Канды́ба ’кульгавы’, ’павольны ў хадзе’ (Нас., Гарэц., Бяльк., ТСБМ), кандыбы ’хадулі’ (ТСБМ; слуц., Нар. словатв.), кандыбаць ’ісці кульгаючы, павольна, з цяжкасцю перастаўляючы ногі’ (ТСБМ, Бяльк., Гарэц., Жд. 3), кандыбыць (Бяльк.), драг. шкандэ́батэ (Лучыц-Федарэц., вусн. паведамл.). Укр. кандиба ’кляча’, шкандибати ’кульгаць’, ’ісці прыкульгваючы’, рус. іркуц. кандыба ’кульгавы’, варонеж., бран., кур., свярдл. кандыбать ’прыкульгваць, кульгаць’, варонеж., ’паволі рабіць што-небудзь’, рус. паўд. шкандыба, шкандыбать ’кульгаць’. Трубачоў разглядае гэтыя словы як вытворныя ад дыбать з прыстаўкай ка‑, ускладнення зычным ш‑ і інфіксам ‑н‑ (Фасмер, 4, 448). Да дыбаць; параўн. літ. dỹbinti ’ісці, крочыць доўгімі нагамі’. Прыстаўка ка‑ і інфікс ‑н‑ у словах кандзёр і кандрычка (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)