ТРЫ́ЦЦАЦЬ ЧАЦВЁРТЫ З’ЕЗД КПБ.

Адбыўся 4—5.10.1997 у Мінску. Прысутнічалі 522 дэлегаты ад 7110 чл. партыі (паводле звестак мандатнай камісіі, на з’езд абраны 581 дэлегат). Парадак дня: справаздачы ЦК КПБ (В.​В.​Чыкін), Цэнтр. рэвіз. камісіі (Л.​Ключнікава), мандатнай камісіі (Н.​А.​Пракошына); прыняцце Праграмы КПБ, Статута КПБ, палажэння «Аб Цэнтральнай рэвізійнай камісіі Камуністычнай партыі Беларусі»; выбары кіруючых органаў. Прынятая з’ездам Праграма КПБ акрэслівала стратэгічную мэту партыі — пабудову камуніст. грамадства, бліжэйшыя мэты — аднаўленне СССР і пераарыентацыя грамадства на сацыяліст. шлях развіцця.

Пацверджана, што КПБ стаіць на цвёрдых класавых пазіцыях, захоўвае вернасць марксізму-ленінізму. З’езд заклікаў да непрызнання Белавежскіх пагадненняў 1991, да аднаўлення СССР, супрацьдзеяння экспансіі Захаду і прасоўванню НАТО на Усход, умацавання саюзу Беларусі і Расіі. Зацверджаны Статут КПБ, палажэнне аб Цэнтр. рэвіз. камісіі КПБ, прыняты рэзалюцыі «Аб 80-й гадавіне Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі», «Рукі прэч ад У.​І.​Леніна!», звароты з’езда ў сувязі з 75-й гадавінай стварэння СССР, у падтрымку ахвяр паліт. рэпрэсій, да народаў Еўропы і ўсяго свету ў сувязі з пашырэннем блока НАТО і яго прасоўвання на Усход. З’езд выбраў Вышэйшы савет партыі, ЦК КПБ у складзе 14 чл. і 5 канд. у чл., Цэнтр. рэвіз. камісію.

В.​Ф.​Кушнер.

т. 16, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УСЕ́ЛЮБСКІ КАСЦЁЛ,

помнік архітэктуры готыкі ў в. Уселюб Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. Пабудаваны ў 1-й пал. 15 ст. па фундацыі Яна Няміры — канюшага вял. кн. Вітаўта. Асн. аб’ём амаль квадратны ў плане, накрыты 2-схільным дахам. Сцены ўзведзены ў тэхніцы гатычнай муроўкі з гладкай цэглы на вапнава-пясчанай рошчыне. Падмуркі складзены з неапрацаваных вял. і сярэдніх валуноў. Першапачаткова было 1-стаўповае збудаванне, з У закончанае прэсбітэрыем і гранёнай апсідай. У паўн. сцяне прэсбітэрыя быў уваход у сакрыстыю, перакрытую зорчатымі скляпеннямі. Сцены ўмацаваны контрфорсамі. Інтэр’еры асвятляліся аконнымі праёмамі спічастай формы. У тоўшчы сцяны вітыя ўсходы вялі на хоры і паддашак. Усх. і зах. фасады завяршаліся франтонамі. Над уваходам — крыж, выкладзены з перапаленай цэглы. У 2-й пал. 16 ст. скляпенні ў касцёле абваліліся. У 1576—1642 храм перароблены пад кальвінскі збор. Надбудаваны верх апсіды, асн. аб’ём перакрыты драўлянай столлю, у прэсбітэрыі адноўлены скляпенні. У 18—19 ст. да гал. фасада прыбудавана 3-ярусная вежа. У 1986 пажарам знішчаны завяршэнні вежы, дах і сістэма перакрыццяў асн. аб’ёму, прэсбітэрыя і паўн. сакрыстыі. У 1988 храм адрамантаваны.

А.​М.​Кушнярэвіч.

Уселюбскі касцёл.

