Бел. архітэктура гэтага часу развівалася ў агульнасаюзным рэчышчы. Гэта быў час пошуку новых форм, які суправаджаўся проціборствам паміж старой творчай інтэлігенцыяй і новай — пралетарскай. Новая архітэктура страціла нац. каларыт і развівалася як частка шматнацыянальнай сав. архітэктуры. Мінск як сталіца рэспублікі стаў цэнтрам арх. жыцця, канцэнтрацыі вялікага маст. і інтэлектуальнага патэнцыялу. Рост эканомікі БССР актывізаваў будаўнічую дзейнасць, стымуляваў развіццё культуры. У 1933 створаны першы на Беларусі буйны праектны інстытут рэсп. маштабу «Белдзяржпраект» (дырэктар А.П.Воінаў), у 1936 — «Белпрампраект». У «Белдзяржпраекце» распрацаваны генпланы Магілёва (арх. М.Андросаў, Н.Трахтэнберг), Оршы і Мазыра (арх. П.Кірыенка), Полацка (арх. І.Рапапорт), Слуцка і Рэчыцы (арх. Г.Парсаданаў). У 1941 была завершана распрацоўка праекта генеральнай схемы планіроўкі рэканструкцыі Мінска да 1955 (арх. В.Мураўёў, І.Трудаў, Г.Якушка, інж. Д.Яскевіч); згодна са схемай планавалася капітальнае будаўніцтва на асноўных яго магістралях. Пры ўзвядзенні Дома ўрада (1930—34, арх. І.Лангбард) азначыўся адыход ад канструктывізму. На шляху пошуку новых форм працаваў І.Лангбард, ён выкарыстоўваў трохчвэртныя калоны, рытмічны лад якіх надаваў будынкам магутную выразнасць і кампазіцыйную завершанасць (Дом Чырвонай Арміі, комплекс Акадэміі навук, будынак тэатра оперы і балета, усе ў Мінску). У кірунку маст. перабудовы і крытычнага асваення класікі вылучаліся работы В.Батаева, І.Валадзько, У.Вараксіна, А.Воінава, М.Гілярава, В.Гусева, А.Крылова, А.Брэгмана, Р.Столера, М.Томаха, Г.Якушкі і інш. (у Мінску — будынкі ЦККПБ, партыйных курсаў, Палац піянераў, Ін-т фізкультуры, сярэдняя школа №4, гасцініцы Бел. ваеннай акругі, «Беларусь», 122-кватэрны жылы дом на Круглай пл., жылы дом гарсавета на вул. Савецкай; Дом гарсавета ў Гомелі). Стылістычныя змены часцей адлюстроўваліся ў дэкаратыўным убранні, а ў аб’ёмна-кампазіцыйных вырашэннях захоўваліся прынцыпы канструктывісцкай архітэктуры. Забудова 1930-х г. характарызавалася маштабнай цэласнасцю і ансамблевасцю, фарміравала новае архітэктурна-прасторавае і маст. асяроддзе (забудова Круглай пл., універсітэцкага гарадка, 1-й клінічнай бальніцы, політэхнічнага інстытута, усе ў Мінску). Вялікую ролю ў фарміраванні тэарэтычнай праблематыкі 1930-х г. адыгралі 1-ы (1935) і 2-і (1941) Усебеларускія з’езды Саюза архітэктараў, а таксама 1-ы з’езд Саюза архітэктараў СССР (1937). У гэты перыяд адбывалася станаўленне архітэктуры сацыяліст. рэалізму. У архітэктурнае жыццё актыўна ўваходзяць праблемы крытычнага асваення класічнай спадчыны. Практычныя пытанні, што абмяркоўваліся на з’ездах Саюза архітэктараў, сфарміравалі цэлыя блокі тэарэт. праблематыкі. У гэтых умовах вывучэнне пытанняў нац. своеасаблівасці бел. архітэктуры штучна прыпынена.
Касцёл у в. Сар’я Верхнядзвінскага раёна. 1852—57.Ільінская царква ў г.п. Бешанковічы. 1870.Андрэеўскі касцёл у г.п. Лынтупы Пастаўскага раёна. 1908—14.Царква ў в Мількаўшчына Гродзенскага раёна 1906—08.Палац у г.п. Жалудок Шчучынскага раёна. 1908.Былая гасцініца Беларускай ваеннай акругі ў Мінску. 1920-я г. Фота 2004.