Пе́вень, піэвень, піе́вянь, пе́вянь, пі́вэнь, пі́вінь ’самец курыцы’ (ДАБМ, к. 294; Сцяшк. Сл., Мядзв., Гарэц., Бяс., Мал., Шпіл., Шат., ТС), ’журавель’ (пін., КЭС; Дразд.), ’надзьмуты чалавек’ (шкл., Мат. Маг.), сюды ж пе́вень, пеўнік ’трэшчыны на лёдзе ад удару’ (ТС) з-за падабенства на хвост пеўня. Укр. пі́вень, рус. дыял. пе́вень. Бел.-укр. ізалекса (на рус. тэрыторыі лексема пашырана ў дыялектах, прылягаючых да бел. і ўкр. моўнай тэрыторыі). Утворана пры дапамозе суф. ‑ень (< прасл. *‑enь) ад дзеяслова шматразовага дзеяння *pěv‑ati, які з *pěti, pojǫ > пець (гл.), адносна словаўтварэння гл. Вярхоў, Аб некат. асабл., 36. Значэнне ’журавель’, відаць, табуістычнае — процілеглае кантамінацыйнаму жу‑равель (з жораў і журба), звязанаму з паняццем ’журба, смутак’. Ст.-бел. певень: петуховъ певніовъ чотыры (1592) сведчыць пра першапачаткова ўдакладняючы характар назвы, аднак у Бярынды яны супрацьпастаўлены тэрытарыяльна: “волынски певень, литовски петухъ”, што наказвае на распаўсюджанне з поўдня.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пражмо́ 1 ’паджаранае на агні калоссе недаспелага жыта’ (Нас., Бяльк., Юрч., Мат. Маг., Мат. Гом., Сцяшк. Сл.). Рус. смал. пря́жмо ’калоссе жыта, пражанае на масле’, польск. prażmo. ст.-чэш., суч. дыял. pražma (відаць, мн. л.) ’паджаранае на агні калоссе недаспелага жыта’. Прасл. *pražьmo. Ад *pražiti (гл. пражыць) з суф. ‑mo (Адносна суф. гл. Слаўскі, SP, 2, 15). Махэк₂, 482 падкрэслівае, што слова можа лічыцца старажытным ужо з прычыны даўнасці такога спосабу ўжывання ў ежу калосся ў час неабходнасці. Гл. яшчэ Брукнер, 434.

