галіна тэхнікі, якая займаецца распрацоўкай тэарэт. асноў, практычных метадаў і тэхн. сродкаў пераўтварэння энергіі сонечнай радыяцыі ў інш. віды энергіі. Выкарыстоўвае розныя спосабы пераўтварэння сонечнай энергіі: цеплавы (ажыццяўляецца ў сонечных печах, сонечных воданагравальніках, апрасняльніках, сушылках, цяпліцах і інш.), фотаэлектрычны (у сонечных батарэях), тэрмаэлектрычны (у сонечных тэрмаэлектрычных генератарах), тэрмаэмісійны (у тэрмаэмісійных пераўтваральніках энергіі). Паводле рабочых т-р геліятэхніка падзяляецца на высока- (да 3000—3500 °C) і нізкатэмпературную (100—200 °C).
Паток сонечнай радыяцыі «дармавы» і невычэрпны, яго шчыльнасць на ўзроўні мора прыкладна 1 кВт/м² (у геліятэхн. разліках 0,815 кВт/м²). Спробы выкарыстання гэтага выпрамянення рабіліся яшчэ ў старажытнасці, аднак практычнага значэння не мелі. У 1770 Х.Б. дэ Сасюр (Швейцарыя) пабудаваў геліяўстаноўку тыпу «гарачая скрыня». Як асобная галіна тэхнікі геліятэхніка развіваецца з 2-й пал. 19 ст., калі былі створаны доследныя ўзоры паветраных і паравых сонечных рухавікоў (Францыя, Швецыя, ЗША). У Расіі ў 1890 В.К.Цэраскі правёў эксперыменты па плаўцы розных металаў у фокусе парабалічнага люстэрка. У 1912 каля Каіра (Егіпет) пабудавана сонечная энергетычная ўстаноўка магутнасцю каля 45 кВт. У 1930-я г. распрацаваны метады разліку геліяўстановак для атрымання эл. энергіі, апраснення вады, сушкі і інш. Даследаванні па прамым пераўтварэнні прамянёвай энергіі ў электрычную пашырыліся ў сувязі з асваеннем касм. прасторы. Значнае развіццё геліятэхніка атрымала ў Францыі, ЗША, Японіі, ПАР, Аўстраліі, Германіі, з краін СНД — у Расіі, Арменіі, Туркменіі, Узбекістане. Выкарыстанне сродкаў геліятэхнікі найб. эфектыўнае ў шыротах са значнай сонечнай радыяцыяй для энергазабеспячэння малаэнергаёмістых разгрупаваных спажыўцоў. У сувязі са збядненнем традыц. крыніц энергіі яны перспектыўныя і ў рэгіёнах з умераным кліматам, напр., геліятэхніка развіваецца ў Канадзе, Даніі, Швецыі. Павышэнне эфектыўнасці геліясістэм і пераадоленне прынцыповых недахопаў (невысокая шчыльнасць і няўстойлівасць сонечнай энергіі) забяспечваюцца значнымі памерамі паверхні, якая ўлоўлівае сонечную радыяцыю, яе канцэнтрацыяй на паверхні геліяпераўтваральніка, акумуляваннем цеплавымі, эл., хім. і інш. акумулятарамі. У адпаведнасці з гэтымі патрабаваннямі ствараецца шырокі спектр геліяўстановак рознага прызначэння.
На Беларусі даследаванні і распрацоўкі сродкаў і элементнай базы геліятэхнікі вядуцца з 1980-х г. у Акад.навук. комплексе «Ін-т цепла- і масаабмену імя А.В.Лыкава» (АНК ІЦМА), Ін-це фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў Нац.АН Беларусі, Цэнтр.НДІ механізацыі і электрыфікацыі сельскай гаспадаркі і інш. У АНК ІЦМА створаны доследныя ўзоры калектараў сонечнай энергіі на цеплавых трубах (разам з Армянскім аддз. Усесаюзнага НДІ крыніц току), распрацаваны праект «Сядзіба 21 стагоддзя», у энергабалансе якога значная роля сонечнай энергіі, розныя тыпы геліяцеплапераўтваральных сістэм — геліяводападагравальнікі магутнасцю 0,4—100 кВт, сонечныя радыятары (абагравальнік, сонечныя кухня, цяпліца, сушылка і інш.). Асвоены выпуск геліямодуляў, аснашчаных бакам-акумулятарам (захоўвае цяпло на працягу тыдня).
