Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
БЭ́ЛЬКА (галанд. balk),
канструкцыйны нясучы элемент звычайна ў выглядзе бруса. Пад нагрузкай працуе пераважна на выгін. Бэлькі вырабляюцца з жалезабетону, металу, дрэва. Шырока выкарыстоўваюцца ў буд-ве і машынабудаванні — у канструкцыях будынкаў, мастоў, эстакад, трансп. сродкаў, машын, станкоў і інш.
Бэлькі бываюць: адна- і шматпралётныя, кансольныя, разразныя (простыя) і неразразныя, з заладжанымі канцамі; прамавугольныя, таўровыя, двухтаўровыя, каробчатыя і інш.; пастаяннай і пераменнай вышыні. Жалезабетонныя бэлькі вырабляюць маналітныя, зборна-маналітныя і зборныя, а таксама папярэдне напружаныя. Металічныя бэлькі бываюць пракатныя і састаўныя (элементы іх злучаюць зваркай або кляпаннем), ёсць і біметалічныя. Драўляныя бэлькі — аднапралётныя і разразныя канструкцыі з дошак і бярвён (выкарыстоўваюцца і састаўныя). Разлік бэлек звычайна робяць на трываласць, устойлівасць і жорсткасць паводле законаў супраціўлення матэрыялаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Кран-бэлька 6/92, 93
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
КРАН-БЭ́ЛЬКА (галанд. kranbalk),
разнавіднасць пад’ёмнага крана маставога тыпу, у якога таль з эл. або ручным прыводам рухаецца па пралётнай ездавой бэльцы, абсталяванай канцавымі хадавымі цялежкамі. Цялежкі перамяшчаюцца па рэйках, укладзеных па падкранавых бэльках, якія абапіраюцца на калоны ці падвешваюцца да кроквенных ферм. К.-б. бываюць адна- (пралёт да 15 м) або шматпралётныя (да 100 м). Грузападымальнасць да 5 т. Разнавіднасць К.-б. — катабэлька для падымання і апускання якараў на суднах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРХІТРА́Ў (ад архі... + лац. trabs бэлька),
бэлька, якая абапіраецца на капітэлі калон і пілястраў, слупы, інш. апоры і нясе фрыз і карніз; ніжняя частка антаблемента.
Узнік з фарміраваннем стоечна-бэлечнай канструкцыі ў архітэктуры Стараж. Грэцыі; выконваў ролю канструкцыйнага нясучага элемента, на які клалі бэлькі перакрыцця. З развіццём ант. ордэрнай сістэмы з’явіліся варыянты архітрава: у выглядзе гладкай бэлькі ў дарычным і тасканскім, з 3 невял. гарыз. ўступамі (фасцыямі) у іанічным і карынфскім ордэрах. Найб. пашыраны ў архітэктуры класіцызму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНАРЭ́ЙКАВАЯ ДАРО́ГА,
транспартная сістэма, у якой пасажырскія вагоны або грузавыя ваганеткі перамяшчаюцца па рэйцы-бэльцы (манарэйцы), устаноўленай на эстакадзе ці асобных апорах. Бываюць навясныя, у якіх вагоны абапіраюцца на хадавыя цялежкі, і падвесныя — падвешаны на цялежках да манарэйкі.
Умяшчальнасць вагонаў 60—120 чал. Скорасць да 240 (часам да 500) км/гадз. Грузападымальнасць ваганетак 0,5—5 т, скорасць 2—4 (часам да 5) км/гадз, аптымальная працягласць да 1,5 км. Пасаж. М.д. выкарыстоўваюцца ў сістэмах высокаскараснога гарадскога (Манрэаль, Токіо і інш.) і міжгародняга транспарту, грузавыя — у сістэмах цэхавага або міжцэхавага транспарту прамысл. прадпрыемстваў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫ́ГЕЛЬ (ням. Riegel папярочка, засаўка),
1) у будаўніцтве — гарызантальная ці нахільная бэлька, што звязвае паміж сабой калоны будынкаў, стойкі рам і інш. Служыць апорай для кладзей, пліт перакрыццяў і пакрыццяў. Бывае метал., жалезабетонны, драўляны; паводле канструкцыі — суцэльны ці рашэцісты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНСО́ЛЬ (франц. console) у архітэктуры, выступ у сцяне; канструкцыя, цвёрда замацаваная адным канцом у сцяну пры свабодным другім яе канцы (камень, бэлька, пліта, ферма) ці тая частка, што выступае за апору. К. звычайна падтрымліваюць карнізы, скульптуры, балкон, эркер і інш. Дзякуючы выразным маст. формам, з’яўляюцца элементамі дэкар. аздаблення будынка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭ́ЙКІчыгуначныя,
стальныя бэлькі спец. профілю, асн. элемент верхняй будовы чыгуначнага пуці. Утвараюць рэйкавую каляіну для руху чыг. рухомага саставу, паяздоў метрапалітэна, трамваяў, прамысл. транспарту, грузападымальных кранаў (падкранавыя пуці).
Да шпал, рам, пліт прымацоўваюцца з дапамогай кастыльнага, клямарнага, спружыннага і інш. мацаванняў. Адна рэйка-бэлька выкарыстоўваецца ў манарэйкавай дарозе, як ездавая бэлька — у кран-бэльцы. Драўляныя Р. пачалі выкарыстоўвацца ў сярэднія вякі для руху ваганетак на горных вырабатках, пазней — для грузавога і пасажырскага коннага транспарту. Для павышэння зносаўстойлівасці іх пакрывалі жалезнымі палосамі і чыгуннымі накладкамі. Першыя метал. Р. выраблены ў Вялікабрытаніі ў 1767, у Расіі ў 1788. З 1820-х г. пашырыліся качаныя жалезныя, з 1860-х г. — качаныя стальныя Р. Вырабляюцца пракатам зліткаў высокавугляродзістай сталі. Даўжыня Р. шырокакалейных 25 м, вузкакалейных 8—12,5 м, трамвайных 15—18 м.
Мацаванні рэек чыгуначных: а — прамежкавае кастыльнае (1 — падкладка, 2 — кастылі); б — паасобнае (1 — гайка, 2 — прамежкавая клема, 3 — кастыль, 4 — падкладка); в — з двухгаловымі накладкамі (1 — накладка, 2 — кастыль); г — спружыннага тыпу (1 — спружына, 2 — падкладка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІЛЬ (галанд. kiel) судна, 1) асноўная падоўжная бэлька ў дыяметральнай плоскасці карабля (судна), якая служыць асн. мацаваннем і сувяззю днішчавага набору, забяспечвае яго агульную трываласць. Бывае брусковы (у выглядзе бруса або некалькіх стальных палос), верт., гарыз., тунэльны і інш. 2) Вертыкальная ч.апярэння самалёта, верталёта, дырыжабля, ракеты. Служыць для надання ўстойлівасці і кіроўнасці лятальнаму апарату. К. авіяц. ракеты для зручнасці транспартавання і падвескі можа быць складным.