Пражмо́ 2 ’адлегласць паміж слупамі ў клеці, дзе складваюць збожжа’ (Касп.). Не зусім ясна. Відаць, дэрыват ад ‑прагу (гл. запрагаць, упрагаць) з суф. ‑ьмо, г. зн. прастора, якая звязваецца, спалучаецца (рус. сопрягается) слупамі. Няясна, ці сюды адзначанае ў Даля бесар. пря́жина ’лінейная мера’ (= 3 сажням 12 вяршкам) і ўкр. закарп. пра́жина ’від зямельнай меры’, якія таксама не маюць пэўнай этымалогіі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пяту́х ’певень’ (Касп.; в.-дзв., Шатал.; віц., Жыв. НС; віл., дзятл., брасл., шчуч., шальч., Сл. ПЗБ; ашм., Стан.; Сцяц., Сцяшк., Сержп., Ян.), ст.-бел. петухъ ’тс’; у ВКЛ Бярында лічыў слова характэрным для гістарычнай Літвы, г. зн. паўночна-заходняй Беларусі: волынски — певень, литовски — петухъ (Лексиконъ, 11). Больш поўны малюнак распаўсюджання назвы на беларускай моўнай тэрыторыі гл. Жыв. св., 52; на тэрыторыі Украіны, Расіі і Польшы гл. Фалінска, Leksyka hodowli, 1, 62–63. Сюды ж таксама памянш.-ласк. формы пе́ця, пе́цька (гл.). Параўн. адзначанае яшчэ Ягічам харв. чак. petèh ’тс’; а таксама petȅh (Црэс), славен. pẹ́teh ’тс’ (Слаўскі, Slavica, 99); харвацкія формы Борысь (Czak. stud., 152) разглядае як праславянскія дыялектызмы ці вытворныя ад праславянскіх слоў. Адносна славенскага слова гл. Бязлай, 3, 30. Вытворнае ад *pěti ’спяваць’ (гл. пець) з рэдкім суфіксам ‑uxъ, параўн. пасту́х ад пасці ’пасвіць’ (параўн., Фасмер, 3, 253).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сі́таўка ‘невялікая пералётная птушка атрада вераб’іных’ (ТСБМ), сі́таўка бе́лая ‘птушка Motacilla alba’ (Некр. і Байк.), сі́таўка ‘пліска’ (Янк. БП), сі́таўка, сы́таўка ‘тс’ (ЛА, 1), сы́таўка ‘тс’ (Сцяшк.), сыто́ўка ‘тс’ (Сл. ПЗБ), сі́тка ‘тс’ (Янк. 1; ЛА, 1; ПСл), ‘ластаўка-берагавулька’ (мазыр., Цыхун, вусн. паведамл.), сы́тка ‘пліска’ (Пятк. 2; Нар. Гом.; ст.-дар., Нар. сл.; пух., Сл. ПЗБ; ЛА, 1), сі́точка ‘тс’ (ТС). Борысь (Etymologie, 131) параўноўвае з укр. си́тка, балг. си́пка ‘пліска; дзяцел, Picus minor’ і выказвае меркаванне пра паходжанне ад гукапераймання. Параўн. яшчэ ўкр. си́тівка, си́тка, си́точка ‘пліска белая’, для якіх ЕСУМ (5, 245) дапускае сувязь з си́то (гл. сіта), грунтуючыся на славац. mlynárik ‘тс’. Антропаў (Назв. птиц, 357) прапануе рэканструкцыю прасл. дыял. *sitъka < *sitъ ‘чарот’ (гл. сіт, сітнік, адносна якіх гл. Фасмер, 3, 628; Скок, 3, 245) па месцы гнездавання або звычайным біятопе птушак.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Танцава́ць ’выконваць танец; танчыць’, ’скакаць’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Ласт., Бяльк., Федар. 4, Сержп. Прык., Сл. ПЗБ), танцова́ць ’тс’ (ТС), танцэ́ваць ’тс’ (брасл., Сл. ПЗБ), танцёва́ті ’тс’ (беласт., Сл. ПЗБ; Вруб.), ст.-бел. танцова́ти, танцева́ти ’танцаваць’ (1518 г., КГС); сюды ж танцо́р ’мужчына, які ўмее добра танцаваць’ (Ласт., Арх. Вяр., Сл. ПЗБ, Сцяшк.), та́нцар ’тс’ (Федар. 4), танцо́рка ’дзяўчына, жанчына, што добра танцуе’ (Некр. і Байк., Сл. ПЗБ), танцэ́рка ’тс’ (Федар. 4), танцёрка ’тс’ (Сл. ПЗБ), танцые́рка ’тс’ (Сцяшк. Сл.). Запазычанні з польскай мовы, гл. старое tańcować ’танцаваць’ (суч. tańczyć, гл. танчыць), tancerka, tancerz ’хто добра танцуе’, у апошнім адбылася замена суф. ‑erz на ‑or (‑ор), магчыма, яшчэ на частцы польскамоўнай тэрыторыі, параўн. польск. мазав. tancor ’тс’, адносна чаго Смулкова, Бел.-польск. ізал., 116. Падрабязней пра польскія формы гл. Борысь, 626; Длугаш-Курчабова, 495; запазычанне ў рускую — Фасмер, 4, 19; Віткоўскі, Słownik, 184.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ткач ’рабочы, майстар, які вырабляе тканіну на ткацкім станку’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Ласт., Уладз.; кобр., Яшк. Мясц.; Арх. Вяр.), ст.-бел. ткачъ ’тс’ (1518 г., КГС), сюды ж тка́чка ’ткалля’ (Жд. 1, Мат. Гом., Уладз.; Горбач, Зах.-пол. гов.), ’прадзільшчыца’ (лід., Сл. ПЗБ), ткачы́ха ’ткалля’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Уладз., Сцяшк., Сл. ПЗБ, ТС). Параўн. укр., рус. ткач ’той, хто тчэ’, польск. tkacz, славац. tkáč, н.-луж. дыял. tkac, серб.-харв. ткач, балг. тъка́ч, макед. ткаеч ’тс’. Прасл. *tъkačь nomen agentis ад *tъkati (гл. ткаць 1), лічыцца адносна познім утварэннем (Сяткоўскі, Słow. nazwy, 111). Звяртае на сябе ўвагу тка́чка ’прадзільшчыца’, у якім можна было б бачыць захаванне першаснага значэння *tъkati ’віць, звіваць’, параўн. Махэк₂, 644; шырокае ўжыванне назвы *tъkačьka: укр., рус. дыял. тка́чка, польск. tkaczka, славац. tkáčka, балг. тъка́чка, макед. дыял. тка́чка ’ткачыха’ сведчыць пра стары дэрыват ад *tъkačь.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тонь 1 ’тоня’ (Сцяшк.), ’затон, вір’ (ТС), ’месца, дзе можна закінуць невад’ (мёрск., Жыв. НС), ’адзін заход з рыбнай снасцю і адзін улоў’ (паст., Сл. ПЗБ), ’вялікі невад’ (трак., Сл. ПЗБ), ’частка вуды, лескі’ (іўеў., Сл. ПЗБ), ’сетка (на рыбу)’ (Барад.). Гл. то́ня, лічыцца больш позняй формай, што ўзнікла ў выніку трансфармацыі канца слова, параўн. польск. woń ’пах, смурод’ < прасл. *vonʼa ’тс’ (Крытыкі, PF, 7, 228; Борысь, 708) і пад.

