Паўтара́ (м. і н. род), паўтары́ (ж. род), ’адзін з палавінай’, ст.-бел. полуторы гривны (1229 г.). Укр. півтора́, рус. полтора́, ст.-рус. полтора, польск. półtora. Паўн.-прасл. роlъ vъtora ’тс’. Да паў- (гл.) і прасл. vъtorъ ’другі’, роднаснага да ст.-інд. vítras ’які вядзе далей’, vitarám ’далей’, авест. vitara‑ ’тс’ (Педэрсан, KZ, 38, 395; Младэнаў, там жа, 44, 371). Аднак Мее (Études, 407; Мікала, BB, 22, 253), Траўтман (10) імкнуліся рэканструяваць прасл. vъtorъ як ступень рэдукцыі да літ. añtras, añtaras, лат. ùotrs ’другі, іншы’, ст.-прус. antars, ст.-інд. ántaras, anyás ’другі’, асец. ændær, гоц. anþar (Фасмер, 1, 364–365). У іншых слав. мовах у другой частцы выступае drugъjь: чэш. půl druhého, славац. poldruha, славен. poldrúgi, серб.-харв. pódrug, рус. полъ друга ’паўтара’ (XVIII ст.). Слова паў- у літар. бел. мове і сучасных бел. гаворках яшчэ актыўна ўдзельнічае ва ўтварэнні іншых лічэбнікаў: паўтраця́ ’два з паловай’, паўтраці́, паўтраціна ’тс’ (ТСБМ, Сцяшк., Яруш., Шат.; швянч., воран., Сл. ПЗБ); паўчварта́ ’тры з палавінай’ (ТСБМ, Сцяшк., Нас., Шат.; гродз., Сл. ПЗБ), ’адна восьмая’ (Касп.); паўпята́ ’чатыры з паловай’ (Сцяшк.); паўшаста́ ’пяць з паловай’ (Сцяшк.; навагр., Сл. ПЗБ); паўсяма́ ’шэсць з паловай’ (лід., Сцяшк. Сл.); паўсядзьма́, поўсядзьма́ ’тс’ (ігн., Сл. ПЗБ). Такія лічэбнікі былі пашыраны і ў ст.-рус. мове: полчета, полчети, полчеть (XVI ст.) ’3½’, полчетверта ’тс’ (XV ст.), полчетвертадесять ’35’, полчетвертанадцата ’13½’ (XV ст.) і інш., а таксама і ў іншых слав. мовах: чэш. půl třetího, půl čtvrta, польск. półpięta, półpiąta, ’4½’, в.-луж. połtřeća ’2½’, połštwórta ’3½’, połpjata ’4½’, połšesta ’5½’, połdwanata ’11½’, połsta ’50’; н.-луж. połtera ’паўтара’, połtśeśa ’2½’, połštworta ’3½’, połpěta ’4½’, połsta ’50’. Ёсць аналагічныя ўтварэнні ў літ. (pusañtro ’паўтара’, pustrẽčio ’2½’, pusketvir̃to ’3½’, pusšẽšto ’5½’, pusseptiñto ’6½’ і лат. (pusótra ’паўтара’, pusótras ’паўтары’, pusʼtreša, pusʼtrešas ’2½’, pusʼčetri ’палавіна чацвёртай’, pusseši ’паўшостай’, pusʼseptiņi ’паўсёмай’. Сюды ж паўтарні́к ’(добры) сорт ільну’ (шум., Сл. ПЗБ), ’паўтарацалёвая дошка’ (там жа), паўтарак ’прадмет паўтарачнага памеру’ (ТСБМ), паўтарачка ’дошка ў 1,5 цалі’, ’бутэлька ў 1,5 л’ (ТСБМ, Шат., Мат. Гом.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)