Во́лава (БРС, Яруш., Грыг., Нас., Касп., Шат.). Рус. о́лово ’волава’, ст.-рус., ст.-слав. олово ’свінец’, укр. о́лово, польск. ołów, чэш., славац. olovo, балг. о́лово, серб.-харв. о̏лово, славен. olȏv, ólovo (Далабко, ZfslPh, 3, 131), в.-луж. wołoj, н.-луж. wółoj ’свінец’. Роднаснымі з’яўляюцца літ. alvás ’свінец’ лат. al̂va, al̂vs ’волава’, ст.-прус. alwis ’свінец’. Далей гэта слова збліжаюць з назвамі колераў: ст.-в.-ням. ëlo ’жоўты’, лац. albus ’белы’, грэч. ἀλφός (Траўтман, 7; Фартунатаў, AfslPh, 4, 580; Персан, 300). Іншыя гіпотэзы і літаратуру гл. Фасмер, 3, 135; Махэк₂, 413.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Во́рат ’дзірка ў мяху, праз якую насыпаюць што-небудзь’ (Нас.); ’каўнер’ (Бяльк., Грыг., КЭС, віц.); ’каўнер, прарэх’ (Шатал.). Рус., укр. во́рот ’каўнер’, ст.-рус. воротъ ’шыя’, ст.-слав. вратъ, балг. врат, серб.-харв. вра̑т, славен. vrȃt ’шыя’, польск. wrot ’вяртанне’, в.-луж. wrót ’паварот’. Звязана чаргаваннем з вярцець (Фасмер, 1, 354). Прасл. vortъ — аддзеяслоўнае ўтварэнне ад vortiti (гл. варочаць), першапачаткова Nomen actionis ’паварот, тое, што варочаецца’ (Брукнер, 632; Скок, 3, 618 і наст., Шанскі, 1, В, 167 і наст.). У бел. мове значэнне ’каўнер’, калі меркаваць па лакалізацыі, магчыма, пад рус. уплывам.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Во́ўна (БРС, Нас., Бяльк., Касп., Шат.). Рус. во́лна, укр. во́вна, ст.-рус. вълна, польск. wełna, в.-луж. wołma, н.-луж. wałma, чэш., славац. vlna, серб.-харв. ву̏на, славен. vółna, балг. въ́лна, макед. волна. Роднасныя літ. vìlna ’ваўняны волас’, лат. vil̃na ’воўна’, ст.-прус. wilna ’кафтан’, ст.-інд. ū́rṇā ’воўна’, авест. varǝnā, лац. lāna з *vlāna, грэч. λῆνος, λᾱ́νος ’воўна’, магчыма, арм. gełmn ’воўна, лямец’; іншая ступень чаргавання: лац. vellus ’руно’ (Траўтман, 359; Фасмер, 1, 339). Узыходзяць да і.-е. *u̯el‑ ’торгаць, рваць’ (Праабражэнскі, 1, 92; Махэк, LF, 64, 344; БЕР, 206 і наст.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ву́згалаўе ’падушка (у возе)’ (БРС); ’накладка на пярэднюю вось воза пры перавозцы бярвення’ (Шат.; лях., Янк. Мат.), вузгало́ўе ’частка воза — драўляны брусок над пярэдняй воссю’ (карэліц., Янк. II). Тэрміналагічнае значэнне другаснае, узнікшае шляхам пераносу слова з бытавой сферы; параўн. узгало́ўе ’месца ў галавах’ і пад. утварэнні ў слав. мовах, якія могуць мець і больш канкрэтныя значэнні: укр. узголо́вʼя ’тс’, польск. wezgłowie ’падушка’, славен. vzglȃvje, серб.-харв. у̀згла̄вље ’месца ў галавах’ і ’падушка’, балг. въ́зглаве ’падушка’ і інш., што дазваляе рэканструяваць прасл. vъz‑golvьje ’ўзгалоўе; падушка’. Параўн. вузгал, вузгалавак.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Абу́ць, абуваць ’надзець абутак’ (БРС, Шат., Касп.), абувацца (Бір. дыс., Касп.), абуцца да *ob‑uti, рус. обуть, укр. обути, чэш. obout, славац. obuť, в.-луж. wobuć, н.-луж. wobuś, польск. obuć, славен. obúti, серб.-харв. о̀бути, балг. обуя. Бліжэйшая паралель: літ. ap‑aũti ’абувацца’, apaũtas ’абутак’, лат. aut ’абуваць’, ст.