шмыг, выкл. у знач. вык.
Разм. Ужываецца паводле знач. дзеясл. шмыгаць — шмыгнуць. [Тарас:] Пакуль я схапіў аўтамат, дык ён [Віткоўскі] гэтым часам шмыг у кусты і даў драла ў лес. Гурскі. Шустры жоўценькі клубок Шмыг са сцежкі пад дубок. Ад квактухі ён адстаў, Ціўкаць жаласна пачаў: — Памажыце, ціў-ціў-ціў, Маці родную знайсці. Галіноўская. Верабейчык — ціў-ціў-ціў! — Носам вострым пакруціў, Лапкай шоргнуў па суку, Крыллем пляснуў па баку І ў каноплі мігам — шмыг! Дзеружынскі.
шмыгану́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.
Разм. Тое, што і шмыгнуць. [Петрык:] — Ты [Антусёк] дазволу не пытай — Шмыганём употай: Хай злуе важаты, хай Нас шукае потым... Гілевіч. Пакуль мама карміла малога, нянька ціхенька шмыганула за дзверы. Брыль. Вулька зразумела, ці мо адчула, што гаворка павінна весціся без яе, устала з лаўкі і шмыганула ў сенцы. Кулакоўскі. Дарога спусцілася ў лагчынку, паднялася на пагорак, павярнула направа і шмыганула ў хвойнік. Сачанка.
шмы́гаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Разм.
1. Хутка, жвава хадзіць, рухацца, перамяшчацца каля каго‑, чаго‑н., паміж кім‑, чым‑н. Шмыгала сарока Па садах і парках, Збірала навокал Навіны пляткарка. Калачынскі. Між дарослых шмыгалі дзеці — гулялі ў квача, бегалі па прасторнай зале вакол пышнай пальмы. Шыловіч. На вуліцы мітусіліся людзі, шмыгалі ў розныя бакі аўтамашыны. Пянкрат.
2. чым. Тое, што і шморгаць (у 4 знач.). Паўлік шмыгаў носам і аж затойваў дух. Пальчэўскі.
шмыгну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.
Разм.
1. Аднакр. да шмыгаць.
2. Хутка, непрыкметна пайсці, знікнуць. Не марудзячы больш ні хвіліны, Сяргей, хаваючыся за машыну, шмыгнуў за вугал гаража. Мележ. [Гендарсан] адчыніў кантору, а сам шмыгнуў за перагародку. Чарнышэвіч.