Тонь 2 ’ход, рух’ (Сцяшк.). Рэдкае слова, адносна якога выказваецца меркаванне, што яно звязана чаргаваннем галосных з цягнуць (гл.), што, магчыма, узыходзіць да *tęti ’цягнуць’ < і.-е. *ten‑ ’тс’ з зыходным значэннем ’цяга’, параўн. рус. тять ’ісці’, укр. стена́тися ’кінуцца (пачаць рух)’, якія маюць адпаведнікі ў лац. tenor ’раўнамерны рух’, ст.-ірл. tēit ’ідзе’ (Мяркулава, Этимология–1975, 54–55). Хутчэй за ўсё, аналагічнага паходжання з аманімічным яму папярэднім словам, падрабязней гл. тоня.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ту́ліка ‘дэталь калаўрота — кавалачак скуры з адтулінай, куды ўстаўляецца жалезны шпянёк з адтулінай, праз якую праходзіць спрадзеная нітка, перш чым яна трапіць на шпульку’ (гом., Шатал.), тулі́ка ‘тс’ (Уладз.; малар., Сл. Брэс.). Параўн. рус. тули́ка ‘кавалачак скуры з адтулінай, праз якую праходзіць спрадзеная нітка перш чым трапляе на шпульку’, славен. tulika ‘шпулька ў калаўроце’. Лічыцца таго ж паходжання, што і тулейкі (гл.); іншая назва дэталі калаўрота — тру́бка ‘металічная пласцінка з дзірачкай, праз якую праходзіць нітка і далей накручваецца на шпулю’ (Трух.), што, магчыма, сведчыць пра сувязь з ням. Tülle ‘трубка (падсвечніка), утулка, насадка’ як тэхнічным тэрмінам, адносна ролі якога ў якасці магчымага этымона групы слоў з зыходным тул 2 выказваюцца процілеглыя меркаванні, гл. Шустар-Шэўц, 1557 (магчымая крыніца некаторых слоў), Махэк₂, 648 (паходзіць са славянскіх моў), Сной у Бязлай, 4, 246 (выпадковае падабенства да славянскіх слоў).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

