Настрапалі́ць ’падвучыць, падбухторыць’ (навагр., Жыв. сл.; слонім., Нар. лекс.; стаўбц., З нар. сл., Яўс., Юрч.), ’настроіць супраць каго-небудзь’ (навагр., Нар. словатв.), рус. настропали́ть ’навучыць’, ’настроіць супраць каго-небудзь’, ’наладзіць, падрыхтаваць’, настропи́ть ’падгаварыць, падбухторыць’. Няясна; магчыма, роднаснае да рус. стропота ’крывізна; ілжывасць’, строптивый (< ц.-слав.), якое Фасмер (3, 782) звязвае чаргаваннем галосных са струп. Звяртае на сябе ўвагу фармальнае падабенства з балг. стропо́ля ’зваліць, разбурыць’, якое можа быць цалкам выпадковым (параўн. тропо́ля ’стукаць’); аднак параўн. уз‑бу́рыць ’падбухторыць, падбіць’. З улікам рус. настропи́ть не выключана сувязь са строп ’вільчык’, стропкі ’стромы, круты’, рус. стропи́ла ’кроквы’, зыходнае значэнне пры гэтым было б ’натапырыць, наставіць’, адкуль ’настроіць супраць’, нарашчэнне ‑ал‑ (‑ол‑) мела б узмацняльны характар.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Нахлабу́чыць (ныхлабу́чыць) ’сядзець як папала’ (чавус., Нар. сл.), сюды ж нахлабу́чка ’праборка, натацыя’ (Бяльк.), рус. нахлобу́чить ’накрыць чым-небудзь зверху; набіць, пакараць’, нахлобу́чка ’высокая шапка’ і інш. канкрэтныя значэнні, а таксама ’біццё’ (СРНГ). Рускія словы выводзяць са спалучэння на і клобук ’высокая шапка’ (Праабражэнскі, 1, 316, 596; Гараеў, 266) у якасці экспрэсіўнага ўтварэння пад уплывам хло́пать ’стукаць’ (Фасмер, 3, 50); беларускія словы, магчыма, арэальнае пранікненне на беларускую тэрыторыю з рускай, на іх экспрэсіўны характар і семантыку маглі ўплываць дзеясловы тыпу хлабыста́цца ’шлёпацца’ (рагач., Шатал.) і пад. Параўн., аднак, балгарскія паралелі нахлбу́ча, нахлбу́чвам ’нацягваць шапку і інш. нізка на лоб’, на якія звярнуў увагу Талстой (ZfSl, 1976, 6, 834 і інш.), што могуць сведчыць аб значнай старажытнасці слова.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Калыбе́ль ’калыска’ (чырв., ваўк., Бір., Працы IM, 6; Бяльк., ДАБМ, Шэйн), калбель, кальбель (Бір. Там жа; Жд. 3; Сл. паўн.-зах.), калюбель (кір., Нар. сл.). ТС адзначае формы кольбель, колбель, калыбель і колыбель. Формы з у прадстаўлены ў дастаткова абмежаваным арэале: калубель (чырв. З нар. сл.; Мал., Сл. паўн.-зах.; Сцяц.; дзятл., слон., Сцяшк.; в.-дзвін., Шатал.), калубень (Жд. 2). У іншых слав. мовах: укр. палес. колибелька ’калыска’, якая стаіць на падлозе’, колыбель у рус. літар. мове і гаворках; у шэрагу гаворак таксама адзначаюцца формы колубель і колубень. Паводле Трубачова, Эт. сл., 10, 165, вытворнае з суф. ‑el ад kolybati (гл. калываць), аднак лінгвагеаграфія за ўсх.-слав. паходжанне, калі не за бел.-рус. інавацыю. Параўн. яшчэ калы́бка (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Канава́л ’лекар без спецыяльнай ветэрынарнай адукацыі, які займаецца лячэннем і накладаннем коней і быкоў’, ’дрэнны ўрач, невук у медыцыне’ (ТСБМ, Бяльк., Янк. 1; мазыр., З нар. сл.; навагр., Нар. словатв.). Укр. коновал, рус. конова́л, арханг., ленінград., наўг. конева́л. Ст.