Літ.:
Драгун В.Л., Конев С.В. В мире тепла. Мн., 1991;
Мак-Вейг Д. Применение солнечной энергии: Пер.с.англ.М., 1981.
У.Л.Драгун, С.У.Конеў.
Да арт.Геліятэхніка. Геліяпераўтваральныя сістэмы: а — геліяводападагравальнік (1 — цеплаўспрымальны элемент, 2 — бак-акумулятар); б — геліярадыятар (1 — сцяна будынка, 2 — радыятар-ацяпляльнік, 3 — цеплаўспрымальная панэль).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНСТЫТУ́Т ЦЕ́ПЛА- І МАСААБМЕ́НУ ІМЯ́ А.В.ЛЫ́КАВА,
Акадэмічны навуковы комплекс Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Засн. ў 1952 у Мінску на базе энергет. сектара (існаваў з 1946) Ін-та торфу АН Беларусі. У 1952—63 Ін-т энергетыкі, з 1963 Ін-т цепла- і масаабмену, з 1990 — Акадэмічны навук. комплекс «Ін-т цепла- і масаабмену імя А.В.Лыкава» (АНК ІЦМА). З ін-та вылучыліся: Ін-тядз. энергетыкі (цяпер АНК «Сосны»), Ін-т водных праблем (цяпер Цэнтр.НДІ комплекснага выкарыстання водных рэсурсаў), Бел. філіял Энергет. ін-та імя Г.М.Кржыжаноўскага (з 1986 Бел.н.-д. цеплаэнергет. ін-т). У складзе АНК ІЦМА (1998): 22 лабараторыі, канструктарска-тэхнал. падраздзяленні, доследная вытв-сць. Ін-т выдае «Инженерно-физический журнал», пры ім рэдакцыі ад СНД міжнар.час. «Heat and Mass Fransfer» і амер.час. «Цеплаперанос». Аспірантура з 1952, дактарантура з 1991.
Асн. кірункі навук. даследаванняў: цепла- і масаперанос у капілярна-порыстых целах, дысперсных сістэмах, рэалагічных асяроддзях, турбулентных неаднародных патоках, нізкатэмпературнай плазме і пры ўзаемадзеянні выпрамянення з рэчывам; тэхналогія і тэхніка сушкі; плазменныя тэхналогіі; энергазберагальныя цепламасаабменныя тэхналогіі, прылады і сістэмы дыягностыкі цеплавых і гідрагазадынамічных працэсаў; навук. асновы энергазберажэння і энергетыкі; спальванне цвёрдых паліваў і адходаў; высокадакладнае паліраванне оптыкі і керамікі; цеплавыя працэсы ў біял. аб’ектах і ў дачыненні да задач навук. і практычнай медыцыны; мембранны масаперанос; цеплаабменнікі на цеплавых трубах, цеплавыя помпы, халадзільнае абсталяванне; цеплафіз. ўласцівасці рэчываў; працэсы ў нераўнаважных сістэмах; ачыстка газавых выкідаў і вадкіх асяроддзяў; прамочванне шпал і драўніны; распрацоўка навук. асноў цепламасаабменных тэхнал. працэсаў і апаратаў, геліятэхнікі і геліяэнергетыкі. У канцы 1950 — пач. 1960-х г. даследаванні ін-та былі зарыентаваны на патрэбы касм. і авіяц. тэхнікі, энергетыкі, у т. л. атамнай, на стварэнне цепламасаабменных тэхнал. працэсаў і апаратаў шырокага прызначэння для нар. гаспадаркі. Праведзены тэарэтыка-эксперым. даследаванні ўзаемазвязанага цепла- і масаабмену ў капілярна-порыстых целах, дысперсных сістэмах, рэалагічных асяроддзях, аэратэрмааптычных прыстасаваннях і генератарах