АЗЁРЫ,

прыродныя вадаёмы, запоўненыя ў межах азёрнай чашы (ложа) вадой, якія не маюць непасрэднага злучэння з морам. Пл. азёр зямнога шара каля 2,7 млн. км². Найб. азёры: Каспійскае (1371 тыс. км²), Верхняе ў Паўн. Амерыцы (82,4 тыс. км²), Вікторыя ў Афрыцы (68 тыс. км²). Самае глыбокае воз. Байкал (1620 м). Размешчаны на розных вышынях: Харпа (Арпорт) у Тыбеце на выш. 4400 м, Мёртвае м. ў Зах. Азіі на 392 м ніжэй за ўзр. акіяна. У залежнасці ад умоў утварэння азёрнага ложа вылучаюць тыпы азёр: плацінныя (рачныя, далінныя і прыбярэжныя, таксама штучныя азёры-вадасховішчы); катлавінныя (карставыя, тэрмакарставыя, дэфляцыйныя, вулканічныя і тэктанічныя) і мяшанага паходжання. Паводле характару воднага балансу вызначаюць азёры сцёкавыя і бяссцёкавыя, адносна тэрмічнага рэжыму — умераныя, трапічныя і палярныя, адпаведна з хім. саставам вады — прэсныя, саланаватыя і салёныя, азёры па ступені развіцця арган. жыцця — алігатрофныя, эўтрофныя, дыстрофныя. Форма, памеры і ўзровень азёр значна мяняюцца з часам у выніку намнажэння адкладаў, змены контураў берагоў, балансу вільгаці. На Беларусі налічваецца каля 10 800 азёр. Сумарная пл. амаль 2000 км², агульны аб’ём вады 6—7 км³. Самае вял. па пл. воз. Нарач (80 км²); самае глыбокае Доўгае возера (глыб. 53,7 м). Размешчаны азёры ў асноўным на Пн (Бел. Паазер’е) і на Пд (Палессе).

Утварэнне большасці азёр Бел. Паазер’я звязана з дзейнасцю паазерскага ледавіка і яго талых водаў. Катлавіны ледавіковых азёр разнастайныя: падпрудныя (Нарач, Асвейскае, Мядзел, Лукомскае), утвораны ў выніку намнажэння талых ледавіковых водаў у паніжэннях паміж марэннымі градамі; лагчынныя (Саро, Сянно, Балдук і інш.), узніклі ад ледавіковага выворвання і эразійнай дзейнасці талых водаў; эварзійныя (Рудакова, Вісяты, Жанно), выбіты сілай ледавіковай вады, якая вадаспадам сцякала з ледавіка; тэрмакарставыя (Лісіцкае, Усомля, Канашы), утвораны ў выніку раставання пахаваных лінзаў лёду. На Палессі азёрныя катлавіны пераважна старычныя, карставыя (Вулька, Сомінскае), азёры-разлівы (Чырвонае, Олтушскае).

У водным жыўленні азёр Беларусі пераважаюць паверхневы прыток і атмасферныя ападкі, роля падземных водаў малапрыкметная. Характэрны дадатны баланс воднага жыўлення і нязначнае ваганне ўзроўню. Прыродныя ўмовы спрыяюць фарміраванню разнастайнасці расліннага і жывёльнага свету азёр.

Азёры выкарыстоўваюцца як крыніцы і збіральнікі быт. і прамысл. вады, для рыбалоўства і рыбагадоўлі, з’яўляюцца рэгулятарамі рачных і падземных водаў, назапашвальнікамі арган. сыравіны (сапрапеляў), асобныя — басейнамі-ахаладжальнікамі ДРЭС. Азёры — мясціны для адпачынку, санаторна-курортнага лячэння, турызму. Некаторыя ахоўваюцца як заказнікі: Белае ў Брэсцкай, Міжазёрны ў Віцебскай, Мазырскія яры ў Гомельскай, Свіцязянскі і Азёры ў Гродзенскай, Блакітныя азёры ў Мінскай абласцях. Вывучае азёры азёразнаўства.

В.​П.​Якушка.

Да арт. Азёры. Возера Клухорскае на Каўказе.
Да арт. Азёры. Возера ў позняй стадыі зарастання.
Да арт. Азёры. Возера Воласа Паўночны ў Беларусі.
Да арт. Азёры. Бабровіцкае возера ў Беларусі.

т. 1, с. 163

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЛЬНЮСКАГА УНІВЕРСІТЭ́ТА БІБЛІЯТЭ́КА.