т. 16, с. 264

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УШАКО́Ў Фёдар Фёдаравіч (1774 або 1745, с. Бурнакова Яраслаўскай вобл., Расія — 14.10.1817),

расійскі флатаводзец. Адмірал (1799). Скончыў Марск. кадэцкі корпус (1766). Служыў на Балт. флоце. З 1769 у Данской (Азоўскай) флатыліі, удзельнік рус.-тур. вайны 1768—74. З 1783 на Чарнаморскім флоце. У рус.-тур. вайну 1787—91 разбіў тур. флот каля в-ва Фіданісі (1788). З 1790 камандуючы Чарнаморскім флотам, кіраваў яго дзеяннямі па разгроме тур. сіл каля Керчы, в-ва Тэндра і мыса Каліякрыя. У час Міжземнаморскага паходу Ушакова 1798—1800 праявіў сябе як палітык і дыпламат. Развіваў манеўраную тактыку ветразевага флоту. З 1800 гал. камандзір Балт. вёславага флоту і нач. флоцкіх каманд у Пецярбургу. З 1807 у адстаўцы. Яго імем названы бухта на ўзбярэжжы Баранцава і мыс на ўзбярэжжы Ахоцкага м.; у Вял. Айч. вайну (3.3.1944) заснаваны ваен. ордэн У. 1-й і 2-й ступеняў і медаль У. У 2001 кананізаваны Рус. правасл. царквой.

Літ.:

Смирнов П.П. Адмирал Ушаков. 2 изд. Саранск, 1989;

Овчинников В.Д. В служении Отечеству: (Адмирал Ф.​Ф.​Ушаков: неизвестные страницы жизни): Ист. очерк. Ярославль, 1993;

Яго ж. Ф.​Ф.​Ушаков. М., 1995;

Золотарев В.А., Козлов И.А. Флотоводцы России. М., 1998.

У.​Я.​Калаткоў.

Ф.Ф.Ушакоў.

т. 16, с. 291

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЧАРНО́БЫЛЬСКІ ШЛЯХ»,

грамадскія акцыі па ўшанаванні памяці ахвяр Чарнобыльскай катастрофы 1986. Упершыню праведзена 30.9.1989 у Мінску па ініцыятыве прадстаўнікоў Беларускага народнага фронту «Адраджэньне», дэпутатаў Вярх. Савета Беларусі, вучоных з мэтай прыцягнуць увагу грамадскасці да праблемы пераадолення вынікаў аварыі на Чарнобыльскай АЭС. У рамках акцыі адбылося несанкцыяніраванае шэсце і мітынг (удзельнічала больш за 20 тыс. чал.). Яго ўдзельнікі прынялі «Ухвалу» з заклікам да ўлад распрацаваць рэальную праграму выратавання ахвяр аварыі, прыцягнуць да адказнасці кіраўнікоў рэспублікі, якія стварылі атмасферу сакрэтнасці вакол вынікаў трагедыі, садзейнічаць развіццю дэмакратыі ў БССР. Працягам гэтай акцыі стала Асамблея «Ч.ш.» (25—26.11.1989), якая прыняла «Дэкларацыю аб неабходнасці прыняцця тэрміновых мер па пераадоленні вынікаў аварыі на ЧАЭС», «Зварот да II з’езда народных дэпутатаў СССР» і «Зварот да народаў свету» з просьбай аб дапамозе. У час «Ч.ш.» 26.4.1991 з нагоды 5-й гадавіны аварыі ў Мінскім кафедральным саборы адбылося набажэнства, на пл. Бангалор устаноўлены мемарыяльны знак «Ахвярам Чарнобыля». Найб. грамадскі рэзананс меў «Ч.ш.» 26.4.1996 з нагоды 10-й гадавіны трагедыі (удзельнічала больш за 50 тыс. чал.). Акцыя суправаджалася супрацьстаяннем паміж яе ўдзельнікамі і сіламі аховы парадку. З 1996 «Ч.ш.» праводзіцца штогод 26 крас. ў Мінску і шэрагу інш. гарадоў Беларусі.

Н.​С.​Гардзіенка.