-рус. коневалъ, коновалъ (XVI ст.). Запазычана са ст.-польск. konawał ’тс’ (Фасмер, 2, 311), якое з koń ’конь’ і walić ’паваліць’, напр. рус. вали́ть (каня, быка) ’пакладаць’ з першаснага значэння ’той, хто валіць (кладзе) каня перад пакладаннем’. Аднак Слаўскі (2, 426) гэту лексему адносіць у разрад прасл. (паўн.-слав.) konovalъ. І Трубачоў (Эт. сл., 10, 194) разглядае яе як прасл. разам з іншымі, падобнымі да яе: konoderъ ’каналуп’, konokradъ ’канакрад’, konopasъ ’канапас’, konoščipъ ’мядзведка, Grillotalpa vulgaris’ konovęzь ’канавязь’, konovodъ ’канавод’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ке́бка ’пячурка ў печы’ (Сл. паўн.-зах.). Параўн. укр. кабиця ’круглая яма пад ганчарнай печчу, летняя кухня’, рус. кабица ’летняя кухня, будка сабакі, логава зайца’. Укр. ковбиця ’наглыбленне для попелу ў печы’, кобиця ’паглыбленне пад прыпечкам’. Украінскае слова не мае надзейнай этымалогіі. Запазычанне з тур. kabig ’вялікі кол’ неверагодна па значэнню, са шв. kabyss ’камбуз’ — па гісторыка-культурных прычынах (гл. ЕСУМ, 2, 332, 481). Бел. кебка ў гэтых этымалогіях не ўлічваецца. Існуе, аднак, рус. кибитка ў значэнні ’цагляны каркас рускай печы, у якую складаюць гаршкі пасля абпалу’. Апошняе значэнне супадае з першым значэннем укр. кабиця. Адсюль можна меркаваць, што крыніцай разглядаемых слоў і рус. кибитка была тая ж цюркская лексема kibit, käbit ’будка’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ара́п ’негр’, ’ашуканец’ (БРС). Рус., укр. арап. Ст.-бел. прыклады з канца XVI ст., таксама арапин, арапчик. Найбольш верагодна ўсходнеславянскае слова з цюркскай, дзе слова вядома ў значэнні ’негр’. Беларускае запазычана з турэцкай ці крымска-татарскай мовы, магчыма, праз украінскую (менш верагодна — праз рускую). Праабражэнскі (1, 7), Шанскі (1, А, 134) лічаць запазычаным з грэчаскай, аднак з грэчаскай запазычана з ‑в‑ на месцы β аравиискъ, аравлянинъ (ст.-слав., ст.-бел. у Александрыі). Саднік-Айцэтмюлер (1, 24) пішуць пра падвойнае (з захаду і ўсходу) запазычанне. Развіццё значэння ’ашуканец’ вядома ў раманскіх мовах, а таксама ў цюркскіх (Дзмітрыеў, Строй, 492); не выключана, але малаверагодна самастойнае развіццё гэтага значэння на ўсходнеславянскай глебе. Супрун, Зб. Крымскаму, 124–125.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Астэ́кл ’зусім дурны’ (мсцісл., вусн. паведамл. А. А. Крывіцкага). Рус. ярасл. остекле́л ’ашалеў’, укр. зах. остеклий злосны, шалёны’, польск. wściekły ’шалёны’. Нерэгулярнасць беларускай фанетыкі можа сведчыць пра нейкія кантамінацыі ці іншамоўныя (паводле А. Я. Міхневіча, вусн. паведамл. — ідыш) уплывы. Аднак наяўнасць адпаведнікаў на зусім розных рускіх і ўкраінскіх арэалах можа ўказваць на захаванне ў беларускай мове старажытнага слова, што абазначала шалёнага. Польскае слова звязана з коранем ciek‑ ’цячы’; пра семантычнае развіццё Гуер, LF, LVII, 522–528; Слаўскі, 1, 99; Брукнер, 61. З гэтым жа коранем, відаць, звязаны і ўсходнеславянскія словы. Семантыка развівалася ці паводле ст.