Напаў- — першая частка складаных слоў напаўгнілы, напаўдзікі, напаўмёртвы і г. д., якая абазначае частковую прысутнасць прызнака, выражанага ў другой частцы слова. Да напоў (*напол) ’напалавіну’ (гл.). Баханькоў (Весці АН БССР, 1981, 1, 120) беспадстаўна лічыць названыя словы недакладнымі калькамі з рус. полугнилой, полумертвый і інш., хутчэй тут прысутны ўплыў польск. napółdziki і пад., паколькі ў народнай мове такога тыпу ўтварэнні сустракаюцца рэдка, параўн., аднак, напоўсмерць, напоўсмерці ’страшэнна, да паўсмерці’ (ТС) і пад., якія паказваюць, што першапачаткова падобныя ўтварэнні ўзніклі сярод прыслоўяў, а потым распаўсюдзіліся і на прыметнікі. Зубаты лічыць утварэнні тыпу чэш. na půl пазнейшымі, першаснымі былі спалучэнні са склонавай формай падвойнага ліку na poly, параўн. чэш. na poly živý ’напаўжывы’, польск. napoły pijany ’напаўп’яны’, што ўжывалася паралельна з napół (Зубаты, Studie, 171). Выказваецца думка пра ненатуральнасць утварэнняў з напаў‑ у беларускай мове (параўн. Каўрус, Мова народа, мова пісьменніка. Мн., 1989, 162).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)