Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

хрыбе́т, ‑бта, М ‑бце, м.

1. Пазваночнік чалавека, жывёлы або рыбы. Поўсць на высокім хрыбце непрыгожа ўскудлачаная, брудна-бурая, а пад шыяй вісіць клоччам, як бывае вясной, калі звер ліняе. Шамякін. Абодва бакі жэраха пакрыты бліскучай серабрыстабелай луской, якая на самым хрыбце афарбавана ў шэры і нават цёмны колер. Матрунёнак. [Чабаноўскі] абапёрся на яе плячо. Ядзя абхапіла рукой яго спіну, праз тонкі шынель адчувала востры хрыбет. Асіпенка. // перан. Аснова, апора, касцяк. Магутнай партыі падмурак, Яе хрыбет і дыктатура, Яе граніт — рабочы клас. Бялевіч.

2. Разм. Спіна (у чалавека або жывёлы). Пад зялёным хмызам Церлася хрыбтом, Хмыз бязрогім, лысым Кратала ілбом [ласяня]. Калачынскі. [Андрэй:] — А я нагой у хрыбет [вартавога], а рукой на рэгулятар. Лынькоў.

3. перан. Верхні край чаго‑н. (хвалі, страхі і пад.). На страсе, на самым хрыбце, селі два белыя галубкі і сядзяць, нікуды не хочуць ляцець. Пестрак. Вецер грае на прасторы, На хрыбтах імглістых хваль. Бядуля.

4. Рад гор, якія працягнуліся ў адным кірунку; горны ланцуг. Горны хрыбет. □ Раптам шлях засланілі хрыбты Алатау, Ля падножжа — у яблынях Алма-Ата. Панчанка. Унізе зялёная даліна, кветкі, сцюдзёная вада ў шумлівай рачулцы, а ўзнімеш вочы — не верыцца: хоць смаліць сонца, а вунь на хрыбтах снегавыя шапкі. Гроднеў. Над Аюдагам — над Мядзведзь-гарою — Хрыбет увесь імглой завалакло. Караткевіч.

•••

Спінны хрыбет — пазваночнік.

Ламаць хрыбет гл. ламаць.

хрыбе́тнік, ‑а, м.

Разм. Пазваночнік. У .. [жонкі Петрыка Лося] не гнуўся хрыбетнік, і паласкалі ёй бялізну, закідвалі грады, бялілі палотны, пралі і ткалі ў аддзяку за пазычанае маладзейшыя суседкі. Навуменка. — Чалавеку.. [рысь] на карак скача, як жывёле, ломіць хрыбетнік. Пташнікаў.

хрыбе́тны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да хрыбта. Хрыбетныя жывёлы.

хрыбе́ціна, ‑ы, ж.

Разм. Тое, што і хрыбет. На шчасце ў свірне стаяла дзябёлая дубовая кадушка. Зыгмусь павярнуў яе дном угору, узлез, зрабіў спробу: угнуў галаву, а хрыбецінай і плечуком налёг на дошку. Колас. На бугрыстай.. хрыбеціне [пагорка] санкі з’ехалі ўбок: адразу пачынаўся спуск. М. Стральцоў.

хрыбто́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да хрыбта (у 1, 2 знач.). Хрыбтовыя пазванкі.

2. Які знаходзіцца на хрыбце, на спіне ў жывёл. Хрыбтовае шчацінне. Хрыбтовая частка тушы.

3. Які мае адносіны да хрыбта (у 4 знач.). Хрыбтовыя перавалы.

хрыбусце́ць, ‑бушчу, ‑бусціш, ‑бусціць; незак.

Жаваць з хрустам. [Гарнак:] — Сніў, што адкусіў вуха ў нашага ўрадніка і жаваў яго, а яно, падла, жорсткае, валасатае, аж хрыбусціць. Колас.

хрыбці́на, ‑ы, ж.

Разм. Тое, што і хрыбет. То тая, то другая карова жалобна мычала, трасучыся лахматаю хрыбцінаю ад с[цю]жы над аржаною саломаю. Гарэцкі. Далёка ўнізе шырока раскінулася даліна, за ёй у бледна-сіняватай смузе млелі хрыбціны суседніх гор. Быкаў.

хрызаберы́л, ‑у, м.

Каштоўны празрысты камень зялёнага або залаціста-жоўтага колеру.

[Ад грэч. chrysós — золата і berillos — берыл.]

хрызаберы́лавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да хрызаберылу. // Зроблены з хрызаберылу або з хрызаберылам. Хрызаберылавы пярсцёнак.

хрызако́ла, ‑ы, ж.

Мінерал класа сілікатаў блакітнага, зялёнага, сіняга колеру; медная руда.