т. 17, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Э́СА,

рака ў Крупскім р-не Мінскай вобл., Чашніцкім і Лепельскім р-нах Віцебскай вобл., у бас. р. Зах. Дзвіна. Даўж. 84 км. Пл. вадазбору 1040 км². Пачынаецца за 600 м на Пд ад в. Двор-Пярэсіка Крупскага р-на, упадае ў Лепельскае возера за 1 км на ПдЗ ад г. Лепель; у складзе Бярэзінскай воднай сістэмы. Цячэ ў межах Верхнебярэзінскай нізіны і Ушацка-Лепельскага ўзвышша. Асн. прытокі: Дзяражанка, Байна, Свядзіца (справа). Даліна пераважна трапецападобная, шыр. яе ў верхнім цячэнні 2—3 км, ніжэй да 1 км, месцамі да 6 км. Схілы ўмерана парэзаныя, выш. 5—20 м, на вял. працягу спадзістыя, супясчаныя, укрыты лесам. Пойма двухбаковая, у верхнім і сярэднім цячэнні шыр. 300—600 м, месцамі пашыраецца да 0,5—1 км. Рэчышча ў верхнім цячэнні ад вытоку на працягу 38 км каналізаванае, шыр. яго ў верхнім цячэнні 2—5 м, у сярэдзіне 5—12 м, у ніжнім 10—12 м. Берагі стромкія, абрывістыя. Замярзае ў пач. 3-й дэкады снежня, крыгалом у сярэдзіне сакавіка. Разводдзе звычайна з 3-й дэкады рак. да канца мая, працягласць каля 55 сутак. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 7,28 М​3/с.

А.​А.​Макарэвіч.

т. 18, кн. 1, с. 157

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Мастацтва і архітэктура

Народнае мастацтва 630

Дойлідства (630).

Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва (632).

Музычнае мастацтва (634).

Музычныя інструменты (635).

Харэаграфічнае мастацтва (635).

Архітэктура і горадабудаўніцтва 637

Старажытны горад (637).

Архітэктура канца 16 — сярэдзіны 18 ст. (639).

Архітэктурныя школы (641).

Архітэктура 2-й пал. 18 — сярэдзіны 19 ст. (641).

Архітэктура 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. (643).

Архітэктура ў 1930—41 (644).

Архітэктура ў 1944—1950-я гады (644).

Архітэктура 1960 — пач. 1990-х гадоў (645).

Архітэктура 1990 — пач. 2000 гадоў (647).

Выяўленчае мастацтва 649

Выяўленчае мастацтва 10—13 ст. (649).

Выяўленчае мастацтва 14—18 ст. (650).

Выяўленчае мастацтва 19 — пач. 20 ст. (653).

Выяўленчае мастацтва 1920—30-х гадоў (655).

Мастацтва 1940—80-х гадоў (657).

Мастацтва 1990 — пач. 2000-х гадоў (661).

Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва 663

Музыка 667

Старажытная музыка (667).

Музыка 16—18 ст. (668).

Музыка 19 — пач. 20 ст. (669).

Музыка 1920—80-х гадоў (67).

Музыка 1990 — пач. 2000-х гадоў (673).

Балет 674

Тэатр 677

Тэатральнае мастацтва ад вытокаў да пачатку 20 ст. (677).

Тэатр у 1920—80-я гады (680).

Тэатр на сучасным этапе (683).

