Моцнае ўздзеянне на сучасную архітэктуру зрабіў постмадэрнізм, у якім знайшло ўвасабленне спалучэнне рэалістычнага і авангарднага кірункаў. Першы звязаны з развіццём нац. традыцый, аснова другога — рэтраспектывізм. Новыя аб’екты набылі больш выразныя сілуэтныя кампазіцыі. Як сродак маст. выразнасці важную ролю адыгрываюць колер і святло. Паскоранымі тэмпамі ішло фарміраванне агульнагарадскіх цэнтраў. Поліцэнтрычную структуру набылі Пінск, Полацк і Наваполацк. Іх развіццё прадугледжвае выхад іх да водна-зялёных зон і лясных масіваў. У вялікіх гарадах большая ўвага аддаецца захаванню гіст. забудовы. У шэрагу выпадкаў гіст. цэнтры ператвораны ў пешаходныя зоны (Пінск, Ліда). Пры гэтым новыя транспартныя лініі фарміруюцца ў абыход гар. ядра. У 1990-я г. пачала мяняцца горадабудаўнічая канцэпцыя. Калі папярэднія генпланы гарадоў арыентаваліся на высакашчыльную шматпавярховую забудову жылых раёнаў, то новая стратэгія прадугледжвае і індывідуальнае малапавярховае буд-ва (Мінск). Атрымала развіццё ідэя захавання прыродна-ландшафтных зон, асабліва каля водных зон ці сістэм (Лошыцкая і Сляпянская сістэмы, зялёныя зоны вакол рэк Свіслач, Вяча, Волма, Пціч і інш.). Далейшае развіццё гарадоў патрабавала стварэння новых транспартна-камунікацыйных восей і вузлоў, якія мелі на мэце аб’яднанне цэнтральных і перыферыйных раёнаў горада планіровачным каркасам. Змяніўся характар забудовы жылых раёнаў. Калі ў 1970—80-я г. будынкі былі дакладна скаардынаваны з магістральнымі вуліцамі (размяшчаліся ўздоўж іх ці тарцовым бокам), то ў 1990-я г. іх узводзяць пад розным вуглом адносна вуліц. Пашырэнне атрымалі спартыўныя збудаванні, банкаўскія комплексы, маст. выразнасць якіх дасягаецца і канструкцыяй, і выкарыстаннем сучасных матэрыялаў. У такіх пабудовах падкрэсліваецца структура нясучых элементаў, вонкавыя сцены маюць частковае і суцэльнае шкленне: аўтавакзал «Маскоўскі» (арх. М.Навумаў, інж. Л.Валчэцкі), новы чыгуначны вакзал (В.Крамарэнка, М.Вінаградаў, І.Вінаградаў) у Мінску; лядовыя палацы ў Мінску (арх. Ю.Патапаў, І.Боўт, А.Шафрановіч), Віцебску (арх. І.Боўт, А.Шафрановіч), Гродне (арх. М.Жучко, У.Еўдакімаў, А.Пархута, А.Тараненка), Гомелі (арх. І.Боўт, С.Міцько з удзелам Л.Смольскай, Н.Шамелавай, А.Грачова); будынкі Мінсккомплексбанка, Масбізнесбанка ў Мінску (абодва арх. А.Вараб’ёў), банкі па вул. Міцкевіча ў Гродне (арх. Н.Чуйко, М.Жучко, А.Тараненка), у г. Шчучын (арх. А.Штэн, Э.Марцінчык, С.Мужэйка, Т.Чорная) і інш. Тэндэнцыі постмадэрнізму яскрава адбіліся на грамадскай і жыллёвай архітэктуры. Ускладнілася аб’ёмна-прасторавая кампазіцыя, якая найчасцей грунтуецца на прынцыпе блакіроўкі аб’ёмаў розных маштабаў і форм: паліклініка па праспекце Машэрава (арх. В.Крусь), рэканструяваны будынак ЦУМа (арх. С.Неўмывакін, В.Счыслёнак, І.Бялешчанка), жылыя дамы на скрыжаванні вуліц М.