нізкатэмпературнай плазмы. Сфармулявана сістэма ўраўненняў, якая апісвае працэсы пераносу энергіі і рэчыва ў асяроддзі пры фазавых і хім. пераўтварэннях, разнастайных знешніх уздзеяннях і ва ўмовах плыні. Пастаўлены і разгледжаны спалучаныя задачы цеплаабмену; прапанавана сістэма дыферэнцыяльных ураўненняў узаемазвязанага цепламасапераносу, якая выкарыстоўваецца для аналізу і апісання кінетыкі хіміка-тэхнал. працэсаў, праектавання новых высокаінтэнсіўных тэхналогій. Атрыманы вынікі ў вывучэнні і апісанні заканамернасцей з’яў і працэсаў пераносу энергіі і рэчыва. Дасягненні супрацоўнікаў ін-та адзначаны Дзярж. прэміямі Беларусі ў галіне навукі і тэхнікі (1980) і ў галіне навукі (1992), прэміямі СМСССР (1982, 1983). У Ін-це працавалі праф. І.П.Валошын (дырэктар у 1952—56), акад.АН Беларусі А.В.Лыкаў, М.А.Ельяшэвіч, А.К.Красін, Р.І.Салаухін, чл.-кар. С.С.Забродскі, Б.М.Смольскі; працуюць акад.Нац.АН Беларусі А.Р.Мартыненка (дырэктар з 1987), Б.А.Калавандзін, А.Г.Шашкоў, чл.-кар. Н.М.Дарожкін, М.У.Паўлюкевіч. Ін-т узнагароджаны ордэнам Прац.Чырв. Сцяга (1969), Ганаровай Граматай Вярх. Савета БССР (1977).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Арэ́далы, рэ́далі (Касп.), рэ́даль (міёр., Хр. дыял., 335) ’вялікі воз для сена’. З літ.rẽdelė ’драбіны на возе’ ці лат.redele(s) ’драбіны, скрыня на возе’, redeļi ’драбіны на возе, краты’, параўн. лат.redelnieki ’воз’ (Мюленбах-Эндзелін, 3, 501). Параўн. эст.redel ’драбіны (не толькі на возе), краты’. Лат. і літ. словы Эндзелін і Фрэнкель (712) лічаць запазычанымі з н.-ням.Reddel, якое Фрэнкель лічыць утвораным у выніку метатэзы з н.-ням.ledder ’драбіны’. Паводле Вігета (Sitzimgsber. d. gel. estn. Ges., 1927, 273), эстонскае слова належыць да фіна-угорскай лексікі і мае паралелі ў іншых фіна-угорскіх мовах; гэту думку Эндзелін прывёў у дадатках да свайго слоўніка, што падтрымлівае П. Арыета (вусна на канферэнцыі ў гонар 100‑годдзя Я. Эндзеліна, Рыга, люты, 1973). Параўн. у рускіх гаворках Эстоніі редель ’драбіны; прылада для сушкі сена’, пск.редели яслі’. Гл. Супрун, Балтийские яз., 39–40.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
По́лка1 ’кавалак тканіны’, ’пялёнка’ (Ян.), ’пялёнка’ (Жд. 1), ’крысо’ (Сл. Брэс.), ’адно палотнішча (у дзяружцы, мяшку і інш.)’ (ТС), ’посцілка’ (ЛА, 2). Укр.пілка ’полка’, рус.полка ’кавалак тканіны ва ўсю шырыню’, по́лочка ’пярэдняя частка жаночай вопраткі’, славац.polka ’кавалак палатна спавіваць дзіця’, ’адно палотнішча’, балг.полка ’верхняя жаночая вопратка’, ’блуза’. Памяншальная форма ад прасл.*pola, якое ад *polъ ’палова, бок’ (гл. паў-), параўн. польск.poła ’палова’, славац.pola ’полка; крысо’, балг.пола́ ’ніжняя частка вопраткі’, ’палавінка варот’. Гл. пала́.
