ВЫЯЎЛЕНЧАЕ МАСТАЦТВА 10—13 ст.

У 10—11 ст. мастацтва Беларусі фарміравалася пад уплывам культур Візантыі і Кіеўскай Русі. Зберагліся адзінкавыя арнаментальныя фрагменты фрэскавых размалёвак у апсіднай частцы Полацкага Сафійскага сабора (11 ст.). Найб. колькасць фрэсак 12 ст. ў Спаса-Праабражэнскай царкве Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра ў Полацку. У храме захоўваўся крыж, выкананы ў 1161 ювелірам Лазарам Богшам. Іканапіс 10—13 ст. практычна не захаваўся. У 11 ст. сфарміраваліся асн. прынцыпы ўпрыгожання кніг. Узоры жывапісу сустракаюцца ў афармленні рукапісаў — мініяцюры, буквіцы, застаўкі і канцоўкі. Мастацтва рукапісаў удасканальвалася ў кансісторыях пры храмах буйных гарадоў. Найб. пашыраным стылем упрыгожання быў тэраталагічны, ці «звярыны»; напр., у Аршанскім евангеллі (13 ст.) больш за 300 ініцыялаў, акрамя звяроў і птушак у ёй змешчаны мініяцюры евангелістаў Матфея і Лукі. У 12—13 ст. сфарміравалася полацка-смаленская школа мініяцюрнага жывапісу. Да яе адносяцца Служэбнік Варлаама Хутынскага, аздоблены высокамастацкімі мініяцюрамі з выявамі Васіля Вялікага і Іаана Златавуста на залатым фоне; Універсітэцкае, Полацкае, Друцкае і інш. евангеллі. Асновай развіцця бел. пластыкі былі помнікі язычніцкай культуры — т.зв. каменныя бабы, антрапаморфныя ідалы (напр., каменны Шклоўскі ідал 10 ст.). Творы дробнай пластыкі рэлігійнага і свецкага прызначэння знойдзены на стараж. паселішчах Мінска, Гродна, Полацка, Ваўкавыска. З пашырэннем хрысціянства замест язычніцкіх абярэгаў часцей выкарыстоўвалі нацельныя крыжы-энкалпіёны і невял. абразкі з косці, каменю, дрэва, металу (створка крыжа з выявай Маці Божай Купяціцкай, «Касьма і Даміян»). Іканаграфія і кампазіцыйныя схемы, узятыя з візантыйскіх узораў, спалучаюцца з мясц. асэнсаваннем вобразаў святых: створка трыпціха з Ваўкавыска, «Хрыстос Эмануіл» з Пінска (12 ст.), «Маці Божая. Апостал Пётр», «Мікола і Стафан» з Мінска, «Канстанцін і Алена» з Полацка (12 ст.). Сярод твораў свецкага характару шахматныя фігуркі: пешка «Барабаншчык», тура «Насада», антрапаморфныя выявы караля і ферзя.

Канстанцін і Алена. Абразок з Полацка. 12 ст.
Шахматная фігура тура з Ваўкавыска. 13 ст.

т. 18, кн. 2, с. 649

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)