Засн. ў 1570 як б-ка Віленскага езуіцкага калегіума. Значна расшырылася пасля 1579, калі калегіум быў пераўтвораны ў акадэмію. Аснову яе склалі зборы кніг, што падаравалі калегіуму польскі кароль і вял. кн. літ. Жыгімонт II Аўгуст, віленскі біскуп В.​Пратасевіч, падканцлер Казімір Леў Сапега. У 1579 налічвала 4,5 тыс. тамоў, у 1773 — 11 тысяч. Б-ка атрымлівала абавязковы экз. з друкарні ун-та, з 1780 — з усіх друкарняў Вял. кн. Літоўскага. Пераважалі рэліг. тэалагічныя кнігі. Зберагаліся рэдкія выданні і рукапісы, у т. л. твор М.​Каперніка «Пра абарачэнні нябесных сфер», працы Пталамея, Арыстоцеля, Р.​Дэкарта, стараж. пергаментны Псалтыр на царк.-слав. мове, Слуцкі спіс 16 ст. Статута ВКЛ 1529 і інш. З канца 18 ст. ствараліся адносна самаст. кніжныя зборы ф-таў. Пасля паўстання 1830—31 у Польшчы, на Беларусі і ў Літве ун-т зачынены (1832), кніжныя фонды падзелены паміж Віленскай медыка-хірургічнай акадэміяй і Духоўнай рымска-каталіцкай акадэміяй, частка кніг перададзена Беларускай навучальнай акрузе, Кіеўскаму і Харкаўскаму ун-там. Пасля аднаўлення ун-та (1919) у б-ку паступілі некат. зборы Віленскай публічнай б-кі. У 1930-я г. б-ка налічвала каля 200 тыс. тамоў. У канцы 1940-х г. — 1950-я г. папоўнілася кнігамі з б. Каўнаскага ун-та, з б-к Масквы і Ленінграда. У 1995 налічвала больш за 5 млн. адз. захавання, у т. л. 180 тыс. старадрукаў (322 інкунабулы), больш за 212 тыс. рукапісаў на розных мовах, калекцыя графікі (75 тыс. адз.), бібліягр. і інфарм. выданні і інш. У фондах рукапіснага аддзела стараж. кодэксы, дакумент. і актавыя матэрыялы 14—20 ст., асабістыя архівы прафесараў Віленскага ун-та, матэрыялы прыватных архіваў Сапегаў, Тышкевічаў, Копцяў, інвентары і гасп. кнігі маёнткаў, гаспадарскіх уладанняў, гарадоў, мястэчак (Кобрын, Любча, Дзярэчын і інш.), царк. устаноў (Лаўрышаўскага і Супрасльскага манастыроў, Гродзенскага канвента, каталіцкіх ордэнаў), архіва Віленскага універсітэта, архіў Паўн.-Зах. аддзела Рус. геагр. т-ва (у т. л. адказы мясц. карэспандэнтаў на анкету, распаўсюджаную ў пач. 1870-х г., са звесткамі пра сельскую гаспадарку, побыт і культуру беларусаў). Сярод старадрукаў Брэсцкая біблія 1563, «Апостал» Ф.​Скарыны 1525, выданні Мамонічаў, Віленскага брацтва, унікальныя экзэмпляры кніг К.Каяловіча, «Абарона Вялікага княства Літоўскага» А.​Ружоўскага (каля 1649), юрыд., Навук. і царк.-палемічныя выданні. Многія інкунабулы захоўваюць запісы бел. чытачоў, каля 200 тамоў паходзяць з кнігазбору Казіміра Льва Сапегі. Асобную калекцыю складаюць зборы картаграфічных матэрыялаў і атласаў, іканаграфіі. Выдае «Летапіс бібліятэкі Вільнюскага універсітэта». З’яўляецца дэпазітнай б-кай ААН (з 1965). Падтрымлівае сувязі з 383 б-камі і навук. ўстановамі ў 55 краінах свету. Размяшчаецца ў будынках б. Віленскага ун-та.

Г.​Я.​Галенчанка.

т. 4, с. 175

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)