По́лка2 ’палок у лазні’, ’насціл для сушкі гароху і інш.’ (Ян.). Рус.полка ’паліца’, польск.półka ’тс’. Памянш. да пол2, першапачаткова ’дошка, плашка’; Банькоўскі (2, 689) рэканструюе *polъka ’расколатае напалову бервяно, што служыла паліцай’, што да праслав.*pelti ’раздзіраць на дзве часткі’ з і.-е.*(s)p(h)el‑ ’расколваць’. Ідэнтычнае polъ ’палова; бок, край’, параўн. апо́лак ’крайняя дошка з бервяна’. Гл. паў-, палова.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Сахо́р ’жалезныя вілы для накідвання гною’ (ТСБМ, Янк. 1, Мат. Гом., Мат. Маг.), ’драўляныя вілы для гною’ (Шат., Бір., Сл. ПЗБ, ТС, Сцяшк., Сержп.), сахо́р, со́хар ’тс’ (Клім.), саха́р, сахо́р, соха́р, сухары́ ’тс’ (Сл. Брэс.), ’саха ў будане’ (віц., Нар. сл.), сахі́ра ’саха, слуп з развілінай уверсе’ (Касп.), ’саха ў студні з жураўлём’ (ДАБМ, камент., 808), сахіры́ ’конусападобнае прыстасаванне з жэрдак для сушкі травы, бульбоўніка і да т. п.’ (Сл. ПЗБ). Укр.соха́р ’бервяно з развілінай, якое стаіць на плыту’, со́хур ’вілка для лоўлі рыбы зімой’, рус.дыял.сохры́ ’грубкі на лёдзе’, сохи́рь ’дрэва з развілкай’, польск.дыял.sochor ’жэрдзі’, в.-луж.sochor ’жэрдзь, рычаг’, чэш.sochor ’жэрдзь, якая служыць рычагом’, славац.sochor ’тс’. Прасл.*sochorъ, *sochyrъ. Ад *socha (гл. саха) з суф. ‑or, ‑yr; гл. Фасмер, 3, 730; Махэк₂, 565 і наст., Шустар-Шэўц, 2, 1331. Аб варыянтнасці суф. *‑or, *‑yr, славянскіх мовах гл. Варбат, Этымалогія–1974, 42.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
ТЭХНАЛОГІЯ І МЕХАНІЗАЦЫЯ ЗДАБЫЧЫ ТОРФУ
Даследаванні па тэхналогіі і механізацыі здабычы торфу вядуцца з 1930-х г. У 1932 на базе тарфянога аддзела Ін-та прамысловасці Беларусі створаны Ін-т торфу ў складзе АН Беларусі (у 1989 на яго базе створаны Ін-т праблем выкарыстання прыродных рэсурсаў і экалогіі Нац.АН Беларусі). У 1940 удзельная вага торфу ў паліўным балансе краіны склала 64%. У даваенны перыяд выкананы работы па ўдасканаленні механізаваных спосабаў здабычы торфу і ўстанаўленні паказчыкаў, неабходных для разліку тэхнал. працэсаў тарфяной вытв-сці (І.Р.Блох, В.Р.Гарачкін). У пасляваенныя гады з мэтай інтэнсіфікацыі здабычы фрэзернага торфу абгрунтавана аптымальная норма асушэння тарфяных палёў і вільготнасці фрэзеравальнага слоя (Ф.А.Малышаў), выкананы работы па паляпшэнні якасці фрэзернага торфу шляхам перапрацоўкі фрэзераванай масы і атрымання грануляванага торфу (Ф.А.Апейка, Я.А.Жук, Н.С.Касцюк, М.С.Крывашэін), распрацаваны тэарэт. асновы яго штучнай сушкі і брыкетавання (В.М.Навумовіч), абгрунтаваны рэжымы пнеўматранспарту і яго выкарыстання ў торфабрыкетнай вытв-сці (У.І.Бакшанскі, М.У.Кіслоў). Вырашаны пытанні аўтаматызаванага кантролю тэхнал. працэсаў тарфяной і торфабрыкетнай вытв-сці (Ф.А.Апейка, М.І.Бохан, М.А.Гаціх, Л.С.Ліс). Створаны новыя схемы комплекснага выкарыстання торфу і тарфяных радовішчаў на аснове даследаванняў працэсаў рэгулявання складу і ўласцівасцей торфу шляхам кіравання структураўтварэннем і цепламасапераносам (І.І.Ліштван). У выніку вывучэння біял. і аграхім. прыроды торфу прапанавана тэхналогія атрымання торфагумінавых угнаенняў (А.В.Цішковіч). Устаноўлены асн. заканамернасці перамены саставу і ўласцівасцей торфу і яго кампанентаў пры антрапагенным уздзеянні на ўсіх стадыях тэхнал. працэсу здабычы, што стала тэарэт. асновай для абгрунтавання рэсурсазберагальных эколага-сумяшчальных тэхналогій асваення тарфяных радовішчаў (А.П.Гаўрыльчык). Навукова абгрунтавана тэхналогія і створаны комплекс машын для вытв-сці камунальна-быт. кускавога торфу (А.П.Гаўрыльчык, І.С.Нашкевіч, А.А.Цярэнцьеў).
