АРХІТЭКТУРА 1944—50-х гадоў.

Гэты перыяд быў прынцыпова важным для развіцця горадабудаўніцтва і архітэктуры. Ён звязаны з фарміраваннем комплексу рознаўзроўневых праблем, ідэй і канцэпцый, што залежалі ад паліт., сацыяльна-эканам., ідэйна-маст. і тэхн. умоў. У гэты час актыўна вялося пасляваеннае аднаўленне гарадоў і вёсак. Пры распрацоўцы новых генпланаў (Мінска і інш.) намеціўся падыход да вызначэння гал. горадабудаўнічай канцэпцыі — увасабленне ўсімі магчымымі сродкамі пафасу вялікай Перамогі, узвелічэнне здзейсненага народам подзвігу. У рэчышчы гэтай эстэтыкі праектавалася і забудоўвалася 1-я чарга гал. магістралі Мінска — вул. Савецкай (сучасны праспект Ф.​Скарыны). Архітэктурна-маст. аблічча гэтага ансамбля сведчыць пра ўрачыстую манументальнасць, параднасць, мажорную прыўзнятасць усёй забудовы, дзе кожны будынак з’яўляецца помнікам архітэктуры. Плошчы, бульвары, курданёры і разрывы паміж будынкамі ствараюць разнастайнасць, рытмічны лад і змену ўражанняў. У жніўні 1944 у Мінску працавала спец. камісія камітэта па справах архітэктуры пры СНК СССР, якая распрацавала схему новай планіроўкі горада («Эскіз планіроўкі Мінска», арх. А.​Шчусеў, М.​Колі, А.​Мардвінаў, У.​Сямёнаў, Б.​Рубаненка, І.​Лангбард); сярод распрацоўшчыкаў «Эскіза» быў і бел. архітэктар Н.​Трахтэнберг. Былі ўнесены прынцыповыя ідэі-прапановы па стварэнні радыяльна-кальцавой планіровачнай структуры горада, дзе гал. месца адводзілася цэнтральнай гар. магістралі вул. Савецкай (напрамак усход—захад) і перпендыкулярна ёй — вул. Леніна (напрамак поўнач—поўдзень) — другому дыяметру горада. У паўд.-ўсх. частцы горада прадугледжвалася размяшчэнне прамысл. зоны (фарміраванне пачалося перад вайной), дзе знаходзіліся буйныя прадпрыемствы. Уздоўж р. Свіслач планавалася стварыць суцэльны зялёны масіў, утвараючы паркавую і рэкрэацыйную зоны — рэзервуар чыстага паветра. Далейшыя распрацоўкі генпланаў Мінска і інш. гарадоў імкнуліся захаваць пераемнасць папярэдніх. Роля горадабудаўніцтва ў пераўтварэнні гарадоў стала найб. важным заваяваннем сав. архітэктуры. Праблема ансамблевасці разглядалася як сродак стварэння прынцыпова новага аблічча горада. Горадабудаўнічыя ідэі ансамблевасці ўключалі ў маст. адзінства не толькі грамадскія будынкі, а і жылыя фарміраванні. Сярод распрацоўшчыкаў генплана Мінска (рэдакцыя 1946) бел. праекціроўшчыкі М.​Андросаў, Н.​Трахтэнберг, інж. К.​Іваноў, Р.​Абразцоў, В.​Талмачоў. У выніку шматлікіх конкурсных спаборніцтваў дойлідаў у 1948 прыняты да рэалізацыі праект планіроўкі і забудовы цэнтр. раёна горада (аўтары арх. Г.​Баданаў, У.​Кароль, М.​Асмалоўскі, М.​Паруснікаў). Праектаванне і будаўніцтва праспекта Ф.​Скарыны — яркая старонка сав. горадабудаўніцтва. Вялікая ўвага звярталася на маст.-вобразны бок архітэктуры, у большасці выпадкаў яе разглядалі з пазіцыі мастацтва. Тэндэнцыя пошуку архітэктурна-маст. вобразнасці паступова набывала супярэчлівы характар (калі архітэктуру аздаблялі архітэктурай). Імкненне дасягнуць маст. ўзроўню за кошт «класікі» прывяло да неадэкватнасці формы, функцыі, зместу і тэктонікі збудаванняў. На гэтым этапе пачала пераважаць выяўленчасць у архітэктуры, якая стала істотным іманентным сродкам маст. формы, накіраванай на ідэйна-эмацыянальнае мадэліраванне сац. асяроддзя. Найбольшае пашырэнне атрымаў аплікатыўны тып архітэктуры (з канструктыўна пасіўнай выяўленчай формай), напр., «прыстаўка» класічнага порціка як дэкаратыўна-знакавага дапаўнення, а таксама спалучэнне класічнага ордэра з выкарыстаннем дэкору, запазычанага з народна-прыкладнога мастацтва (арнаментыка раслінных матываў са знакамітых слуцкіх паясоў). Архітэктары супрацоўнічалі з мастакамі (мастак-кераміст М.​Міхалап і інш.). Сярод значных будынкаў грамадскага прызначэння: у Мінску — галоўны паштамт (арх. А.​Духан, У.​Кароль), адм. будынак і дзярж. банк (арх. М.​Паруснікаў), Палац прафсаюзаў (арх. У.​Яршоў), цэнтр. тэлеграф (арх. А.​Духан, У.​Кароль); ансамбль забудовы вул. Кірава ў Віцебску (арх. В.​Гусеў, В. і А. Данілавы), драм. тэатр у Гомелі (арх. А.​Тарасенка). Архітэктура гэтых будынкаў заснавана на прынцыпах выкарыстання класічных форм і кампазіцый. К сярэдзіне 1950-х г. гіст. формы ўступілі ў супярэчнасць з нарастаючымі тэмпамі і павелічэннем аб’ёмаў будаўніцтва. Асэнсаванне гэтай праблемы прывяло да адмаўлення ад прыярытэтных гал. фасадаў будынкаў, што выходзілі на магістралі; пачалася карэнная перабудова архітэктурна-праектнай справы, архітэктура ўступіла ў новую стадыю свайго развіцця.

Жылы дом на вул. Мяснікова ў Мінску. 1950-я г. Фота 2004.

т. 18, кн. 2, с. 644

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)