Вядучае месца ў нар.бел.муз. культуры займае песенная творчасць, якая ахоплівае некалькі гіст.-стылёвых пластоў. Найб. даўні пласт утвараюць песні каляндарна-земляробчага і сямейна-абрадавага цыклаў. Каляндарна-земляробчы цыкл уключае песні калядныя, шчадроўскія, масленічныя, веснавыя гукальныя, валачобныя, юраўскія, купальскія, карагодныя, жніўныя, дажынкавыя, ярныя, восеньскія. Сямейна-абрадавы цыкл прадстаўлены жанрамі радзінных і вясельных песень, галашэнняў (прымыкаюць і калыханкі). Вызначальная асаблівасць песенных цыклаў — строгая прымеркаванасць да пэўнага часу ці абставін, якая раней была абумоўлена адпаведнай абраднасцю, у наш час падтрымліваецца традыцыяй і асацыятыўнымі сувязямі. З гэтай рысай звязаны фарміраванне т.зв. формульных тыповых напеваў, якія маюць знакавую інтанацыйную семантыку. Гэтыя гранічна сціслыя вузкааб’ёмныя напевы (звычайна не перавышаюць квінты), якія абагульняюць некалькі паэтычных тэкстаў пэўнага жанру; пры вонкава скупых меладычных сродках маюць вял. выразна-эмацыянальную сілу дзякуючы сэнсавай важкасці кожнай меладычнай дэталі, найтанчэйшаму інтанацыйнаму нюансаванню ў межах ладава-меладычнай формулы, раўназначнасці ўсіх кампанентаў муз. мовы: уласна меладычных (ладавых і рытмічных), арнаментальных, тэмбравых. У залежнасці ад мясц. традыцый пры сумесным спяванні каляндарна-земляробчыя і сямейна-абрадавьы песні выконваюцца ў антыфоннай манеры (Паазер’е), гетэрафонным (Гомельскае Палессе) або бурдонна-дыяфонным (Брэсцкае Палессе) роспеве.
Другі яркі і разгорнуты гісторыка-стылёвы пласт нар. песнятворчасці складаюць песні, якія ўзніклі ў эпоху станаўлення бел. народнасці (14—16 ст.) і ў часы сялянскіх паўстанняў (17—18 ст.). Яны прадстаўляюць лірычную і лірыка-эпічную традыцыю: муз. сацыяльную лірыку і эпас (песні чумацкія, бурлацкія, казацкія, пра ваен. падзеі і важакоў сялянскіх паўстанняў, пазней рэкруцкія і салдацкія), любоўную лірыку, а таксама песні жартоўныя, бытавыя. Ад стараж. абрадавых песень яны адрозніваюцца непрымеркаванасцю выканання і яркай індывідуалізацыяй муз.-паэтычнага вобраза, існуюць у мностве жанравых і сольных варыянтаў. У іх асноўную муз.-выразную ролю адыгрывае ўласна меладычная плынь. Мелодыі, распетыя ў сярэднім і вял. дыяпазонах, вызначаюцца ўнутранымі інтанацыйнымі кантрастамі, развітой песеннай строфікай. З песнямі 2-га пласта звязана шматгалосае падгалосачна-поліфанічнае выкананне (на Палессі найб. пашырана з «падводкай» — верхнім саліруючым голасам), а таксама тыпу «ўторы» (Панямонне). Вытокі песнятворчасці савецкага і постсавецкага часу — напевы нар. класічнага стылю і мастацтва літ. паходжання. Цэнтральнае па значнасці месца займае партызанская песня, якая ўвасобіла гераічны, лірычны, жартоўны і сатырычны пачатак сучаснай нар. песні.
Рэгіянальныя песенныя традыцыі ўвасабляюць песенныя сістэмы, якія гістарычна склаліся і акрэсліліся на Палессі, Падняпроўі, Паазер’і, Панямонні. Іх вызначае сукупнасць прыкмет, з’яў і заканамернасцей; суадносіны гісторыка-стылёвых пластоў; песенна-знакавыя асаблівасці абраду і яго «парадак»«закон»; суадносіны ўласна песеннага і гульнёвага (танцавальнага інстр.) пачатку; адзіночнага і сумеснага спеву (тыпы шматгалосся); выканальніцкія асаблівасці і іх тэрміналагічныя абазначэнні самімі носьбітамі аўтэнтычнага фальклору; цэнтралізуючы кампанент сістэмы, які ўрэшце і вызначае адметны характар традыцыі.
З.Я.Мажэйка.
Жаночы гурт в. Тонеж Лельчыцкага раёна.Жаночы гурт в. Клятная Пінскага раёна.