У Бел.нац.тэхн. ун-це распрацаваны тэарэт. асновы механізацыі тарфяной вытв-сці (Ф.А.Апейка), устаноўлены заканамернасці пнеўматранспарціроўкі сыпкіх рэчываў і абгрунтаваны рацыянальныя рэжымы працэсу пнеўматычнай уборкі, транспартавання і сепарацыі фрэзернага торфу (М.У.Кіслоў); прапанаваны матэм. метады аптымізацыі тэхнал. рэжымаў пры здабычы торфу і кіравання распрацоўкай тарфяных радовішчаў (Б.А.Багатаў); распрацавана тэорыя ўзаемадзеяння гусенічных і колавых рухачоў тарфяных машын з пакладам (А.Ф.Апейка, Ф.А.Апейка, Г.В.Казачэнка).
У праектна-тэхнал. і канструктарска-доследным БелНДІпалівапраект выкананы даследаванні па тэхналогіі торфаздабычы і мех. перапрацоўцы торфу, механізацыі і аўтаматызацыі тарфяной вытв-сці, тэхн. нарміраванні і арганізацыі здабычы торфу, правядзенні разведвальных работ, праектаванні торфапрадпрыемстваў і брыкетных з-даў.
Літ.:
Горячкин В.Г. Основы технологии торфяного производства. М., 1953;
Малышев Ф.А. О нормативах сбора фрезерного торфа на низинной залежи. Мн., 1956;
Наумович В.М. Теоретические основы процесса брикетирования торфа. Мн., 1960;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Ра́ма1 ’драўляны прамавугольнік для розных патрэб і мэт’, ’перакладзіна’ (ТСБМ, Бяльк., Сл. ПЗБ), ’рама (акна і інш.)’ (ТС). Распаўсюджана вывядзенне з ням.Rahmen ’устойлівая апора, абрамленне, рама, рамка’ (у тым ліку Брукнер, 453). У беларускіх помніках сустракаецца з пачатку XVII ст. і разглядаецца як запазычанае праз польск.rama з ням.Rahmen (Булыка, Запазыч., 273; параўн. Фасмер, 3, 440). Нельга выключаць запазычанне праз дыялектныя формы, параўн. ст.-в.-ням.rama ’падпора, калона, абрамленне’, с.-в.-ням.rame ’тс’, ням.-аўстр.Rahm ’рама’, параўн. нідэрландскае raam ’рама, акно’ (параўн. Лявіцкі, 2, 93; Сной, 544).
Ра́ма2 ’прасла’, ’частка ткацкага станка, дзе ёсць ніты’ (Ласт.). Гл. ра́ма1.
Ра́ма3 ’машына для падоўжнага распілоўвання бярвення’, ’прыстасаванне з вертыкальнай рамай, у якой рухаюцца пілы’ (ТСБМ). Гл. ра́ма1.
Ра́ма4 ’прыстасаванне з жэрдак для сушкі траў’ (Сл. ПЗБ). Гл. ра́ма1.
Ра́ма5 ’дзве жэрдкі, замацавання папярочнай планкай, якія кладуцца на сані’ (рас., Шатал.). Гл. ра́ма1.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
ПАПЕ́РА (ад грэч. papyros выраб з расліны папірус),
тонкі ліставы шматкампанентны матэрыял, які складаецца са спецыяльна апрацаваных здробненых раслінных валокнаў, цесна пераплеценых паміж сабой і злучаных сіламі счаплення рознага тыпу. Вядома больш за 600 відаў П.: для друку, пісьма, апаратаў (тэлеграфная, для прынтэраў і інш.), чарцёжна-рысавальная (напр., калька), святлоадчувальная (напр., папера фатаграфічная), папяросная, сан.-гігіенічная, прамыслова-тэхн. (напр., патронная, электратэхн., наждачная) і інш. Характарызуецца масай 1 м² (4—250 г), таўшчынёй (4—400 мкм), фіз.-мех. ўласцівасцямі, колерам, беласцю, гладкасцю, усмоктвальнай здольнасцю. П. ўдзельнай масай больш за 250 г/м² — кардон. Вырабляецца П. на папераробных машынах (у рулонах, бабінах, лістах).
