паводле падабенства, функцыі і да т. п.

Кабы́ла4 ’некалькі бярвенняў, рухома звязаных у выглядзе ланцужка, якімі абводзіцца месца на рацэ, дзе звязваецца бярвенне ў плыты’. Да кабыла1, аднак матывацыя няясная. Магчыма, тут адбыўся перанос паводле падабенства, а магчыма, гэта вынік універсальнага працэсу, калі амаль што любая дэталь або само тэхнічнае прыстасаванне можа называцца ўжо існуючымі тэхнічнымі тэрмінамі, напр., бярвенні, дошкі і іншыя доўгія прадметы (палкі і да т. п.) могуць называцца кабыламі, усе дэталі з кручкамі, зубцамі — ваўчкамі, сабачкамі і г. д. Не выключана, аднак, што кабыла4 ўтворана ад кабыла ’бервяно’, параўн. рус. пск. кобылка — ’абрубак бервяна; тоўстае доўгае бервяно’. Аднак апошняе таксама з’яўляецца вынікам звужэння значэння слова кабыла ’розныя падпоры ў выглядзе бервяна на падстаўках, ножках і г. д.’, параўн. рус. свердл. кобылинабэлька (у столі)’.

Кабы́ла5 ’грыб пеўнік стракаты’ (кам., Жыв. сл.), ’грыб свінуха тонкая’ (Жыв. сл.: Сцяц.), ’радоўка жоўта-карычневая’ (Нар. словатв.), ’від грыбоў’ (Юрч.), ’грыб’ (Жыв. сл.). За межамі беларускай моўнай тэрыторыі як быццам не сустракаецца (рус. смал. кобыла ’род ядомых, але нясмачных грыбоў’ нельга аддзяляць ад бел. матэрыялу). Бел. інавацыя, да кабыла1. Той факт, што адным словам называюць розныя віды грыбоў, сведчыць аб дыфузнасці назвы або аб назве канкрэтнага грыба, якая пашыралася на іншыя (магчыма, зноў-такі ў выніку атрымання дыфузнага значэння ’нясмачны грыб’). Матывацыі маглі быць рознымі. Так, назва магла быць перанесена паводле адзнакі «паўсцістасці» (параўн. кабыленка ’ваўнянка’). Вядомым у славянскім свеце з’яўляецца перанос паводле адзнакі ’вялікі, цяжкі’, параўн. польск. kobyła ’гатунак вялікіх сліў’. Звяртае ўвагу таксама сэнс літоўскай калькі з бел. кабыла ’грыб’: kumẽlė ’ядомы грыб’ (LKŽ, 6, 867).

Кабы́ла6 ’высокая жанчына’ (Мат. Маг.). Да кабыла1; перанос вядомы ў розных мовах, і, відавочна, без сувязі слоў між сабой, або на базе лаянкавага ўжывання кабыла1, або ў выніку замацавання значэння вялікі’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)