Багдановіча і Някрасава (арх. Э.Левіна), па вул. Грыбаедава (арх. Д.Сакалоў, А.Чадовіч) у Мінску; па вул. Кірава ў Брэсце (арх. У.Чайкоўскі, А.Чайкоўская) і інш. Атрымалі распаўсюджанне вежавыя формы: ЗАГС Кастрычніцкага раёна (арх. А.Цэйтлін, А.Трусаў), жылыя дамы на скрыжаванні вуліц Л.Бяды і Някрасава (арх. Л.Маскалевіч), па вул. Варвашэні (арх. В.Галкоўскі, Т.Лабінская) у Мінску; дзіцячы парк па вул. З.Касмадзям’янскай у Пінску (арх. А.Васіленка), катэджы ў Бараўлянах, Гарадзішчы пад Мінскам. Для ўзмацнення маст.-эстэтычнай выразнасці ў новых пабудовах выкарыстоўваюцца гіст.-арх. элементы, разлічаныя на дэкар. эфект: зубчастыя ці крывалінейныя завяршэнні сцен (замежны гандлёвы дом «Кантыненталь» у Брэсце, арх. В.Кескевіч, Ю.Прудзялюк), паўцыркульныя нішы і аконныя праёмы, трохвугольныя ці фігурныя франтоны з матывамі барока, арачныя галерэі, дэкар. калоны, рызаліты і інш. У сучаснай архітэктуры маюць месца матывы мадэрна (крывалінейныя формы ў спалучэнні з двухсхільнымі дахамі, мансардныя надбудовы): праект карчмы для музейна-вытворчага комплексу «Дудуткі» (у Пухавіцкім р-не; арх. А.Базевіч, С.Сергачоў), індывідуальны чатырохпакаёвы жылы дом (арх. В.Кескевіч), жылыя дамы па вул. Леваноўскага (арх. А.Янушка) у Брэсце, на Лагойскім тракце ў Мінску (арх. П.Кракалёў, Л.Карначык).
Найб. яскрава рэтраспектыўная тэндэнцыя ў сучаснай архітэктуры выявілася ў культавым дойлідстве. Пра распаўсюджанне ў сакральным дойлідстве гатычных матываў сведчаць буйнамаштабныя формы базілікальных храмаў са сціплым выкарыстаннем дэкар. элементаў, шчытавыя дахі, вузкія выцягнутыя вокны стральчатых абрысаў, контрфорсы (касцёл і праваслаўная царква ў Мастах, касцёл Узвіжання Святога Крыжа ў Светлагорску). У праваслаўнай царкоўнай архітэктуры знайшлі адлюстраванне візантыйскія і руска-візантыйскія матывы. Кампактныя крыжова-купальныя ў плане пабудовы маюць характэрнае закамарнае перакрыццё; сферычны, шлемападобны ці цыбулепадобны купал на высокім цыліндрычным барабане з шэрагам вузкіх аконных праёмаў (храмы Успення Прасвятой Багародзіцы ў Маладзечне, у імя Прападобнай Ефрасінні княжны Полацкай у Мінску; цэрквы Серафіма-Сароўская ў г. Белаазерск, Святога Пакутніка Валянціна ў в. Наваспаск Смаргонскага раёна і інш.). Часам для аздаблення выкарыстоўваліся какошнікі (капліца па вул. Карастаянавай у Мінску). На аснове пераасэнсавання традыцый дойлідства ў новых пабудовах знайшло адлюстраванне ўзаемадзеянне гіст. і сучаснага (аднаўленне будынка ратушы ў Мінску, 2002). Адной з істотных заканамернасцей архітэктуры стала рэтраспектыўная тэндэнцыя, што была вынікам постмадэрнізму. Аднак пэўнай стылістычнай накіраванасці 1990-я — пач. 2000-х г. не прынеслі. Для архітэктуры гэтага перыяду характэрна адраджэнне гіст. і нац. традыцый. Вынікам пошукаў выразнасці стала своеасаблівая шматстылёвасць архітэктуры.