Для вытв-сці П. выкарыстоўваюць цэлюлозу дрэвавых парод і аднагадовых раслін, драўняную масу. Паводле кампазіцыйнага саставу адрозніваюць П. №1 (мае 80—100% цэлюлозы, выкарыстоўваецца для выданняў з тэрмінам службы больш за 10 гадоў) і №2 (80—25% цэлюлозы, для выданняў з тэрмінам службы 2—8 гадоў). Папяровыя кампазіцыі маюць таксама мінер. напаўняльнікі (робяць П. непразрыстай, павышаюць яе беласць і гладкасць), праклейваючыя матэрыялы (напр., каніфоль; павышаюць трываласць і шчыльнасць П.), фарбавальнікі, палімерныя сувязныя і інш. кампаненты. З хім. валокнаў, палімерных плёнак атрымліваюць П. сінтэтычную, якую выкарыстоўваюць для вырабу геагр. карт, грашовых купюр, дакументаў і інш.
П. вынайдзена ў Кітаі (упамінаецца ў кітайскіх крыніцах 1 ст.н.э., з 76 пачала выкарыстоўвацца для кніг). Атрымлівалі П. асаджэннем на сетку раслінных валокнаў з воднай суспензіі. У 105 кітаец Цай Лунь удасканаліў спосаб атрымання П., што дазволіла вырабляць яе з драўнянага лубу, пянькі і ануч. Спосаб вырабу П. кітайцы трымалі ў сакрэце. У 7—8 ст. ён вывезены ў Карэю і Японію. З 751 стаў вядомы ў Арабскім халіфаце (ф-ка ў Самаркандзе), потым у Багдадзе, Дамаску і інш. У Еўропе вытв-сць П. вядома з 12 ст. (з 1150 у Іспаніі, з 1276 у Італіі і інш.; з 1716 у Расіі). Яна прыйшла на змену папірусу і пергаменту. Адной з асн. аперацый пры вырабе П. было здрабненне папяровай масы. Спачатку яно рабілася ўручную, з 13—15 ст. — мех. таўчыльнямі, з канца 17 ст. — нажамі, насаджанымі на метал. валы (роламі). Здробненая маса падагравалася ў чанах з вадой, адцэджвалася, выкладвалася на лісты сукна ці лямцу, прапускалася праз прэс, сушылася, апрацоўвалася молатамі, лушчылася. У 1799 у Францыі вынайдзены механізаваны спосаб адліву папяровай масы, што стала пачаткам машыннай вытв-сці П. Да сярэдзіны 19 ст. П. выраблялі пераважна з рыззя. Паступова да папераробнага абсталявання далучаліся секцыі прасавання, сушкі, каландравання, намоткі П. ў рулоны. Павялічвалася (да 9 м) шырыня папяровага палатна, ролы былі заменены размолачнымі апаратамі. Найб. пашыраным стаў «мокры» спосаб вытв-сці П. з выкарыстаннем плоска- або двухсеткавых папераробных машын (з сеткавай, прэсавай, сушыльнай часткамі, каландрам і накатам для змотвання ў рулон).
На Беларусі П. з рыззя пачалі вырабляць у пач. 17 ст., з драўніны — з сярэдзіны 19 ст. У 1728 заснавана папяровая майстэрня ў Паставах, у 1850 было 10 мануфактур, у 1870 пушчана Добрушская папяровая фабрыка. З сучасных найбольшы ў рэспубліцы Светлагорскі цэлюлозна-папяровы завод. Гл. таксама Цэлюлозна-папяровая прамысловасць.
Літ.:
Шитов Ф.А., Шитов И.Ф. Технология бумаги и картона. 3 изд. М., 1983;
Примаков С.Ф. Производство бумаги. М., 1987;
Фляте Д.М. Технология бумаги. М., 1988;
Сквернюков П.Ф. В миреговорящих листков. М., 1990.
У.М.Сацута.