-рус. течи ’хутка бегчы’, ці паводле течи ’бегчы (пра вадкасць)’ у сувязі з тым, што ў шалёных жывёл цячэ сліна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ахлу́дзець ’астыць, адубець, стаць цвёрдым’ (КЭС. лаг.), охлу́дыты ’акачанець, астыць’ (Клім.). Ад хлуд, хлу́дзіна ’кій, дубец’, як адубець ’страціць гнуткасць (ад холаду)’ ад дуб, акалець ад кол і г. д., пры гэтым, аднак, цяжка вытлумачыць адрозненні ў націску; драг. хлуд ’акачаненне, здранцвенне; цурбан (у праклёнах)’ (Клім.) можа сведчыць пра другасную сувязь з хлуд ’кій’, параўн. рус. хлу́да ’немач, слабасць’, збліжанае Махэкам₂, 200, з чэш. chlouditi ’марыць (холадам)’, ст.-чэш. chlúditi слабець’; тады ад незафіксаванага *хлудзіць < *chlǫditi ’пазбаўляць сілы’; параўн. Ілліч–Світыч, ВЯ, 1961, 4, 94. Ці не сюды польск. ochłódnąć (на думку Брукнера, 180 «пазнейшае») замест ochłodnąć ці ochłonąć ’астыць, прыйсці да сябе пасля хвалявання’, для якога акрамя ўздзеяння формы chłód холад’ можна дапусціць уплыў бел. ахлудзець?

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бага́тка ’адуванчык лячэбны, Taraxacum officinale Web.’ (да геаграфіі гл. Кіс., 128), назва расліны’ (Янк. Мат., 94: «Бага́ткамі на Купалля абразы́ аптыка́яць»). Мабыць, вытворнае ад багаты (кветка мае вялікую колькасць пялёсткаў). Аднак не выключаецца, што ў аснове назвы ляжыць уяўленне аб лячэбных або магічных (культавых) уласцівасцях расліны. Другая, «купальская», расліна, якую азначае бага́тка — гэта тое ж самае, што і рус. бога́тка, бога́тница ’Conyza; Erigeron’, укр. богатинка, богатниця, на якой гадаюць аб багацці (адсюль і назва, гл. СРНГ, 3, 44–45). Параўн. і польск. bogatka (XV ст., гл. Брукнер, 34). Паколькі бага́тка ’Erigeron’ мае і іншую назву: рус. пушки, бел. пушкі (Кіс., 50), то магчыма, што на адуванчык проста перанеслі назву багаткі (па падабенству).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Барані́ць (БРС, Шат., Касп., Гарэц., Мал., Нас.). Рус. (ст.) (о)борони́ть, укр. борони́ти, польск. bronić, чэш. brániti, ст.-слав. бранити, балг. бра́ня, серб.-харв. бра́ити. Прасл. borniti bornʼǫ ’бараніць’. Вытворнае ад прасл. bornь ’вайна, барацьба, абарона; зброя’ (рус. бо́ронь ’барацьба, перашкода’, ст.-слав. брань ’бітва, бой’, балг. (ст.) бран, серб.-харв. бра̑н (ж.) ’бой’, славен. brȃn (ж.) ’абарона’, чэш. braň ’зброя’, польск. broń ’зброя’ і г. д.), якое паходзіць ад *borti, *borʼǫ ’змагацца’ (гл. бароцца). Фармальна бліжэй да слав. bornь стаіць літ. barnìs сварка, лаянка’ (балта-слав. *barni‑ сварка, барацьба’; Траўтман, 27). Літ-ру далей гл. пад баро́цца. Параўн. яшчэ Махэк₂, 64 (дэталёва марфалогія), які, аднак, (там жа, 61) знаходзіць роднаснасць з ірл. fó‑bairim ’нападаць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)