-іран. aoϑra ’абутак’, лац. exuō ’разуваюся’ і г. д. Траўтман, 21; Гуер, IF, 46, 343; Фасмер, 3, 109. Дзеяслоў, бясспрэчна, яшчэ праіндаеўрапейскі, але тое, што прэфіксацыя прасл. ob‑uti супадае з прабалт. ap‑auti, дае падставу сцвярджаць аб балта-славянскай словаўтваральнай інавацыі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Апалька ’перапечка’ (Сцяшк. МГ), рус. уладз. пале́нка, пали́ха, паленик ’тс’, паўдн. паленица ’хлеб’; укр. опалянок, каляниця ’тс’, польск. дыял. apalonek, apaloniec ’печаны хлеб’; чэш. opelka ’калач з рэшткі цеста’; славен. páljenek ’гатунак кукурузнага пірага’. Няясна. Прасцейшае — звядзенне да кораня паліць (Бірыла аб прозвішчы Апалька — Бел. антр. 2, 22; Вештарт, Лекс. Палесся, 112–115, Арашонкава і інш., Весці АН БССР, 1969, 4, 127); магчыма, вынік народнаэтымалагізуючых працэсаў; наўрад ці роднасна з літ. apalus ’круглы’ (Арашонкава і інш., там жа). Генетычная сувязь адзначаных форм таксама няпэўная: магчыма, гэта паралельныя новатворы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Апо́рак ’стары бот з адрэзанай халявай’ (БРС). Значэнне ’нікчэмны чалавек’, зафіксаванае ў Дукоры (Жд.), — перанос асноўнага, пашыранага паўсюдна; параўн. ’зношаны абутак’ (Янк. Мат.), ’абутак з лыка’ (Інстр. I). Рус. опорок ’стары зношаны абутак’, ’распораты з бакоў стары бот’, ніз вопраткі, падкладка, футра, з якога спораты верх’, опорыш ’апорак’, а таксама ’халява, споратая з бота’; укр. дыял. опорки ’апоркі’. Славен. opǫ̑rek ’аборка; ануча на боце, да якой прымацоўваецца спражка ці шнурок’, — хутчэй за ўсё аўтаномная паралельная форма. Ад апароць (< опороти) ’распароць’ з суфіксам ‑ак (‑ъкъ): ’апораты бот’ (Сцяц., Нар., 153–154).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Апушы́ць1 ’падвергнуць уздзеянню трунка’: «Мяне піва апушыла» (Федар., 6, 21); магчыма, сюды ж апаха́ць ’дрыхнуць’ (Грыг.; У Грыгаровіча сустракаецца замена у на а, о). Рус. дыял. пухнуць ’дрыхнуць’, польск. puszyć (галаву трункам) (Тувім, Słownik). Няясна. Магчыма, значэнне ’спаць’ узнікла ў выніку пераносу гукапераймальнага пухкаць ’дыхаць’ (параўн. балг. пу́хам дышу’), а магчыма, такое значэнне звязана з ацёкамі, апуханнем у выніку сну. Гл. пушыць.

Апу́шыць2, опу́шываты ’сядзець на вуллі’ — дзеянне, звязанае з раеннем пчол (Анох.). Славен. pušiti рыхтавацца да раення’. Няясна. Магчыма, звязана з апушыць1. Гл. пушыць, пух.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ах выклічнік для выражэння гневу, радасці, здзіўлення; укр. ах, рус. ах, польск. ach, чэш. ach, славац. ach, н.-луж. ach, славен. ah, серб.-харв. ȁh, макед. ах, балг. ах. Адносіцца да т. зв. «першасных» слоў, вядомых і іншым індаеўрапейскім мовам, параўн. лац. āh, ням. ach, франц. ah, ст.-інд. āḥ у гл. Зубаты, Studie, 1, 163; Слаўскі, 1, 23; вытворныя ахкаць, укр. ахкати, славац. achkať, балг. а́хкам ад ах (ach) пры дапамозе спецыяльнага дзеяслоўнага суфікса ‑к‑, параўн. Махэк₂, 34; адносна беларускіх дзеясловаў на ‑ка‑ гл. Васілеўскі, Лінгв. зб., 49–57.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Аўто́рак ’другі дзень тыдня’ (БРС, Нас., Яруш., Бяльк., Касп., Гарэц., Серб., Грыг.), уторак, ваўторак (Рам.), гаўторак (Сцяшк.), аўторнік (Нас.), параўн. укр. вівторок, рус. вторник, дыял. авторок, авторник, польск. wtorek, славац. utorok, чэш. úterek, úterý, славен. vtórək, серб.-харв. у́торак, у̀то̄рнӣк, макед. вторник, балг. вто́рник, ст.-слав. въторьникъ, въторъкъ. Ад vъtor ’другі’, параўн. дру́гадзень ’аўторак’ (Гарэц.), апошняе, магчыма, калька з літ. antrãdienis, лат. otrdiena ’тс’; прыстаўному а‑ можа папярэднічаць пратэза в або г, параўн. Карскі, 1, 261; форма ўторак, відаць, у выніку адпадзення прыстаўнога а, характэрнай з’явы ў паўночна-ўсходніх гаворках.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)