Да арт.Папера. А — старажытныя прыстасаванні для вырабу паперы (1 — чан з пульпай з раслінных валокнаў; 2 — канструкцыя для трымання сеткі; 3 — бамбуковая сетка для зачэрпвання пульпы); Б — «Поўны працэс вытворчасці паперы» (гравюра 17 ст.).Схема вытворчасці паперы: 1 — балансавая драўніна; 2 — караабдзіральны барабан; 3 — жорны (стружкарэз); 4 — прамыўная калонка; 5 — аўтаклаў; 6 — адбельвальнік; 7 — прамыўшчык пульпы; 8 — сіта; 9 — корабы адсмоктвання вады; 10 — адціскныя вальцы; 11 — сушыльныя вальцы; 12 — каландр; 13 — рулон паперы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Астро́ва ’лесвіца пры стойле’, ’нятоўстая елка з сучкамі па 10–15 см даўжынёй’ (Янк. I), астро́ўка ’тс’ (Янк. II), астро́ўка, астро́ўкі ’прыстасаванне ў выглядзе піраміды з сукаватых яловых жэрдак і калоў для сушкі сена, вікі, гароху, ільну і г. д.’ (Грынблат, Белор., 110; Касп.; Хрэст. дыял., 22, 30; Інстр. II); паводле ДАБМ, к. 234, пашырана на паўночны ўсход ад лініі Орша–Полацк; астраўё, астравіны (ДАБМ, 789, 790; Малчанава, Мат. культ., 38, фота на стар. 39). Слова са значэннямі, якія можна звесці да ’сукаваты, нятоўсты кавалак дрэва’, сустракаюцца і на іншых тэрыторыях, напр. у Палессі острывэц (стол.), острувля (маларыц.) ’ссечанае маладое дрэва з сукамі, па якому залазяць на дрэва да вулля’ (Анох.). Аналагічныя значэнні маюць словы і ў іншых славянскіх мовах: рус.дыял.остро́вье, о́стровь, острови́на, островник; укр.дыял.острова, острів, островʼяниця, острева, польск.ostrew, ostrewka, чэш.ostrev (малюнак гл. у Махэка), славац.ostrva, славен.ostr̂v(a), серб.-харв.о̏стрва. Не ведаем балг., мак., с.-луж. адпаведнікаў. Ад кораня *ostr‑ (гл. востры) з суфіксальным ‑ъv‑ (параўн. дрэва, плява і пад.); да гэтага кораня слова адносілі Міклашыч, 227; Даль, 1, 706; Брукнер, 386; Скок 2, 575. Па Махэку₂, 420, з *ostrъbъ, што патрабуе ўдакладненняў. Гл. астрога.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Аві́н ’будынак для сушкі снапоў’ (ДАБМ, Касп.), авин, аввинь (Лысенка, СПГ) ’тс’, овин ’будоўля для захоўвання і малацьбы снапоў’ (Мат. Смал.), ovinʼ ’будынак для сушэння збожжа (паўд.-бел.)’ (Смул.). Рус.овин, укр.овин, ст.-рус.овинъ. Нельга гаварыць пра генетычныя суадносіны з літ.jáuja ’амбар’, лат.jauja ’гумно’, ст.-іран.yəvīn ’збожжавае поле’, бо літ.jáuja суадносіцца з javai ’збожжа’, ст.-іран.yəvīn з yava‑ ’тс’. Генетычна тоеснай назвы збожжа славянскія мовы не ведаюць: гл. Брукнер, KZ, 45, 307. Арэал слова авін абмежаваны (толькі частка ўсходнеславянскіх дыялектаў). Даводзіцца меркаваць аб запазычанні: авін < ст.-іран.yəvīn. Геаграфія гэтага слова гаворыць таксама ў карысць іранскай крыніцы. Слова пашырылася з тэрыторыі на ўсход ад сярэдняга цячэння Дняпра, дзе, як вядома, існаваў іранскі субстрат. У карысць генетычнай сувязі авін з пералічанымі балтыйскімі і іранскімі словамі выказваюцца Бернекер, 455; Траўтман, 107; Мюленбах-Эндзелін, 2, 97; Фрэнкель, 192; Майргофер, 3, 10. Думка Ільінскага, РФВ, 74, 136; Slavia, 262, пра непасрэдную генетычную сувязь авін з і.-е.au̯ (au̯es? — параўн. Покарны, 86) ’грэць’ неверагодная, ён, аднак, справядліва аспрэчвае думку Карскага, Белорусы, 133, аб цюркскім паходжанні слова і лічыць, што цюркскае слова (тат.avyn) мае рускае паходжанне. Таксама Фасмер, 3, 114.