Кіно 685

Аматарская мастацкая творчасць 691

т. 18, кн. 2, с. 630

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Вячо́рашні ’які быў учора вечарам’ (Байк. і Некр., Гарэц., Яруш.), вечорошній ’тс’ (Нас.). Рус. вечорошни(ы)й ’тс’ (Даль). Ад *вечорась ’учора, учора вечарам’; параўн. рус. вечорась ’тс’ (вяц., валаг., наўг. і г. д., СРНГ). Параўн. славен. večę̑rkah ’вечарам’ і večę̑rkašnji ’пасляабедзенны’ (Плет.). З іншай семантыкай фармальна тоесныя ўкр. зах. вече́рішній ’вячэрні’, серб.-харв. вечѐрашњи, славен. večę́rašnji, макед. вечерашен ’тс’, якія пацвярджаюць старажытнасць утварэння. Да формы вечорась параўн. рус. дыял. вчерась; гл. Фасмер, 1, 366 (там і заўвагі адносна склону). Параўн. яшчэ ст.-рус. дьньсь, рус. утрось, летось і г. д., якія, паводле Сразнеўскага, 1, 772, уяўляюць сабой формы він. скл. + указальны займеннік; з’ява яшчэ праславянская.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мста ’помста’ (Нас., Др.-Падб., Гарэц.), ст.-польск., каш. msta, чэш. msta. Можна дапусціць запазычанне са ст.-польск. у бел. мову. Ва ўкр., рус. мовах месть, якое з прасл. mьstь (параўн. ст.-рус. мьсть, балг. мъст, ст.-слав. мьсть) < *mit‑ti‑s (Махэк₂, 382), роднаснае з мітусь (гл. Фасмер, 2, 608). Ад назоўніка быў утвораны дзеяслоў mьstiti > мьстити, а пазней — помста (гл.). Сюды ж мсці́цца, мсці́ць, мсці́вы, тураў. мсці́ву, слаўг., ветк. мслі́вы(й), мсці́вец (ТСБМ, Нас., ТС, Яруш., Сл. ПЗБ; Нар. словатв., Мат. Гом.). Крукоўскі (Уплыў, 118, 124) лічыць лексему мсці́вец калькай з рус. мститель. Не абавязкова. Магло быць і самастойнае адпрыметнікавае ўтварэнне накшталт ліслівец або запазычанае з польск. мовы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

-не́будзь, часціца ў складзе неазначальных займеннікаў і прыслоўяў што‑небудзь, хто‑небудзь, куды‑небудзь і пад. (Гарэц., Некр. і Байк., БРС, ТСБМ, Бяльк.), таксама дыял. ‑нібу́дзь ’тс’ (Цых.), укр. ‑не́будь ’тс’, рус. ‑нибу́дь ’тс’. У выніку кантамінацыі выразаў тыпу хто б ні быў і *хто‑будзь, гл. укр. хто‑будь (часцей будь‑хто) ’тс’, польск. kto bądź ’тс’, параўн. яшчэ ст.-бел. лечатсѧ в кого нибѫ​ди (XVI ст.), дзе выступае форма загаднага ладу 3‑й ас. адз. л. ад быць (Карскі 2–3, 269); адмоўе ў складзе гэтых выразаў мае ўзмацняльны (афектыўны) характар (ESSJ SG, 2, 323, насуперак Фасмеру, 3, 72, які бачыць тут параўнальную функцыю).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скло́ка ‘сварка, непрыязныя адносіны’ (ТСБМ), ‘калатня, гармідар; віхор, ураган’ (Ласт.), ‘моцны вецер з дажджом’: нахопітца склока да й пакруціць, паломіць усе збожэ (Сержп.). Параўн. укр. скло́ка ‘сварка’ (з рус., гл. ЕСУМ, 5, 276), рус. скло́ка ‘тс’, якое Якабсон (IJSLP, 1959, 1–2, 270) узводзіць да клок (гл.), параўн. таксама клаката́ць ‘сварыцца’ (Мат. Гом.), гл.; сюды ж склы́ка ‘лаянка, варожасць’ (Касп., Мат. Гом.), ‘сваркі, калатня’ (Растарг.), якое Трубачоў (Дополн., 3, 642) лічыць экспрэсіўным пераўтварэннем склока; хутчэй да клы́чыць ‘шкуматаць, блытаць; дражніць (злаваць)’, гл. Фасмер (3, 642) рус. склы́ка разглядае як дэрыват ад клык (гл.). Першасным значэннем трэба прызнаць ‘блытаць, круціць’, параўн. клочча ‘адходы пры апрацоўцы льну’ (гл.), рус. скло́чить ‘склычыць, пераблытаць’ (Ласт.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)